• Навiны
  • Галасы
  • Акупацыя помнікамі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Акупацыя помнікамі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Апошняе абнаўленне: 7 верасня 2026
Акупацыя помнікамі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

[Прочитать колонку по-русски можно тут]

Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.

Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.

У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.

АКУПАЦЫЯ ПОМНІКАМІ

Неяк нечакана абрынаецца на нас інфармацыя пра новыя гістарычныя знакі.

Вось і блогераў павезлі на месца былой Валадаркі. То бок Валадарка як вуліца імя Валадарскага засталася, нічога яна не былая. Проста Пішчалаўскі замак страціў гордае званне следчага ізалятара № 1 і ператвараецца ў цалкам сучасную зону для забаў.

Не, у адрозненне ад суседзяў па СІЗА, я не абураны тым, што фудкорт ці гатэль будуць адкрытыя ў памяшканнях, «дзе нас катавалі». Можа, таму, што мяне там не катавалі, а тое, што адбывалася, я лічыў не катаваннем, а натуральным у сучаснай Беларусі выпрабаваннем для немаладога дзядзькі, які паспеў прайсці пэўны шлях у палітыцы.

Але ж – супала.

Гісторыю перапісваюць у нас на вачах, прычым не толькі на паперы.

У старым горадзе Кёнігсбергу, дзе яшчэ, напэўна, чуваць крокі старога Імануіла Канта і куды маю маму вывозілі з Беларусі ў Германію, паставілі помнік Міхаілу Мураўёву. Таму самаму. Які «вешальнік». Наўрад ці Міхаіл Мікалаевіч бываў у Кёнігсбергу – можа, транзітам, падчас замежнага паходу імператарскай арміі 1813–1815 гадоў. Але помнік усталявалі не таму, маладому афіцэру, які перажыў цяжкае раненне, а старому генералу ад інфантэрыі – дакладную копію помніка, усталяванага некалі ў 1898 годзе ў Вільні, як альтэрнатыву ўсталяванаму тады ж юбілейнаму помніку Адаму Міцкевічу. Маўляў: наце! Вось і цяпер помнік Мураўёву там, у калінінградскім анклаве, тое ж самае, той жа сэнс: наце! І Польшчы: наце! І Літве: наце! І жыхарам Латгаліі: наце! Ну, беларусы – народ рахманы, з’ядуць, нават не задумваючыся.

Цяпер у Гомелі рыхтуюцца ставіць помнік фельдмаршалу Івану Фёдаравічу Паскевічу. Таксама – сімвал. Паскевічам у Польшчы ў 1831–1856 гг. неслухмяных дзяцей палохалі. Я гэта не выдумаў: Восіп Пржэцлаўскі ў нарысе, прысвечаным Генрыку Ржавускаму, які больш за сто гадоў захоўваўся ў рукапісным аддзеле Пушкінскага Дома ў Пецярбургу, напісаў. А Пржэцлаўскі дакладна ведаў, што піша: ён з Паскевічам знаёмы быў, бо займаў у Царстве Польскім не апошняе чыноўніцкае месца.

Паскевіч быў выдатным піяршчыкам. Яго сваяк Грыбаедаў падпісаў мір з Персіяй – а слава дасталася Паскевічу (адсюль – графскае званне Паскевіча-Эрыванскага). Узяўшы за тры дні ў 1831 годзе знясіленую Варшаву, паслаў дакладваць імператару ўнука генералісімуса Суворава. І Мікалай I ацаніў гэты сімвалічны жэст: Сувораў-унук быў выбачаны навекі (бо заплямлены быў удзелам у дзекабрысцкіх змовах – так-так, уявіце сабе), а Паскевіч атрымаў тытул князя Паскевіча-Варшаўскага.

Вось цяпер помнік князю Варшаўскаму будзе стаяць у Гомелі. Памятаеце, як абураліся бестактоўнасцю радкоў на пастаменце помніка Пушкіну ў Магілёве – тых, з «Паклёпнікам Расіі». Тады ўдалося адбіцца.

Цяпер – не адаб’ёмся. Яго светласць Паскевіч-Эрыванскі-Варшаўскі чыгуннай нагой стане на мяжы з Украінай, дэманструючы, што ўжо беларускую зямлю Пецярбург не аддасць.

Той, імперскі Пецярбург, з якога цяперашняя расійская эліта хоча вывесці сваю генеалогію. І адначасова – той, бандыцкі Пецярбург, з якога яна насамрэч і паходзіць.

І ўсё гэта – з імперска-бандыцкай помпай, з урачыстасцю! Толькі вось унука генералісімуса Суворава не хапае, каб адправіць у крамлёўскія падвалы з адпаведнай рэляцыяй. Не Грызлова ж пасылаць. Ён жа – не Сувораў, а, хутчэй, Навасільцаў, прыстаўлены глядзець і дакладваць.

Кант, на магіле якога яшчэ ў дамураўёўскія часы я пабываў (мама вазіла мяне дзіцем, а потым вадзіла па вуліцах у пошуках таго дома, дзе яна працавала ў 1944–45 гадах), казаў: ёсць два цуды, якім я не перастаю здзіўляцца – зорнаму небу над намі і маральнаму закону ўнутры нас. Я не Кант, зразумела. Але ёсць яшчэ адзін цуд: бясконцая спроба беларускіх кіраўнічых эліт наступаць на граблі ўласнай памяці, робячы выгляд, што яны не ведаюць, што чыняць. Саступаючы гісторыю (пядзя за пядзяй, пастамент за пастаментам),  перапісваючы гісторыю дзеля імгненнай кан’юнктуры, яны аддаюць тое самае, што ставяць сабе ў заслугу. Суверэнітэт. Незалежнасць.

Ад каго – незалежнасць?

Ад Паскевіча?

Не, спадарства, так яно не атрымліваецца. Цень фельдмаршала будзе з’яўляцца ў снах вашым унукам. Як ёсць, у эпалетах. Нават калі яны не ведаюць, кім быў Паскевіч.

Аляксандр Фядута


Чытаць папярэднія тэксты:

Вельмі задняе чысло. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Дождж Вівальдзі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Трохі палітычнай астраноміі. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты