Паэтычная мапа года: абвяшчаем поўны спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай

Апошняе абнаўленне: 10 красавіка 2025
Паэтычная мапа года: абвяшчаем поўны спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў прадстаўляюць спіс кніг, намінаваных на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за 2024 год.

Журы разгледзела ўсе пададзеныя заяўкі і сфармавала поўны спіс. Наперадзе — аналіз, абмеркаванні і выбар найлепшых.

У поўны спіс увайшло 15 кніг:
  1. «Вершы для храмаў, сіза, ічу» – Раман Абрамчук (выдавецтва «hochroth Minsk»);
  2. «Момант цішыні» – Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна);
  3. «Амаль» – Вера Бурлак (выдавецтва «hochroth Minsk»);
  4. «Пад асобнымі коўдрамі» – Вольга Гапеева (выдавецтва «Skaryna Press»);
  5. «Некуды» – Яраслаў Гаралюк (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна);
  6. «Аранжавы» – Віктар Жыбуль (выдавецтва «hochroth Minsk»);
  7. «Непрамо(ў)ленае» – Анатоль Івашчанка (выдавецтва «Skaryna Press»);
  8. «Акрамя» – Павел Капанскі (без выдавецтва);
  9. «Ілюзія» – Дзяніс Мацеша (выдавецтва «Энцыклапедыкс»);
  10. «Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа» – Уладзімір Някляеў (выдавецтва Калегіума Усходняй Еўропы);
  11. «Гіброіды» – Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «Мяне няма»);
  12. «Нічога нястрашнага» – Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»);
  13. «DOM. Паэзія выгнання» – Сяржук Сыс (выдавецтва «Skaryna Press»);
  14. «Мужыкі» – Ганя Фак’ю (выдавецтва «Лысы Чэрап»);
  15. «Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры» – Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).

Лідарам паводле колькасці намінантаў стала выдавецтва Дзмітрыя Строцава «hochroth Minsk» – чатыры кнігі. Тры паэтычныя зборнікі са спісу былі выдадзены выдавецтвам «Skaryna Press».

Згодна са статутам прэміі, намінанты і намінанткі маюць права дзеля бяспекі захаваць ананімнасць і абраць зашыфраваны ўдзел. У такім выпадку іх імёны застаюцца пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы твораў. Прозвішчы будуць абвешчаныя толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў і аўтарак.

Журы прэміі

Сёлета ў журы — пяцёра майстраў: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы, уважлівыя чытачы і чытачкі, якія па-сапраўднаму любяць і разумеюць паэзію. Менавіта яны вызначаць галоўную інтрыгу прэміі — абяруць паэтычную кнігу года. Сярод публічных сябраў журы – асобы, чые імёны добра вядомыя ў літаратурнай прасторы:

Ульяна Верына – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук.
Сяргей Дубавец – пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык.
Ганна Шакель – паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin»,  лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.

Якія кнігі з поўнага спісу вы ўжо чыталі? Якія радкі засталіся з вамі? Дзяліцеся ўражаннямі, пазначайце аўтараў і аўтарак #прэміяАрсенневай2025 у сацсетках!

Працягвайце сачыць за навінамі прэміі! Наперадзе чакае яшчэ шмат цікавага.