
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч працягвае весці нататнік заняткаў.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Чарговая сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечана перакладу прозы з ангельскай мовы, а дакладней – перакладам прозы амерыканскай. Дзве перакладчыцы прадставілі на разбор пачаткі раманаў дзвюх вядомых і паспяховых сучасных літаратарак – «Возера Том» Эн Пэтчэт і «Зніклую» Гіліян Флін.
Запрошаным госцем-экспертам быў Сяргей Сматрычэнка, найперш вядомы як выбітны багеміст, але не толькі, бо шмат дачыняўся і з іншымі мовамі – і як перакладчык, і як рэдактар. Сяргей апавядаў пра свой літаратурны досвед, пра тое, як пачаў перакладаць, яшчэ будучы падлеткам (савецкую фантастыку Аляксандра Бяляева, у 12-13 гадоў), згадаў пра сваю першую публікацыю, і гэта быў пераклад не з чэшскай або славацкай, а з украінскай мовы (артыкулы Сымона Пятлюры ў часопісе «Спадчына» ў 1994 годзе).
Сяргей Сматрычэнка – філолаг-славіст, перакладчык, рэдактар.
Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе па сканчэнні выкладаў чэшскую і славацкую мовы. Працаваў у асістэнтуры Інстытута славістыкі Венскага ўніверсітэта. З канца 1990-х актыўна супрацоўнічае з часопісам «ARCHE». Заснавальнік і куратар кніжнай серыі «Чэшская калекцыя» ў выдавецтве Ігара Логвінава. Сярод аўтараў, перакладзеных ім на беларускую мову, – Яхім Топал, Ёзэф Топал, Міхал Вівэг, Мілан Кундэра, Багуміл Грабал, Вацлаў Гавал, Мілаш Урбан, Эва Кантуркава, Вацлаў Чэрны і інш.
Сярод дадзеных мэтрам парадаў адна з найважнейшых датычыла супрацы з рэдактарам.
«Перакладчык мусіць з павагай ставіцца да ўсіх рэдактарскіх заўваг, пры гэтым памятаючы, што вырашальнае слова – усё адно за ім, перакладчыкам. Мая перакладчыцкая практыка мне дапамагла – хочацца верыць – з часам стаць неблагім рэдактарам, як перакладных, так і арыгінальных твораў».
Запрошаны госць згадаў канкрэтную супрацу з канкрэтным рэдактарам, на этапе свайго творчага станаўлення.
«Дагэтуль з вялікай удзячнасцю ўспамінаю чырвоныя ад правак тэксты перакладаў Грабала ў часопісе «Крыніца», дзе маім рэдактарам быў Валянцін Акудовіч. Ягоная навука: як бы прыгожа ні гучала слова, як бы перакладчыку ні карцела выкарыстаць яго ў тэксце, ужыць яго можна толькі ў выпадку, калі яно ідэальна пасуе, адпавядае значэнню, узусу, не зацямняе сэнс і г.д. Напрыклад, слоўца «зашмальцаваны» можна ўжыць толькі да нейкага адзення, тканіны, але не да рук».
Перакладчык звярнуў увагу на тое, што абсалютная большасць з нас у апошнія дзесяцігоддзі прыходзіць да беларускай мовы праз рускую, а значыць, трэба быць асабліва ўважлівым да магчымай моўнай інтэрферэнцыі, як на граматычным, так і на лексічным узроўні.
«Так, рускаму слову «другой» мы аўтаматычна абіраем эквівалент «іншы», але пры гэтым і па-беларуску можа быць «другі» – калі ў апісванага аб’екта ёсць толькі дзве альтэрнатывы: «на другім беразе» (не «на іншым беразе»), або «з другога боку» (хоць і выраз «з іншага боку» прыжыўся, аднак не варта адкідваць і вышэйпамянёнае ўстойлівае словазлучэнне)».
Сяргей згадаў і прыклады інтэрферэнцыі ў граматыцы, калі нават вядомыя і таленавітыя літаратары (а сярод іх і перакладчыкі) часцяком памыляюцца са спражэннем дзеясловаў са стандартным націскам на канчатак у 2-й асобе множнага ліку – і пішуць «бярэце», «спíце», хоць правільна «бераце», «спіцé» (або «берацё», «спіцё»). Удзельнікам Майстэрні адразу ж згадалася легендарная песьня Дзеда-Барадзеда з «Калыханкі», дзе ёсць праблемы з такім націскам.
Падсумоўваючы, госць выказаў яшчэ адну слушную параду:
«Каб стаць добрым перакладчыкам, трэба стаць добрым чытачом (чытаць беларускіх аўтараў, укарэненых у беларускай мове, а таксама вывучаць працы мовазнаўцаў, самыя розныя слоўнікі)».
Сяргей Сматрычэнка апавядаў пра выклікі, з якімі рэгулярна сутыкаецца ва ўласнай працы перакладчыка чэшскай літаратуры, пераважна – прозы:
«Вельмі важна адшукаць адпаведны стыль, асабліва з улікам таго, што ў чэшскай вельмі істотна разводзяцца літаратурная і гутарковая мовы. Паколькі ў беларускай гэтай вялікай розніцы няма і блізка, то даводзіцца звяртацца да іншых сродкаў, і тут ужо кожны перакладчык вырашае сам, ці звярнуцца да дыялектызмаў, да трасянкі, да (пераважна рускага) слэнгу ці да нейкіх граматычных варыянтаў».
Яшчэ адзін выклік перакладчыку-багемісту звязаны з тым, што ў чэшскай мове, у параўнанні з беларускай, значна больш кароткіх словаў. Беларускія словы ў сярэднім даўжэйшыя на 15 працэнтаў, і калі перакладчыку прозы гэта не стварае вялікіх праблемаў, то пераклад паэзіі з яго патрабаваннем эквірытмічнасці робіцца сапраўды сур’ёзным выпрабаваннем. Спадар Сматрычэнка прызнаўся, што нашмат часцей мае дачыненне з перакладамі прозы, але напрыканцы паказаў і паэтычны пераклад – вельмі «кампактнага» верша сучаснага чэшскага паэта Радэка Малага, – які вымагаў гэткай самай «сцісласці» і ад беларускага перакладчыка:
Buchenwald, 28. 11. 2000
Vyhřezlý listopad
Něžně mží z šedých mraků
Den vhodný leda snad
k návštěvě koncentráku
Přivstal sis po flámu
Vnímáš to nonkonformně:
Sto koster v pyžamu
Pár bohů v uniformě
Márnice ptá se tě
jestlis už viděl pece
Jen vzhledem k pietě
nezvracíš Vzchop se přece
Ve dvoře stojí kůl
Ty u něj A krev cáká
Je v tobě Žida půl
a půlka esesáka
Бухенвальд, 28.11.2000
Пад кратамі галля
па восеньскай макрэдзі
Дзянёк хіба што для
канцлагера адведзін
Учора быў бухі
і сёння ты не ў норме
У робах здыхлякі
Пяток багоў у форме
Трупярняў іншасвет
Ці ты ўжо бачыў печы
Адно праз піетэт
ты не блюеш Прылегчы б
Крывавы кругабег
Хто ты на гэтых ловах
Паўжыда у табе
й эсэсаўца палова

А цяпер пра сучасную амерыканскую прозу. Першым перакладам, які разглядаўся на сустрэчы, быў фрагмент рамана Эн Пэтчэт «Возера Том» («Tom Lake»). І ўжо пачынаючы з імені і прозвішча аўтаркі – паўстала праблема правільнай перадачы па-беларуску падвойных літар ва ўласных імёнах. Яны, зразумела, па-беларуску скарачаюцца да адной літары: Ann Patchett – Эн Пэтчэт. Таксама як: Mrs. Gibbs – місіс Гібс, Mrs. Webb – місіс Вэб, Rebecca – Рэбэка і г.д.
Сталая жанчына згадвае ў кнізе часы свайго юнацтва, калі яна ўдзельнічала ў арганізацыі тэатральнай пастаноўкі, таму перакладчыца сутыкаецца з вялікай колькасцю літаратурнай і тэатральнай лексікі – і не заўжды выходзіць з гэтых «сутычак» пераможцай.
Арыгінал: “We arrived with our travel mugs of coffee and thick paperback novels…”
Пераклад. Было: “Мы прынеслі з сабой тэрмакубачкі з кавай і тоўстыя ў папяровых вокладках кнігі…”
Стала: “Мы прынеслі з сабой тэрмасы з кавай і тоўстыя раманы ў мяккіх вокладках…”
Альбо такі фрагмент:
“We were to spend our morning explaining how to fill out the form: Name, Stage Name if Different, Height, Hair Color, Age…”
Перакладчыца перадае «Stage Name» як «імя персанажа», праўда, тады не зусім зразумела, што рабіць з «if Different» – і перакладчыца яго проста апускае:
“Мы збіраліся правесці раніцу ўдакладняючы, як запаўняць анкеты: імя, імя персанажа, рост, колер валасоў, узрост…”
Думаецца, праблема рашаецца наступным чынам:
“Мы збіраліся правесці раніцу ўдакладняючы, як запаўняць анкеты: імя, сцэнічны псеўданім (калі ёсць), рост, колер валасоў, узрост…”
Часам празмерная даслоўнасць, калькаванне арыгіналу служыць перакладчыку кепскую службу, ствараючы не толькі стылістычную грувасткасць, але і сэнсавую блытаніну:
“not just old men looking to be the Stage Manager…”
У чарнавіку перакладу «Stage Manager» так і застаецца «менеджэрам сцэны», і гэта не проста неахайнасць, але і сэнсавая недакладнасць, бо неафіты-акторы, прэтэндэнты на ролю ператвараюцца ў тэхнічны персанал:
“не толькі мужчыны ў гадах прыйшлі паспрабаваць стаць Менеджэрам сцэны…”
Разам з тым, у п’есе Торнтана Уайлдэра, якую ставяць у рамане, «Stage Manager» пачынае спіс дзейных асобаў. Амаль непазбежную блытаніну ў адносінах «жыццё-тэатр» можна было б трохі разблытаць так:
“не толькі мужчыны ў гадах хацелі зайграць Памочніка рэжысёра…”
Пагадзіцеся, «прыйшлі паспрабаваць стаць» – недапушчальная стылістычная няўклюднасць, як і тры запар злучнікі «што» ў адным сказе:
“Мне прыйшло ў галаву, што даволі маркотна, што гэтыя людзі ехалі сюды неведама колькі часу марознай раніцай толькі таму, што спадзяваліся таксама ж ездзіць зноў і зноў на рэпетыцыі і спектаклі ажно да лета”.
Чаго можна пазбегнуць, мінімальна перабудаваўшы сказ:
“Як сумна, – падумала я, – гэтыя людзі ехалі сюды неведама колькі часу марознай раніцай толькі таму, што спадзяваліся таксама ж ездзіць зноў і зноў на рэпетыцыі і спектаклі ажно да лета”.
Апафеоз тэатрацэнтрычнасці ў тэксце – фрагмент, калі іранічна перайначваецца славутая шэкспіраўская цытата:
“All the world’s a stage,” Veronica said, because Veronica could read my mind, “and all the men and women merely want to be players.”
Так у рамане, а ў камедыі «Як вам спадабаецца» (другі акт, сёмая дзея) шырокавядомае: «All the world’s a stage, / And all the men and women merely players».
У чарнавіку перакладу блізка да арыгіналу рамана, і блізка да арыгінальнага Шэкспіра:
“Увесь свет – тэатр, – сказала Вероніка, бо яна магла чытаць мае думкі. – А ўсе мужчыны і жанчыны ўсяго толькі жадаюць быць акторамі”.
Вось толькі кудысьці выпараецца лёгкасць ды іранічнасць. Таму што вершаваны тэкст перастае распазнавацца як такой, ператвараючыся ў прозу, а яшчэ таму, што цытата амаль перастае пазнавацца, бо арыгінальныя «мужчыны і жанчыны» на ўзроўні «мема» даўно ператварыліся ў «людзей» (якія ў ім акторы). То, можа, варта перакласці так?
“Увесь свет – тэатр, – сказала Вероніка, якая чытала мае думкі. – І людзі ў ім жадаюць стаць акторамі”.
Дзеля справядлівасці, хоць камедыя Шэкспіра цалкам на беларускую не перакладалася, цікавы нам фрагмент існуе ў перакладзе Алены Таболіч. І там «мужчыны і жанчыны».
А вам як больш падабаецца?

Другі разгляданы на Майстэрні тэкст – пачатак перакладу нашумелага і паспяхова экранізаванага рамана «Зніклая» («Gone Girl») пісьменніцы Гіліян Флін (Gillian Flynn) – пакінуў у цэлым вельмі станоўчае ўражанне. Галоўнай праблемай для перакладчыцы стала хіба што лексіка, звязаная з архітэктурай, бо ў першым раздзеле шмат гаворыцца пра жытло і пераезд, які псіхалагічна траўмаваў гераіню кнігі. «Рознапавярховае жытло» ў працытаваным ніжэй фрагменце, безумоўна, выглядае па-беларуску грувастка і патрабуе спрашчэння.
Арыгінал: “It’s a rented house right along the Mississippi River, a house that screams Suburban Nouveau Riche, the kind of place I aspired to as a kid from my split-level, shag-carpet side of town”.
Чарнавік: “Гэта быў арэндны дом проста каля Місісіпі, дом, які крычаў «нуварышы ў прыгарадзе», месца, аб якім я марыў, калі быў малым хлопцам і жыў у частцы горада з рознапавярховым жытлом і варсістымі дыванамі”.
