
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік заняткаў у новым сезоне.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Запрошанай госцяй і эксперткай на чарговым паседжанні Перакладчыцкай Майстэрні была літаратарка Юля Цімафеева. Юля найперш вядомая чытачам як паэтка і перакладчыца, але таксама піша прозу і драматургію, эксперыментуе з фатаграфіяй і калажам. Паэтка не толькі перакладае на беларускую, але часта і сама перакладаецца на іншыя мовы, таму можа ацаніць працу перакладчыкаў і перакладчыц, так бы мовіць, з іншага боку. А яшчэ яна займалася аўтаперакладам – напрыклад, свайго «Менскага дзённіка» з ангельскай на беларускую.
Юля Цімафеева – беларуская паэтка і перакладчыца. Скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ і магістратуру філалагічнага факультэта БДУ. Адна са стваральніц інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет».
Аўтарка трох кніг паэзіі. Яе вершы перакладаліся на многія мовы, друкаваліся ў паэтычных анталогіях, выходзілі асобнымі зборнікамі ў Польшчы і Германіі. Перакладае паэзію з англійскай і іншых моў, а таксама дзіцячую літаратуру з нарвежскай. Уладальніца прэміі Карласа Шэрмана за пераклад выбранай паэзіі Стывена Крэйна.
Сустрэча была прысвечаная перакладам з ангельскай, і госця падзялілася з наведнікамі Майстэрні фрагментамі паэтычнай кнігі амерыканскага паэта ўкраінскага паходжання Іллі Камінскага «Рэспублікага глухіх», якую пераклала ў суаўтарстве з вядомай беларуска-амерыканскай паэткай Вальжынай Морт і апублікавала ў лонданскім выдавецтве «Skaryna».
«Дзеянне “Рэспублікі глухіх”, – гаворыцца ў выдавецкай анатацыі, – разгортваецца ў перыяд палітычнай смуты на адной акупаванай тэрыторыі. Хаця месца і час дакладна не вызначаны, здаецца, што ў тых жудасных падзеях мы пазнаём сваю эпоху і сваю краіну. Ашаламляльная вершаваная прыпавесць, якая па форме нагадвае драматычны твор, адкрываецца сцэнай забойства акупантамі глухога хлопчыка Пеці. Стрэл, які падштурхоўвае жыхароў да пратэсту, – апошні пачуты імі гук. Горад глухне, і ў гэтай цішы мова жэстаў робіцца мовай іх маўклівага супраціву».

У арыгінале сапраўды не прапісаная палітычная геаграфія. Мы не ведаем, адкуль з’явіліся акупанты і які горад якой краіны яны захапілі. Увесь аўтарскі тэкст і ўсе рэплікі персанажаў напісаныя Камінскім па-ангельску. Але, улічваючы адэскае паходжанне паэта, а таксама досвед украінцаў і беларусаў апошніх гадоў, перакладчыцы ўжылі моцны прыём: на фоне беларускай мовы астатняга тэксту, акупанты тут гавораць і пішуць па-руску. Адпаведна і некаторыя «заходнія» рэаліі набываюць постсавецкі характар (напрыклад, вайсковы джып робіцца «газікам»).
Ваенны газік збочвае на плошчу, вырыгваючы ўласнага Сяржанта.
Немедленно разойтись!
Немедленно разойтись! — крыўляецца драўляным фальцэтам лялька.
Уce замерлі, акрамя Пеці, які працягвае рагатаць. Чыясьці рука яму закрывае рот. Сяржант паварочваецца да хлапчука i тыцкае пальцам.
Ты!
Ты! — лялька тыцкае пальцам.
Соня глядзіць на ляльку, лялька глядзіць на Сяржанта, Сяржант глядзіць на Соню i Альфонса, i рэшта нас глядзіць, як Пеця адхіляецца назад, збірае ўсю сліну ў роце i скіроўвае яе на Сяржанта.
Гук, які мы не чуем, уздымае чаек з вады.
Арыгінал:
Апроч рускай мовы, перакладчыцы актыўна ўводзяць у тэкст знаёмы нам савецкі канцылярыт, які трапна характарызуе бюракратычную машыну агрэсіі. Цалкам невыпадкова ў беларускім тэксце з’яўляецца слова «аўтазак». Асобнай пахвалы вартая цікавая знаходка – «кантрольна-слыхавыя пункты».
