• Навiны
  • Творчая дзейнасць
  • Пра гонкі калясніц і баявых катоў на месяцы: старт новага сезону Майстэрні | Нататнік майстэрні

Пра гонкі калясніц і баявых катоў на месяцы: старт новага сезону Майстэрні | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 20 мая 2025
Пра гонкі калясніц і баявых катоў на месяцы: старт новага сезону Майстэрні | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік заняткаў у новым сезоне.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Трэці сезон Перакладчыцкай Майстэрні стартаваў. Як і заўсёды, сустрэчы адбываюцца кожны чацвер, у анлайнавым фармаце праз zoom. З мадэратарам Андрэем Хадановічам, а таксама запрошанымі экспертамі, спецыялістамі ў перакладзе з той ці іншай мовы. Двое маладых творцаў прадстаўляюць фрагменты сваіх «свежых» перакладаў, і гэтыя чарнавікі калектыўна абмяркоўваюцца, хваляцца і крытыкуюцца, а ў складаных і спрэчных момантах дапамагае мазгавы штурм.

Разам з тым, у гэтым сезоне ёсць свае навінкі, бо задумваўся ён «з прыцэлам» на супрацоўніцтва перакладчыкаў і выдаўцоў, і абмяркоўваюцца ў ім збольшага творы, якія хочуць апублікаваць па-беларуску нашыя незалежныя выдаўцы. Ладная частка ўдзельнікаў, каб трапіць на сёлетнюю майстэрню, спецыяльна падрыхтавала фрагменты класічных і сучасных замежных твораў, прапанаваных арганізатарамі пасля кансультацыі з выдаўцамі – і, калі ўсё задуманае атрымаецца, найлепшыя з гэтых прац неўзабаве ператворацца ў кнігі.

Так выйшла, што большасць перакладчыц і перакладчыкаў выбралі бестсэлеры, напісаныя на ангельскай мове. Але ёсць і выключэнні – па адным тэксце на гішпанскай (легендарны «Дон Кіхот»), італьянскай (славуты раман «Мора-акіян» Алесандра Барыка), нямецкай (знакаміты «Чытальнік» Бернхарда Шлінка, шмат каму вядомы праз кінафільм), ёсць таксама класік славенскай літаратуры Драга Янчар, адзін папулярны польскі раманіст (пра яго будзе трохі ніжэй), цікавы чэшскі комікс і сёе-тое яшчэ, што арганізатары амбітна запланавалі абмеркаваць цягам траўня, чэрвеня і ліпеня. У якасці экспертаў да заняткаў у гэтым сезоне далучацца Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Мая Галаванава, Сяргей Сматрычэнка, Сяргей Шупа, Юля Цімафеева – і, магчыма, не толькі яны.

Яшчэ адна сёлетняя навінка: апроч працы мадэратара, экспертаў і калектыўнага абмеркавання, прэзентацыя кожнага перакладу суправаджаецца двума спецыяльна падрыхтаванымі выступамі навучэнцаў – адзін канцэнтруецца на станоўчых момантах працы, вартых спецыяльнай пахвалы, а другі падкрэслівае не самыя ўдалыя фрагменты, што абавязкова мусяць быць папраўленыя. Такім чынам, досведам дзеляцца не толькі ўжо вядомыя аўтарытэты беларускага перакладу, але і ўсе ўдзельнікі могуць апавесці іншым пра свае «лайфхакі» ў перакладанні.

Так, адна з удзельніц Майстэрні, крытыкуючы спробу свайго калегі, казала пра важнасць перакладу пэўных ключавых слоў, што сустракаюцца на працягу ўсяго твору, тымі самымі ключавымі словамі і па-беларуску ды прапанавала

«адзін правераны інструмент, які можа быць карысны і іншым: нанатнік, які заўсёды перад вачыма, калі перакладаеш або ўжо рэдагуеш свой пераклад. Я запісваю туды базавыя тэрміны тэкста, каб пасля перадаваць іх аднастайна, юрыдычныя ды іншыя спецыфічныя тэрміны, прозвішчы, якія можна па-рознаму транслітараваць (у блакноціку выпісваю, на якім варыянце спынілася) і ўсякае такое, што сустракаецца ў тэксце рэгулярна і дзе трэба быць паслядоўным. І наадварот: выпісваю словы, якія аўтар ужывае вельмі часта і да якіх хочацца сінонімаў: проста ўсе сінонімы і выпісваю».

