Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні атрымалася болей міжнародным, чым звычайна, бо запрошаных экспертаў, прычым з дзвюх краін (Італіі і Германіі), было адразу двое. І ўдзельнікі паказалі ім – і ўсім сваім калегам – пераклады з дзвюх моваў, італьянскай і англійскай – апавяданне «Сем паверхаў» Дзіна Буццаці і фрагмент з «Галодых гульняў» Сюзан Колінз. Эксперты, перакладчыца беларускай лірыкі на італьянскую Мая Галаванава і перакладчык нашай паэзіі і прозы на нямецкую Томас Вайлер, выступілі разам як укладальнікі і рэдактары, што падрыхтавалі адразу трохмоўнае выданне выбраных вершаў Алеся Разанава «Sumus ne simus». Кніга выйшла ў гэтым годзе ў італьянскім выдавецтве «WriteUp Books». Гэта ўжо другая прысвечаная беларускай літаратуры кніга ў серыі «Contesto». Першай была анталогія беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя «Свет скончыўся, а мы – не».
У разанаўскую кнігу-трылінгву ўвайшлі адразу некалькі аўтарскіх жанраў нашага класіка: 16 пункціраў, 12 квантэмаў, 15 версэтаў і 14 вершаказаў. Большасць перакладаў належаць укладальнікам і запрошаным экспертам майстэрні, хоць сярод нямецкіх перастварэнняў ёсць таксама версіі Эльке Эрб, Уладзіміра Чапегі і Галіны Скакун, якія друкаваліся раней. Прадмову да кнігі напісала вядомая даследчыца Ульяна Верына, вокладку намалявала мастачка Святлана Дземідовіч, а рэдактарам італьянскіх перакладаў выступіў Алесандра Акіллі. Усе беларускія арыгіналы суправаджаюцца італьянскімі і нямецкімі перакладамі, за выключэннем раздзела вершаказаў. У ім на нямецкай мове прадстаўлены толькі адзін верш «Скрынка», затое гучыць ён адразу ў трох варыянтах, падрыхтаваных тым самым перакладчыкам. Па словах укладальнікаў, «гэтае выданне нарадзілася ад моцнага жадання прайсці шляхам самабытнага паэта і пазнаёміць італьянскую і нямецкую публіку з ягонай творчасцю ў трылінгвальным кантэксце».
Мая Галаванава – даследчыца і перакладчыца. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, дзе па сканчэнні выкладала італьянскую мову. З 2007 года жыве ў Мілане і выкладае рускую мову ў Падуанскім і Міланскім універсітэтах. Куратарка італьянскай кніжнай серыі CONTestO, якая прапануе літаратурныя тэксты і даследаванні розных краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
Сярод аўтараў, перакладзеных на італьянскую мову, Веніямін Блажэнны, Пятрусь Броўка, Зміцер Вішнёў, Аксана Данільчык, Ганна Комар, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Вальжына Морт, Алесь Разанаў, Ганна Севярынец, Таня Скарынкіна, Дзмітрый Строцаў, Максім Танк, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута і іншыя.
Томас Вайлер (Thomas Weiler) – нямецкі літаратурны перакладчык з беларускай, польскай, расійскай моваў. Жыве ў Ляйпцыгу. З беларускай мовы пераклаў, сярод іншага, раман Альгерда Бахарэвіча «Сарока на шыбеніцы», творы Артура Клінава, Віктара Марціновіча, Вольгі Гапеевай, вершы Уладзімера Арлова, Алеся Разанава, Веры Бурлак, Юлі цімафеевай і інш.
Лаўрэат Ляйпцыгскай кніжнай прэміі за найлепшы пераклад кнігі «Я з вогненнай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Атрымаў прэмію Паўля Цэлана за пераклад рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.
***
Запрошаныя эксперты, разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам, чыталі разанаўскія вершы на трох мовах, паказаўшы ўсе наяўныя ў кнізе паэтычныя жанры. Вось прыклад перакладу пункціраў паэта (па-італьянску Linee tratteggiate, па-нямецку Punktierungen).
*
Навокал абрывы:
ў душы
вышукваю крылы.
*
Ovunque dirupi:
nell’anima
cerco le ali.
