Журы абвясціла пераможцу прэміі Анемпадыстава за 2023 год

Апошняе абнаўленне: 25 кастрычніка 2024
Журы абвясціла пераможцу прэміі Анемпадыстава за 2023 год

25 кастрычніка ў Бельску Падляскім у Польшчы падчас фестывалю «Бардаўская восень» прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміяй Анемпадыстава за найлепшую вокладку кнігі, выдадзенай у 2023 годзе.

Пераможцамі сталі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку кнігі Насты Кудасавай «Побач»:

«За графічнае адлюстраванне пачуццяў, што мы перажываем, і ўвасабленне паэтычнага свету ў адметных візуальных вобразах».

Вокладка кнігі Насты Кудасавай і Святланы Дземідовіч «Побач»

З вітальным словам выступілі старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай і сябра журы прэміі Артур Вакараў. Спецыяльным музычным госцем цырымоніі стаў спявак, паэт, мастак, а таксама сябар патрона прэміі Лявон Вольскі. У ягоным выкананні прагучалі вядомыя кожнаму хіты з «Народнага альбома» аўтарства Міхала Анемпадыстава.

Сёлета на прэмію за найлепшую кніжую вокладку намінавалася 37 кніг. У кароткі спіс журы абрала 9 вокладак:

  1. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі «Анталогія паэтак: выбранае Вальжынай Морт»
  2. Сяргей Шабохін – вокладка кнігі Зінаіды Бандарынай «Да новага заўтра»
  3. Анатоль Лазар – вокладка кнігі Алеся Разанава «З маланкаю ў сэрцы»
  4. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Мэіра Шалева «За сіняй гарой»
  5. Адам Паўлоўскі – вокладка кнігі Андрэя Сцепанюка «Зямля над белай ракой»
  6. Святлана Дземідовіч, Лукаш Левандоўскі – вокладка кнігі Насты Кудасавай, Святланы Дземідовіч «Побач»
  7. Сяргей Шабохін – вокладка кнігі Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца»
  8. Сяргей Шаматульскі – вокладка кнігі Сяргея Лескеця «Шэпт»
  9. Артур Камароўскі, Ксенія Шталенкова – вокладка кнігі Артура Камароўскага «Corpus Vile»

Кароткі спіс абіраўся рэйтынгавым галасаваннем: сябры журы ацэньвалі кожную вокладку па дзесяцібальнай шкале, адзнакі сумаваліся.

Сёлета ў складзе Аргкамітэту прэміі Беларускі ПЭН і «Fundacja Open Culture». Партнёрамі прэміі сталі ТАА «H&L» і кампанія «Laut-Foreigner». Партнёр цырымоніі ўзнагароджання – Фонд TUTAKA.

Нагадаем, што прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. 2022 год стаў першым, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Узнагароду мінулага года атрымалі дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA.