Ноч (не)фальсіфікаванай паэзіі: вольнасці вершаванага перакладу | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 11 лістапада 2026
Ноч (не)фальсіфікаванай паэзіі: вольнасці вершаванага перакладу | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Цынамонавага сезона». Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Другая ў восеньскім сезоне сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні адбылася 29 кастрычніка – і яе ўдзельнікі цалкам заканамерна размаўлялі пра Ноч (не)расстралянай паэзіі і пакаленне нашых творцаў, рэпрэсаваных у 1937-м сталінскімі катамі. Гэтыя творцы пісалі на розных мовах, бо тагачасная Беларусь не была монаэтнічнай і нават мела ў 20-я гады чатыры афіцыйныя дзяржаўныя мовы. Перакладчыцы і перакладчыкі разбіралі дзве паэмы двух фантастычна адораных беларускіх габрэяў, маладзейшы з якіх – Юлі Таўбін – выбраў беларускую мову творчасці, а старэйшы – Мойшэ Кульбак – пісаў на мове ідыш.

Мадэратар Андрэй Хадановіч, які гэтым разам выступіў і ў ролі эксперта, паразважаў пра пераклады Кульбакавай паэмы “Райсн” (“Беларусь”), а дзвюхмоўная ўкраінская паэтка-перакладчыца Танда Лугаўская паказала свае спробы перастварэння паэмы Таўбіна “Таўрыда”, прычым упершыню на Майстэрні разбіраліся пераклады не на беларускую, а з беларускай мовы – на рускую і на ўкраінскую. Мадэратар жа не толькі падзяліўся з прысутнымі ўласным перакладам “Райсн”, але і паказаў фрагменты з паэмы, перакладзеныя яшчэ ў савецкі час Язэпам Семяжонам. І параўнанне дзвюх стратэгіяў дало падставы падыскутаваць пра розную ступень вольнасці паэтычнага перакладу.

Мойшэ Кульбак

На думку мадэратара, любы мастацкі (асабліва – паэтычны) пераклад – гэта форма суаўтарства. Праз непазбежную розніцу між мовамі і культурамі, перакладчык ніколі не захавае “ўсяго”, што было ў арыгінале, і так ці іначай мусіць чымсьці ахвяраваць, але і чымсьці гэтыя страты кампенсаваць. Разам з тым, ягоныя вынаходніцтвы ў тэксце – хутчэй неабходнае зло, чым прадмет для гонару і самамэта. Робячы ў той ці іншай ступені “недаслоўнае” перастварэнне, перакладчык імкнецца захаваць аўтарскі намер, “дух арыгіналу”, хай і выразіўшы яго на сваёй мове трохі інакш. Імкнучыся да адэкватнасці і “вернасці”, уяўляючы, як аўтар ці аўтарка зрабілі б на мове перакладчыка. Але як толькі гэты перакладчык робіцца занадта заўважным, падмяняючы аўтарскую паэтыку сваёй уласнай, пераклад адразу пачынае гучаць фальшыва.

Так, пераклады Язэпа Семяжона можна назваць чым заўгодна – вольнымі (ці вельмі вольнымі) пераспевамі, нават самастойнымі вершамі паводле матываў Кульбака, – але ж ніяк не адэкватнымі паэтычнымі перакладамі. Возьмем адну з частак паэмы пад назвай “Настасся”. Хіба толькі імя галоўнай гераіні і агульная тэма “сустрэчы дзяўчыны і юнака” – вось і ўсё, што засталося ад арыгінала ў семяжонаўскай версіі. Змяніўся аб’ём твору, змяніўся яго вершаваны памер, змянілася яго строфіка – усё гэта (пера)прыдумаў за аўтара перакладчык. Тое ж датычыць і зместу. На пачатку з’яўляецца дзесяцірадковы ўступ пра галодныя гады і тое, чым ратаваліся сяляне, каб выжыць:

Беларусь яшчэ бог сцярог:
Хоць і доля ў яе Макарава,
Бо ў бясхлебіцу
Ўздоўж дарог
Яе шчы і баршчы –
                              яе варыва.

Прахалоднае, кіслае шчаўе
Заўсёды ў запасе,
Калі ўжо варыўня,
Як згалелы сакол.

