
На 15 сакавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 168.
Пачаўся суд паводле крымінальнай справы журналісткі і літаратаркі Паліны Піткевіч.
Суд зрабіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы журналіста, аўтара нон-фікшн літаратуры Ігара Ільяша.
Палітзняволены Ігар Ільяш не мае магчымасці ліставацца са сваёй жонкай, палітзняволенай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай).
Кнігі па гісторыі Другой сусветнай вайны: «Кроў і попел Дражна: гісторыі партызанскага злачынства», «Партизаны СССР: от мифов к реальности», «Советские партизаны: мифы и реальность» прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Прадстаўнікі пракуратуры распавялі, чаму дакументальны фільм «Лес», прысвечаны сталінскім рэпрэсіям, прызнаны «экстрэмісцкім».
У Мінску пасля скаргаў праўладных актывістаў зачынілася выстава «Беларускі бестыярый» у галерэі «Мастацтва».
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 7 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд у крымінальнай справе журналісткі і літаратаркі Паліны Піткевіч, якую абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). КДБ лічыць яе датычнай да «экстрэмісцкага фарміравання» «MediaIQ» – праекта Прэс-клуба для павышэння медыяпісьменнасці. Паліна Піткевіч пісала журналісцкія матэрыялы на культурніцкія тэмы, грала акторскія ролі ў Лабараторыі сацыяльнага тэатра ў Мінску. Скончыла журналісцкі факультэт са спецыяльнасцю «Літаратурная работа». Заняла трэцяе месца ў літаратурным конкурсе «Неба з сабою», які ладзіўся Беларускім ПЭНам у межах Вандроўнага фэсту Уладзіміра Караткевіча ў 2020 годзе.
2. 12 сакавіка стала вядома, што Мінскі гарадскі суд зрабіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы журналіста, аўтара нон-фікшн літаратуры Ігара Ільяша. Пра гэта паведаміў на сваёй Facebook-старонцы журналіст Сяргей Ваганаў, дзед жонкі Ільяша, палітзняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай): «Зараз аб’яўлены перапынак у сувязі з тым, што па хадайніцтву дзяржабвінаваўцы суд накіраваў аналітычныя публікацыі Ігара ў СМІ эксперту пазасудовай экспертнай арганізацыі, прафесару, доктару філалагічных навук, загадчыку кафедры на філфаку БДУ С. І. Лебядзінскаму. Што праўда, Ігар з адвакатам хадайнічалі аб экспертызе ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, але суд іх хадайніцтва не задаволіў. Такім чынам, суд і ўсе мы чакаем зараз вынікаў экспертызы». Пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка 2024 года. Ігар Ільяш – журналіст, які разам з жонкай, журналісткай і літаратаркай (цяпер палітзняволенай) Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) выдаў кнігу «Беларускі Данбас» (2020) пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны. У сакавіку 2021 года суд прызнаў кнігу «экстрэмісцкай».
ІІ. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
Журналіст Сяргей Ваганаў, дзед жонкі Ігара Ільяша, палітзняволенай журналісткі і літаратаркі Кацярыны Андрэевай, напісаў пра стан Ігара Ільяша за кратамі: «Адзінае, што яго засмучае, гэта немагчымасць наўпрост ліставацца з Кацяй, якая ўжо пяты год утрымліваецца ў гомельскай ПК-4. Адзіная спроба даслаць ёй ліст скончылася яго вяртаннем, хаця папярэдне Ігару сказалі, што афіцыйнай забароны на ліставанне паміж зняволенымі няма».
III. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
6 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» кнігі па гісторыі Другой сусветнай вайны: «Кроў і попел Дражна: гісторыі партызанскага злачынства», «Партизаны СССР: от мифов к реальности», «Советские партизаны: мифы и реальность».
IV. Цэнзура
1. 5 сакавіка прадстаўнікі пракуратуры Гомельскай вобласці распавялі, чаму дакументальны фільм «Лес», прысвечаны сталінскім рэпрэсіям, прызнаны «экстрэмісцкім». Стужку дадалі ў «экстрэмісцкі спіс» яшчэ ў студзені 2025 года. Фільм распавядае пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне. Ролю чалавека, які выжыў падчас расстрэлу, выканаў акцёр тэатра імя Янкі Купалы Алег Гарбуз. На думку супрацоўнікаў пракуратуры, стваральнікі фільма «катэгарычна адмаўлялі вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа». «У прыватнасці, адмаўлялі той факт, што знойдзеныя следчай групай Генпракуратуры падчас палявых работ астанкі цел належалі ахвярам, расстраляным фашыстамі ў часы вайны. На відэа псеўдаэксперты-гісторыкі заяўлялі, што на месцы пахавання знойдзеныя астанкі людзей, рэпрэсаваных савецкай уладай у 30-х гадах мінулага стагоддзя», – заявіў начальнік упраўлення Генпракуратуры.
2. 13 сакавіка ў Мінску зачынілася выстава «Беларускі бэстыярый» у галерэі «Мастацтва». «Сябры! З незалежных ад нас прычын выстава “Беларускага бестыярыя” зачыненая. Экскурсій больш не будзе», – паведамілі пра закрыццё арганізатары праекта ў Instagram. Выстава мелася працаваць да 22 сакавіка. «Беларускі бестыярый» адкрыўся ў галерэі «Мастацтва» 11 сакавіка, пра адкрыццё экспазіцыі напісала дзяржаўная газета «Звязда». Але ўжо на другі дзень з’явілася крытыка ў адрас экспазіцыі ад праўладных мастакоў Святланы Жыгімонт і Аляксандра Плавінскага, а таксама прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай.