Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.
ЯПОНСКАЯ КВЕТКА НА БЕЛАРУСКІМ ПОЛІ
Ева Вайтоўская. Гарэзлівы пацалунак: Кніга другая. Моладзевы раман. Мінск: Янушкевіч, 2023.
Лічу неабходным папярэдзіць: у тэксце рэцэнзіі ёсць спойлеры. Таму адразу – сцісла: мяркую, кніга вартая. Асабліва для маладой аўдыторыі і ўвогуле для тых, хто жадае адпачыць з лёгкім, але добра напісаным творам пра закаханую старшакласніцу і яе мілосную гісторыю. У кнізе Евы Вайтоўскай не ўсё так проста, як у стандартных “жаночых раманах” і іх мадыфікацыях для юнацтва. Тут ёсць месца і для грунтоўнага псіхалагічнага партрэта гераіні, і для інтэлектуальнай гульні, і для прыгодаў іншага кшталту. Эксперымент з “перасадкай” на беларускую культурную глебу ўсходняга сюжэта – з’ява нячастая, і Ева Вайтоўская праводзіць яго ўдала.
Літаратуры для падлеткаў і юнацтва на беларускай мове сёння ствараецца няшмат. Па маіх прыблізных падліках на аснове поўных спісаў кніг, намінаваных у розныя гады на Прэмію імя Цёткі, у сярэднім прыкладна з 30 пазіцый проза для падлеткаў складае адзінкі – ад 1 да 4 пазіцый за год. Таму кожная добрая кніга для аўдыторыі “young adult“ становіцца каштоўнасцю – пры тым, што ў многіх іншых літаратурах існуе паўнавартасны рынак такіх кніг. Аднак кніга Евы Вайтоўскай з пэўнасцю вытрымае запыты любой аўдыторыі – не толькі моладзі (бо вызначэнне “моладзевы раман” можна суадносіць і з тэматыкай). У ёй выдатна паказана моцнае пачуццё, героі жывыя, іх адносіны і развіццё сюжэта маюць досыць шырокі і падрабязна прапісаны фон. Калі мы ў розных узростах з задавальненнем чытаем пра Рамэа і Джульету, то чаму б не пачытаць пра каханне сучаснай дзяўчыны, разумнай, ініцыятыўнай, мэтанакіраванай і эмацыйнай?
Задавальненне можна атрымаць і назіраючы за міжкультурнай гульнёй, якую аўтарка вядзе ўпэўнена і тонка. Падобныя эксперыменты ў беларускай літаратуры і сумежнай з ёй культурнай прасторы з заўважным размахам здзяйсняліся даволі даўно. Мабыць, за часоў Францішкі Уршулі Радзівіл, якая, ствараючы рэпертуар для тэатра пры сваім двары, нярэдка выкарыстоўвала сюжэты з экзатычных крыніц і ў большай ці меншай ступені надавала ім “мясцовы каларыт”. Што цікава, цяпер да падобнай практыкі актыўна звяртаюцца акурат японскія аўтары: яны ахвотна запазычваюць сюжэты заходняй літаратуры, міфалогіі, кіно, пераасэнсоўваюць іх і нязмушана робяць фактамі сваёй культуры.
Манга “Гарэзлівы пацалунак” Каору Тады – арыгінальны японскі твор (гэта манга сёдзё, адрасаваная старэйшым школьніцам), які ўжо можа лічыцца падлеткава-юнацкай класікай. Кніга Евы Вайтоўскай перапрацоўвае японскі сюжэт грунтоўна: змяняецца месца дзеяння і, адпаведна, культурны кантэкст, дадаюцца цалкам новыя элементы. Але асноўныя калізіі даволі паслядоўна захоўваюцца – чытач пры жаданні можа прасачыць за тым, як выконваецца гэтае “правіла гульні”.