Язэп Семяжон

Дык вось, усё працытаванае – найчысцейшая выдумка перакладчыка. Затое базавая інфармацыя – што ў гераіні ёсць бацька, і ён нават мае імя, Антоша, і гэта для яго дзяўчына пайшла па шчаўе, – усё гэта з перакладу чамусьці знікла. Як і ўзнёслы фрагмент Кульбака пра Беларусь, даслоўна: “Беларусь блаславёная варсістым халодным шчаўем, / ялінамі, што як кажухі, і крумкачамі, як галавешкі”. Мабыць, перакладчык палічыў гэта ўсё недастаткова паэтычным – і замяніў сваімі “шчамі ды баршчамі”. Можа, дзеля таго, каб “падрыхтаваць” з’яўленне двух сапраўды досыць паэтычных радкоў?

Нібы гуска, на ўзмежку Настасся
Шчыпле шчаўе ў прыпол.

Што праўда, у арыгінале ніякая не “гуска”, а “качачка”, але прынамсі праглядаецца жаданне пагуляцца з словам “шчыпле”. Але чытаем далей:

Ап’янела ад водару рання,
Зайшліся
Неабутыя ногі на золкай расе.
Кучаравы дзяцюк – насустрэчу.
                                                    Сышліся.
Саступіла з мяжы.
                            (Мабыць бачаць жа ўсе?)
Нібы хлопец чужы ёй
Ці проста прахожы,
І, каб плётак пазбегнуць,
                                       ад хлопца – бягом
У бярэзнік за крушняй.
                                    А ты, мой прыгожы,
Выйдзеш з іншага боку.
Не руш наўздагон!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Шалупінкі з пупышак на плечы цярушацца.
На вачах
У лісток апранаецца гай.
Нехта ж недзе блукае і кліча:
                                          “Цялушачка,
Дзе ж ты дзелася?”
Дзе? – пашукай. 

Захінулася лапкамі елкі свавольніца
І чакае,
Калі ж ён з аброццю ў руках
Здагадаецца глянуць сюды
                                         і прыгорнецца.
А ў вачах –
Толькі чорцікі ў сініх вачах!

“Мабыць, бачаць усе”, “каб плётак пазбегнуць”, “а ты, мой прыгожы, выйдзеш з іншага боку”, “Дзе? – пашукай”. З’яўляюцца цэлыя каскады дзявочага какецтва… цалкам адсутныя ў Кульбака і ад першага да апошняга слова прыдуманыя Семяжонам. Так бы мовіць, “жаночая псіхалогія” – як яна ўяўлялася бурлівай фантазіі перакладчыка. І, увага, вішанька на торце – “чорцікі ў сініх вачах”. Сіні колер вачэй, дарэчы, – таксама плод уяўлення Семяжона, у вершы пра гэта ні слова. І “на закуску” нешта накшталт маралі напрыканцы:

Ах, прыгоды юнацтва,
Залёты юначыя,
Пацалункі – аж хустка з плячэй.
І ў шчаслівых спатканні да хмелю гарачыя,
А ў няшчасных –
яшчэ гарачэй,

Як вы, мабыць, ужо здагадаліся, ні пра “хустку з плячэй”, ні пра “гарачыя” і “яшчэ гарачэйшыя” спатканні “шчаслівых” і “няшчасных” у арыгінале не гаворыцца нічога. Дарэчы, не найгоршы верш самога Семяжона мог бы з гэтага выйсці, толькі вось навошта займацца яўнай фальсіфікацыяй, прыпісваючы свае фантазіі іншаму паэту і падпісваючы тое, што атрымалася – раз лепей, раз горай, раз зусім ніяк, – ягоным іменем? Выйшла зусім як у Булгакава ў перакладзе Паўла Касцюкевіча: “А ён проста брэша!.. Віншую вас, грамадзянін Брахальскі!”

А цяпер прапануем паслухаць сапраўднага Кульбака, у арыгінале, у выкананні Сяргея Шупы.

Андрэй Хадановіч паспрабаваў захаваць і паэтычны памер, і строфіку, і вобразнасць габрэйскага паэта. Ці выйшла, меркаваць вам.

