«Трымай маю руку…»: шведскія вершы, канадская проза, беларускі пераклад | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 18 сакавіка 2025
«Трымай маю руку…»: шведскія вершы, канадская проза, беларускі пераклад | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч працягвае весці нататнік заняткаў.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

На чарговым паседжанні Перакладчыцкай Майстэрні разглядаліся вельмі розныя тэксты, напісаныя на розных мовах (па-шведску і па-ангельску) і прыналежныя да розных родаў літаратуры («дарослая» паэзія і дзіцячая/падлеткая проза). Арганічна яднала ўсё гэта асоба запрошанай эксперткі, Надзеі Кандрусевіч, перакладчыцы са шведскай мовы і выдаўчыні дзіцячай літаратуры па-беларуску.


Надзея Кандрусевіч – перакладчыца, заснавальніца выдавецтва Koska.

Перакладае са шведскай дзіцячыя кнігі. Пераклала асобныя часткі сусветна вядомай серыі пра Маму Му шведскіх казачнікаў Юі і Томаса Вісландэраў. Першай пераклала кніжку «Малы і мядзведзік» Юі Вісландар. Лаўрэатка прэміі «Гарачае сэрца» Шведскай акадэміі дзіцячай кнігі (2018) за адданасць дзіцячай літаратуры Швецыі і яе папулярызацыю. Лаўрэатка прэміі імя Карласа Шэрмана (2019) за пераклад са шведскай «Мітусьня ў агародзе» Свена Нурдквіста.


Надзея апавядала пра свой перакладчыцкі і выдавецкі досвед, дзялілася прафесійнымі парадамі. Адна з іх – вялікая карысць ад чытання перакладу ўголас, асабліва калі гаворка пра дзіцячую літаратуру. Найлепей, калі такі пераклад паслухае не толькі дарослы слухач, але і сапраўдная «мэтавая аўдыторыя». Перакладчыца спраўджвала беларускі тэкст на прадмет адпаведнасці арыгіналу і, разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам і ўсімі ўдзельнікамі Майстэрні, прапаноўвала рашэнні, як перадаць тое ці іншае складанае месца па-беларуску.

З дапамогай эксперткі-кансультанткі навучэнцы Майстэрні дыскутавалі над перакладамі сучасных шведскіх вершаў, якія прапанаваў на разбор Артур Камароўскі. Перакладчык завочна прадствавіў шведскую паэтку Ханну Райс (Hanna Rajs) і два яе вершы з кнігі «Таксама, мама», дзе тэматычна і вобразна адлюстраваная балючая страта, смерць маці.

Артур Камароўскі – ужо вядомы беларускі паэт, аўтар некалькіх зборнікаў вершаў і адзін з рэдактараў інтэрнэт-часопіса беларускай паэзіі «Taubin». Ён перакладае сучасных паэтак і паэтаў з трох моваў, некаторыя з гэтых перакладаў апублікаваныя ў «Таўбіне», а таксама ў зборніку ўкраінскай паэзіі «Пра словы і цішыню між імі».

Магчыма, найскладанейшае і найцікавейшае ў абмеркаванні было звязана з гетэраморфнасцю паэтыкі разгляданых вершаў, з іх пераходнасцю ад верлібра да класічна рыфмаванага тэксту, і назад. Так, перакладчык захоўвае ўсе спарадычныя рыфмы, якія нібы «выпадкова» з’яўляюцца ў верлібрычным тэксце:

rösten borta för kylan
solen gammal och grå
cyklar cyklar ändå
på stranden bara två

голас знікае праз холад
сонца старое і сівое
і ровары едуць усё адно
на пляжы толькі двое

У другім з разгляданых вершаў, нашмат больш рытмічна рэгулярным, такіх выпадкаў паболела, і перакладчык уважліва і сумленна ідзе за паэтыкай арыгіналу:

jag skriker när jag blundar i duschen
för det jag ser när jag ser dig är inte du
nu vill inte att den bilden blir den sista
jag undrar om jag har nåt mer att mista
ser mig själv bredvid dig i din kista
om du är död är jag samma, mamma

я крычу калі заплюшчваю вочы ў душы
бо тое што бачу калі я бачу цябе ўжо не
ты не хачу каб гэтае фота было апошнім
што маю я яшчэ што страціць можна
я бачу як ляжу ў труне з табой набожна
і калі ты памерла то я таксама, мама

У адным выпадку ўдзельнікі задумаліся, што рабіць, калі сама мова прапануе «халяўную» рыфму:

засталася зарытая мапа мне
і калі ты памерла то я таксама, мама

З аднаго боку, у арыгінале рыфмы «мапа»-«мама» не было (па-шведску «karta») і перакладчык, здавалася б, дазваляе сабе празмерную вольнасць. З іншага, сам прынцып спарадычнага, нерэгулярнага ўзнікнення рыфмы такому прыёму не супярэчыць. Канчаткова вырашыць, ці «карыстацца дапамогай» беларускай мовы, сам перакладчык. А як бы зрабілі вы?

