Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 верасня 2026 года

Апошняе абнаўленне: 17 верасня 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 верасня 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 15 верасня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 22, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 127, забароненых кніг – 378.

Паводле палітычна матываванай крымінальнай справы асуджаны кіраўнік аб’яднання «Памяць Айчыны» Ігар Свірыдзенка.

Паводле палітычна матываванай крымінальнай справы на 3 гады пазбаўлення волі асуджаны адвакат і музыка Дзмітрый Лаеўскі. 

Завочны прысуд вынесены паводле крымінальнай палітычна матываванай справы салісткі гурта «Dymna Lotva» Кацярыны Манкевіч. 

Вынесены прысуд у справе барысаўскай арт-прасторы «Склад бутэлек». Папулярызатарам беларускай культуры Сяргею Салашу і Дзмітрыю Бабіцкаму прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі і вялікі штраф. 

«Экстрэмісцкімі» абвешчаны кнігі: «Вяртанне на Радзіму» Анатоля Санаценкі (Мiнск: Галiяфы, 2016); «Нябесны лён» Анатоля Варшаўскага (публікацыя на сайце Kamunikat.org, 2024); «Ноа» Марка Леві, (Москва: Иностранка, Азбука-Аттикус, 2023).

«Экстрэмісцкім» абвешчаны сайт культурніцкай фундацыі і літаратурнага выдавецтва «Kolegium Europy Wschodnej».

«Экстрэмісцкімі» абвешчаны Facebook-акаўнты журналістаў і нон-фікшн аўтараў Кацярыны Андрэевай і Юрыя Дракахруста.  


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 4 верасня стала вядома, што паводле палітычна матываванай справы на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) асуджаны кіраўнік аб’яднання «Памяць Айчыны» Ігар Свірыдзенка. У 2025 годзе ён быў затрыманы разам з жонкай Аленай Свірыдзенкай. «Памяць Айчыны» займалася пошукам парэшткаў ахвяр Другой сусветнай вайны і сталінскіх рэпрэсій. У сакавіку 2023 года аб’яднанне было ліквідавана.

2. 9 верасня Мінскі гарадскі суд прысудзіў 3 гады пазбаўлення волі адвакату і музыку Дзмітрыю Лаеўскаму паводле палітычна матываванай справы на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Нагодай для абвінавачання сталі інтэрв’ю незалежным медыя. Крымінальная справа супраць Дзмітрыя Лаеўскага была распачата ў жніўні 2025 года. У 2020–2021 гадах Дзмітрый Лаеўскі абараняў палітыка Віктара Бабарыку, а таксама адваката і літаратара Максіма Знака. У 2011–2012 гадах ён быў адвакатам праваабаронцы і літаратара Алеся Бяляцкага. Дзмітрый Лаеўскі граў у мінскім музычным гурце «Каларыт Кульмана», а апошнім часам – перыядычна ў джазавым кавер-бэндзе.

3. 11 верасня стала вядома пра завочны прысуд у палітычна матываванай справе салісткі гурта «Dymna Lotva» Кацярыны Манкевіч паводле ч. 1 арт. 289-1 Крымінальнага кодэкса (прапаганда тэрарызму), ч. 1 арт. 290-1 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 366-1 Крымінальнага кодэкса (пагроза гвалту ў дачыненні да прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). 

4. 14 верасня быў вынесены прысуд у справе барысаўскай арт-прасторы «Склад бутэлек». Папулярызатарам беларускай культуры Сяргею Салашу і Дзмітрыю Бабіцкаму прысудзілі 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 800 базавых велічыняў (36 000 рублёў ~ 11 872 долараў) кожнаму.

II. Забароненыя кнігі

1. 1 верасня 2026 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» дзве новыя кнігі: «Вяртанне на Радзіму» Анатоля Санаценкі (Мiнск: Галiяфы, 2016) і «Нябесны лён» Анатоля Варшаўскага (публікацыя на сайце Kamunikat.org, 2024). Анатоль Санаценка – паэт, празаік, драматург, перакладчык, рэдактар. «Вяртанне на Радзіму» – першая кніга аўтара на беларускай мове. У ёй – пра «Радзіму, жанчыну, каханне»; пра шлях аўтара да беларушчыны; пераклады з Гіёма Апалінэра, дзед і маці якога былі з Беларусі. Анатоль Варшаўскі – беларускі паэт і перакладчык, які ў 1990-я – 2000-я гады жыў і працаваў у Беларусі. 

2. 7 верасня 2026 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі  матэрыяламі» кнігу «Ноа» Марка Леві, (Москва: Иностранка, Азбука-Аттикус, 2023). Гэта заключная частка трылогіі пра «Групу 9», каманду хакераў, якія выкрываюць карупцыю і злачынствы ўплывовых людзей. У цэнтры сюжэта – аўтарытарная дзяржава, палітычныя зняволеныя і спроба вызваліць апазіцыянера. Частка дзеяння адбываецца ў Беларусі: сярод пазнавальных рэалій – Мінск і Акрэсціна. 

III. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх фундацый

7 верасня 2026 года рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста «экстрэмісцкім» прызнаны сайт культурніцкай фундацыі і літаратурнага выдавецтва «Kolegium Europy Wschodnej». Місія фундацыі – папулярызацыя ведаў пра міжнародныя адносіны і культуру Усходняй Еўропы.

IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры

1. 4 верасня 2026 года рашэннем суда Глускага раёна Магілёўскай вобласці «экстрэмісцкім» быў прызнаны Facebook-акаўнт «Catarina Andreeva» журналісткі і нон-фікшн аўтаркі Кацярыны Андрэевай.

2. 4 верасня 2026 года рашэннем суда Глускага раёна Магілёўскай вобласці «экстрэмісцкім» быў прызнаны Facebook-акаўнт «Yury Drakakhrust» журналіста і нон-фікшн аўтара Юрыя Дракахруста.

V. Трансгранічны пераслед

У маці актывіста і мастака Ігара Кляшчука, які знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, адбыўся ператрус.