Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава вызначыла 8 кніжных вокладак-фіналістаў. Яны былі адабраны з 24 прац, што ўвайшлі ў доўгі спіс конкурсу, і прадстаўляюць зрэз сучаснага беларускага кніжнага дызайну. Сярод прэтэндэнтаў на перамогу – прызнаныя майстры і яскравыя маладыя творцы. Сёння беларускае мастацтва патрабуе не толькі таленту, але і смеласці, таму імёны некаторых аўтараў зашыфраваны з меркаванняў бяспекі.
У кароткім спісе 2026 года:
- Аўтар В – вокладка кнігі «W» (зашыфраваны ўдзел)

- Дзмітрый Дзмітрыеў, Андрэй Фядорчанка – вокладка кнігі «Codex. Imago. Index» Дзмітрыя Дзмітрыева (Лысы чэрап, 2025)

- Аўтар К – вокладка кнігі «К» (зашыфраваны ўдзел)

- Алена Нядзельская – вокладка кнігі «Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер» Змітра Вішнёва (Skaryna Press, 2025)

- Аляксандр Пажытак, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Дзённік 2021–2022» ананімнай аўтаркі (Мяне Няма, 2025)

- Ліна Хесэ, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень, Ліны Хесэ (Мяне Няма, 2025)

- Сяргей Шабохін – вокладка кнігі «Body in Progress; Целам сваім…» Ганны Комар (Skaryna Press, 2025)

- Таццяна Шустава – вокладка кніг «Творы» (тамы 1, 2) Хорхе Луіса Борхеса (Andrei Yanushkevich Publishing, 2025)

Паглядзець усе вокладкі кніг можна на сайце прэміі aniempadystau.penbelarus.org.
Журы прэміі
Працы ацэньвае прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты кніжнага дызайну, мастацтва і візуальнай камунікацыі. Сярод публічных сябраў журы:
Святлана Дземідовіч – беларуская мастачка і ілюстратарка, працуе ў сферы кніжнага дызайну і візуальнай камунікацыі. Лаўрэатка прэміі Анемпадыстава 2024 года за дызайн вокладкі паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач» (у суаўтарстве з Лукашам Левандоўскім).

Анатоль Лазар – беларускі дызайнер і культурны дзеяч. Экс-выдавец музычнага партала «Тузін Гітоў», былы кіраўнік студыі дызайну і рэкламы «Адліга». Аўтар і эксперт шматлікіх грамадскіх і культурных беларускіх ініцыятыў. Лаўрэат прэміі Анемпадыстава 2022 года за дызайн вокладкі кнігі «(Не)расстраляныя».

Надзея Зелянкова – крэатыўная дырэктарка і спецыялістка ў сферы візуальных камунікацый. Працавала ў digital-агенцтве «Red Graphic», была саўладальніцай Галерэі «Ў». Мае шматгадовы досвед у распрацоўцы культурных, адукацыйных і сацыяльных праектаў, а таксама ў стварэнні візуальных стратэгій і камунікацыйных кампаній.

Як фармаваўся спіс
Для таго, каб трапіць у спіс, вокладкі мусілі адпавядаць патрабаванням статута прэміі. Беларускай кнігай лічыцца тая, што адпавядае як мінімум двум з чатырох крытэрыяў:
- выдадзена ў беларускім выдавецтве;
- напісана беларускім аўтарам;
- напісана па-беларуску;
- змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.
У выпадку спрэчак рашэнне аб допуску прымалася большасцю галасоў журы.
Пра прэмію імя Міхала Анемпадыстава
Прэмія носіць імя выдатнага беларускага мастака, дызайнера, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава, які значна паўплываў на візуальную культуру Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, прэмія працягвае ўшаноўваць яго творчую спадчыну, адзначаючы аўтараў, якія праз дызайн кніжнай вокладкі ствараюць новыя візуальныя гісторыі.
Прэмію арганізуюць Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L» і кампаніі «Laut».
За апошнія гады прэмія адзначыла шэраг таленавітых дызайнераў:
- У 2024 годзе «Анёла» атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач».
- Пераможцамі ў 2025 годзе сталі Ігар Юхневіч і Маша Мароз за вокладку кнігі «Мое баба – діректор морга».
Знаёмцеся з найлепшымі вокладкамі 2025 года і сачыце за навінамі прэміі, каб даведацца, хто ж атрымае ўзнагароду!