Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.
Авантуры ягонага жыцця…
«Радзіна» – Збых Слупоўскі
(Галіяфы, Maraton, 2025)
«Авантуры майго жыцця» – пад такой назвай быў выдадзены беларускі пераклад барочных успамінаў наваградскай лекаркі Саламеі Пільштыновай з Русецкіх, у якіх захапляльная аўтабіяграфія спалучылася з маляўнічымі падарожнымі нататкамі. У гэтым кантэксце раману Збыха Слупоўскага «Радзіна» можна было б даць такі падзагаловак, бо ў кнізе спалучаюцца элементы сямейнай сагі, шалберскага рамана і апісанняў падарожжаў у замежныя краіны, такія як Італія ці Бразілія. Ад успамінаў Пільштыновай-Русецкай раман Слупоўскага адрозніваецца тым, што Саламея клялася чытачам пісаць толькі праўду (хоць часам гэтую праўду замоўчвала альбо прыхарошвала), а Збых шчыра прызнаецца напачатку кнігі: «Тут усё хлусня, толькі хлусня і анічога, апрача хлусні. І сам я заўзяты хлус». Пасля такога прызнання не ведаеш, верыць аўтару ці не, як у показцы пра п’яных гусей, абшчыпаных гаспадыняй на падушкі, альбо ў гісторыі пра каня, які ледзь не адкусіў герою галаву падчас рыцарскага турніру ў Нясвіжы…
Апошнім часам у беларускай літаратуры з’явілася шмат твораў, якія спалучаюць у сабе элементы мастацкай і дакументальнай літаратуры (у жанры аўтафікшну ці сямейнай сагі), аўтары шчодра выкарыстоўваюць лакальныя і сямейныя легенды, факты з уласнай біяграфіі і найноўшай (ці крыху даўнейшай) гісторыі Беларусі, аздабляючы іх у той ці іншай ступені мастацкай фантазіяй: «Па што ідзеш воўча?» Евы Вежнавец, «Мае дзевяностыя» і «Хлопчык і снег» Альгерда Бахарэвіча, «Круглая Square» Вала Клемента, «Занзібар» Сяргея Дубаўца, «Спроба эксперыментальнага канструявання сябе» Макса Шчура і інш. У многіх з гэтых кніг прысутнічае аўтарская іронія і самаіронія, але ў «Радзіне» іронія ў многіх фрагментах даведзена да сарказму: да сябе, да сваякоў, да малой і вялікай радзімы, да замежных краін і да іх жыхароў-тыбульцаў, да маленькіх радасцяў жыцця і да вялікіх палітычных ды сацыяльных праектаў…
Пачынаецца кніга дынамічна і экспрэсіўна, нібыта шпіёнскі раман:
«Ненавіджу, калі па мне страляюць.
Так я паспеў падумаць тады, калі валіўся за парапет ля падземнага пераходу».
Стралялі па герою ў 2020 годзе ў Мінску падчас «беспорядков», апісаннем падзей гэтага знамянальнага для беларусаў года пачынаецца і заканчваецца кніга, але для яе сюжэту больш важнай была іншая страляніна, што адбылася ў 1942 годзе, у лесе пад мястэчкам Добруш, калі партызана дзеда Аніську хацеў застрэліць у лесе паліцай дзед Міхал, за што паплаціўся зламаным носам і выбітымі зубамі… З гэтага эпізоду часоў Другой сусветнай вайны пачынаецца варажнеча паміж нашчадкамі Аніські і нашчадкамі Міхала, набывае форму змагання за аўстралійскую спадчыну агульнага сваяка двух адгалінаванняў радзіны, насцігае героя ажно ў далёкай Бразіліі і дае падставы мінскаму амапаўцу, праўнуку Міхала, з асаблівым імпэтам пераследаваць унука Аніські – ці то дэманстранта, ці то выпадковага мінака…
Аўтар не гераізуе і не дэманізуе ніводнага з дзядоў: дзед-партызан працаваў перад вайной шафёрам у НКУС і падазрона добра ўмеў страляць, а дзед-паліцай служыў немцам не з ідэалагічных памкненняў, а каб мець нейкую працу і ахоўваць вёску ад лясных бандытаў, што забіралі ў сялян апошнюю ежу. Характэрная ў гэтым сэнсе наступная спрэчка паміж дзядамі:
«Міхал яшчэ крычаў… пра траіх сваякоў, якіх Аніська справадзіў у Сібір. А тады Аніська крычаў пра тое, што Міхал, вылюдак, здаў немцам пляменніцу Аніські, а тыя яе расстралялі. Тады Міхал крывіўся і казаў, што тая пляменніца лясным бандзюганам, якія апошнюю ежу ў людзей кралі, наводчыцаю была дый трымала маліну, а як схапілі дый паціснулі, адразу ж сракай пацякла й усё выклала.