На вуліцах салдаты усталёуваюць кантрольна-слыхавыя пункты i прыбіваюць абвесткі на слупы i брамы:
ГЛУХОТА — ЭТО ЗАРАЗНАЯ БОЈІЕЗНЬ. ДЛЯ ВАШЕЙ СОБСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ ВСЕ ЖИТЕЛИ ЗАГРЯЗНЕННЫХ РАЙОНОВ ДОЛЖНЫ СДАТЬСЯ В ТЕЧЕНИЕ 24 ЧАСОВ ДЛЯ ПРОХОЖДЕНИЯ КАРАНТИНА.
Соня i Альфонс навучаюць мове жэстаў на Цэнтральнай плошчы. Калі патруль праходзіць міма, яны сядаюць на рукі. Мы бачым, як Сяржант хоча спыніць жанчыну па дарозе на рынак, але яна не чуе. Ён кідае яе ў аўтазак. Ён спыняе наступную. Яна не чуе. Ён кідае яе ў аўтазак. Трэцяя паказвае пальцамі на свае вушы.
На гэтых праспектах глухата – наша адзіная барыкада.
Арыгінал:
Перакладчыцы смела звяртаюцца да гульні словаў. Так, гераіня з прозвішчам Армалінская – толькі прыслухайцеся да гучання радка – са свістам пасылае закон на тры літары. (У арыгінале “And let the law go whistle”.) Звярніце ўвагу, у якіх кантэкстах ужываюцца дзеясловы «ўставаць», «стаяць», а таксама «сядзець», «пасадзіць». Як у апісанні грудзей гераіні замест арыгінальных «куляў» з’яўляюцца «ядры», што яшчэ павышае агульны градус сексуальнасці. Як у беларускай версіі, у імені і не толькі ў ім, цалкам дарэчна «працуюць» памяншальныя суфіксы.
У Мамкі Галкі Армалінскай, 53, сексу больш, чым у нас ва ўcix.
Калі яна праходзіць па балконе,
у салдаціка ўстае, як па камандзе,
за ім устае ў наступнага,
а потым стаіць i зважае ўвесь батальён.
Мы спрабуем не глядзець ёй на грудзі –
яны паўсюды,
смочкі як ядры.
Жадаючы яе пасадзіць,
салдаты
сядзяць у яе тэатры – заседжваюцца ў тэатры штовечар.
Арыгінал:
У якасці эксперткі Юля Цімафеева дапамагала абмяркоўваць фрагмент дэтэктыўнага рамана Роберта Гэлбрэйта (Robert Galbraith, мужчынскі псеўданім, пад якім творыць аўтарка «Гары Потэра» Джоан Роўлінг). Кніга з раманнай серыі пра дэтэктыва Кормарана Страйка называецца The Running Grave – алюзія на радок знакамітага валійскага паэта Дылана Томаса. Думаецца, беларуская назва твора можа з’явіцца разам з перакладам гэтага верша.
А пакуль што ўдзельнікі аналізавалі пераклад першага раздзела кнігі. Дакладней, пераклады, бо свае версіі прадставілі адразу дзве перакладчыцы. Экспертка выказала калегам свае парады, якія варта працытаваць.
⇒ У перакладзе як прозы, так паэзіі вельмі важна знайсці адпаведную інтанацыю. Менавіта пошук інтанацыі быў самым складаным для мяне падчас перакладу ўласнай кнігі «Мінскі дзённік» з ангельскай на беларускую. Бо перакладаем мы не толькі словы ды сказы, але і настрой апавядальніка ці апавядальніцы. Думаю, іранічная, а часам нават з’едлівая інтанацыя дэтэктываў Роберта Гэлбрэйта (Джоан Роўлінг) – добры гэтаму прыклад.
⇒ Варта імкнуцца да натуральнасці размоўнай мовы і пры гэтым улічваць асобу таго, хто гаворыць. Да прыкладу, прадстаўнік брытанскага вышэйшага ці нават сярэдняга класа наўрад ці будзе лаяцца, як дзядзька з беларускай вёскі. Пераклад – гэта творчасць, і беларускім перакладчыкам часам даводзіцца фантазіраваць, каб уявіць беларускамоўных арыстакратаў, але і тут варта трымацца пэўных межаў.