*
Abgründe ringsum:
Im Geiste
suche ich Flügel.
Гэтак гучыць па-італьянску і па-нямецку разанаўская квантэма:
*
праз шкло павелічальнае
нябыт
глядзіць людзьмі
падобныя адбіткі
*
con una lente
la non esistenza
guarda nelle persone
immagini simili
*
unter der Lupe
Nichtsein
schaut in Menschen
ähnliche Abbilder

Часцей за іншыя жанры на замежныя мовы перакладаюцца бадай што версэты нашага класіка. Прагучалі яны і ў версіях Маі Галаванавай і Томаса Вайлера:
На другі год вайны
На другі год вайны не вырасла жыта на полі, не вырасла бульба, a выраслі лозы.
Узяўся я дзерці з лозаў кару – а яны з жалеза,
узяўся сякераю секчы лозы – стала з ix сыпацца на зямлю жалезнае зерне,
узяўся выкопваць лозы рыдлёўкай – стала выкопвацца з-пад каранёў жалезная бульба.
Хто будзе есці жалезнае зерне?
Хто будзе есці жалезную бульбу?
Кажа бабуля: вайна.
А я спрабую сам разгрызці тыя зярняты,
спрабую сам угрызці бульбіны тыя,
каб самому зрабіцца жалезным, нібы вайна, i павыдзіраць жалезныя лозы з поля.
Nel secondo anno di guerra
Nel secondo anno di guerra nei campi non crebbe il grano, non crebbero le patate, crebbero le viti.
Provo a scorticarle – sono di ferro,
a tagliarle con l’ascia – le granaglie di ferro cadono per terra,
provo a tirarle fuori con la pala – sotto le radici patate di ferro.
Chi mangerà il grano di ferro?
Chi mangerà le patate di ferro?
Un’anziana risponde: la guerra.
Allora provo a spezzare quel grano coi denti,
a sgranocchiare quelle patate
per diventare, come la guerra, di ferro, ed estirpare le viti dai campi.
Im zweiten Kriegsjahr
Im zweiten Kriegsjahr reifte kein Korn auf dem Feld, reiften keine Kartoffeln, es reiften Weiden.
Ich wollte die Rinde von den Weiden ziehen, da waren sie eisern,
ich wollte die Weiden fällen, da rieselten eiserne Samenkörner auf die Erde,
ich wollte die Weiden ausgraben, da kamen eiserne Kartoffeln unter den Wurzeln zum Vorschein.
Wer würde eisernes Korn essen?
Wer würde eiserne Kartoffeln essen?
Sagt die Großmutter: Krieg.
Und ich versuche, selber diese Körner zu zerbeißen,
versuche, selber aufzubeißen die Kartoffelknollen,
um selber eisern zu werden wie der Krieg, und die eisernen Weiden aus dem Feld zu reißen.
***

Найбольш творчай смеласці і ў добрым сэнсе недаслоўнасці патрабавалі ад перакладчыкаў вершаказы. І Мая Галаванава зрабіла тэарэтычныя ўводзіны, прадставіўшы сваю перакладчыцкую канцэпцыю і стратэгію ў падыходзе да гэтага жанру:
«Стратэгія італьянскага перакладу вершаказаў прадугледжвае перш за ўсё ўважлівы выбар тэкстаў, якія патэнцыйна могуць “спрацаваць” не толькі на лексічным, але і на фанетычным узроўні. Загаловак тут іграе найважнейшую ролю: менавіта вакол яго ствараецца аўтарская гульня з гукасэнсам. Як і ў арыгінале на беларускай мове, зыходным пунктам для гукапісу ў перакладзе можа стаць корань слова, любы яго склад альбо спалучэнне зычных. У некаторых выпадках назіраецца вельмі падобнае гучанне складоў альбо асобных зычных “ключавых слоў” на беларускай і італьянскай мовах (як, напрыклад, у выпадку Scrigno – Скрынка), што сведчыць аб верагоднай сувязі паміж моўнымі адзінкамі.
Пры немагчымасці перадаць алітэрацыйныя і асанансавыя чаргаванні ў тых жа самых лексемах, што і ў аўтарскім тэксце, у перакладзе выкарыстоўваецца прыём кампенсацыі гэтых элементаў у іншых лексемах. З мэтай захавання гукапісу і музычнасці тэксту, у асобных выпадках выкарыстоўваюцца прыём замены лексемы яе функцыянальным аналагам, прыём падбора міжмоўных адпаведнікаў і прыём калькавання».
Вось як Мая Галаванава перастварыла і паказала прысутным разанаўскую «Скрынку»:
Скрынка
Калі яе адчыняюць, яна скардзіцца, яна скрыпае.
У ёй захоўваецца скрытае – скарб: ім яна поўная, ім змястоўная, ім ацэньваецца яе вартасць.
Усе думаюць, што яна скнара, што яна “рынак”, але сама скрынка ведае, што яна скрыпка, у якой няма струн.
Lo scrigno
Quando qualcuno scoperchia lo scrigno, esso si sconforta e si mette a scricchiolare.
Lo scrigno custodisce le cose nascoste – il suo tesoro: è il contenuto, la sostanza che determina il suo valore.
Tutti lo screditano sostenendo che è tirchio, “scroccone”, ma lo scrigno stesso è sicuro di essere un violino senza corde.
Магчыма, кульмінацыяй прэзентацыі стала чытанне ўжо анансаванага вышэй нямецкага перакладу (трох перакладаў? трох версіяў аднаго перакладу?) Томасам Вайлерам:
Truhe
Wenn man sie öffnen möchte, knurrt sie und trutzt.
Ihrer Hut wird getrost das Gute anvertraut: es füllt sie aus, verleiht ihr Gewicht, an ihm bemisst sich ihr Wert.
Alle halten sie für eine Trudel von zweifelhaftem Ruf, der Truhe aber ist bewusst, sie ist eine unbesaitete Laute in Ruhe.
Kasten
Wenn man ihn öffnen möchte, grantelt er und knarzt.
Er fasst das Kostbarste, den Schatz: der füllt ihn aus, verleiht ihm Gewicht, an ihm bemisst sich sein Wert.
Alle halten den Kasten für einen Knauser, einen alten Knaster, er aber weiß, er ist fast ein Klavier, nur hat er keine Tasten.
Kiste
Will man sie öffnen, wird sie kiebig und sie quietscht.
Sie birgt das Beste, Kostbarste: es füllt sie aus, verleiht ihr Gewicht, an ihm bemisst sich ihr Wert.
Alle denken, sie ist knickerig, die Kiste aber wird deshalb nicht kirre, sie ist gewiss, das ist schlicht Kismet.
«Скрыпка» па-нямецку: Geige (гáйгэ), і са словам «скрынка» фанетычна не вельмі супадае. Таму перакладчык ішоў ад фанетыкі слова «скрынка», ужыўшы тры магчымыя па-нямецку сінонімы: Truhe (трýэ), Kasten (кáстэн) і Kiste (кíстэ) – і кожны раз перакладаў, прыслухоўваючыся да іх гучання, так што выходзіла – у даслоўным перакладзе з нямецкай назад на беларускую – так:
- …але скрынка [Truhe] разумее, што яна лютня без струн, якая спачывае ў спакоі (der Truhe aber ist bewusst, sie ist eine unbesaitete Laute in Ruhe.)
- …але ён [Kasten] ведае, што ён амаль што піяніна, толькі не мае клавішаў (er aber weiß, er ist fast ein Klavier, nur hat er keine Tasten).
- …яна [Kiste] ўпэўнена, што гэта проста наканаванасць (sie ist gewiss, das ist schlicht Kismet).
Мадэратар заўважыў, што на месцы ўкладальніка ці ўкладальніцы таксама не надта ведаў бы, якую версію выбраць для публікацыі – і даў бы ўсе тры, што толькі на карысць вершу. Тым болей, мы памятаем: кожны новы паэтычны пераклад на тую ці іншую мову ў пэўным сэнсе можна назваць новым вершам на гэтай мове.
***

Пасля міні-прэзентацыі разанаўскага «італьянска-нямецкага» зборніка, удзельнік майстэрні Барыс Лясун паказаў калегам (і запрошанай эскпертцы) сваю спробу перакласці класіку італьянскай літаратуры ХХ ст. – апавяданне Дзіна Буццаці «Сёмы паверх».