Пасля гэтых слоў Аніська звычайна лез біцца»…
Працытаваны фрагмент добра адлюстроўвае неадназначнае – з разуменнем, але без ідэалізацыі – стаўленне аўтара да сваіх продкаў, а таксама экспрэсіўны стыль і сакавітую беларускую мову, якой напісана кніга. З найбольшай сімпатыяй, праз прызму дзіцячых успамінаў, намаляваныя партрэты бацькі і маці героя, узнаўляецца гісторыя іхняга жыцця ў Шклове і Добрушы (з захаваннем мясцовага каларыту і згадкамі пра шклоўскі перыяд жыцця адной вядомай усім асобы). Далёкім сваякам пашанцавала менш, чаго яны цалкам залужылі:
«Як гэта звычайна на Беларусі, і бацькавы, і матчыны не любілі габрэяў, цыганоў, палякаў і ўвогуле амаль усіх навокал. Аднак рабілі гэта надта розным чынам.
Нянавісць у добрушскіх была жывая, моцная, вострая… Таму добрушскіх габрэяў звычайна вінавацілі ва ўсім глабальна паганым, напрыклад у тым, што фабрыка стаіць ужо трэці тыдзень і што ў шпіталі прымушаюць сядзець гадзінамі ў чарзе… Палякаў добрушскія таксама ненавідзелі, але ўжо разважліва, з зайздрасцю».
Хаця раман называецца «Радзіна», значную яго частку займаюць каларытныя апісанні жыцця галоўнага героя, апавядальніка і аўтара кнігі: напрыклад, апісанні ягоных студэнцкіх і аспіранцкіх гадоў (згадваюцца знаёмыя шмат каму з пакалення «Тутэйшых» інтэрнаты на Акадэмічнай і Шырокай у Мінску), сталення яго як навукоўца і пісьменніка, замежныя вандроўкі і прыгоды ў экзатычнай Бразіліі, вяртанне ў Беларусь і падзеі 2020 года, якія закранулі амаль кожную беларускую сям’ю. Героямі кнігі робяцца таксама сямейнікі аўтара, ягоная жонка і дзеці, якія далучаюцца да вялікай, у некалькі пакаленняў, радзіны.
Самога ж аўтара і героя бліжэй да старасці непакоіць высвятленне праблемы нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі верыць радзіне, сярод ягоных продкаў не было ані цыган, ані габрэяў, ані іншых чужынцаў. Але герою ўвесь час, як вандроўнаму цыгану, не сядзіцца на месцы, у росквітнай краіне пад назвай Беларусь, а калі-нікалі, як набожнаму габрэю, хочацца пачытаць ці паслухаць Тору:
«Трэба казаць, я пару разоў лавіў сябе на тым, што з гадамі раблюся надта падобным на старэючага габрэя, гэтакага правінцыйнага рэбэ ў камізэльцы. І што думаю прыблізна гэтак жа. Ну, напэўна, гавораць узрост і досвед. Ці патаемныя гены.
Карацей, апошнім часам я злавіў сябе на тым, што з асалодай слухаю тыднёвую главу з Торы і назіраю за рабінам, быццам за прафесарам Скалі на семінары па квантавай оптыцы».
Так ці інакш, раман напісаны не толькі сакавітай беларускай мовай, але і з далікатным прысмакам габрэйскага гумару. Незалежна ад нацыянальнасці і патаемных генаў аўтара. Можа, гэта проста адгалосак тысяч галасоў мясцовых габрэяў, што жылі ў Шклове і Добрушы ў суседстве з радзінай аўтара да трагічных падзей Другой сусветнай…
Сяргей Кавалёў
Сёлета прэмія Гедройця адзначае сваё 15-годдзе. Юбілейная цырымонія адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску. У Еўрапейскім цэнтры салідарнасці будуць абвешчаныя пераможцы прэміі, пройдуць аўтарскія сустрэчы, дыскусіі, выстава, кірмаш беларускай кнігі і іншыя падзеі. Далучайцеся да свята беларускай літаратуры, уваход вольны!
Калі: 7 лістапада 2026 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры прэміі | Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Belsat TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў
Суфінансаванне | праект фінансаваны з дзяржаўнага бюджэту ў рамках польскага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.