Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Лявона Вольскага!
Лявон Вольскі – музыка, літаратар, мастак, вядоўца. Публікуецца як паэт, празаік, журналіст. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калідор» і «Фотаальбом», празаічнага зборніка «Міларусь», суаўтар п’есы «Народны альбом», ілюстратар кнігі «Ашуканкі» Яны Вольскай і рамана Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба».
У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.
Амаль дэтэктыўная гісторыя пра шопінг
Абутак ідэальна падышоў, я заплаціў і накіраваўся да выхаду з крамы. І калі праходзіў праз электронную брамку, усе пачулі непрыемны піск. «Відаць, прадавец ня зьняў засьцерагальны маркер», – падумаў я і пашыбаваў назад да касы. Гэта часта здараецца: пакупнікоў шмат, прадавачкі з прадаўцамі забеганыя, стомленыя і, здараецца, забываюцца зьняць з набытку магнітную кліпсу ці стужку. Супрацоўнік крамы ўважліва агледзеў абутак, але ніякіх засьцерагалак не знайшоў. Я зноў накіраваўся да выхаду – і зноў пачуўся непрыемны піск. Болей за тое, гэты піск не перапыняўся, калі я зноў вярнуўся да касы.
– Гэта ня ў нас пішчыць, – з падазрэньнем гледзячы на мяне, сказаў супрацоўнік крамы.
«А ў каго тады?» – падумаў я. Піск не сьціхаў. Я выйшаў з абутковае крамы і пакрочыў па гандлёвым цэнтры. Высокі настойлівы гук не перапыняўся. Можа быць, недзе побач спрацавала якаясьці сыгналізацыя? Я ішоў хуткай хадою, але мярзотны высокі гук быў побач. Здавалася, ён перасьледуе мяне. Я мінаў краму за крамай, а піск заставаўся нязьменны. Можа, гэта пішчыць мой смартфон? Не, ня ён. Можа, гадзіньнік? Не, ён мірна сабе паказвае час…
***
Жыцьцё ў эўрапейскай сталіцы небясьпечнае тым, што ты аточаны шэрагам гандлёвых цэнтраў. У якім мейсцы мэгаполісу ты б не знаходзіўся, табе заўсёды будзе спакушальна падміргваць агнямі Atrium, Westfield ці то G-Sity. Калі раней наведваньне IKEA было падзеяй, дык цяпер – папросту: заскочыць на хвілінку, набыць акумулятарную зарадку для батарэек… А выходзіш увесь абвешаны набыткамі: рушнікамі, пасьцельнай бялізнай, настольнай лямпай, шклянкамі ды кубкамі…
І вось мы зноў у сваім найбліжэйшым гандлёвым цэнтры. Прыехалі набыць тое-сёе і паабедаць. Там, у гэтым храме спажываньня, апроч дзясяткаў крамаў і буцікоў месьціцца разнастайная папулярная харчовая зона, дзе (як жа безь яго!) ёсьць MacDonald зь вечнымі чэргамі падлеткаў, ёсьць сеткавая глябалістычная піцэрыя, ёсьць курыныя фастфуды з Кентакі й Луізіяны… А можна знайсьці і ўстановы больш экзатычныя – напрыклад, іранска-афганскую сталоўку ці індыйскую кавярню са звыклым джэнтэльмэнскім наборам, ад chicken korma і tikka masala да сьціплага супчыку dal shorba.
Туды я й накіраваўся гэтым разам – у індыйскую кавярню. І замовіў сабе вострую пахкую страву. Звычайна кухарам трэба на прыгатаваньне хвілінаў дзесяць, і наведніку даюць электронны дэвайсік, які пачынае пікаць, калі ежа прыгатаваная.
Пакуль тое, я вырашыў схадзіць у абутковую краму, дзе ўжо даўно прыгледзеў лёгкія летнія красоўкі.
Абутак ідэальна спасаваў, я заплаціў і накіраваўся да выхаду з крамы. І раптам…
***
Я амаль бег па гандлёвым цэнтры, але гук не сьціхаў. Я перасоўваўся ў прасторы, і ён рушыў разам са мною. Нават здавалася, што ён сыходзіць аднекуль зь мяне – з маёй вопраткі, з маёй торбы? Што гэта?!
«Гэта пішчыць пэйджар з індыйскае кавярні ў кішэні маёй курткі!» – нарэшце здагадаўся я і пабег на фудкорт.
Зірнуўшы на мяне зь лёгкім дакорам, артыстычны індус забраў пэйджар і працягнуў тацу са стравай, якая пахла часныком, імберцам, чылі і календраю…
Чытаць папярэднія тэксты:
Каралева раёну. Аўтарская калонка Лявона Вольскага
«Да»! Аўтарская калонка Лявона Вольскага
Некаторыя нюансы здачы тары ў Варшаве. Аўтарская калонка Лявона Вольскага