Але давайцце ўрэшце пра тое, што абмяркоўвалася на занятках. Здавалася б, дзве вельмі розныя кнігі на розных мовах, два аўтары і два творы, раздзеленыя цэлым стагоддзем, – амерыканскі класік Говард Лаўкрафт і сучасны польскі літаратар Лукаш Арбітоўскі. Разам з тым, два выбраныя фрагменты – з галоўнага твору лаўкрафтаўскага «цыклу сноў», аповесці «Мройны пошук нязведанага Кадата» (“The DreamQuest of Unknown Kadath»), і з рамана «Вораг» (“Wró), які выйшаў у Польшчы зусім нядаўна, у 2024 годзе, – маюць у сабе даволі шмат агульнага і ставяць перад сваімі перакладчыкамі ў нечым падобныя задачы. Абодва эпізоды – з аднаго боку, вельмі дынамічныя, напружаныя, а з іншага, досыць незвычайныя, бо пераносяць сучаснага чытача ў экзатычны мастацкі іншасвет.

У Арбітоўскага падзеі раз-пораз пераносяцца ў старажытны Рым імперскіх часоў – і мы разам з юным героем-апавядальнікам назіраем гонкі калясніц:

Я баяўся, але страх знік, згас бы патушаная пальцамі свечка, як толькі рушылі з месца чырвоныя квадрыгі, у грукаце колаў, ляскаце пугаў і аглушальным рове публікі. Сапраўды, нішто не можа параўнацца з момантам, калі імчаць коні, на павароце ламаецца вось, перакульваецца воз, а вазніца, што ўсё яшчэ трымае лейцы, – імгненне таму прыгожы бы скульптура, на якой яшчэ не высахла фарба, – падае ў пыл, на цвёрды жвір іпадрому”.

Сусвет Лаўкрафта яшчэ больш эксцэнтрычны, бо галоўны герой – мройца і шукальнік ірацыянальнага і тагасветнага – трапляе ў палон да загадкавых істот, пераносіцца імі на Месяц, крочыць пад канвоем агідных жабападобных ды іншых не зусім чалавечых стварэнняў, відаць, на жахлівую экзекуцыю, якой усё-ткі шчасліва пазбягае, бо ў справу ўмешваюцца… коткі, што ўмеюць пераносіцца на Месяц – і ў патрэбны момант ратуюць героя, уступаючы з пачварамі ў крывавую бітву ды перамагаючы:

Картэр убачыў хуткія цені на фоне зорак, калі маленькія грацыёзныя постаці пачалі скакаць з пагорку на пагорак і збірацца ў легіёны. Кліч клана быў кінуты, і брыдкае шэсце не паспела нават спалохацца, як хмары  ўздыбленай поўсці і фалангі смяротных кіпцюроў накаціліся на мярзотных істот, як цунамі”.

Пагадзіцеся, ёсць дзе разгарнуцца перакладчыкам, пераствараючы гэта ўсё па-беларуску!

Перакладчыца Арбітоўскага заслужыла шмат кампліментаў ад сваіх калегаў. Працытуем некаторыя.

«Пераклад дакладны – да таго, што нават яго даўжыня атрымалася прыблізна такая самая, як у арыгінале. Вельмі добра захаваны аўтарскі рытм праз выкарыстанне адпаведных сінтаксічных канструкцый».

Каб не быць галаслоўным: «Miałem może trzy lata» – польскае «może» перадаецца творча, перакладчыца знаходзіць удалую інверсію, якая лаканічна перадае няпэўнасць: «Мне было гады тры». Або яшчэ адзін прыклад добрай недаслоўнасці. У арыгінале так апісваецца рытуальнае забойства каня, якое шакавала героя ў маленстве: «Oni otworzyli mu gardło, mojemu pięknemu. Tak był. Перакладчыца перадала гэта наступным чынам: «Яны перарэзалі яму горла, майму прыгожаму. Вось так».

