«А што і дзе я піў? І ў якой паслядоўнасці?»: Ерафееў па-беларуску | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 4 сакавіка 2025
«А што і дзе я піў? І ў якой паслядоўнасці?»: Ерафееў па-беларуску | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч працягвае весці нататнік заняткаў.

«Алкагольная» проза – вельмі часта пра свабоду і яе пошукі ў несвабодным грамадстве. Пра тугу па метафізічнай свабодзе апавядае раман паляка Ежы Пільха «Пад моцным анёлам». Прадчуваннем блізкай свабоды і развалу Савецкага Саюзу аж віруе раман украінца Юрыя Андруховіча «Маскавіяда», як і раман літоўца Юргіса Кунчынаса «Туўла», нядаўна бліскуча перакладзены на беларускую Сяргеем Шупам. І, вядома ж, як без гэтага – класіка жанру! – у геніяльнай «паэме» Венядзікта Ерафеева «Масква-Петушкі», якой і быў прысвечаны чарговы занятак Перакладчыцкай Майстэрні.

Першы беларускі перакладчык твору – гомельскі літаратар-постмадэрніст Сяргей Балахонаў, чыя праца публікавалася ў інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСвет». А сёлета сталася так, што адразу двое ўдзельнікаў Перакладчыцкай Майстэрні, не змаўляючыся, прадставілі фрагменты культавага твору ў сваіх перакладах. І іх параўнанне дало падставы для сякіх-такіх тэарэтычных абагульненняў. Абагульненняў, датычных перакладу спецыфічнай ерафееўскай паэтыкі, але і больш агульных заканамернасцяў што да перакладу з блізкай мовы.

Па-першае, варта памятаць пра парадыйна-цытатную прыроду гэтага постмадэрнісцкага тэксту – і спрабаваць захаваць яе ў перакладзе.

Своеасаблівая задача-мінімум тут – распазнаваць гэтыя цытаты і пародыі і захоўваць іх пазнавальнасць, «не разбураць» іх па-беларуску. Адпаведна, задача-максімум – далікатна ўводзіць у тэкст (выключна там, дзе гэта дарэчна, дзе дазваляе арыгінал) беларускія цытаты, на якія рэагавалі б ужо нашыя чытачы.

Па-другое, нельга трапляць у залежнасць ад блізкай мовы, ужываць граматычныя, лексічныя, фразеялагічныя русізмы. Не калечыць (ад слова «калька») адметны мастацкі тэкст.

Па-трэцяе, не след упадаць у, так бы мовіць, «адваротную залежнасць» ад блізкай мовы, калі робіш усё, каб толькі не ўжыць слова ці канструкцыі, якія б нагадвалі рускі арыгінал.

У гэтым сэнсе карысна, як і з любым перакладам, на нейкім этапе адкласці арыгінал і ацаніць свой беларускі тэкст як такі – наколькі ён натуральны і арыгінальны сам па сабе. І толькі потым зноў параўнаць яго з арыгіналам.

Часам варта наважыцца на вольнасць, бо даслоўна тэкст не загучыць. А раз-пораз варта і трохі стрымаць свае творчыя пошукі, каб не нашкодзіць свайму аўтару, падмяніўшы ягоную стылістыку, ягоныя творчыя намеры – сваімі. Некаторыя фрагменты, на правах ілюстрацыі, прыводзім тут.

Арыгінал: Так. Стакан зубровки. А потом – на Каляевской – другой стакан, только уже не зубровки, а кориандровой.

Пераклад 1: Так. Стакан зуброўкі. А потым – на Каляеўскай – другі стакан, толькі ўжо не зуброўкі, а карыяндравай.

Пераклад 2: Так. Шклянка зуброўкі. А потым – на Каляеўскай – другую шклянку, толькі ўжо не зуброўкі, а каляндроўкі.

Другі варыянт выглядае сімпатычней не толькі таму, што па-беларуску п’юць шклянкамі, а слова «стакан» ужываецца ў вузкім тэхнічным і ваенным кантэксце, але найперш таму, што сумнеўны «карыяндр» натуральна ператвараецца ў беларускую «каляндру», а настойка з яе, паводле аналогіі з зуброўкай, – у «каляндроўку». Віртуальны тост за другога перакладчыка і большую свабоду ў абеларушванні тэксту!

Разам з тым, празмернае абеларушванне можа і нашкодзіць, калі перакладаеш рэаліі ці ўласныя назвы, як у дадзеным выпадку:

Арыгінал: Поэтому там же, на Каляевской, я добавил еще две кружки жигулевского пива и из горлышка альб-де-дессерт.

Пераклад 1: Таму там жа, на Каляеўскай, я наддаў яшчэ два куфлі жыгулёўскага піва і з рыльца альбдэ-дэсерт.

Пераклад 2: Такім чынам там жа, на Каляеўскай, я дадаў два кубкі Жыгулёўскага піва ды на коўтак белага дэсэртнага.

Можна толькі парадавацца, што маладыя перакладчыкі не знаёмыя з алкагольнай прадукцыяй эпохі позняга сацыялізму. (Можа, таму часам пішуць яе назвы з вялікай літары?) Але гугліць невядомыя рэаліі карысна заўсёды. Падчас дыскусіі адзін з удзельнікаў не толькі хутка знайшоў інфармацыю пра танны малдаўскі вінны напой (моцнасць 15-17 абаротаў, цукар 16%), але і карцінку з выявай этыкеткі. Вось жа, адэкватнейшым тут здаецца першы пераклад, а этыкетку далучаем як рэчавы доказ.