Стала: “Гэта быў здымны дом проста каля Місісіпі, дом, які крычаў «нуварышы ў прыгарадзе», месца, пра якое я марыў, калі быў малым хлопцам з раёну двухпавярховак з варсістымі дыванамі”.
Вось яшчэ адзін прыклад з архітэктурна-будаўнічай сферы. А заадно і хібнае ўжыванне слова «з-за», калі яно апісвае не прасторавыя адносіны (што было б цалкам слушна па-беларуску), а прычынны-выніковыя сувязі, якія ў розным кантэксце лепш перадаваць словамі «ад», «праз», «дзеля» і г.д.
Арыгінал: “But the only houses for rent were clustered in this failed development: a miniature ghost town of bank-owned, recession-busted, price-reduced mansions, a neighborhood that closed before it ever opened”.
Пераклад. Было: “Але дамы пад арэнду былі толькі ў гэтай занядбанай забудове — мініяцюры горада-прывіда з жытлом, якое банкі не здолелі прадаць па зніжаных з-за крызісу цэнах, у раёне, які закрыўся да таго, як адкрыцца”.
Стала: “Але здымныя дамы былі толькі ў гэтай занядбанай забудове — мініяцюрным горадзе-прывідзе з жытлом, якое банкі не здолелі прадаць па зніжаных пасля крызісу цэнах, у раёне, які закрыўся, так і не адкрыўшыся”.
Часам перакладу шкодзіць празмерная дэталізацыя. Там, дзе «ўдар нажом у спіну» (вядома ж, у пераносным сэнсе, калі гаворка пра здраду) выглядаў бы цалкам дарэчным, «паварот» гэтага нажа – нават калі прысутнічае ў арыгінале – ужо робіць уражанне чагось непатрэбнага і вычварнага. Як тое хрэстаматыйнае лермантаўскае «И там два раза повернуть / Мое оружье…», што не раз і не два рабілася аб’ектам пародый.
“It was a compromise, but Amy didn’t see it that way, not in the least. To Amy, it was a punishing whim on my part, a nasty, selfish twist of the knife”.
Чарнавік: “Гэта быў кампраміс, але Эмі так не лічыла, о не. Для Эмі гэта было пакаранне і мой капрыз, брыдкі, эгаістычны паварот нажа ў яе спіне”.
Прапанова: “Гэта быў кампраміс, але Эмі так не лічыла, о не. Для Эмі гэта было пакаранне і мой капрыз, брыдкі, эгаістычны ўдар нажом у спіну”.
Частая хіба перакладу – паўторы тых самых слоў, якія ў арыгінале не паўтараюцца, як у прыкладзе ніжэй, дзе ў беларускім тэксце аж тройчы сустракаецца слова «хутка». Праблема, якая лёгка вырашаецца, калі часцей карыстацца сінонімамі. (Звярніце таксама ўвагу на чарговае хібнае ўжыванне «з-за» не ў кантэксце прасторы. І чарговую праблему, звязаную з лексікай з літаратурнай сферы.)
Арыгінал: “I had a job for eleven years and then I didn’t, it was that fast. All around the country, magazines began shuttering, succumbing to a sudden infection brought on by the busted economy. Writers (my kind of writers: aspiring novelists, ruminative thinkers, people whose brains don’t work quick enough to blog or link or tweet, basically old, stubborn blowhards) were through”.
Пераклад, было: “Адзінаццаць гадоў у мяне была праца, і раптам яе не стала — так хутка ўсё адбылося. Па ўсёй краіне часопісы пачало калаціць нібы з-за інфекцыі, хутка распаўсюджанай крызісам у эканоміцы. Пісьменнікі (такія, як я: раманісты-пачаткоўцы, раздумлівыя аўтары, людзі, якія думаюць недастаткова хутка, каб пісаць у блог, ці скідваць спасылкі, ці страчыць цвіты, звычайна старыя, зацятыя балбатуны) былі больш не патрэбныя”.
Стала: “Адзінаццаць гадоў у мяне была праца, і раптам яе не стала — так імкліва ўсё адбылося. Па ўсёй краіне часопісы пачало калаціць нібы ад інфекцыі, імгненна распаўсюджанай крызісам у эканоміцы. Пісьменнікі (такія, як я: раманісты-пачаткоўцы, раздумлівыя аўтары, людзі, якія думаюць недастаткова хутка, каб весці блогі, посціць лінкі ці страчыць цвіты, звычайна старыя, зацятыя балбатуны) былі больш не патрэбныя”.
Хочацца спадзявацца, што абмеркаванне на Майстэрні натхніць абедзвюх удзельніц на працяг працы – і беларускія чытачы атрымаюць дзве новыя цікавыя кнігі, а ў беларускую літаратуру прыйдуць дзве новыя перакладчыцы!