І наадварот, фрагменты, дзе пераклад занадта механічна трымаецца польскага тэксту, выклікалі справядлівую крытыку. Арыгінальная фраза «Matka strzeliła mnie w ucho» ў беларускай перакладчыцы зусім не змяняецца: «Маці стрэліла мне ў вуха». Але ў рамане ніхто не страляе, скажам, з лука, а агнястрэльнай зброі яшчэ не вынайшлі. Рэч у тым, што гэты польскі дзеяслоў можа азначаць і поўху. Таму беларускі пераклад, з захаваннем усёй аўтарскай экспрэсіі, мог бы выглядаць так: «Маці ўжарыла мне ў вуха».

Альбо яшчэ адзін прыклад: «Takie przeznaczenie wybrała dla mnie matka i o żadnym innym nie chciała słyszeć». У перакладчыцы выйшла даслоўна: «Такое прызначэнне выбрала для мяне маці і пра ніякае іншае не хацела чуць». Але польскае і беларускае словы не зусім супадаюць. (Напрыклад, назва кнігі апавяданняў пра Ведзьмара А.Сапкоўскага «Miecz przeznaczenia» перакладзена Кацярынай Маціеўскай на беларускую як «Меч наканавання».) І ў нашым перакладзе больш натуральна было б: «Такі лёс выбрала для мяне маці…».

Найбольш дыскусій выклікаў тэрмін з вобласці гінекалогіі. «Przyszedłem na świat przez poród pośladkowy», – чытаем па-польску. Беларускі пераклад «Я прыйшоў на свет праз ягадзічныя роды» спадабаўся не ўсім – і адна калега-перакладчыца прапанавала трохі адысці ад арыгіналу, не пераносячы медыцынскі тэрмін жыўцом, а перадаючы яго апісальна: «Я прыйшоў на свет наперад ягадзіцамі». Здаецца, няблага. Больш вобразна і нават паэтычна.

Нашмат больш спрэчак і дэбатаў справакаваў сярод навучэнцаў другі пераклад. Говард Лаўкрафт абмяркоўваецца на Майстэрні ўжо другі раз, бо цэлая група перакладчыкаў рыхтуе зборнік яго твораў з «цыклу сноў» для кракаўскага выдавецтва «Gutenberg». Таму нічога дзіўнага, што галоўным «крытыкам» перакладчыка выступіў яго калега па праекце, Яўген Пятліцкі. (Яўгенаў пераклад лаўкрафтаўскага апавядання ўдзельнікі разбіралі ў мінулым сезоне.) Яўген выступіў з грунтоўным разборам, дзе была як крытыка агульных тэндэнцый у перакладзе, так і завагі, што датычыліся асобных нюансаў і дэталяў. Разбіраліся праблемы як семантычнай дакладнасці, калі «словы не перакладзеныя, а замененыя на іншыя, час ад часу з зусім іншым значэннем», так і дакладнасці стылістычнай, калі сустракаюцца словы ды канструкцыі не зусім стылістычна адпаведныя (ці зусім не адпаведныя). Калега-крытык параўноўваў беларускі пераклад з тымі ж фрагментамі на іншых мовах (па-ўкраінску, па-чэшску і па-руску), знаходзячы пэўныя заканамернасці, імкнуцца да якіх раіў і свайму беларускаму калегу. Некаторыя заўвагі датычылі нават пунктуацыі – Яўген раіў калегу на месцы кропкі з коскай у арыгінале часам выкарыстоўваць беларускае двукроп’е.

Ілюстрацыя да аповесці “Мройны пошук нязведанага Кадата” Говарда Лаўкрафта (“The Dream-Quest of Unknown Kadath”). Фота: hellbendermedia.com

Мадэратар ды іншыя ўдзельнікі абмеркавання выказалі шэраг заўваг, сярод якіх беднасць слоўніка ў беларускім чарнавіку. Так, у апісанні працэсіі, калі героя вядуць пад канвоем, можна было б ужыць не толькі «з двух бакоў», але і «паабапал», а «факелы» можна было б – хоць зрэдку – назваць і «паходнямі».

З пазначанай праблемай звязанае і памылковае ўжыванне беларускай лексікі, заснаванае на блытаніне паронімаў «больш падступных пагоркаў» (more gradual hills) – перакладчык, відаць, пераблытаў падступнасць з даступнасцю, з чымсьці, да чаго можна «падступіцца», але падступны – гэта хітры, ілжывы, а ў тэксце вялося пра «спадзістыя» пагоркі.