⇒ Калі не ведаеце, як выглядае нейкі прадмет, названы на замежнай мове, шукайце карцінкі ў гугле!
⇒ Вам шмат разоў гэта казалі. Але, тым не менш, я паўтаруся. Заўсёды чытайце свае пераклады ўголас, не спяшаючыся, вытрымліваючы аўтарскую інтанацыю. Голас – важны інструмент праверкі пісьмовага перакладу.
Адной з важных тэмаў абмеркавання стала пытанне, ці павінен перакладчык нешта дадаваць ад сябе, каб нешта патлумачыць свайму чытачу, калі ў арыгінале гэтае «нешта», здаецца, патлумачана недастаткова. Такі падыход шырока практыкаваўся і практыкуецца ў савецкіх і постсавецкіх перакладчыкаў. Існуе нават перакладчыцкі мем пра смерць толкінаўскага Бораміра, калі апошняя ўсмешка героя ў розных перакладах расквечваецца і распісваецца рознымі эпітэтамі ды іншымі дэталямі. Дзесьці ён усміхаецца, змагаючыся са смерцю. Недзе ягоныя вусны кранае слабая ўсмешка. А ў адной з версій нават цень усмешкі прамільгнуў на бледным, без крывінкі, твары няшчаснага Бораміра. У арыгінале два словы: “Boromir smiled”.
Падобным чынам – відавочна, з найлепшымі намерамі і не без літаратурнай вынаходлівасці – адна з перакладчыц дадала ад сябе некалькі дэталяў. На пачатку рамана дэтэктыў сустракаецца вачыма з жанчынай у ружовым, і позірк гэты нічога добрага не абяцае. Вось як гэта выглядае ў арыгінале: “…that glance had told him that the woman in pink was trouble”. У беларускім перакладзе чытаем: “…гэты позірк сказаў яму, што жанчына ў ружовым – баламутка, з якой клопату на абярэшся”. Вылучаныя словы з’яўляюцца на месцы двух ангельскіх: “was trouble”.
Бландзінка ў акулярах пытаецца ў следчага, ці ён напраўду злавіў злачынца фізічна (‘did you actually physically catch him?’). Пытанне сфармуляванае так абсурдна, што герой іранізуе, але выключна ў думках: “No, I did it all telepathically”. Тое, што гэта думка, у арыгінале пазначана толькі курсівам. У перакладзе: “Не, я зрабіў гэта тэлепатычна,” – з’едліва адказаў дэтэктыў у сваіх думках.
На пытанне кагосьці з гасцей, што рабіць з прыгатаваным на хрэсьбіны тортам, дэтэктыў рэагуе наступным чынам: ‘Eat it?’ suggested Strike, who was hungry. У перакладзе: “З’есці яго?” –прапанаваў Страйк, галодны як воўк.
Нарэшце, напрыканцы раздзела раз’юшаны суразмоўнікам Страйк дазваляе сабе не зусім цэнзурную (а дакладней, зусім нецэнзурную) думку пра яго. І тое, што гэта толькі думка, зноў перадаецца выключна курсівам: Fuck off, you smug bastard. У беларускім перакладзе: “Каб ты спрах, гаўнюк пыхлівы!” – вылаяўся Страйк сам сабе.
Пра пераклады экспрэсіўнай лексікі будзе трохі ніжэй. А пакуль абмяжуемся думкай, што такое дадаванне ад сябе, безумоўна, выходзіць па-за межы перакладу і ператвараецца ў своеасаблівае суаўтарства, у свайго роду адаптацыю арыгінала. Няўжо беларускія чытачы настолькі недалёкія і не зразумеюць без дадатковых тлумачэнняў таго, што добра разумеюць ангельскія? Пытанне рытарычнае. (Дарэчы, украінскі пераклад рамана вырашае праблему чыста графічным спосабам. Калі размовы персанажаў кожны раз перадаюцца працяжнікам на пачатку рэплікі, як звычайныя дыялогі, то думкі галоўнага героя на пісьме бяруцца ў двукоссе.)
Дзеля справядлівасці, калегі высока ацанілі літаратурныя здольнасці перакладчыцы ў гэтым удакладняльным дадаванні. Так, слова «баламутка», цытую, – «надае тэксту асаблівую паэтычную афарбоўку».
