Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Міжнароднага ПЭНа наконт пісьменніка Мердана Янардага.
«Улады відавочна маюць намер знішчыць тое, што яшчэ засталося ад свабоднай журналістыкі ў Турцыі, калі арыштоўваюць сябра ПЭНа Мердана Янардага па абсурдных абвінавачаннях у шпіянажы і прызначаюць апекуна тэлеканалу TELE 1. Мы салідарныя з Янардагам і заклікаем урад спыніць усеагульную атаку на свабоду прэсы», — сказаў Бурхан Сонмез, прэзідэнт PEN International.
5 лістапада 2025 года. Улады Турцыі павінны неадкладна вызваліць вядомага чальца PEN Türkiye і галоўнага рэдактара незалежнага тэлеканала TELE 1 Мердана Янардага, заявіў сёння PEN International. Арганізацыя перакананая, што Янардага пераследуюць за яго журналісцкую дзейнасць, і заклікае зняць з яго ўсе абвінавачанні. Улады павінны адмяніць рашэнне аб перадачы TELE 1 пад апеку і забяспечыць свабоду СМІ.
Мердан Янардаг, 64 гады, быў затрыманы паліцыяй у сваім доме ў Стамбуле 24 кастрычніка 2025 года і 27 кастрычніка афіцыйна арыштаваны па абвінавачанні ў «шпіянажы» паводле артыкула 328/1 Крымінальнага кодэксу Турцыі, які прадугледжвае пакаранне ад 15 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Ён адмаўляе сваю віну. Следства, у межах якога яго абвінавачваюць у «маніпуляцыі вынікамі мясцовых выбараў 2019 года ў змове з замежнымі разведвальнымі службамі», таксама датычыць мэра Стамбула Экрэма Імамаглу, які з сакавіка 2025 года ўтрымліваецца пад вартай па палітычна матываваных абвінавачаннях, што справакавала масавыя пратэсты па ўсёй краіне. Пасля гэтага ўлады прызначылі апекуна тэлеканалу TELE 1 — аднаго з нешматлікіх незалежных СМІ, якія яшчэ засталіся ў Турцыі. Гэта прывяло да калектыўнай адстаўкі супрацоўнікаў TELE 1 і выклікала шырокі грамадскі рэзананс у краіне.
На працягу многіх гадоў Янардаг і тэлеканал TELE 1 неаднаразова станавіліся аб’ектамі пераследу з боку ўладаў Турцыі — праз неабгрунтаваныя штрафы і крымінальны пераслед. Ужо 4 кастрычніка 2023 года суд у Стамбуле прызнаў Янардага вінаватым у «прапагандзе тэрарыстычнай арганізацыі» і прысудзіў яму два з паловай гады пазбаўлення волі пасля таго, як ён у эфіры TELE 1 у чэрвені 2023 года выказаўся пра мірны працэс паміж урадам і Партыяй працоўных Курдыстана (PKK). Ён утрымліваўся пад вартай больш за 100 дзён. 3 лістапада 2025 года Канстытуцыйны суд Турцыі пастанавіў, што яго папярэдняе зняволенне парушыла права Янардага на свабоду і бяспеку, і абавязаў урад выплаціць яму 166 500 турэцкіх лір (прыкладна 3 950 долараў ЗША) у якасці кампенсацыі.
За апошнія два дзесяцігоддзі ўрад Турцыі ўзяў пад кантроль больш за 95% медыйнай прасторы і разгортвае маштабныя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ. PEN International зноў заклікае ўлады Турцыі выконваць нацыянальныя і міжнародныя абавязкі, у тым ліку спыніць усе формы пераследу і ціску на медыя, пісьменнікаў і журналістаў, а таксама вызваліць усіх, хто ўтрымліваецца толькі за мірнае выяўленне сваіх поглядаў.