Галоўная гераіня ў абодвух творах стаіць у цэнтры сюжэта і рухае яго развіццё. Каору Тада часам “перадае слова” самой гераіні, Котака Аіхары, і ўсё, што адбываецца ў творы, амаль абавязкова звязана з ёй. Гераіня Евы Вайтоўскай, Соня Сінічка, – яшчэ больш магутны “рухавік сюжэта”. Часта менавіта ад яе рашэнняў залежыць, у якім кірунку будзе развівацца сюжэт. За гісторыяй Соні часам праглядаюцца і аўтабіяграфічныя элементы, і, магчыма, аўтарскія пачуцці (як у лірычным адступленні пра значныя месцы і іх уплыў на жыццё – і Соні Сінічкі, і “аўтара”-апавядальніка).
Што ж з асобай галоўнай гераіні? У манзе гэта сапраўды глупаватая дзяўчына, кантраст да генія з IQ 200, у якога яна закаханая. Так, зрэдку яна можа пастарацца і няблага здаць іспыт, але для яе гэта закрытычная нагрузка. З ёй увесь час здараюцца непрыемнасці і няёмкія сітуацыі. Котака – камічная гераіня, але ў яе ёсць і нежартоўныя вартасці: яна мэтаскіраваная, у пэўных адносінах прынцыповая, а яшчэ вельмі добрая і імкнецца ўдасканаліць у сабе тое, што можа. Гэтае спалучэнне якасцяў здолеў ацаніць Наокі Ірые, дый не толькі ён. Падобна, што ёй пасуе роля жонкі ў традыцыйнай сям’і – нездарма яе кандыдатуру ўхваляе нават прывід продка Наокі. Але традыцыі, як сямейнай, так і літаратурнай – ролі камічнай няўдачніцы, якой шанцуе бліжэй да фіналу, – супрацьстаіць адзін нюанс. Яе каханне настолькі моцнае, што можа пераадолець традыцыйную адчужанасць паміж сужэнцамі і прымушае каханага (і чытача) сур’ёзна ставіцца да яе і да яе пачуццяў.
Соня Сінічка – гэта паўнавартасны, дэталёва прапісаны характар. Найперш, яна вельмі разумная дзяўчына, хіба што трохі дэзарыентаваная ў плане навучальнай дзейнасці (атрымаўшы ад каханага, Максіма Статкевіча, парады па эфектыўным навучанні, яна выдатна дастасоўвае іх сама) і не амбітная. Стымулам для росту яе амбіцый становіцца акурат каханне. Але калі для японскай гераіні каханы – адзіны і непарушны цэнтр сусвету, то Соня – асоба моцная і самадастатковая, а яе апантанасць Максімам – адзін з тых загадкавых выпадкаў, калі “сэрца” непадуладнае нават моцнаму “розуму”, і паміж гэтымі бакамі асобы разгортваецца нежартоўная барацьба. Соніны няўдачы і ляпсусы (многія паходзяць з мангі) з развіццём сюжэта выглядаюць усё менш выпадковымі: гэтымі падзеямі гераіня таксама кіруе, і за наступствы, у адрозненне ад Котака, часта бярэ адказнасць на сябе. У адносінах з каханым Соня не падначаленая, а раўнапраўная дзяячка.