Ніжэй прывядзём некалькі фрагментаў з першага раздзела ў двух паралельных перакладах, разам з арыгіналамі і версіямі, якія прапанавала экспертка.
Арыгінал: “Just as the lopsided fascinator and slow reactions of the proud grandmother told Strike she’d already drunk too much, so that glance had told him that the woman in pink was trouble”.
Першы пераклад: “Як перакошаная вуалетка і запаволеныя рэакцыіі шчаслівай бабулі казалі Страйку, што яна ўжо выпіла лішняга, так і гэты позірк сказаў яму, што жанчына ў ружовым – баламутка, з якой клопату на абярэшся”.
Другі пераклад: “Падобна да таго, як з’ехаўшы на бок капялюшык-бібі і запаволеная рэакцыя гордай бабулі казалі Страйку, што тая ўжо зашмат выпіла, так і гэты позірк казаў яму, што жанчына ў ружовым азначае непрыемнасці”.
Прапанова: “Таксама, як скошаная на бок вуалетка і запаволеныя рэакцыі гордай бабулі падказвалі Страйку, што тая выпіла лішняга, позірк жанчыны ў ружовым сведчыў: чакай бяды/непрыемнасцяў”.
___
Арыгінал: “Nick, whose sandy hair had begun receding in his twenties, was now half bald”.
Першы пераклад: “Нік, чые рыжаватыя валасы пачалі радзець гадоў з дваццаці, цяпер быў напалову лысы”.
Другі пераклад: “Нік, чые пясочныя валасы пачалі выпадаць у ягоныя дваццаць гадоў, цяпер быў напалову лысым”.
Прапанова: “Нік, чые рудаватыя валасы пачалі радзець гадоў у дваццаць, цяпер быў напалову лысы”.
___
Арыгінал: “Strike’s late Aunt Joan would have thought the pink dress inappropriate for a christening: a clinging, wraparound affair with a low V neckline and a hemline that showed a lot of tanned leg”.
Першы пераклад: “Страйкава цётка Джоўн, нябожчыца, палічыла б, што гэтая ружовая сукенка не падыходзіць для хрэсьбін: нейкае абліплае нешта з глыбокім выразам і падолам, які амаль не прыкрываў загарэлыя ногі”.
Другі пераклад: “Памерлая цётка Страйка Джоан палічыла б, што ружовая сукенка не пасуе для хрэсьбін: мадэль на запáх, што гладка аблягае фігуру, з глыбокім V-выразам і падолам, з-пад якога відаць забагата загарэлай нагі”.
Прапанова: “Страйкава нябожчыца-цётка Джоўн палічыла б гэтую ружовую сукенку недарэчнай на хрэсьбінах: штосьці дзіўнае ў абліпку з запахам, глыбокім выразам і падолам, які ледзь прыкрываў загарэлыя ногі”.
___
Арыгінал: “Fuck off, you smug bastard”.
Першы пераклад: “Каб ты спрах, гаўнюк пыхлівы!”
Другі пераклад: “Ідзі ты да ліхаматары, вылупак!”
Зразумела, што апошні фрагмент выклікаў ці не найбольш дыскусіяў. Як перакладаць ангельскую лаянку? Ці змякчаць нецэнзурныя выразы? (І наколькі змякчаць?) Перакладаць іх ці не мацернай лексікай, што прыйшла з рускай мовы? А калі не, як не згубіць усёй экспрэсіі? Відавочна, што розны кантэкст патрабуе і розных рашэнняў. Калі казаць пра канкрэтную цытату, важна, каб лаканічная экспрэсія дэтэктыва не расцяклася думкай па словаўтваральным дрэве, ператварыўшыся ў нешта грувасткае, як у другім прыкладзе, і не гучала паэтычным чатырохстопным харэем, як у першым выпадку. Таксама важна, на фоне fuck off і bastard, не згубіць слова smug, бо гэты фрагмент з лаянкай – яшчэ і пра іерархізаванае грамадства і сацыяльную няроўнасць.
А варыянтаў рашэння канкрэтнай задачы можа быць мноства:
“Адвалі, гаўнюк пыхлівы!”
“Пайшоў ты, індык надзьмуты!”
“Ідзі нахер, ганарлівы мудак!”
І гэтак далей. Можна трохі дабавіць экспрэсіі. Ну, вы зразумелі.