• Навiны
  • Навіны сябраў
  • Да Беларускага ПЭНа далучыліся новыя сябры – Вольга Ермалаева Франко і Зміцер Афанасенка!

Да Беларускага ПЭНа далучыліся новыя сябры – Вольга Ермалаева Франко і Зміцер Афанасенка!

Апошняе абнаўленне: 16 ліпеня 2025
Да Беларускага ПЭНа далучыліся новыя сябры – Вольга Ермалаева Франко і Зміцер Афанасенка!

Мы радыя вітаць у Беларускім ПЭНе Вольгу Ермалаеву Франко і Змітра Афанасенку.

Вольга Ермалаева Франко – перакладчыца, выкладчыца беларускай, партугальскай, украінскай, англійскай і расейскай моваў, актывістка беларускай дыяспары і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Бразіліі. Пераклала з партугальскай на беларускую мову кнігі Аны Марыі Машаду «Жыў-быў Тыран», вершы Фэрнанду Пэсоа. У адваротным кірунку – з беларускай на партугальскую – перакладала вершы беларускіх палітзняволеных творцаў, фрагменты кнігі Францішка Аляхновіча «У капцюрох Г.П.У». Таксама Вользе належаць ідэя, напаўненне і пераклады на партугальскую і англійскую мовы «Вершаў з-за кратаў» – супольнага праекта Народнай амбасады Беларусі ў Бразіліі і «Вольных паштовак». Скончыла Школу маладога пісьменьніка (2023-2024) і Перакладчыцкую майстэрню (2024).

Зміцер Афанасенка – паэт, музыка, заснавальнік і кіраўнік рок-гурта Amaroka, сузаснавальнік Art Siadziba i Symbal.by. Піша тэксты песень і вершы. Дэбют адбыўся ў сярэдзіне 2000-х гадоў, і ўжо ў 2007 годзе ў яго гурта Amaroka выйшаў першы альбом «Raketa». У наступныя гады гурт выдаў яшчэ чатыры альбомы і некалькі сінглаў. З цікавых фактаў пра Змітра: ён з’яўляецца стваральнікам дзвюх настольных гульняў – «Казачнік» (2015) і «Багач» (2016), якія папулярызуюць беларускую гісторыю і фальклор, а яго верш «Губляю каханне» трапіў у раман «Акулярнік» польскай пісьменніцы Катажыны Бонды. Сёння Зміцер працуе над кнігай уласных тэкстаў і песень, а таксама рыхтуе матэрыял для новага альбома, выхад якога запланаваны на канец 2025 года.

Хочаце стаць сябрамі Беларускага ПЭНа? Вам сюды.