Настасся

Настасся збірала зялёнае шчаўе ля сцежкі –
Хацела абед згатаваць свайму тату, Антошу.
Хвала Беларусі за свежага шчаўя раскошу,
За футра ялінаў, за чорных гракоў галавешкі…
Узяўшы фартух, да зямлі нахіляецца Насця,
Ступаючы качкай, не ведае клопату з ліхам,
Ідзе па расе, удыхаючы кожным удыхам
Жыццёвыя сілы зямлі, яе п’янае шчасце.
А з лесу хтось крочыць, хамут начапіўшы на плечы.
Прыклала далонь да вачэй: што за дзіўнае дзіва?
А ён гэткі зух, бы ў лясной нарадзіўся гушчэчы.
Настасся з высокага шчаўя глядзіць сарамліва.
А гэта Аўром пасля варты вяртаўся дахаты:
“Дабрыдзень Настасечцы, любай цялушцы рахманай!”
Яна стрымгалоў праз лістоту ў таемныя спраты –
Туды, дзе сілкамі асілка не будзе спайманай.
Аўром – у пагоню праз лес, па слядах сваёй мэты,
Далёка чуваць яго крыкі і смех у кустоўі:
“Цялушка мая! Маё золатка любае, дзе ты?!
Настасся!..” Яна ж уцякае й цікуе з любоўю.
“Бо ён гэткі зух, бы ў лясной нарадзіўся гушчэчы!”
Шалёныя вочы гараць, валасы як папала, –
Дагнаў, а яна ўся надзеяй і страхам трапеча…
Нібы куранятка пад сонечны дожджык папала…
Абняў шырачэзнымі лапамі ўсё яе цела,
Цалуючы ў смуглую шыю пяшчотна і чула.
Яна ж толькі ціхенька ўсхліпнула і затрымцела,
А потым мацней і мацней да грудзей яго льнула…

Цалкам паэму “Райсн” па-беларуску можна прачытаць тут і паслухаць тут.

***

Юлі Таўбін

З гэтага моманту тон нашай справаздачы зробіцца больш сур’ёзным, бо і сам выбар твора, які прадставіла перакладчыца Танда Лугаўская, і яе руплівы, інтэлігентны падыход да матэрыялу выклікае толькі павагу. Паэма Юлія Таўбіна “Таўрыда” выйшла асобнай кнігай у 1932 годзе і была адным з апошніх беларускамоўных твораў маладога паэта. Бо пасля першага арышту, у высылцы і пазней, ён больш па-беларуску не пісаў. Андрэй Хадановіч не раз параўноўваў “Таўрыду” з “Боскай камедыяй” Дантэ, бо трохчасткавая структура таўбінскай паэмы нагадвае нам пра “Пекла”, “Чысцец” і “Рай”. Першая частка – “пякельныя” габрэйскія пагромы часоў Расійскай імперыі, другая – “чысцец” эміграцыі, няпростая падарожжа нашых габрэяў у невядомае. Трэцяя ж частка – найбольш кан’юнктурная ў паэме, даніна свайму часу, дзе праглядаецца выразная сацыяльная замова – утапічны “горад-сад”, што мусіць неўзабаве вырасці ў сацыялістычным Крыме. Таму зразумела, чаму перакладчыца абмежавалася першай і  другой часткамі твору. (Па-беларуску іх можна прачытаць у прысвечаным паэзіі інтэрнэт-часопісе “Таўбін”, які, дарэчы, атрымаў сваю назву ў гонар паэта.)

Сама Лугаўская так патлумачыла сваю матывацыю: “Чаму я ўзялася менавіта за “Таўрыду”? Насамрэч не толькі за яе, за шмат рэчаў – з той самай прычыны. У нейкі момант асэнсавання той гекатомбы, што зладзілі два найкрывавейшыя рэжымы ХХ стагоддзя – гітлераўскі (і ягоныя сатэліты) ды сталінскі (і ягоныя хаўруснікі), – я задалася пытаннем: “А што я магу зрабіць, праз 80-90 гадоў?” Вось была “Ноч расстраляных паэтаў”, калі была зрэзаная пад корань большая частка культурнай эліты Беларусі; вось было “Расстралянае Адраджэнне”, калі была перабітая велізарная частка ўкраінскіх творцаў; вось быў Халакост, што вынішчыў ідышамоўную культуру разам з большасцю яе носьбітаў – гэты неймаверны кашмар і вусцішная несправядлівасць… І што? Проста канстатаваць гэты факт sine ira et studio?