«Проза Дзіна Буццаці, – заўважыў перакладчык, – часта нясе рысы магічнага рэалізму – жанру, які мне найбольш цікавы і сугучны. Менавіта гэтым пісьменнік і прыцягнуў маю ўвагу. Перакладаць тым цікавей, што я ніколі не чытаў Буццаці, і тым самым адкрываю для сябе ягоную творчасць. Але (калі гэта ўсё-ткі пераклад) задача – перастварыць Буццаці па-беларуску, што даецца мне найцяжэй. Сваю праблему я назваў бы праблемай эквівалентнасці. Мова “Сямі паверхаў” даволі сухая і бюракратычная, але здольная (праз шэраг прыёмаў) стварыць патрэбную псіхалагічную атмасферу. Адсюль узнікае небяспека як пераўпрыгожыць, так і перасушыць беларускі тэкст (праз канцылярыт, грувасткія канструкцыі і да т.п.); і тое, і другое можа разбурыць “хімію” тэксту. А іншая пабудова італьянскіх сказаў (іншая манера выражацца ўвогуле), у сваю чаргу, часта вымагае пошуку іншых натуральных і трапных беларускіх адпаведнікаў (як лексічных, так і сінтаксічных)».
З глыбокім разборам перакладу выступіла экспертка Мая Галаванава, адзначыўшы некалькі праблемаў-выклікаў, якія апавяданне Буццаці стварае сваім перакладчыкам. Удзельнік майстэрні, як мог, спрабаваў даць рады з гэтымі выклікамі, і часам някепска даваў.
1. Найперш запрошаная госця адзначыла як галоўную для перакладчыка складанасць стыль і аўтарскі тон пісьменніка.
«Буццаці, – адзначыла Мая Галаванава, – піша стрымана, клінічна, амаль бюракратычна – і менавіта ў гэтай халоднасці хаваецца жах, якім пранізаны твор аўтара. Перакладчык захоўвае дыстанцыю апавядальніка, не дадаючы эмоцый там, дзе іх няма, але многія канструкцыі на беларускай мове выглядаюць занадта цяжкімі».
Арыгінал: “D’altra parte la cura poteva venir così graduata in modo perfetto”.
Пераклад: “З другога боку, так мера неабходнага догляду магла размяркоўвацца найлепшым чынам”.
Было прапанавана захаваць бюракратычна-канцылярскі стыль, але без штучнай грувасткасці: “З іншага боку, усім быў гарантаваны патрэбны догляд”.
2. Другі найважнейшы момант у «Сямі паверхах» – праведзеная праз увесь твор апазіцыя «верх/ніз».
Гэта стрыжань усяго апавядання. Як адзначыла экспертка, словы і словазлучэнні piano di sotto, laggiù, precipizio нясуць глыбокую сімвалічную нагрузку. Беларускія адпаведнікі захоўваюць гэтую вертыкальную вобразнасць. Яе трэба ўлічваць і пры перакладзе слова persiane. Для носьбіта беларускай мовы больш зразумелым будзе слова жалюзі, нават калі маюцца на ўвазе менавіта вертыкальныя «персіяны», якія былі ва ўжытку ў Італіі 30-х гг. і якія маюць іншую структуру, у параўнанні з жалюзямі.
3. Майстэрства дыялогу як перакладчыцкая праблема.
Дыялогі галоўнага персанажа з доктарам і з фельчарам – гэта ўзоры маніпулятыўнай ветлівасці. Перакладчык тут добра і паслядоўна перадае фальш праз стылістыку, не тлумачачы яго чытачу. Але зусім іншым чынам павінны гучаць дыялог героя з суседам, дзе італьянскія выклічнікі Oh і Аh у перакладзе на беларускую мову дадаюць непатрэбнае адценне пафасу
Арыгінал: “Anche lei sta qui da poco?” – “Oh no” fece l’altro “sono qui già da due mesi…”
Пераклад:
– Вы тут таксама нядаўна?
– О, не, – запярэчыў той – я тут ужо два месяцы…
Прапанова: “Ды не, – запярэчыў той, – я тут ужо два месяцы…”
4. Ужыванне словаў sanatorio, ospedale, casa di cura.
Гэта важная стылістычная дэталь. Мая Галаванава патлумачыла розніцу ў італьянскай мове і ў кантэксце арыгінальнага твору:
- casa di cura – прыватная клініка, больш камфортная, платная (сустракаецца ў тэксце тры разы і знікае назаўсёды ў той момант, калі героя пераводзяць з шостага на пяты паверх);
- ospedale – звычайная бальніца, агульнае слова (сустракаецца на працягу ўсяго тэкста 11 разоў, апошні ўжыты ў тэксе сінонім);
- sanatorio – установа для доўгатэрміновага лекавання, гістарычна звязана з туберкулёзам (сустракаецца 4 разы; у апошні раз, калі герой спускаецца на другі паверх).
Буцаці чаргуе іх найхутчэй наўмысна: casa di cura стварае ілюзію камфорту і бяспекі, sanatorio дадае бюракратычнага кантэксту, а ospedale паказвае больш жорсткую і пагрозлівую рэальнасць. У перакладзе захаваныя гэтыя адрозненні і падабраныя тры беларускія адпаведнікі: лякарня, санаторый, шпіталь, але перакладчык ужывае яшчэ адзін – лячэбніца. Нават калі б гэта было не збыткоўным дублетам «лякарні», а яшчэ адным – чацвёртым – сінонімам, лепш захаваць аўтарскую задуму з трыма варыянтамі-іпастасямі медычнай установы.
5. Умелае чаргаванне словаў camera / stanza – палата.
Яшчэ адна свядомая двухсэнсоўнасць Буццаці: той самы прыём, што і з casa di cura / ospedale / sanatorio. Camera/stanza могуць ужывацца як сінонімы, але ў арыгінальным тэксце можна заўважыць сувязь з кантэкстам. Аўтар упершыню ўжывае слова camera, калі герой перабывае на сёмым паверсе, дзе размяшчаюць пацыентаў з найлягчэшымі формамі хваробы, а слова stanza, больш фармальнае і значна бліжэйшае да бюракратычнага і медычнага кантэксту, – калі галоўны герой размаўляе з суседам і дазнаецца пра асаблівасці гэтай установы і, у прыватнасці, пра першы паверх, дзе месцяцца ўжо безнадзейныя хворыя, што мусяць неўзабаве памерці.
У беларускім перакладзе і ў адным, і ў другім выпадку ўжываецца выключна слова палата, якое адразу адсылае да «шпіталя» з яго канатацыямі. Каб захаваць аўтарскую двухсэнсоўнасць, удзельнікі абмеркавання прапанавалі перакладчыку ўжываць таксама слова пакой.
Арыгінал: “…Giuseppe Corte fu messo in una gaia camera del settimo ed ultimo piano”.
Пераклад: “…яго змясцілі ў жыццярадаснай палаце на сёмым, апошнім паверсе”.
Прапанова: “…яго зьмясцілі ва ўтульным пакоі на сёмым, апошнім паверсе”.
Часам Буццаці наўмысна гуляе адразу на двух узроўнях (пакой/палата), напрыклад, калі фельчар звяртаецца да героя, каб ён спусціўся на іншы паверх. Але цікава, што фельчар у размове ўвесь час ужывае больш утульнае слова camera, і толькі напрыканцы быццам «прагаворваецца» і ўжывае слова stanza. З таго моманту слова camera знікае назаўсёды.
6. Ці ёсць тут Бог? (Як перакласці фразему «Oh Dio»?)
Як заўважыла экспертка, выраз Oh Dio (таксама Oddio) можа ўжывацца ў розных кантэкстах, каб перадаць пачуццё страху, здзіўлення альбо засмучэння, і перакладацца як Госпадзе, Божухна і гэтак далей. Але ў нашым выпадку гэта хутчэй запаўняльнік паўзы – хвіля задумення перад адказам. Нешта накшталт ну (ну не) альбо як вам сказаць.
Арыгінал: “Oh Dio” fece l’altro scuotendo lentamente la testa “non sono così disperati, ma c‘è comunque poco da stare allegri”.
Пераклад: “– Госпадзе, – паволі пакруціў галавой мужчына, – яны яшчэ не настолькі безнадзейныя, але радаснага ўсё роўна мала”.
