
Нядаўна ў Гданьску прайшла адкрытая сустрэча з польскай набеліяткай Вольгай Такарчук. Чытачы пыталіся пра літаратуру і палітыку, штучны інтэлект і страхі сучаснасці. Такарчук – цалкам у сваім стылі – разважала глыбока, адначасова лагодна і рашуча, не хаваючы, што гаворыць як пісьменніца і прыватная асоба, без прэтэнзіі на канчатковыя ісціны. Беларускі ПЭН дае фрагменты той вялікай размовы.
Пра свае думкі і маску нобелеўскай лаўрэаткі
Я тут як пісьменніца. Не прэтэндую на іншыя ролі. Праз Нобелеўскую прэмію атрымала вельмі моцную персанальную пазіцыю. Маску, якая называецца «Вольга Такарчук». І часам гэта стамляе, бо людзі чакаюць ад мяне адказаў на завышаным узроўні, для якога вельмі часта не маю кампетэнцыі. Таму буду гаварыць і разважаць як пісьменніца ды прыватная асоба. І калі ласка, забудзьце, што я тут дзеля нейкіх мудрасцяў.
Пра ўласныя веды
У мяне так званыя пісьменніцкія веды. Яны як лагуна. Вельмі шырокая, аднак неглыбокая, дно праглядаецца. Хай яно і прыгожае, але гэта значыць, што грунтоўна ў многім я не разбіраюся, хоць разумею адначасова шмат чаго. Такія веды мне якраз і патрэбныя для пісання. Сэнс пісьменніцкай лагуны ў здольнасці звязваць розныя, вельмі далёкія адна ад адной рэчы. І здаецца, гэта не менш важна, чым глыбіня ведаў, чым дасканалае арыентаванне ў нечым канкрэтным.
Усё, што я ведаю, – з кніг. Асабліва з прачытаных у дзяцінстве. Тады кожная была адкрыццём. Прачытанае стварыла структуру, у якой цяпер усё бачыцца, разумеецца. Думаю, новыя маладыя пакаленні маюць сёння ўжо іншыя кнігі і не абавязкова мусяць чытаць Томаса Мана ці Ёзэфа Рота… Няважна, што чытаеш, галоўнае – мець сваю такую сетку, такую карту свету і разумення свету ўнутры сябе.
Пра літаратуру
Літаратура – гэта самая вытанчаная мова, самы вытанчаны спосаб камунікацыі паміж людзьмі, незалежна ад таго, належаць яны да адной і той жа мовы, да адной нацыі ці да адной і той жа культуры. Добрая літаратура пераходзіць гэтыя межы, быццам іх зусім не існавала. Калі кажу «літаратура» (прабачце паэты, эсэісты і драматургі) – я заўсёды думаю пра раман. Калі ён добры, адразу ўваходзіш у свет, што ніколі не быў і не будзе нам дадзены ў досведзе. Дзякуючы такой кнізе мы робімся іншымі, перажываем іншыя жыцці ў іншых кліматах, у іншыя часы і нават у іншых целах. Мы пачынаем разумець чужыя матывацыі, якіх ніколі ў сваім жыцці не займеем. То-бок насамрэч пашыраем сваю свядомасць. Становімся шырэйшымі, магутнейшымі і бліжэйшымі і да тых, хто побач, і да тых, каго мы ніколі не сустрэлі і не сустрэнем.
Літаратура гаворыць пра тое асноўнае, фундаментальнае перажыванне рэчаіснасці, якое і ёсць нашым жыццём. Дзе ёсць смерць, каханне, нараджэнне, барацьба, выключэнне, надзея… Гэта экзістэнцыйная праўда людскога досведу. Не філасофская, не тэалагічная, а менавіта жыццёвая праўда, у вызначэнні якой не буду цяпер уваходзіць.
Пра палітыку і сапраўдную палітычнасць
Я не вельмі веру ў палітычныя прамовы. З моманту, калі да публічных выступаў далучыліся розныя піяр-агенцтвы, яны сталі часткай сцэны, інструментам у руках аднолькава апранутых у цёмна-сінія гарнітуры людзей, якія вывучана круцяць пальцамі і агучваюць даўно прамоўленыя рэчы – нічога новага, усё пустое.
Сапраўдная палітычнасць – у дзеянні. Актыўнасці. Не на сцэне, не пад пражэктарамі.
Парламент, палітыкі, выбары – гэта як бы вішанька на торце таго, што я разумею пад палітычнасцю. Для мяне палітыка – гэта глыбокае заангажаванне аднаго чалавека на карысць супольнасці. Нешта для сваёй сям’і, мясцовасці, нейкай моўнай, культурнай супольнасці. То-бок вынаходзіць такія рашэнні, што спрыялі б карысці, камфорту большай колькасці людзей.
Але людзі розныя. І вось тут нашая сіла. Мы непадобныя, што добра. Гэта дае нам гнуткасць, гатовасць да крызісаў. Мы чэрпаем адно ў аднаго тое, чаго самі не маем.
А калі гэтага няма, палітыка распадаецца – застаецца толькі папулізм. Ці наогул хітрая рэалізацыя чыіхсьці жаданняў і патрэб з дапамогай інструменту пад назвай «палітыка».