Для сябе я знайшла такі адказ: паколькі я – жывая, я магу рабіць тое, што зрабілі б іншыя, калі б былі яны. У сэнсе, калі б фізічна былі яны ды іхнія нашчадкі. Але іх няма – значыць, я буду за іх, наколькі гэта магчыма. Напрыклад, перакладаючы і ўпісваючы ў поле іншых моваў створанае імі. Каб не было забытае. Каб у свеце паболела чытачоў. Урэшце, у паэтаў дзве смерці – і калі з першай нічога зрабіць нельга, то супраць другой – няведання і забыцця – можна пазмагацца.

Да таго ж, заняўшыся перакладамі, я зразумела, што магу вытрымліваць той узровень змроку і бездані, якога большасць не вытрымлівае. Гэта не значыць, што, скажам, “Таўрыда”, або цыкл Уладыслава Шленгеля “Што я чытаў мёртвым”, або некаторыя вершы з лагернай паэзіі даліся мне лёгка, – гэта не так. Я жывы і ўжо дакладна не бязжарсны чалавек (дарэчы, не думаю, што перакладаць – справа бязжарсных). Але гэта значыць, што калі я магу, то і рабіць гэта – мне.

А таму са мной Юлі Таўбін, Зэлік Аксельрод, Тодар Кляшторны, Мойшэ Кульбак і шмат хто іншы”.

Вокладка кнігі Юлія Таўбіна «Таўрыда», 1932

Дробныя заўвагі, якія выказалі ў ходзе абмеркавання перакладчыцы яе калегі, найчасцей датычылі яе ў цэлым высакароднага жадання захаваць паэму па-ўкраінску і па-руску як мага бліжэй да арыгіналу, што раз-пораз уводзіла ў зман, бо тое самае слова, якое жыўцом пераносілася ў пераклад, у іншай мове можа мець іншае стылістычнае адценне, гучаць не так і трохі “вытыркацца” з тэкста. Трэба адзначыць, што ў большасці такіх выпадкаў перакладчыца сама хутка паправіла свае тэксты наўздагон паседжанню Майстэрні.

Каляровыя цені ляглі
на кітайскі ўзорны кілім,
і чытае прыдворны паэт
паважанай маркізе санет,

Было:

И цветные тени легли
на китайский узорный килим,
и читает придворный поэт
досточтимой маркизе сонет.

Стала:

Лёг цветных витражей узор
на китайский мягкий ковёр… – і г.д.

Іншая заўвага датычыла іншамоўных цытатаў у арыгінальным тэксце. Паліглот і кніжнік, Таўбін шмат усяго ў сваіх творах цытуе, часам па-нямецку або па-французску, а часам і па-руску. Перакладаць іншамоўную цытату было б не зусім карэктна.

Будзе ў Пушкіна ля дзвярэй
доўга стукаць “презренный еврей”.

Было:

Чує Пушкін, як біля дверей
стукає «негідний єврей».

Стала:

Чує Пушкін, як біля дверей
стукає «презренный еврей».

Зрэдку перакладам бракавала стылістычнага каларыту, бо яскрава афарбаваныя ў арыгінале словы рабіліся ў перакладзе нейтральнымі. Але рашэнні, як гэта паправіць, перакладчыца хутка знаходзіла.

Вось што мне сказаў анегдысь пан прыстаў:
“Беце іх у славу бога і цара!”
— Бі
      жыдоў і сіцылістаў!
— Ур-ра!

Было:

Вот что сказал мне на днях пристав:
«Бейте их во славу бога и царя!»
— Бей
        жидов и сицилистов!
— Ур-ра!

Стала:

Вот надысь сказал ихблагородие пристав:
«Бейте их во славу бога и царя!»
— Бей
        жидов и сицилистов!
— Ур-ра!

Істотная праблема ў перакладзе Таўбіна – даць рады з яго небанальнай, вынаходлівай версіфікацыяй. Таўбінская форма – расхістаны рытм, падоўжаны радок, складаныя двух- і трохслоўныя рыфмы і г.д. – рэдкі выпадак у беларускай паэзіі 20-30-х, і варта ўсялякай пахвалы, што перакладчыца звярнула ўвагу на гэты момант.