Прапанова: “– Ну, – паволі пакруціў галавой мужчына, – яны яшчэ не настолькі безнадзейныя, але радаснага ўсё роўна мала.
І вельмі добра, што «Бог» вяртаецца напрыканцы ўрыўка пры перакладзе выразу Per carità! (Бог з Вамі!). Можна сказаць, у перакладчыка атрымалася своеасаблівая кампенсацыя таго, што знікла вышэй.
***

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі фрагмент знакамітых «Галодных гульняў» Сюзан Колінз, які прапанаваў ім паэт і перакладчык Ілля Кульбіцкі. Фрагмент ягонага перакладу ўжо абмяркоўваўся ў адным з папярэдніх сезонаў майстэрні, але ж Ілля працягвае сваю працу, «прынёс» на паседжанне чарговы ўрывак і падзяліўся з калегамі сваімі рэфлексіямі пра тое, чым зацікавіў арыгінал, якія перакладчыцкія выклікі стварае і як з імі можна даваць рады. Прывядзём словы перакладчыка цалкам.
«Спачатку “Галодныя гульні” зацягнулі мяне дынамічным сюжэтам, але пасля трэцяй кнігі стала зразумела, што менавіта гэтай серыі проста цяпер найбольш бракуе ў беларускай літаратуры. За апошнія паўстагоддзя яна выдатна навучылася паказваць жахі вайны ды маральную неадназначнасць усякай барацьбы, але так і не намацала хоць нейкага выйсця з гэтага жахоцця. Тады як Сюзан Колінз, захоўваючы быкаўскі натуралізм і нікога з персанажаў не шкадуючы, дае майстар-клас якраз-такі ў справе пошуку выйсця.
Усё гэта добра, але калі ў перакладзе не захаваць дынамікі, дык чытач (ці чытачка) да таго выйсця проста не дапаўзе. Так што даводзіцца асабліва пільна сачыць за тэмпам, рытмам, памерам абзацаў у перакладзе, часам спрашчаць сінтаксічныя канструкцыі ў параўнанні з арыгіналам – абы толькі тэкст “трымаў” увагу.
З Кэтніс, апавядальніцай і гераіняй, часам здараюцца прыступы іроніі й самаіроніі, якія трэба не прапусціць і падабраць годныя адпаведнікі. У прапанаваным раздзеле гэтага дабра было асабліва багата: для “wielding tweezers” даводзіцца шукаць нешта кшталту “выцэльваючы пінцэтамі”, “last swathe of leg hair” (ды яшчэ й “uprooted”) мусіць застацца хаця б “расліннасцю на нагах”, а далей свайго п’янога ментара гераіня “не раіла б падносіць да адкрытага агню”.
Вядомая ў працы над доўгім тэкстам праблема: усё, што скажа перакладчык, можа быць далей “выкарыстана аўтарам супраць яго”. У пятым раздзеле з’яўляецца акрэсленне “the girl who was on fire”, якое далей падхопіць і ў кожнай кнізе паўторыць капіталійская прапаганда. Калі тут абмежавацца прамым сэнсам агню/гарэння – далей фраза не ўзляціць. То ў спробах захаваць двухсэнсоўнасць выразу ўзнікла версія “агонь-дзяўчына Кэтніс” (на жаль, абмеркаванне да гэтага месца не дайшло). Яшчэ адна скразная рэч – дыктатура Панэм успадкавала англасаксонскі “пункцік” на алітэрацыі. Ужо было “Treaty of Treason”, яшчэ будзе “Quarter Quell”, а ў гэтым раздзеле даводзіцца ператварыць “City Circle” у “Парадную Плошчу”.
У гэтым жа раздзеле ўпершыню з’яўляецца president Snow, чыё прозвішча – асобная цікавостка. З аднаго боку, гэта адно з “вымоўных” прозвішчаў у кнізе: потым мы пачуем ягоны фамільны дэвіз – “Snow always lands on the top” (“на вяршыні заўсёды Снег”). З іншага, гэта адно з прозвішчаў, якія адсылаюць да мармонскіх каранёў Капітолія (быў там адзін з айцоў-заснавальнікаў з такім прозвішчам)… У выніку прэзідэнт Сноў застаўся (пакуль) неперакладзеным. Часам карціць перакласці яго словам на літару “Л”, хоць такое рашэнне было б празмерна хуліганскім».
