Журы абвясціла пераможцу прэміі Анемпадыстава 2022 (фотарэпартаж)

Апошняе абнаўленне: 7 мая 2024
Журы абвясціла пераможцу прэміі Анемпадыстава 2022 (фотарэпартаж)

7 траўня ў Варшаве прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміяй Анемпадыстава за найлепшую вокладку кнігі, выдадзенай у 2022 годзе.

У мінулым годзе, з розных прычын, прэмію правесці не атрымалася, таму пераможцу 2022 года выбіралі сёлета. Час дыктуе свае правілы – і прэмія змяняецца, каб заставацца даступнай для ўсіх удзельнікаў літаратурнага працэсу: і тых, хто застаецца ў Беларусі, і тых, хто мусіў яе пакінуць. Так, напрыклад, з’явілася магчымасць удзельнічаць у прэміі ананімна. Як адзначыла падчас цырымоніі старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:

«Мы не апускаем рук, мы не здаёмся, але, на жаль, мы вымушаныя так ці іначай ісці насуперак прыродзе прэміі, бо прэмія, сярод іншага, закліканая прыцягнуць увагу, зрабіць прамоцыю, прарэкламаваць нейкую кнігу, яе аўтара ці аўтара вокладкі».

Таццяна Нядбай на ўручэнні прэміі Анемпадыстава

Пераможцамі 2022 года сталі дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі «Людзі лесу».

Паводле стваральнікаў, «гэта кніга з калекцыяй фотаздымкаў пра ўзаемаадносіны чалавека з дзікай прыродай. Пра лес, які заўсёды займаў важнае месца ў гісторыі Беларусі, быў месцам сілы, прасторай даступных рэсурсаў. Месца, дзе можна схавацца, каб працягваць змагацца за сваю свабоду. Месца, якое становіцца небяспечным, калі з яго не можаш выйсці. Тэма гарманічнага суіснавання чалавека і прыроды, адлюстраваная ў мностве сямейных архіваў, – гэта важная частка нашай візуальнай гісторыі».

Яна Галушкіна:

«Гэта для мяне вялікая нечаканасць, бо год быў страшэнна цяжкі, як і ў многіх беларусаў апошнія гады. Асобная падзяка – куратарцы праекта Лесе Пчолцы. Калі яна мне напісала, я адразу пагадзілася. І гэта быў выдатны досвед: у мяне атрымалася зрабіць усё, што я хацела. І мне здаецца, менавіта такія праекты і мусяць быць, калі вы проста адчуваеце і робіце – і ў канцы атрымліваецца вельмі цудоўна».

Яна Галушкіна на ўручэнні прэміі Анемпадыстава

Журы абгрунтавала ўзнагароду так:

«За майстэрскую перадачу ідэі, зместу і вартасці выдання, што падымае цэлы пласт беларускай мінуўшчыны, праз гарманічнае спалучэнне мадэрнісцкага знака, шрыфту, геаметрычнай формы і фатаграфічнай выявы».

«Пагартаць» кнігу візуальна можна ў адмысловым роліку:

Дызайнерка Яна Галушкіна расказала, як працавала над вокладкай, у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат»:

«Над кнігай было класна працаваць, не толькі над вокладкай. Было выдатна глядзець старыя фатаграфіі. Усё ж такі кніга прысвечана архіўным фатаграфіям, звязаным з прыродай і лесам. Памятаю, там адна фатаграфія была 1910 года, вельмі атмасферна. Я проста ўглядалася ў гэтыя фатаграфіі і кампанаваць было вельмі цікава. Было складана выбраць нейкую адну фатаграфію для вокладкі.

Вокладка зроблена на крафтавай паперы. У цэлым мы прытрымліваліся такога моманту, каб было ўсё «эка», звязана з прыродай, трошкі нагадвала кару дрэва. Усё ж кніга называецца «Людзі лесу». Плюс такі зялёны вінтажны колер, усё падабрана, каб разам гэта складала эка-канцэпт».

Тэлеканал «Белсат» – генеральны партнёр прэміі Анемпадыстава. Ён, незалежна ад працы журы, абірае свайго пераможцу і ўручае асобны спецпрыз. Сёлета думкі журы і «Белсата» супалі: дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA атрымалі абедзве прэміі за вокладку кнігі «Людзі лесу».

Яна Галушкіна і Аляксей Дзікавіцкі падчас ўзнагароджання

«Думаю, што Беларусь яшчэ сапраўды не ацаніла да канца генія Міхала, ягонага ўнёску ў нашую культурную скарбонку. Мне пашчасціла не адзін год працаваць з Міхалам», – сказаў выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі падчас узнагароджання.

Лявон Вольскі на ўручэнні прэміі Анемпадыстава

Завяршыў цырымонію Лявон Вольскі з песнямі на словы Міхала Анемпадыстава з праекта «Народны альбом».

Глядзіце, як праходзіла цырымонія, у нашым фотарэпартажы. Фота – Аляксандр Драгавоз.

Сёлета на прэмію былі намінаваныя 14 вокладак. Фіналістамі сталі:

  • Выдавецтва «Вясна» – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»
  • Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
  • Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»

У складзе журы за 2022 год: арт-менеджарка, заснавальніца мастацкіх галерэй Ганна Чыстасердава; журналістка-фрылансерка, фатографка Вольга Бубіч; медыямастак, вэб-распрацоўшчык Максім Тымінько; мастак, аўтар лекцый Андрэй Дурэйка; графічны дызайнер, заснавальнік дызайнерскай студыі Артур Вакараў.

Сёлета чальцамі аркамітэта прэміі за найлепшую вокладку да беларускай кнігі сталі Беларускі ПЭН і фонд «Адкрытая культура». Генеральны партнёр прэміі – тэлеканал «Белсат». Партнёры прэміі – ТАА «H&L» і кампанія «Laut»

Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць год таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. У 2021 годзе  пераможцай стала дызайнерка Алена Дашкевіч за вокладку кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Апошнім разам прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.