Ігар Аліневіч

Апошняе абнаўленне: 4 лістапада 2021
Ігар Аліневіч
charter97.org
Аўтар кнігі «Еду ў Магадан», публіцыст, актывіст анархісцкага руху.

Напісаная ў турме кніга «Еду ў Магадан» выйшла ў 2013 годзе, калі Ігар Аліневіч адбываў пакаранне па палітычных матывах па «справе анархістаў». Падчас зняволення 2010-2015 гадоў быў прызнаны палітвязнем.

Падчас знаходжання ў СІЗА КДБ Ігар Аліневіч зазнаў катаванні, яму прапаноўвалі працаваць на ўлады, ад чаго ён катэгарычна адмовіўся. Пра ўсё, што адбывалася з ім за кратамі, Ігар Аліневіч напісаў і здолеў перадаць на волю кнігу-дзённік.

У кнізе-дзённіку адлюстраваныя турэмныя рэаліі.

Першы варыянт кнігі выйшаў на рускай мове ў Расіі (выдавецтва «Радикальная теория и практика»). Прэзентацыя адбылася ў Мінску 19 красавіка 2013 года, калі Ігар Аліневіч адбываў пакаранне ў калоніі ў Наваполацку. Пасля выхаду кнігі стаўленне адміністрацыі калоніі да Ігара Аліневіча зрабілася больш жорсткім.

Дзённік Ігара Аліневіча таксама ўвайшоў у зборнік «Голас волі з-за кратаў. Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных» (складальнік, рэдактар А. I. Фядута, Вільня: ЕГУ, 2013).

Беларускі пераклад кнігі «Еду ў Магадан» з’явіўся ў 2017 годзе ў серыі «Беларуская турэмная літаратура», заснаванай Праваабарончым цэнтрам «Вясна». 21 кастрычніка 2017 года адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі ў межах IV Беларускага праваабарончага форуму, які адбываўся ў Вільні.

Апроч беларускай, кніга перакладзена на баснійскую, сербскую, харвацкую, англійскую, нямецкую, іспанскую, чэшскую, французскую, польскую і грэчаскую мовы.

У 2013 годзе Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, і стаў першым лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Радыё Свабода і Беларускім ПЭН-Цэнтрам.

У 2016 годзе Ігар Аліневіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасць».

У 2017 годзе апублікаваў артыкул на тэму пенітэнцыярнай сістэмы «Па той бок плота», а таксама прысвечаны цывілізацыйным працэсам сучаснасці тэкст «На павароце цывілізацыі».

Увосень 2020 года запісаў тры відэазвароты (таксама ў тэкставым фармаце), у якіх прааналізаваў беларускую рэвалюцыю, псіхалогію сілавікоў, а таксама запрапанаваў палітычную праграму анархізму для Беларусі.

Уначы з 28 на 29 кастрычніка 2020 года Ігара Аліневіча і яшчэ трох анархістаў (Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманова) затрымалі ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці каля беларуска-ўкраінскай мяжы.

Абвінавачваецца па артыкуле 289 (акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай).

22 снежня 2021 года Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зняволення.

У сярэдзіне лютага 2022 стала вядома, што Ігара перавялі з СІЗА-1 у гомельскі СІЗА-3. У сярэдзіне траўня яго этапавалі ў ПК № 20. Адразу пасля каранціну Ігара змясцілі ў штрафны ізалятар на 30 сутак, а пасля — у ПКТ.

10 чэрвеня палітвязня дадалі ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

8 жніўня 2022 г. адбыўся суд па ўзмацненні рэжыму і пераводзе Ігара ў турму. Рашэнне прымала суддзя Мазырскага раёна Валянціна Новікава. На які тэрмін палітвязня перавялі на турэмны рэжым, пакуль невядома.

11 жніўня 2022 г. Ігара этапавалі з ПК № 20 у жодзінскую Турму № 8.

Маці Ігара ў фэйсбуку паведаміла, што ў канцы верасня палітвязень абвесціў галадоўку на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі жодзінскай турмы: “Патрабаванні яго цалкам канкрэтныя, гарантаваныя законам, уключаючы тое, што скаргі яго не адпраўляюцца па месцы назначэння. І ён, і ўсе мы разумеем, што ў краіне не да законаў”. Ігар тры тыдні правёў у ШІЗА.

У 2021 годзе КДБ унёс Ігара Аліневіча ў «тэрарыстычны» спіс.

Адрас для ліставання: Ігару Уладзіміравічу Аліневічу, турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.

І. Аліневіч. Еду ў Магадан. Мінск, 2017