Варта згадаць і злоўжыванне дзеепрыметнікавымі формамі на «учы/ючы», «ачы/ячы», не надта ўласцівымі беларускай мове. Варта, у залежнасці ад кантэксту, замяняць іх блізкімі па сэнсе прыметнікамі або канструкцыямі з дзеясловам ці дзеепрыслоўем. «І выдавалі воючыя гукі» – трохі правільней было б «выючыя», а зусім правільна – «вісклівыя» ці «віскатлівыя». Таксама «вялікі ззяючы дыск Зямлі» перакладчыку парэкамендавалі замяніць на: «вялікі зіхоткі дыск…»

Не менш істотная праблема – механічны перанос ангельскіх слоў у беларускую. Безумоўна, «пік» або «лідар» супадаюць з аналагічнымі ангельскімі словамі, але часам горныя «пікі» можна назваць «вяршынямі» – і тэксту гэта толькі пайшло б на карысць, а «лідары» кацінага войска сваёй стылістычнай неадпаведнасцю хутчэй свараюць незапланаваны аўтарам камічны эфект.

Арыгінал: “Carter now spoke with the leaders in the soft language of cats, and learned that his ancient friendship with the species was well known and often spoken of in the places where cats congregate”.

Чарнавік: “Цяпер Картэр загаварыў з лідарамі на мяккай мове катоў і даведаўся, што яго даўняе сяброўства з гэтым відам было добра вядома і часта абмяркоўвалася ў месцах, дзе збіраюцца каты”.

Відавочна, больш арганічна глядзеліся б «правадары» або «важакі», да таго ж паўтарэння слова «каты» ў адным сказе можна было б і пазбегнуць.

Таму прапанавана: “Картэр загаварыў з важакамі на мяккай кашэчай мове і даведаўся, што яго даўняе сяброўства з іх родам было добра вядома і часта абмяркоўвалася ў месцах, дзе збіраюцца каты”.

Аналагічны прыклад:

The grandfather of that very little kitten was the leader of the army”.

У чарнавіку перакладчыка: “Дзядуля таго самага маленькага кацяня быў лідарам войска…”.

Тут «лідара» варта замяніць «правадыром». Ну, і напісаць «кацяня» ў родным склоне, як гэта належыць рабіць:

“Дзядуля таго самага кацяняці быў правадыром войска…”

Не зусім на сваім месцы выглядае «блюзнерскае плато» (blasphemous plateau), занадта даслоўна перанесенае з мовы на мову. Бо блюзнерскімі хутчэй могуць быць думкі ці словы, а ў гэтым кантэксце ідэю супрацьлегласці боскаму варта выразіць іншым чынам. Напрыклад, «д’ябальскае плато». (Ніжэй яшчэ вернемся да гэтага прыкладу.)

Сярод агучаных заўваг адна датычыла і правапісу. Гаворка пра перанос ангельскіх вялікіх літар у беларускі тэкст, тады як правілы ўжывання / не ўжывання вялікай літары па-ангельску і па-беларуску істотна розняцца. Нятворчае калькаванне прыводзіць да такіх прыкладаў:

It was a stupendous sight while the torches lasted, and Carter had never before seen so many cats. Black, grey, and white; yellow, tiger, and mixed; common, Persian, and Manx; Thibetan, Angora, and Egyptian; all were there in the fury of battle

Чарнавік: “Гэта было велізарнае відовішча ў свеце гарашчых факелаў, і Картэр ніколі раней не бачыў столькі катоў. Чорныя, шэрыя, белыя, жоўтыя, тыгравыя, змяшаныя, звычайныя, Персідскія, Мэнксы, Тыбецкія, Ангорскія, Егіпецкія – усе былі там у лютасці бітвы…

Не варта каментаваць як відавочнае «гарашчыя факелы» і «свет» у сэнсе «святло». Празмерна абстрактную «лютасць бітвы» лёгка можна ажывіць, зрабіўшы «лютай бітвай». Калега-перакладчыца звярнула ўвагу, што шкада згубленага ў перакладзе згасання паходняў. І, відавочна, пароды котак (як і нацыянальнасці людзей) па-беларуску пішуцца з маленькай, з якой бы літары ні пісаліся ў арыгінале. Таму перакладчыку прапанавана:

