7 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску былі абвешчаныя пераможцы 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.
Журы прысудзіла першае і другое месцы творам, якія ўдзельнічалі ў конкурсе ў зашыфраваным выглядзе. З меркаванняў бяспекі сапраўдныя імёны аўтараў і назвы гэтых кніг пакуль што не абвяшчаюцца публічна.
Першае месца атрымала кніга, аўтару якой давялося прыдумаць для ўдзелу псеўданім Аляксандр Касцюковіч і назву-маску «Лірнік». Журы ўганаравала кнігу «за высокае майстэрства валодання словам і глыбокую эмпатыю».
Другое месца здабыла кніга з назвай-маскай «Цесля жыцця», аўтар якой удзельнічаў пад псеўданімам Сяргей Дубаўцэвіч. Кніга ўганараваная «за сінтэз дакументальнага і мастацкага і плённае развіццё беларускай даследчыцкай прозы».
Трэцюю прэмію атрымаў раман «Пентаквантар» (кнігі 1 і 2) Арцёма Шуканава – «за яскравую мультыкультурную навукова-фантастычную сагу, якая пашырае жанравыя межы беларускай літаратуры».
Такім чынам, сёлетні конкурс стаў яшчэ адным сведчаннем, што беларуская літаратура працягвае развівацца нават ва ўмовах, калі шлях да чытачоў можа быць звязаны з рызыкай і перашкодамі. Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай адзначыла з гэтай нагоды:
«Беларуская кніга сёння – больш чым кніга. У звычайных умовах напісаць яе, выдаць і знайсці свайго чытача – часткі аднаго літаратурнага працэсу. У Беларусі кожны з гэтых крокаў патрабуе вялікіх высілкаў. Таму кожная кніга, якая ўсё ж даходзіць да чытача, – своеасаблівы подзвіг. А чытач, які яе шукае і знаходзіць, дапамагае беларускай мове заставацца жывой і нам – гаварыць адно з адным».
Прэмія імя Ежы Гедройця прысуджаецца з 2012 года і з’яўляецца найважнейшай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі. Яе арганізатары – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Уручэнне прэміі Гедройця стала кульмінацыяй свята беларускай літаратуры, якое цягам дня праходзіла ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці.
Праграма аб’яднала пісьменнікаў, перакладчыкаў, выдаўцоў, крытыкаў і чытачоў з беларускай і польскай літаратурных супольнасцяў.
Падчас вечаровай цырымоніі, якую правяла Крысціна Дробыш, публіцы былі прадстаўленыя кнігі-фіналісты, прагучала слова журы і былі абвешчаныя лаўрэаты. Кіраўнік выдавецтва Audiobooks.by Мікіта Белаглазаў абвясціў пра спецыяльны прыз фіналістам сёлетняй прэміі: кожная з кніг кароткага спісу будзе агучана прафесійнай камандай аўдыявыдавецтва.
Завяршыўся вечар выступам Лявона Вольскага і Паўла Трыпуця.
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры прэміі | Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Belsat.TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў.
Суфінансаванне | Фонд Міжнароднай салідарнасці, праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча