Працягваем весці «Нататнік» Перакладчыцкай Майстэрні.
Першая сустрэча новага сезону Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечаная спецыфіцы перакладу прозы з ангельскай мовы. Спецыяльна запрошанай эксперткай была Кацярына Маціеўская, якая прэзентавала сваю творчасць, разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам фармулявала тэарэтычныя тэзы і дапамагала абмяркоўваць пераклады навучэнцаў Майстэрні.
Сярод тэзаў прагучалі такія:
– задача перакладчыка мастацкай літаратуры – стварыць тэкст, які выглядае так, нібыта быў адразу напісаны на мове перакладу, то-бок захаваць сэнсавы ўзровень арыгіналу, але адысці ад яго ўплыву на ўзроўні фармальным, не калькуючы даслоўна, напрыклад, сінтаксічныя асаблівасці арыгіналу;
– пашыранае меркаванне пра «разрастанне» тэксту падчас перакладу з ангельскай – хутчэй міф, бо беларуская мова, як і многія славянскія, дзякуючы з’яве эліпсу дазваляе перакладному тэксту не толькі не разрастацца, але часам і змяншацца ў аб’ёме ў параўнанні з арыгіналам.
Прадметам разгляду былі тэксты Г. Ф. Лаўкрафта ў перакладзе розных удзельнікаў Майстэрні. Ва ўводзінах да занятку Андрэй Хадановіч расказаў пра карані творчасці пісьменніка, а Кацярына Маціеўская прадставіла пераклад тэксту аднаго з папярэднікаў Лаўкрафта – Эдгара По, з кнігі «Маска Чырвонае Смерці», што выйшла ў Мінску ў 2011 годзе.
Падчас разбору прадстаўленых тэкстаў выявілася рознае бачанне і розныя падыходы перакладчыкаў да перастварэння тэкстаў Лаўкрафта. Балансаванне гэтых тэкстаў паміж прозай і паэзіяй, пэўная архаічнасць лексікі і спецыфічная тэматыка аказаліся вельмі ўдзячным матэрыялам для таго, каб разабраць тыповыя памылкі перакладчыкаў-пачаткоўцаў, разгледзець праблемы канвенцыі (баланс паміж бачаннем перакладчыка што да архаізацыі лексікі і ўспрыманнем будучага чытача) і прывесці розныя перакладчыцкія падыходы да пэўнага агульнага назоўніка, бо стыль пісьменніка мусіць успрымацца як цэльны.
Сярод выклікаў арыгіналу і спосабаў вырашыць тую ці іншую праблему варта згадаць такія:
1) Двупланавасць аповеду Лаўкрафта, калі ў адным, фізічным, вымярэнні героя чакае трагічны лёс, але ў іншым, «духоўным», ён трыюмфуе. Сумяшчэнне гэтых планаў, выражаных граматычна рознымі часамі, патрабуе ад перакладчыка ўмелай сінхранізацыі.
Арыгінал: “He reigns there still, and will reign happily forever, though below the cliffs at Innsmouth the channel tides played mockingly with the body of a tramp…”
Пераклад. Было: “Ён валадарыць там дагэтуль і шчасліва валадарыцьме заўсёды, нават калі пад уцёсамі Інсмута воды заліва здзекліва гуляліся целам валацугі…”
Стала: “Ён валадарыць там дагэтуль і шчасліва валадарыцьме заўсёды, дарма што пад уцёсамі Інсмута воды заліва здзекліва гуляліся целам валацугі…”
2) Раз-пораз у перакладзе з’яўляюцца стылістычна неабгрунтаваныя паўторы, якіх не было ў арыгінале. Найчасцей праблема лёгка вырашаецца заменай слова сінонімам:
Арыгінал: “Thereafter, on the cloudy nights when I could sleep, I saw the city often; sometimes under that horned waning moon, and sometimes under the hot yellow rays of a sun…”
Пераклад. Было: “З тых часоў пахмурнымі начамі, калі мог спаць, я часта бачыў той горад; часам пад рагатым ветахам, часам – пад гарачымі жоўтымі прамянямі сонца…”
Стала: “З той пары пахмурнымі начамі, калі мог спаць, я часта бачыў той горад; часам пад рагатым ветахам, часам – пад гарачымі жоўтымі прамянямі сонца…”
Але часам перакладчыку даводзіцца папацець, пазбягаючы паўтору сінтаксічных канструкцый, а таксама слоў, што ў арыгінале былі рознымі словамі:
Арыгінал: “…and under the horned waning moon men talked wisdom in a tongue which I understood, though it was unlike any language I had ever known”.
Пераклад. Было: “Людзі пад рагатым ветахам мудра разважалі на мове, якую я разумеў, але якая не была падобна ні на адну мову, якую я калі-небудзь чуў”.
Стала: “Людзі пад рагатым ветахам вялі мудрую гутарку, якую я разумеў, хоць іх мова не была падобна ні на адну з тых, што я калі-небудзь чуў”.
Здараюцца выпадкі, калі за такія паўторы нясе адказнасць ужо сам аўтар. Такое ў прынцыпе лёгка было б паправіць, але часам варта захоўваць, як элемент аўтарскай стылістыкі, незалежна ад таго, што думае пра яе і як ацэньвае яе перакладчык ці перакладчыца. 🙂
Арыгінал: “My brain was sore dazed with excitement and fatigue, for I had not slept in many days; yet was my purpose firm, for I loved my native land of Lomar…”
Пераклад: “Мой мозг знемагаў ад хвалявання і стомленасці, бо я не спаў ужо шмат дзён, але я быў нязломны, бо любіў родны Ламар…”
3) Сур’ёзны выклік для перакладу прозы – сітуацыя, калі ў тэксце цытуюцца вершы. Часам перакладчык-празаік мае спакусу абмежавацца даслоўным перакладам або неяк зрыфмаваць верш, канцэнтруючыся на змесце і досыць вольна перадаючы форму. Але ў апавяданні «Палярыс» верш выконвае магічную функцыю, бо рытмічным паўторам гіпнатызуе героя, паралізуючы яго волю. Мусіць быць захаваная эквірытмічнасць, бо, перакладзены прозай або з парушэннямі рытмікі, верш па-беларуску перастаў бы «працаваць» і нікога б не зачараваў.
Арыгінал:
“Slumber, watcher, till the spheres
Six and twenty thousand years
Have revolv’d, and I return
To the spot where now I burn.
Other stars anon shall rise
To the axis of the skies;
Stars that soothe and stars that bless
With a sweet forgetfulness:
Only when my round is o’er
Shall the past disturb thy door”.
Пераклад. Было:
“Спі, ахоўнік, лёгкім сном:
Рухаецца сфер нябесных сонм.
Сотні дзве і шэсцьдзесят вякоў
Як мінуе – я вярнуся зноў.
Хутка зорак іншых прыйдзе час,
І яны калісь пакінуць нас.
Зорак, што нясуць душы спакой,
Памяці што не турбуюць рой.
На кругі свая пакуль не вернуцца ўсе сферы,
Не пачуеш страшны стук мінулага ў дзверы”.
Стала:
“Спі, ахоўнік, лёгкім сном:
Кружыць сфер нябесны сонм.
Дзвесце шэсцдзясят вякоў
Пройдзе – і вярнуся зноў.
Заўтра іншым зоркам час
Суцяшаць, лагодзіць вас;
Зоркам, што нясуць спакой
Хворай памяці людской.
Ды вярнуся на кругі
Зоркаю былой тугі”.
Спадзяёмся, што заняткі новага сезону Майстэрні дапамогуць маладым перакладчыкам паспяхова скончыць працу над новым зборнікам апавяданняў Лаўкрафта, які мае з’явіцца яшчэ сёлета. Цікава, што гэта будзе ўжо другое выданне класіка па-беларуску, бо колькі год таму выйшаў зборнік «Кліч Ктулху», што быў добра сустрэты чытачамі і адразу зрабіўся бібліяграфічым рарытэтам.