А калі —
  душаць цябе,
       пачынаюць цкаваць, як шчанё,
Гвалцяць дачок тваіх,
                       забіваюць
                           сыноў тваіх —
Тады бацькаўшчына —
       перастае быць бацькаўшчынай
І ходзяць кругі перад вачыма —
                             жоўтыя, жоўтыя…

Украінская версія:

І коли
   кожен зустрічний
           душить тебе чи цькує,
Ґвалтує дочку твою,
                         вбиває
                             твого сина,
Тоді вітчизна
        бути перестає вітчизною,
І пливуть кола перед очима
                                    сині, сині…

Руская версія:

А когда –
   душат тебя и травят,
              отнимают жизнь твою,
Насилуют дочерей твоих,
                              убивают
                                 сыновей твоих,
Тогда отчизна
     перестаёт быть отчизною,
И плывут перед глазами круги –
                               светлые, светлые…

(Цікава, што ў кожнай версіі мяняецца колер “кругоў перад вачыма”, але нідзе гэта не гучыць штучна і прыцягнута.)

А вось яшчэ адзін прыклад, што робіць з версіфікацыяй малады беларускі паэт, ужываючы ў няпарных радках падвойную рыфму:

Ён не бачыць,
         як дзіды рук
расстаўляе над морам смерч, –
як вядзе гэты дзікі рух
маладая красуня –
                        Смерць.

Украінскую версію, думаецца, варта прывесці цалкам, каб лепш было ацаніць і геніяльную паэзію, і выдатны пераклад:

Тільки сонячних променів криж
увійде у досвітний сон –
капітани ідуть на бридж
і вдивляються у бусоль. 

Як полощить дикун-пасат
прогумовані ті плащі!
Дивляться пасажири назад –
там вітчизна лежить уночі… 

Ви, що сліз пролили струмки,
смерть побачили сам-на-сам, –
проводжають вас мертвяки
і кивають здалеку вам. 

Випливають з-під хвиль густих,
напливають на пароплав…
Капітане, не бачиш їх?
Капітане, цей час настав! 

Капітан загорнувся у плащ
(до кісток сильний шквал пробрав…).
Він не чує, як тихий плач
Із морських піднімається трав. 

Він не бачить,
             як піки рук
розставляє над морем смерч,
як веде оцей дикий рух
молодиста красуня –
                            Смерть.

***

Ія Ківа

Напрыканцы сустрэчы перакладчыцы і перакладчыкі звярнуліся да сучаснай украінскай паэзіі – і суседства з беларускай рэпрэсаванай класікай бачыцца заканамерным, бо, з аднаго боку, сталінскія забойствы 30-х, сённяшнія рэпрэсіі ў Беларусі і поўнамаштабная вайна супраць Украіны – звёны аднаго ланцуга. З другога боку, усведамленне гэтага – знак нашай палітычнай і культурнай прытомнасці. Удзельніца Майстэрні Стэфа Лісоўская паказала па-беларуску некалькі вершаў, якія па-ўкраінску напісала паэтка Ія Ківа. Вось як патлумачыла свой выбар перакладчыца:

“Мае пераклады з украінскай пачаліся халоднай зімой 2023 года як спроба сагрэцца і пераадолець тугу ў душы, а таксама – даніна цёплым згадкам дзяцінства, калі я шмат часу правяла на Львоўшчыне. Даўжэзная вуліца сяла, горная халодная рэчка, смачныя клубніцы і сакавітыя памідоры – вось яна, тая карцінка якую спрабую аднавіць міжволі… Тым часам сучасная украінская паэзія – гэта не столькі радасць, колькі боль. Шмат болю, які немагчыма не бачыць. І ўсё ж, перакладаючы некаторыя вершы Іі Ківы, я інстынктыўна збіваю градус таго болю, спрабую яго прыцішыць і падбіраю больш спакойныя, нейтральныя па значэнні словы – прызнаю!

Безумоўна, да маіх перакладаў украінскай паэзіі могуць быць пытанні, але магчымыя хібы не стрымаюць мяне ў жаданні зайсці ў фэйсбук да маіх сучаснікаў-паэтаў з Кіева ці Крывога Рогу, Львова або Харкава – і адчуць дотык да іх жыцця. Суцішыць боль наўрад ці атрымаецца. Хіба крыху падзяліць. І выпіць кавы разам у розных куточках свету”.

