Доўгі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава – усё бліжэй да фіналу!

Апошняе абнаўленне: 7 кастрычніка 2025
Доўгі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава – усё бліжэй да фіналу!

Журы прэміі Анемпадыстава за 2024 год абвясціла доўгі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, мэта якой – уганараваць найлепшыя дызайнерскія рашэнні кніжных вокладак года. У поўны спіс прэміі трапіла 41 кніга (тры з іх складаюць адну серыю, таму былі заяўлены на разгляд разам), з якіх у доўгі спіс журы выбрала 20 намінантаў:

  1. Артур Вакараў – вокладка кнігі «Бліндаж. Афганец» Васіля Быкава (Kamunikat.org, 2024)
  2. Настасся Пазняк – вокладка кнігі «Валадар Пярсцёнкаў. Вяртанне Караля» Дж. Р. Р. Толкіна (Andrei Yanushkevich Publishing, 2024)
  3. Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак, Коля Суліма, Зміцер Брушко – вокладка кнігі «Велосипедная улица, 51» Колі Сулімы  (Мяне няма, 2024)
  4. Андрэй Пакроўскі, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Гіброіды» Сяргея Прылуцкага (Мяне Няма, 2024)
  5. Ганна Каспяровіч, пры ўдзеле выдавецтва «Gutenberg Publisher» – вокладка кнігі «Дзікае паляваньне караля Стаха: вершы да опэры» Андрэя Хадановіча (Gutenberg Publisher, 2024)
  6. Маша Мароз, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Доўгая дарога дамоў» Машы Мароз, Валерыя Мароза, Ігара Бабкова, Ганны Карпенкі (самвыд, 2024)
  7. Артур Вакараў – вокладка кнігі «Жаўнеры БНР» Алега Латышонка (Kamunikat.org, 2024)
  8. Артур Вакараў – вокладка кнігі «Забіць упалмінзага» Змітра Бартосіка (Kamunikat.org, 2024)
  9. Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «Залатое» Наталкі Кучмель  (Пфляўмбаўм, 2024)
  10. Аляксандр Лубінаў, Ліяна Шыпшыноўска – вокладка кнігі «Казка пра прынцэсу, цмока і паветраны шар» Аляксандра Лубінава (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна)
  11. Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Марсіянін» Эндзі Ўіра (Gutenberg Publisher, 2024)
  12. Ігар Юхневіч, Маша Мароз – вокладка кнігі «Мое баба – діректор морга» Голі з Ополя (самвыд, 2024)
  13. Ала Пігальская – вокладка кнігі «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» Анкі Упалы (Alena Kazlova, 2024)
  14. Юры Таўбкін, Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Самы цымус: смакі і водары беларуска-габрэйскай кухні» Алеся Белага (Gutenberg Publisher, 2024)
  15. Любоў Субат, Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Соня, стой» Сашы Гук (Gutenberg Publisher, 2024)
  16. Воля Кузьміч – вокладка кнігі «Стукі-грукі – што за гукі: Вершы пра інструменты» Андрэя Скурко (Gutenberg Publisher, 2024)
  17. Марыя Платонава – вокладка кнігі «Хрушч» Яна Бжэхвы (Gutenberg Publisher, 2024)
  18. Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак – вокладка кнігі «чорны лес» тоні лашдэн (Мяне Няма, 2024) 
  19. Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак, Верна Харт – вокладка кнігі «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» Таццяны Заміроўскай  (Мяне Няма, 2024)
  20. Karolina Pietrzyk, Tobias Wenig – вокладка кнігі «Descent into the Marsh» Лесі Пчолкі (самвыд, 2024)

Сябра журы, пераможца леташняй прэміі Святлана Дземідовіч адзначае ў сваёй рэцэнзіі на сёлетні спіс кніг:

«Мяне асабіста ў гэтым конкурсе радуе шмат момантаў. Першы і найважнейшы – што ўзнагарода імя Міхала Анемпадыстава існуе, бо конкурсаў на аздабленне беларускай кнігі так не стае Менавіта гэты конкурс звяртае ўвагу, які важны дызайн для кнігі. 

Што парадавала яшчэ – гэта тое, што амаль усе вокладкі для кніг, пададзеныя на конкурс (за рэдкім выключэннем), зробленыя прафесійна дызайнерамі і мастакамі, часта – вялікай камандай».

Мастачка тлумачыць, якія прафесійныя рашэнні ў выкананні вокладак яна заўважыла і палічыла вартымі адзнакі:

«Некаторыя з вокладак асабліва вылучаюцца смелым дызайнерскім падыходам, гуляюць з правіламі і абыходзяць прывычныя схемы. Некаторыя – захапляюць грунтоўнасцю і прадуманасцю макета, модульнай сеткі, шрыфтавой кампазіцыі, каб з самой назвы кнігі зрабіць інтрыгоўны візуальны твор.

Для некаторых дызайнеры адмыслова стварылі кірылічныя версіі лацінскіх шрыфтоў, атрымаўшы камплемент ад самога стваральніка шрыфту! І ўсе для таго, каб пагуляць з канцэпцыяй двухмоўнай перавернутай кнігі, дзе дзве розныя мовы робяцца матэрыяльнымі праваднікамі ў розныя светы, перакульваюцца адна ў адну акурат пасярэдзіне, “жыццёвы шлях прайшоўшы напалову

Усё гэта складаецца ў вобраз густоўнага і якаснага кніжнага дызайну. Бо кніга – не толькі сродак перадачы тэкставай інфармацыі, гэта яшчэ і прадмет дызайну, вынік працы ілюстратара, дызайнера, мастацкага кіраўніка праекту, друкара. Кніга – калектыўны мастацкі твор, праз які чытач робіцца таксама і гледачом, «расчытвае» візуальныя вобразы, кшталціць свой густ.

Tolle et lege! Бяры і чытай!»

Пра крытэрыі адбору

Для таго, каб трапіць у спіс, вокладкі мусілі адпавядаць патрабаванням статута прэміі. Беларускай кнігай лічыцца тая, што адпавядае як мінімум двум з чатырох крытэрыяў:

  • выдадзена ў беларускім выдавецтве;
  • напісана беларускім аўтарам;
  • напісана па-беларуску;
  • змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.

У выпадку спрэчак рашэнне аб допуску прымаецца большасцю галасоў журы.

Пра прэмію 

Прэмія носіць імя выдатнага беларускага мастака, дызайнера, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава, які значна паўплываў на візуальную культуру Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна працягвае ўшаноўваць яго творчую спадчыну.

Прэмію арганізуюць Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L», кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».

За апошнія гады прэмія адзначыла шэраг таленавітых дызайнераў:

  • У 2022 годзе ўзнагароду атрымаў Анатоль Лазар за вокладку кнігі «(Не)расстраляныя».
  • Пераможцамі ў 2023 годзе сталі Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі «Людзі Лесу / Ludzi Lesu».
  • У 2024 годзе «Анёла» атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач».

Абвяшчэнне пераможцы 2025 года адбудзецца ўжо ў кастрычніку. Сачыце за навінамі, наперадзе шмат цікавага!