Гэта было грандыёзнае відовішча ў святле яшчэ не пагаслых паходняў, Картэр ніколі раней не бачыў столькі катоў. Чорныя, шэрыя, белыя, жоўтыя, тыгравыя, пярэстыя, самыя звычайныя, персідскія, мэнксы, тыбецкія, ангорскія, егіпецкія – усе былі ў гэтай лютай бітве

Але найважнейшай праблемай, якая наймацней замінае тэксту натуральна гучаць па-беларуску, здаецца калькаванне ангельскага сінтаксісу, у выніку чаго паўстаюць грувасткія, няўклюдныя беларускія сказы, чытаючы якія нават блізка не разумееш, чаму Лаўкрафт – напраўду добры пісьменнік. Варта прывесці колькі прыкладаў.

Арыгінал: “That on some frightful slope or blasphemous plateau the crawling chaos waited, Carter could not doubt”.

Чарнавік перакладу: “Тое, што на якімсьці жудасным схіле ці блюзнерскім плато чакае паўзучы хаос, Картэр не мог сумнявацца…”.

Любы прафесійны рэдактар, і не толькі літаратурнага твору, паправіць «тое, што… не мог сумнявацца» на «ў тым, што…». Але, паколькі гаворка пра літаратуру, варта трансфармаваць сказ больш істотна, памяняўшы месцамі тэму і рэму, то бок ужо вядомае чытачу – і новую, найкаштоўнейшую для яго інфармацыю.

Прапанавана: “Картэр не сумняваўся, што на нейкім жудасным схіле ці д’ябальскім плато яго чакае паўзучы хаос…”.

Вось яшчэ адзін прыклад таго, да чаго вядзе даслоўнае калькаванне.

У арыгінале: “The whining of those impious flutes was shocking, and he would have given worlds for some even half-normal sound”.

Чарнавік: “Скавытанне тых бязбожных флейт было шакавальным, і ён бы аддаў цэлыя сусветы за хоць бы напалову нармальны гук”.

Тэарэтычна так напісаць па-беларуску можна, вось толькі чытачы Лаўкрафта не скажуць дзякуй. Шакавальнае скавытанне? «Я ў шоку», як напісалі б у сеціве.

Прапанавана: “Скавытанне тых бязбожных флейт было такім мярзотным, што ён аддаў бы паўсвету за хоць нешта падобнае да нармальнага гуку”.

Яшчэ адзін прыклад празмернай залежнасці ад арыгіналу на ўзроўні лексікі і сінтаксісу:

After a brief consultation of generals, the cats rose and assumed a closer formation, crowding protectingly around Carter and preparing to take the great leap through space…

У чарнавіку чытаем: “Пасля кароткага брыфінгу генералаў каты падняліся і прынялі больш шчыльную фармацыю, атачаючы Картэра і рыхтуючыся зрабіць вялікі скачок праз космас

Ангельскае brief сугестыўна дыктуе перакладчыку ўжыць па-беларуску вытворнае ад яго слова брыфінг, якое стылістычна аніяк тут не пасуе, да таго ж «кароткі брыфінг» на смак надта ж нагадвае «масла масленае». А «прыняць больш шчыльную фармацыю» – той выпадак, калі можна, нават не зазіраючы ў арыгінал, сказаць, што перакладчык нешта даслоўна перацягнуў з яго, бо выдумаць такое па-беларуску проста немагчыма!

Што ж, тым больш падстаў перакласці не зусім даслоўна. Напрыклад, так:

Пасля кароткай нарады генералаў каты пашыхтаваліся больш шчыльнымі радамі, атачыўшы Картэра і падрыхтаваўшыся да велізарнага скачка праз космас…

Часам сінтаксічная грувасткасць з’яўляецца амаль на роўным месцы, бо арыгінал, здавалася б, і не вельмі да яе змушае:

At last awe and exhaustion closed his eyes, and when he opened them again it was upon a strange scene”.

У перакладчыка: “Нарэшце трапятанне і знясіленне прымусілі яго вочы заплюшчыцца, і калі ён адкрыў іх зноў, перад ім паўстала дзіўная сцэна”.