Другое пытанне, што абмяркоўвалася ў сувязі з разборам вершаваных перакладаў, – як захоўваць рэаліі, што прыйшлі з іншай мовы ды іншай культуры. У вершах Ханны Райс шмат навеяных памяццю пра маму габрэйскіх вобразаў, звязаных з юдэйскай рэлігійнай традыцыяй.

och palla äpplen till rosh hashana
idag har jag en anledning att kasta mig i tashlich

цяпер збіраць яблыкі ў рош хашана
сёння я маю прычыну кінуцца ў ташліх

Перакладчык сумленна пераносіць іх у беларускі тэкст, не тлумачачы таго, што палічыла непатрэбным тлумачыць аўтарка. Але пэўнай графічнай і граматычнай адаптацыі па-беларуску гэтыя словы ўсё-ткі сям-там патрабуюць.

Арыгінал:
och om du vill
från yom kippur till yom kippur
och om du vill
från sukkot till sukkot
och om du vill
håll min hand i
en sukkah i en synagoga

Было:
і калі ты хочаш
ад йом-кіпур да йом-кіпур
і калі ты хочаш
ад суккот да суккот
і калі ты хочаш
трымай маю руку ў
сукку ў сінагозе

Стала:
і калі ты хочаш
ад ём-кіпур да ём-кіпур
і калі ты хочаш
ад сукот да сукот
і калі ты хочаш
трымай маю руку ў
суцэ ў сінагозе

Люсі Мод Мантгомеры

Другая частка дыскусіі была прысвечаная канадскай пісьменніцы Люсі Мод Мантгомеры і яе самаму знакамітаму раману «Эн з Зялёных Мезанінаў» («Anne of Green Gables»). Перакладчык прадставіў на разбор невялічкі фрагмент твору па-беларуску, яго XXII раздзел «Эн запрашаюць на чай» («Anne is invited out to tea»). Чаму аж настолькі з сярэдзіны кнігі? Бо яе абеларушванне – сумесны праект, некалькі перакладчыкаў падзялілі тэкст на часткі і размеркавалі між сабой.

У прынцыпе, у такім падыходзе крыецца пэўная небяспека, што розныя часткі будуць мець розную стылістычную афарбоўку, а тыя самыя імёны могуць быць перададзеныя па-рознаму. Каб гэтак не здарылася, патрэбны пільны рэдактар з шырокімі творчымі паўнамоцтвамі, які возьме на сябе адказнасць і за зместавую несупярэчлівасць, і за стылістычную цэльнасць. Але на дадзеным этапе працы над перакладам яго (ці яе) яшчэ няма – і гэта выйшла на паверхню ў адным фрагменце, калі перакладчык не распазнаў цытату, словы з верша Роберта Браўнінга. Словы, якія ўжо сустракаліся ў тэксце, – аўтарка зрабіла іх эпіграфам да ўсёй кнігі, а цяпер працытавала:

The good stars met in your horoscope,
Made you of spirit, fire and dew…

Працуй перакладчык над творам адзін, такой праблемы не ўзнікла б.

Яшчэ адной з заўваг да перакладу, што прагучалі на Майстэрні, была прапанова не ператвараць дзяўчынку ў дарослую на ўзроўні словаў, якія яна кажа. Інакш кажучы, пазбягаць залішняй абстрактнасці лексікі, не ўласцівай для дзіцячай мовы.

“You know I never had tea at a manse before, and I’m not sure that I know all the rules of etiquette, although I’ve been studying the rules given in the Etiquette Department of the Family Herald ever since I came here. I’m so afraid I’ll do something silly or forget to do something I should do. Would it be good manners to take a second helping of anything if you wanted to very much?”

У чарнавіку ў перакладчыка было:

Вы ж ведаеце, што мяне ніколі не запрашалі на чай у дом святара. Я не зусім пэўная, што ведаю правілы этыкету, хаця я вывучала “Калонку этыкету” ў “Сямейным весніку” ад пераезду сюды. Я так баюся напартачыць ці пра нешта забыць. Ці будзе гэта добрым тонам узяць дабаўку чаго-небудзь, калі вельмі схочацца?