Гэтак жа няма нічога агульнага з палітычнай пазіцыяй, калі чалавек галасуе, бо «падымуць пенсію» – тут не палітычная пазіцыя, а проста стаўка на асабісты інтарэс. І часта ён не спраўджваецца, бо неўзабаве «палітыкі» з розных нагод адмаўляюцца ад сваіх колішніх абяцанняў.
Не ведаю, чаму некаторыя маюць жаданне рабіць нешта для іншых, а некаторыя – не. Магчыма, гэта тэмперамент. А можа – выхаванне.
Пра страхі і фантазіі
Ніколі яшчэ ўзровень калектыўных страхаў не быў такі вялікі, як цяпер. Мы быццам страцілі кантроль над рэчаіснасцю. Перасталі яе разумець. Старое тлумачэнне свету развальваецца на вачах. Жывём цяпер пад пагрозай небяспекі. Гэта не толькі пагроза нашаму здароваму сэнсу і разуменню фактаў, але і непасрэдная пагроза жыццю. Таму з’яўляюцца новыя тэндэнцыі, у тым ліку неймаверны рост і выбух навуковай фантастыкі.
Найвялікшыя яе творы з’явіліся, дарэчы, у часы халоднай вайны і ўвайшлі потым у поп-культуру, філасофію. Сёння ў нас падобная сітуацыя. Розум шукае рашэнні на перыферыі, бо ў цэнтры іх больш не знаходзіць.
Я вельмі давяраю навуковай фантастыцы, гэтай крэатыўнасці чалавечага ўяўлення, якая нараджае цудоўныя ідэі. Цяпер, магчыма, яны ўспрымаюцца з хітраватым ці іранічным прыжмурваннем – маўляў, поп-культурная забаўка… Але праз дваццаць ці трыццаць гадоў яно ўвойдзе ў мэйнстрым як твор літаратуры або тое, што натхніла сацыяльныя ці філасофскія навукі.
Пра штучны інтэлект
Інстынктыўна я не баюся штучнага інтэлекту. Ён адзін са шматлікіх сучасных інструментаў чалавека. Здараецца, людзей палохаюць толькі-толькі вынайдзеныя адкрыцці, машыны, тэхналогіі. Боязь згубіць кантроль над нечым абсалютна новым – не навіна. Так, ШІ мусіць мець абсалютна залежныя ад чалавека засцерагальнікі, быць бяспечным. Як секатар у садзе: калісьці ён мог парэзаць, цяпер – амаль не. Мы навучыліся. І зусім малаверагодна, што ён прачнецца ўначы ды пачне адразаць гаспадарам пальцы…
Я бачу ў штучным інтэлекце неймаверную магчымасць узмацніць нашае мысленне, паскорыць вынаходствы. Баюся не яго, а хуткасці, з якой усё адбываецца. Мы не паспяваем. Нам спатрэбяцца перакладчыкі, каталізатары, каб зразумець, што адбываецца.
Але гэта натхняе. Успрымаю ШІ як міфалагічную дапамогу, што грунтуецца на агульнай калектыўнай ведзе, якую нашыя папярэднікі збіралі, запісвалі, парадкавалі, ператваралі ў літары, сказы – каб я магла гэтым багаццем карыстацца. Будуецца неймаверная людская супольнасць з новай перспектывай. Пачуваюся часцінкай чагосьці агульнага, прыстасаванага да ўмоў зменлівага свету. Гэта магутнае пачуццё.
Пра веру і надзею
Велізарную моц дае роздум пра тое, як і адкуль мы ўзяліся. Пра сам факт, што мы выжылі, што ў нас былі бацькі і дзяды, прадзеды, і яны справіліся са сваімі праблемамі. Былі дзве вайны, але яны выжылі, знайшлі ежу. А прапрапрапрадзеды перажылі нейкія жудасныя перасяленні, нейкую трыццацігадовую вайну, нейкія маразы ў дзясятым стагоддзі, а яшчэ раней – жудасныя змены клімату… У гэтым племені мы ўсе. І ўрэшце ідзём яшчэ далей, да таго адзінага чалавека, які ёсць нашым першапродкам, жонка якога нарадзіла столькі дзяцей, якія выжылі… І цяпер мы тут. Гэта цудоўная візія. Чалавек мае такія неймаверныя магчымасці выжывання, столькі мудрасці ў сабе, столькі ўменняў і кемлівасці выходзіць з розных бядот… Часамі здавалася, што ўсё скончана, засталася толькі жменька бедакоў, але яна мела ў сабе патэнцыял не толькі знішчэння, але і будавання. Неймаверны патэнцыял дабра, спачування, ахвярнасці, альтруізму.
Сябры, думайце шырэй – пра ўсіх нас, знішчальнікаў і цудоўных, смелых істот, якія ідуць праз час і штораз вынаходзяць файнае, жывуць, любяць і заўсёды вераць: будзе неяк лепш…
Нават калі пакуль гэтага не відаць.
Чытаць размову з беларускай лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч.
16 чэрвеня Святлана Алексіевіч сустрэнецца са сваімі чытачкамі і чытачамі ў Варшаве. Мы радыя запрасіць вас далучыцца да спаткання!