***
Пераклад – як, дарэчы, і папярэдні «кавалак» у ранейшым сезоне – быў сустрэты калегамі з энтузіязмам і прыязнасцю. Заўвагаў пра «хуліганства» ці залішняе свавольства перакладчыка было вобмаль. Наадварот, было некалькі прапановаў трошачкі адысці ад даслоўнасці дзеля большай лагічнасці беларускага тэксту. Як, напрыклад, у фрагменце пра павышэнне інтанацыі фразы, якое па-англійску можа выконваць іншую ролю, чым па-беларуску, пра што варта памятаць.
Арыгінал: “Why do the ends of their sentences go up as if they’re asking a question?”
Было: “Чаму ў кожным іхнім сказе інтанацыя лезе ўгору, нібы гэта пытанне?”
Прапанавана: “Чаму ў кожным іхнім сказе інтанацыя лезе ўгору, нібы яны ўвесь час здзіўляюцца?”
На самым пачатку абмеркавання перакладчыку прапанавалі больш уважліва паставіцца да захавання ў тэксце гукапераймання (гаворка пра балючы працэс дэпіляцыі). Спалучэнне «Хр-р-русь! Сціскаю зубы», здаецца, празмерна звяртае ўвагу на стаматалагічныя аспекты (ажно да страху за цэласнасць зубоў гераіні).
Арыгінал: “R-i-i-i-p! I grit my teeth as Venia, a woman with aqua hair and gold tattoos above her eyebrows, yanks a strip of fabric from my leg, tearing out the hair beneath it”.
Было: “Хр-р-русь! Сціскаю зубы, калі Венія, сіневалосая кабета з залацістымі татуіроўкамі над бровамі, рэзка здзірае з маёй нагі паласу тканіны, а з ёю ўсе валасы”.
Прапанавана: “Дзёр-р-р-х! Сціскаю зубы, калі Венія, сіневалосая кабета з залацістымі татуіроўкамі над бровамі, рэзка здзірае з маёй нагі паласу тканіны, а з ёю ўсе валасы”.
Нейкія заўвагі датычылі зусім ужо дробных драбнічак. Магчыма, яны ўвогуле былі б дарэчнейшымі ў абмеркаванні перакладаў паэзіі, але, у прынцыпе, і перакладчык прозы мае звяртаць увагу на мілагучнасць фразы – напрыклад, на тое, як гучаць словы на стыках. «Майго голага…» – не самы ўдалы выпадак з гледзішча гучання, але гэта правіцца элементарна. А каб не толькі крытыкаваць, звярніце ўвагу, як перакладчык цалкам сімпатычна перавёў амерыканскія «дзюймы/цалі» ў больш звыклую нам метрычную сістэму.
Арыгінал: “He walks around my naked body, not touching me, but taking in every inch of it with his eyes…”
Было: “Ён ходзіць вакол мяне, і хоць не дакранаецца, але пільна ўглядаецца ў кожны сантыметр майго голага цела…”
Прапанавана: “Ён ходзіць вакол мяне, і хоць не дакранаецца, але пільна ўглядаецца ў кожны сантыметр майго аголенага цела…”
Найбольш спрэчак, здаецца, выклікаў фрагмент, дзе перакладчык такі трошачкі пасваволіў, дадаўшы да адной назвы трошкі беларускіх палітычных асацыяцыяў.
Арыгінал: “I’ve been in the Remake Center for more than three hours…”
Пераклад: “Ужо больш за тры гадзіны я ў Цэнтры Перамен…”
Адным прысутным гэты «Цэнтр Перамен» якраз спадабаўся магчымымі асацыяцыямі з 2020-м годам. Іншых тыя самыя асацыяцыі трохі насцеражылі – і ўзнікла прапанова «Цэнтр Трансфармацыі», хоць тут – апроч нагрувашчання зычных на стыку – магчымыя свае палітычныя асацыяцыі. Цікава, хто з беларусаў пайшоў бы выдаляць лішнія валасы ў «Цэнтр Перамен»? А з палякаў – у «Цэнтр Трансфармацыі»?