
[Адказы на часта задаваныя пытанні пра прэмію «Голас пакалення свабоды» чытайце ніжэй]
Беларускі ПЭН у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» абвяшчае заснаванне новай прэміі «Голас пакалення свабоды». Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.
Мэта прэміі – выказаць глыбокую павагу і ўдзячнасць за ўнёсак лаўрэатаў/лаўрэатак у культуру і грамадства Беларусі, а таксама адзначыць іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій. Прэмія прызначана для дзеячаў/дзяячак, якія пасля 2020 года былі вымушаны з’ехаць з Беларусі ад палітычнага ці грамадскага пераследу і цяпер пражываюць у Польшчы, Чэхіі або Літве.
Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы ад усіх арганізацый-партнёраў: Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (БАЖ), Павал Сапелка («Вясна»), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»).
Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа:
«Мы ўсведамляем, што людзей, якія заслугоўваюць гэтай прэміі, значна больш, чым магчымасцяў у нас сёлета, і спадзяёмся, што ў будучыні ў нас будзе магчымасць працягнуць гэтую справу. Таксама разумеем, што асобы, годныя ўганаравання, знаходзяцца і ўнутры Беларусі. Нашая мэта – не раздзяліць на “тут” і “там”, а паспрабаваць праз такую прэмію даць магчымасць тым, хто мусіў пакінуць Беларусь, працягнуць сваю творчую, журналісцкую і/ці праваабарончую дзейнасць. Я глыбока перакананая, што сёння людзі, якім давялося стаць уцекачамі і выжываць на чужыне, могуць зрабіць істотны ўнёсак у агульную справу, і спадзяюся, што прэмія, акрамя належнага прызнання, дасць ім магчымасць забяспечыць сваё існаванне хаця б на кароткі перыяд і зрэалізаваць літаратурны, журналісцкі ці праваабарончы праект».
Кандыдаты/кандыдаткі на атрыманне прэміі мусяць адпавядаць асноўным крытэрыям:
- Мець значныя дасягненні ў галіне літаратуры, журналістыкі або абароны правоў чалавека ў Беларусі.
- Не пазней як у 2025 годзе дасягнуць 60-гадовага ўзросту.
- Быць вымушанымі эмігрантамі/эмігранткамі з Беларусі пасля 2020 года ў сувязі з пераследам і пражываць у Польшчы, Чэхіі або Літве.
- Актыўна ўдзельнічаць у пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.
- Вылучацца грамадзянскай адвагай, непахіснасцю прынцыпаў і прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.
Кандыдаты/кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту інфармавання пра вынікі адбору і да 20 лістапада 2025 года быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з публікацыяй зборніка «Голас пакалення свабоды».
Працэс намінацыі:
Вылучыць кандыдатаў/кандыдатак на прэмію можна праз зварот да арганізацый-партнёраў. Заяўкі будуць прымацца выключна праз анлайн-форму, якая будзе дадзена ахвочым пасля іх верыфікацыі. Кожнае вылучэнне мусіць мець падрабязнае апісанне дасягненняў кандыдата/кандыдаткі і абгрунтаванне. Адрасы для запыту анлайн-формы знаходзяцца ў канцы тэксту.
Намінацыі прымаюцца да 20 верасня 2025 года ўключна. Узнагарода лаўрэатаў/лаўрэатак і дыскусія адбудзецца 15 лістапада 2025 года як дадатковая падзея перад цырымоніяй уручэння прэміі імя Ежы Гедройця.
Форма ўзнагароды:
Прэмія мае фінансавы характар (некалькі тысяч еўра). Акрамя таго, матэрыялы пра лаўрэатаў/лаўрэатак увойдуць у адмысловы зборнік пад назвай «Голас пакалення свабоды», які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам і партнёрамі ў электроннай форме. Матэрыял у зборніку з’яўляецца абавязковай умовай для атрымання прэміі.