Прапанаваныя змены:

Вы ж ведаеце, што мяне ніколі не запрашалі на чай у дом святара. Я не зусім пэўная, што ведаю, як сябе паводзіць, хаця вывучала “Калонку этыкету” ў “Сямейным весніку”, пераехаўшы сюды. Я так баюся напартачыць ці пра нешта забыць. Ці будзе ветліва ўзяць дабаўку чаго-небудзь, калі вельмі захочацца?”

Найістотнейшай заўвагай і аднасова ўніверсальнай парадай была ўжо не першы раз выказаная на Майстэрні просьба памятаць, што мастацкі пераклад – гэта не механічнае перанясенне слова за словам з мовы ў мову, а найперш працэс пісання, спалучэння слоў ужо на тваёй мове, і яны мусяць сэнсава і стылістычна спалучацца міжсобку. І таму, пераклаўшы фрагмент, вельмі карысна потым яго перачытаць, як бы забыўшы пра арыгінал, спраўдзіўшы, наколькі гэты тэкст выглядае жыццяздольным па-беларуску. Ці не з’явіліся ў ім недарэчнасці, якіх бы не было, каб у вачах перакладчыка не стаяў арыгінал, засланяючы сабой пераклад?

Арыгінал: “We had an elegant tea…”

Было: “Пачаявалі мы элегантна…”

Стала: “Мы так файна пачаявалі…”

Часам даслоўнасць сэнсава абцяжарвае пераклад, які робіцца не ўсім зразумелы:

Арыгінал: “She was dressed in the sweetest dress of pale-pink organdie…”

Было: “На ёй была мілавідная сукня з бледна-ружовай аргандзі…”

Стала: “На ёй была мілая сукенка з бледна-ружовага шыфону…”

Паспрабуйма разабраць кароткі фрагмент, у арыгінале – адзін сказ, які ў перакладзе ператвараецца ў два:

Anne evidently got through her visit without any serious breach of “etiquette,” for she came home through the twilight, under a great, high-sprung sky gloried over with trails of saffron and rosy cloud, in a beatified state of mind and told Marilla all about it happily, sitting on the big red- sandstone slab at the kitchen door with her tired curly head in Marilla’s gingham lap”.

Візіт для Эн прайшоў без сурёзных парушэнняўэтыкету“, бо вярнулася дамоў яна прыцемкамі пад высокім небам, зацягнутым слядамі шафранаваружовых аблокаў, будучы ў добрым гуморы. Седзячы на вялізнай стальніцы з чырвонага пясчаніку ля кухонных дзвярэй са стомленай кучаравай галоўкай на Марыліных каленях у клятчастай ваўнянай спадніцы, яна радасна пра ўсё распавядала”.

Па-першае, у перакладзе знікае ангельскае «evidently», а разам з ім – і лёгкая аўтарская іронія. Бо з папярэдняга прыкладу ясна, як важна для гераіні было «не напартачыць», – і вось удалося. Па-другое, сядзенне «з галоўкай на каленях» стварае непажаданы эфект адасобленасці гэтай «галоўкі» ад рэшты цела, і гэты эфект толькі пабольшваецца ад словазлучэння «на каленях у спадніцы» (тут ужо калені самастойна носяць адзежу). Па-трэцяе, «Марыліны калені» ўзмацняюць небяспечную блізкасць імёнаў, ператвараючы Марылу (Marilla) у беларускую Марылю. Па-чацьвёртае, сказ пра вяртанне дзяўчыны збудаваны так, што канец і пачатак прысвечаны яе вяртанню і яе настрою, а сярэдзіна – апісанню неба, і можна падумаць, што ў добрым гуморы былі «шафранава-ружовыя аблокі», а ніяк не галоўная гераіня аповесці. Такім чынам, перакладчыку давядзецца радыкальна перабудаваць увесь гэты фрагмент.

Напрыклад, так:

Візіт, відавочна, прайшоў без сур’ёзных парушэнняў “этыкету”, бо дамоў увечары, калі высокае неба пакрылася зіхоткімі шафранава-ружовымі аблокамі, Эн вярнулася ў добрым гуморы і,  усеўшыся на вялізнай пліце з чырвонага пясчаніку ля кухонных дзвярэй ды паклаўшы стомленую кучаравую галаву на калені Марылы, стала радасна ёй пра ўсё апавядаць”.