Ці варта ламіцца ў зачыненыя дзверы, ужываючы некалькі слоў на месцы аднаго? Праблема вырашаецца, калі не капіяваць арыгінальны парадак слоў, а трохі падумаць, як бы гэта ўсё нармальна напісаць па-беларуску.

Прапанавана: “Нарэшце ён заплюшчыў вочы ад страху і стомы, а калі адкрыў іх зноў, перад ім паўстала дзівосная сцэна”.

Лаўкрафт – пісьменнік, мякка выражаючыся, няпросты. І раз-пораз чытача і па-ангельску збіваюць з тропу празмерна грувасткія сінтаксічныя канструкцыі, якія ёсць часткай аўтарскага стылю. Ці варта іх хоць бы трохі спрашчаць? Тэарэтыкі і практыкі перакладу адказваюць па-рознаму. Думаецца, разбіваць адзін сказ на два-тры-чатыры, як гэта часта нам прапануюць, значыла б рабіць дрэнную паслугу аўтару, істотна змяняючы, прымітывізуючы яго паэтыку. А вось замяніць трохслоўнае спалучэнне сінанімічным двухслоўным, або памяняць два словы на адно без страты сэнсу, або трохі падкараціць грувасткае слова ці зрабіць сам сказ трохі больш лёгкім, рытмічным і ўжо таму крыху больш чытэльным – на гэтыя «маленькія хітрасці» перакладчыку ісці можна і трэба.

Арыгінал: “It was the midnight yell of the cat, and Carter knew at last that the old village folk were right when they made low guesses about the cryptical realms which are known only to cats, and to which the elders among cats repair by stealth nocturnally, springing from high housetops”.

Чарнавік перакладу: “Гэта быў паўночны крык ката, і Картэр нарэшце зразумеў, што старыя вясковыя жыхары мелі рацыю, калі рабілі нейкія здагадкі пра таямнічыя месцы, вядомыя толькі катам, і куды старэйшыя сярод катоў таемна адпраўляюцца ноччу, саскокваючы з высокіх дахаў”.

З улікам таго, што суседства слоў «таямнічыя» і «таемна» не зусім спрыяе добраму стылю, тры словы «кот/каты» на адзін сказ – яўна замнога, а «саскокваць» можна хутчэй уніз, чым уверх, перакладчыку было прапанавана такое:

Гэта быў паўночны каціны крык, і Картэр нарэшце зразумеў, што старыя вяскоўцы мелі рацыю, калі шапталіся пра вядомыя толькі катам таямнічыя месцы, куды іх старажылы крадком выпраўляюцца ноччу, скачучы з высокіх дахаў”.

Некаторыя (зрэшты, нешматлікія) хібы перакладу выніклі з не да канца правільнага разумення арыгіналу. Напрыклад:

“…and here amidst that column of foetid things Carter heard their homely, friendly cry, and thought of the steep roofs and warm hearths and little lighted windows of home”.

У перакладчыка: “І тут, сярод гэтай калоны агідных істот, Картэр пачуў іх дамашні прыязны крык і падумаў пра стромкія дахі, цёплыя коміны і маленькія асветленыя вокны дамоў”.

Часам «дом» – гэта не проста канкрэтны будынак, а тое, што для ўсіх нас сёння асабліва востра гучыць у слове «ДОМ». Ужываючы займеннік «іх», варта зірнуць на апошні назоўнік перад ім, каб коткі раптам не ператварыліся ў «агідных істот». Ну, і «камін» – безумоўна, не зусім тое самае, што «комін».

З улікам усяго сказанага вышэй было прапанавана:

І тут, у гэтай калоне агідных істот, Картэр пачуў свойскі прыязны крык і падумаў пра стромкія дахі, цёплы агмень і святло маленькіх вокнаў у сябе дома”.

Падагульняючы, варта адзначыць, што дыскусія выйшла не самай простай, але ў цэлым старт новага сезону Перакладчыцкай Майстэрні можна лічыць паспяховым. Пажадаем шчаслівага кніжнага лёсу беларускаму Лаўкрафту, а самім беларусам – адчування ўласнага даху над галавой, хатняга агменю і наогул роднага дому, не толькі ў прыдуманых геніяльнымі літаратарамі мастацкіх сусветах, але і ў нашай недасканалай рэальнасці.