Рэгламент прэміі «Голас пакалення свабоды»

РЭГЛАМЕНТ ПРЭМІІ
«ГОЛАС ПАКАЛЕННЯ СВАБОДЫ»
БЕЛАРУСКАГА ПЭНА
Ў ПАРТНЁРСТВЕ З ПРАВААБАРОНЧЫМ ЦЭНТРАМ «ВЯСНА»,
БЕЛАРУСКАЙ АСАЦЫЯЦЫЯЙ ЖУРНАЛІСТАЎ, БЕЛАРУСКІМ ПРЭС-КЛУБАМ
І
ФОНДАМ «СВАБОДНАЯ ПРЭСА ДЛЯ УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ»

§ 1. Мэта і характар Прэміі

1. Прэмія «Голас пакалення свабоды» (далей – Прэмія) заснавана з ініцыятывы Беларускага ПЭНа для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў/літаратарак, праваабаронцаў і журналістаў/журналістак, якія былі вымушаны эміграваць з-за пераследу і пражываюць у Польшчы, Чэхіі ці Літве.

2. Прэмія прысуджаецца з уласнай ініцыятывы заснавальнікаў, як выраз глыбокай павагі і ўдзячнасці за ўнёсак лаўрэатаў/лаўрэатак у культуру і грамадства Беларусі, а таксама за іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій.

§ 2. Крытэрыі прысуджэння Прэміі

1. Прэмія прысуджаецца асобам, якія адпавядаюць усім наступным крытэрыям:

а. Маюць значныя дасягненні ў літаратуры, журналістыцы і/або галіне абароны правоў чалавека ў Беларусі.
б. Актыўна ўдзельнічалі ў пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.
в. Ім споўнілася 60 гадоў у год уручэння Прэміі.
г. Былі вымушаны эміграваць з Беларусі з-за палітычнага або грамадскага пераследу пасля 2020 года і жывуць цяпер у Польшчы, Чэхіі або Літве.
д. У сваёй дзейнасці вылучаюцца грамадзянскай адвагай і непахіснасцю прынцыпаў, а таксама адназначна і відавочна не падтрымліваюць, не транслююць і не асацыююцца ўстойліва з ідэямі, дзеяннямі, пазіцыямі, што пярэчаць дэмакратычным каштоўнасцям, уключаючы правы чалавека.
е. Дэкларуюць прыхільнасць прынцыпам правоў чалавека.
ж. Абавязваюцца ў вызначаны тэрмін быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з публікацыяй зборніка «Голас пакалення свабоды».

§ 3. Камітэт узнагароджання

1. Асобы, якім прысуджаецца Прэмія, абіраюцца прызначаным для гэтай мэты камітэтам прысуджэння Прэміі (далей – Журы).

2. У склад Журы ўваходзяць прадстаўнікі/прадстаўніцы арганізацый-партнёраў, якія падтрымліваюць праект Прэміі, у тым ліку:

  • Праваабарончы цэнтр «Вясна»
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • Фонд «Прэс-клуб Беларусь»
  • Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»
  • Аб’яднанне «Беларускі ПЭН»

3. Рашэнні Журы прымаюцца на пасяджэнні (анлайн або афлайн), якое склікае каардынатар/каардынатарка працы з партнёрамі. Са складу Журы абіраецца старшыня Журы, які/якая вядзе пасяджэнні. Напачатку працы Журы абвяшчаецца колькасць лаўрэатаў/лаўрэатак, якая можа быць выбрана ў залежнасці ад фінансавых магчымасцяў. Журы правярае ўсе пададзеныя заяўкі на адпаведнасць фармальным крытэрыям і зацвярджае поўны спіс кандыдатаў/кандыдатак. Кожны/кожная сябра Журы мае адзін роўны голас і галасуе за такую колькасць кандыдатаў/кандыдатак, колькі ўзнагарод Прэміі можа быць прысуджана. Лаўрэатамі/лаўрэаткамі становяцца асобы, якія набралі найбольшую колькасць галасоў; астатнія ўключаюцца ў рэзервовы спіс. Пры іншых роўных і аднолькавай колькасці балаў улічваецца чарговасць паступлення анкеты кандыдата/кандыдаткі. У спрэчных сітуацыях праводзіцца перагаласаванне, а калі яно не дае выніку, вырашальны голас мае старшыня Журы.