Перакладаючы постмадэрнісцкі тэкст, бліскучым прыкладам якога ёсць «Масква-Петушкі», варта памятаць пра захаванне яго шырокага стылістычнага дыяпазону, пра тонкі кантраст між высокім і нізкім, між, так бы мовіць, сакральным і прафанным, які нельга згубіць у перакладзе.

Арыгінал: с улицы Чехова и до этого подъезда я выпил еще на шесть рублей – а что и где я пил? и в какой последовательности? Во благо ли себе я пил или во зло?

Пераклад 1: …з вуліцы Чэхава і да гэтага пад’езду я выпіў яшчэ на шэсць рублёў – а што і дзе я піў? І ў якой паслядоўнасці? Добра для мяне гэта было ці дрэнна?

Пераклад 2: …з вуліцы Чэхава да гэтага пад’езду я выпіў яшчэ на шэсьць рублёў – але што і дзе я піў. І ў якой пасьлядоўнасьці? З прыемнасьцю ці не?

Здаецца, абодва пераклады не зусім далі рады з гэтым «во благо или во зло». Магчыма, перакладчыкаў збянтэжыла міжмоўная аманімія са словам «блага», а можа, адсутнасць «высокага» сіноніма да нейтральнага слова «добра». Так ці іначай, першы пераклад згубіў стылістычны кантраст, ад чаго тэкст зрабіўся трохі банальнейшым, а ў другім перакладзе змяніўся і непасрэдны сэнс, бо катэгорыі прыемнага і карыснага, на жаль, далёка не заўсёды супадаюць. Але, калі ўжо немагчыма стылістычна «зынакшыць» канкрэтнае слова, то гэта можна кампенсаваць, зрабіўшы такое з суседнім словам. Так, рашэннем праблемы магло б быць: «На дабро сабе я піў ці на ліха

Прывядзём яшчэ пару прыкладаў тэксту, якія былі стылістычным выклікам для перакладчыкаў, якія змагаліся і давалі з ім рады вельмі па-рознаму:

Арыгінал: Все на свете должно происходить медленно и неправильно, чтобы не сумел загордиться человек, чтобы человек был грустен и растерян.

Пераклад 1: Усё на свеце павінна адбывацца павольна і няправільна, каб не змог запышнець чалавек, каб чалавек быў маркотны ды збянтэжаны.

Пераклад 2: Усё на сьвеце мае адбывацца павольна ды няправільна, каб чалавек ня мог занаравіцца, каб быў сумны ды загублены.

Які з двух варыянтаў перакладу выразу «грустен и растерян» здаецца цікавейшым вам? Ці варта было б пашукаць яшчэ? Трохі здзівіла, што абодва перакладчыкі заняліся далёкімі стылістычнымі і сэнсавымі пошукамі на месцы, здавалася б, нескладанага «загордиться». Калі лабавы варыянт «заганарыцца» камусьці мог падацца занадта банальным, то ўжо «зафанабэрыцца», здаецца, задаволіў бы самых пераборлівых эстэтаў? Зрэшты, хто іх ведае, пераборлівых эстэтаў, і што б яны сказалі на такое:

Арыгінал: О, тщета! О, эфемерность! О, самое бессильное и позорное время в жизни моего народа – время от рассвета до открытия магазинов! Сколько лишних седин оно вплело во всех нас, в бездомных и тоскующих шатенов!

Пераклад 1: О, марнасць! О, эфемернасць! О, самы няможны і ганебны час у жыцці майго народа – час ад досвітку да адкрыцця крам! Колькі лішніх сівін ён ўплёў ва ўсіх нас, у бясхатніх ды маркотных шатэнаў!

Пераклад 2: О, марноцьце! О, этэмэрнасьць! О, самыя бясьсільныя ды ганебныя гадзіны ў жыцьці майго народу – гадзіны ад сьвітанку да адчыненых крамаў. Колькі непатрэбных сівін яны ўткалі ў нас, у бясхатных, сумуючых шатэнаў!

Цікава, што перакладчыкі, не змаўляючыся, палезлі ў слоўнік Байкова і Некрашэвіча па экзатычнае слова «бясхатніх», пасаромеўшыся «бяздомных». Ці не таму, што для пачаткоўца ў перакладзе з рускай ўсё, падобнае да мовы арыгіналу, выглядае занадта падазрона. Але ж «бяздомны» – гэта цалкам па-беларуску. На жаль, у апошні час аж занадта па-беларуску. Як, дарэчы, і «беспрытульны». І шмат чаго яшчэ, слоўнік сінонімаў у такіх сумных выпадках дае нам доўгі спіс варыянтаў. «Радасныя» спісы сінонімаў нашмат карацейшыя.

І ў абодва пераклады – о дзіва! – трапіла сумнеўнае слоўка «сівін». Мабыць, перакладчыкі адчулі, і слушна зрабілі, што ад слова «сівізна» множны лік не ўтвараецца, але ўсё адно даслоўна ішлі за рускім тэкстам. Але калі не ўтвараецца, то ці варта капіяваць, плодзячы монстраў? Колькі «непатрэбнай сівізны», колькі «лішніх сівых валасоў» можа з’явіцца ў нас, «беспрытульных і бязрадасных» чытачоў, калі перакладчыкі будуць даслоўна паўтараць арыгінал, а не займацца тым, чым павінны: ствараць найперш добры тэкст на сваёй мове, і не пісаць у перакладзе нічога, чаго б самі ні ў якім разе не напісалі па-беларуску.

Сказаў – і неадкладна выпіў за здароўе ўсіх перакладчыц і перакладчыкаў, чыя натхнёная праца ап’яняе і не прыносіць пахмелля!