Адзначанае самой перакладчыцай пэўнае “збіванне градусу” сапраўды заўважаецца ў некаторых фрагментах, калі на месцы эмацыйна афарбаваных словаў ужываюцца па-беларуску больш нейтральныя. Другая праблема – ужо рытмічная празаізацыя тэксту, які ў арыгінале выдатна балансуе між рэгулярным вершам і верлібрам, раз-пораз нават набліжаючыся да першага. Адзначыўшы абедзве гэтыя тэндэнцыі, прысутныя параілі пэўныя праўкі, якія, спадзяёмся, будуць улічаныя.

Арыгінал:

не відкрити більше щоденник дитинства, не переписати розмов довоєнних,
не додати в дужках, що і сваримось завжди з любові, хоч наша південна
гарячкувата нестримність часом нестерпна, як беззахисні вилиці степу,
по яких завжди вгадаєш, що на серці лежить і під серцем…

Было:

не адкрыем мы болей штодзённік дзяцінства, даваенных размоў не перапішам,
не дабавім у дужках, што сварымся выключна з любові, хоць наша Поўдня
гарачая нястрыманасць часам нясцерпная, як безабаронныя скулы стэпу,
па якіх заўжды здагадаешся, што на сэрцы й пад сэрцам…

Прапанавана вярнуць інверсію і прапушчанае перакладчыцай слова, а таксама перабудаваць сказ так, каб ключавыя словы ўжываліся ў склонах з карацейшымі, “рытмічнейшымі” канчаткамі:

не адкрыем болей дзённік дзяцінства, не перапішам размоў даваенных,
не дабавім у дужках, што сварымся толькі з любові, хоць дзеля нашай
паўднёвай гарачай нястрыманасці часам нясцерпнай, як безабаронныя
 скулы стэпу,
па якіх заўжды здагадаешся, што на сэрцы ляжыць і пад сэрцам…

Арыгінал:

небо тут таке тихе, що кинь у нього ножем – не ворухнеться,
стерпить і це, ковтаючи мовчки кинджал за кинджалом,
роздираючи щоки до крові, як розривають на шмати одежу,
що більше не захищає; око лихе, знаєш,
обмацує тебе зсередини, мов хтиві руки у натовпі…

Было:

неба тут такое ціхае, што кінь у яго нажом – не зварухнецца,
сцерпіць і гэта, глытаючы моўчкі лязо за лязом,
раздзіраючы шчокі да крыві, як раздзіраюць на анучы адзенне,
што больш не абараняе; вока дрэннае, ведаеш,
абмацвае цябе з сярэдзіны, бы пажадлівыя рукі ў натоўпе…

Прапанавана:

неба тут такое ціхае, што кінь у яго нажом – не зварухнецца,
сцярпіць і гэта, глытаючы моўчкі лязо за лязом,
раздзіраючы шчокі ў кроў, як на шматкі раздзіраюць адзежу,
што больш не бароніць; вока ліхое, ведаеш,
абмацвае цябе з сярэдзіны, нібы прагныя рукі ў натоўпе…

Арыгінал:

життя, знаєш, занадто коротке, щоб вдивлятися в землю,
особливо в чужу; щось в цьому є від перелюбу
так, ніби любов раптом стала штучною мовою,
яку ми вчимо, і вчимо, і вчимо – тільки без сенсу…

Было:

жыццё, знаеш, занадта кароткае, каб глядзець пад ногі,
асабліва чужым; гэта да здрады падобна
так, нібы любоў стала штучнай моваю,
якую мы вучым, і вучым, і вучым – толькі без сэнсу…

Прапанавана вярнуць вобраз “глядзець у зямлю”, бо “глядзець пад ногі” – не тое самае, а матыў перасялення і страты дома для ўкраінскай паэткі вельмі важны. Як не тое самае і “здрада” й “пералюб”, бо ў першым слове не абавязкова прысутнічае сэксуальны кантэкст, а без яго верш зрабіўся б больш палітычна-плоскім:

жыццё, знаеш, занадта кароткае, каб глядзець у зямлю,
асабліва ў чужую; гэта падобна да пералюбу
так, нібыта каханне стала штучнаю моваю,
якую мы вучым, і вучым, і вучым – толькі без сэнсу…

Маем надзею, нашыя перакладчыцкія штудыі такі сэнс мелі і між беларускай і ўкраінскай паэзіяй – класічнай і сучаснай – паболее ўзаемнага інтарэсу, як і грунтоўных перакладаў ды зацікаўленых чытачоў і чытачак.