4. Рашэнні Журы з’яўляюцца канчатковымі і абскарджанню не падлягаюць. Журы не мусіць тлумачыць падставы прыняцця рашэнняў.

5. Ход працы Журы з’яўляецца канфідэнцыйным. 

§ 4. Памер і форма Прэміі

1. Прэмія мае фінансавы характар. Яе памер і колькасць  лаўрэатаў/лаўрэатак вызначаецца праўленнем Беларускага ПЭНа пасля кансультацый з арганізацыямі-партнёрамі і ў залежнасці ад наяўных сродкаў.

2. Матэрыялы лаўрэатаў/лаўрэатак Прэміі ўключаюцца ў зборнік пад назвай «Голас пакалення свабоды», які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам разам з партнёрамі ў электроннай форме.

§ 5. Працэс вылучэння кандыдатаў/кандыдатак

1. Кандыдаты/кандыдаткі на Прэмію могуць быць вылучаны праз зварот да партнёрскіх арганізацый, пералічаных у § 3 раздзеле 2, у тым ліку з боку сябраў Журы. Заяўкі падаюцца праз анлайн-форму, спасылка на якую высылаецца пасля папярэдняй верыфікацыіі асобы заяўніка/заяўніцы.

2. Інфармацыя пра спосаб вылучэння кандыдатаў/кандыдатак распаўсюджваюцца на вэб-сайтах усіх арганізацый-партнёраў.

3. Намінацыя кандыдата/кандыдаткі на Прэмію мусіць утрымліваць наступныя дадзеныя: 

а. Імя і прозвішча кандыдата/кандыдаткі.
б. Электроны адрас кандыдата/кандыдаткі.
в. Краіна  жыхарства.
г. Імя і прозвішча або назва арганізацыі/установы і кантактныя дадзеныя асобы, якая падае намінацыю.
д. Падрабязнае апісанне жыццёвых дасягненняў і дзейнасці  кандыдата/кандыдаткі з асаблівым акцэнтам на яго/яе творчасць і/або ўнёсак у правы чалавека ў Беларус і дакументы, якія пацвярджаюць дасягненні і дзейнасць кандыдата/кандыдаткі (напрыклад, публікацыі, рэцэнзіі, партфоліа, сертыфікаты і г.д.).
е. Абгрунтаванне намінацыі, у тым ліку, калі даступна, меркаванні іншых арганізацый і асобаў пра дзейнасць кандыдата/кандыдаткі.
ж. Пацвярджэнне гатоўнасці і даступнасці для ўключэння матэрыялаў пра кандыдата/кандыдатку ў зборнік «Голас пакалення свабоды». 

4. Няпоўныя заяўкі або заяўкі, што змяшчаюць непраўдзівую інфармацыю, будуць адхілены. Калі звесткі пра непраўдзівую інфармацыю паступілі пасля ўручэння Прэміі, яна можа быць адклікана. 

§ 6. Абвяшчэнне і ўручэнне Прэміі

1. Інфармацыя пра лаўрэатаў/лаўрэатак Прэміі абвяшчаецца ў СМІ і на сайтах Беларускага ПЭНа і арганізацый-партнёраў.

2. Публікацыя матэрыялаў пра лаўрэатаў/лаўрэатак у зборніку з’яўляецца абавязковай і ў выпадку адмовы ад яе Прэмія перадаецца наступнаму кандыдату/кандыдатцы. 

3. Узнагарода Прэміі ўручаецца ў парадку, узгодненым з лаўрэатамі/лаўрэаткамі.

§ 7. Заключныя палажэнні

1. Усе пытанні, не ўрэгуляваныя гэтым рэгламентам, вырашаюцца Журы або Радай праекта, у якую ўваходзяць прадстаўнікі/прадстаўніцы ўсіх арганізатараў Прэміі.

2. Рэгламент ўступае ў сілу з дня яго прыняцця афіцыйнымі і/або ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі/прадстаўніцамі ўсіх арганізатараў Прэміі.