Арганізатары і партнёры прэміі, а таксама іх кантактныя адрасы:
- Беларускі ПЭН [email protected]
- Праваабарончы цэнтр «Вясна» [email protected]
- Беларуская асацыяцыя журналістаў [email protected]
- Прэс-клуб Беларусь [email protected]
- Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» [email protected]
Адказная асоба для запытаў СМІ – Таццяна Нядбай (Беларускі ПЭН): [email protected]
Рэгламент прэміі «Голас пакалення свабоды»
Часта задаваныя пытанні пра прэмію «Голас пакалення свабоды»
Чаму крытэрыем стаў менавіта 2020 год, калі палітычная эміграцыя пачалася значна раней?
Мы ўсведамляем, што пераслед беларусаў і вымушаная эміграцыя маюць доўгую і складаную гісторыю, якая пачынаецца задоўга да 2020 года. У 2020-м, аднак, рэпрэсіі набылі беспрэцэдэнтна масавы характар – і вялікая колькасць людзей, у тым ліку творцаў і праваабаронцаў, апынулася ў выгнанні. Адна з галоўных мэтаў прэміі – падтрымаць тых, хто вымушана пакінуў краіну пасля 2020-га і сёння знаходзіцца ў асабліва ўразлівай сітуацыі, без стабільнага даходу і з рызыкай страціць сувязь са сваёй справай. Мы хочам дапамагчы ім застацца актыўнымі і пачутымі.
Чаму прэмія распаўсюджваецца толькі на Польшчу, Чэхію і Літву?
Геаграфічныя рамкі абумоўлены тым, што арганізацыі-сузаснавальніцы зарэгістраваныя менавіта ў гэтых краінах, і тым, што для атрымання цяперашняга фінансавання праект мусіць быць рэалізаваны пераважна ў Польшчы. Гэта не азначае, што іншыя краіны ды іншыя супольнасці застаюцца па-за нашаю ўвагаю. Мы разглядаем сёлетнюю ініцыятыву як стартавую і вельмі спадзяёмся ў будучыні пашырыць як геаграфію, так і кола ўдзельнікаў пры ўдзеле іншых донараў і партнёраў.
Ці не выглядаюць такія ўмовы абмежавальнымі або нават дыскрымінацыйнымі?
Добра разумеем гэтыя сумневы. Умовы сапраўды не ахопліваюць усёй шырыні беларускай дыяспары, якая існавала і раней. Але мэта гэтага невялікага праекта – пачаць з таго, што магчыма сёння, і паказаць патрэбу ў падтрымцы людзей, якія апынуліся ў выгнанні. Мы ўспрымаем прэмію як пачатак больш шырокага працэсу, які будзе развівацца далей.
Ці плануецца пашырэнне прэміі?
Так. Мы бачым сёлетнюю ініцыятыву як старт. У перспектыве хацелі б ахапіць шырэйшае кола беларусаў у іншых краінах і зрабіць складнік рэалізацыі праекта больш відавочным. Спадзяёмся, што прэмія дапаможа прыцягнуць увагу і адкрые магчымасці для супрацы з іншымі донарамі і партнёрамі.
Ці ёсць фармальныя абавязкі для лаўрэатаў?
Так, кандыдаты і кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту абвяшчэння вынікаў адбору і да 20 лістапада 2025 года быць даступнымі для ўдзелу ва ўсіх дзеяннях, звязаных са стварэннем зборніка «Голас пакалення свабоды».
Ці чакаеце вы ад лаўрэатаў далейшай дзейнасці?
Прэмія не ўскладае іншых фармальных патрабаванняў, апрача ўдзелу ў стварэнні зборніка. Аднак яе мэта – не толькі прызнаць ужо зроблены ўнёсак, але і даць магчымасць працягваць працу. Мы спадзяёмся, што такая падтрымка дапаможа лаўрэатам працягнуць або пачаць новыя творчыя, журналісцкія ці праваабарончыя праекты.
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.