Інтэлектуальныя намаганні Соні ператвараюцца не толькі ў спробу нагнаць каханага па адзнаках, але і ў своеасаблівае спаборніцтва. Мала таго, у яе ёсць сваё поле, на якім яна мацнейшая, – сусветная літаратура. Гэты сюжэтны элемент самайстойны, амаль нічога падобнага ў творы Каору Тады няма. Ужо ў першай кнізе высвятляецца, што Соня – апантаная чытачка, хоць і чытае бессістэмна (для дзіцяці, якое чытае самастойна, з уласнага эмацыйнага памкнення, гэта цалкам натуральна). Прачытаныя кнігі ствараюць яе ўласны патаемны сусвет. Потым Соня без праблем паступае на філалагічны факультэт. Цікава, што Котака таксама адразу пасля школы паступае на філалогію, якая лічыцца “класам F” (для самых слабых вучняў) універсітэта. Але ў Соні гэта свядомы выбар з улікам уласных цікаўнасцяў. Соня – моцная студэнтка, падчас вучобы яна ўвойдзе ў “элітарны клуб” інтэлектуалаў філфака. І яшчэ яна мае свой “Цытатнік”, які пры заканчэнні кнігі складае нешта кшталту “паслямовы”, што дазваляе яшчэ раз судакрануцца з гераіняй і мастацкім грунтам яе асобы і гісторыі. Мы бачым там творы Сэргія Жадана, Джона Кітса, Адама Міцкевіча, Сержа Мінскевіча, песні “Песняроў”, Барыса Грабеншчыкова, Леанарда Коэна. Такой “паслямовы” заслугоўвае, мабыць, толькі персанаж, заглыблены ў свет паэзіі і і паэтычны сам па сабе. Дарэчы, і развіццё лёсу Соні падаецца ў літаратурных тэрмінах: загалоўкі многіх раздзелаў перагукаюцца з назвамі кніг або іншым чынам адсылаюць да мастацка-культурнага кантэксту. Гэта арыгінальная вобразная і інтэлектуальная гульня Евы Вайтоўскай.
Яшчэ адна пераважна аўтарская лінія – змена ў дабрачынным лагеры, пры канцы якой адбываецца вырашальная гутарка паміж галоўнымі героямі. Тут вымалёўваецца і праблема захавання беларускасці як жывой з’явы. Арганізатары лагера – людзі, апантаныя ідэяй папулярызацыі беларушчыны, ім вельмі хочацца, каб гэтая тэматыка натхняла арганізатараў дасуга дзяцей з Чарнобыльскай зоны, і з такім разлікам падбіраецца каманда, у якой аказваюцца бадай усе значныя для аповеду персанажы. Сцэны, што вядуць да развязкі інтрыгі з узаемаадносінамі галоўных герояў, разгортваюцца на фоне святкавання Купалля, разнастайных тэатральных, кулінарных, гістарычных мерапрыемстваў і конкурсаў, у асяродку прыроды на берагах Віліі. У гэты час адбываецца і культурнае самавызначэнне галоўнай гераіні, яна спакваля, але ўпэўнена прымае іншы варыянт свайго імені – Зося. Аўтарцы яўна сімпатычнае менавіта такое натуральнае, паступовае спазнанне нацыянальнага грунту.
На чым асабіста я “спатыкаюся” пры чытанні? Па-першае, гэта кантэкст, у якім разгортваюцца падзеі. У творы даволі многа канкрэтыкі: мы ведаем месца дзеяння, маем дакладныя геаграфічныя каардынаты; з абставінаў можам прыкладна вызначыць час, калі адбываюцца падзеі (хутчэй за ўсё, другая палова 2010-х гадоў). Але, як мне здаецца, у творы часам “адгукаецца” і атмасфера 1990-х (да іх адносіцца “Гарэзлівы пацалунак” Тады Каору), і праз гэта час дзеяння трохі размываецца. Аднак літаратурны твор не абавязаны падаваць “аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаіснасці”. Думаю, больш важна, каб яго свет валодаў унутранай цэласнасцю, а з гэтым у “Гарэзлівым пацалунку” Евы Вайтоўскай усё добра.
Па-другое, некаторыя псіхалагічныя пабудовы і калізіі падаліся мне занадта фантастычнымі. Напрыклад, гісторыя “няшчаснага закаханага” “Васі” (Аляксея Васілеўскага), які яшчэ са школьнага часу дамагаўся Сонінай увагі. Такі персанаж ёсць і ў манзе, гэта хлопец просты, не надта разумны, вельмі эмацыйны, схільны да хуліганскіх выхадак, але кранальны ў сваёй адданасці гераіні. У Каору Тады ён урэшце знаходзіць іншую каханую і толькі тады перастае дамагацца Котака. У Евы Вайтоўскай сітуацыя больш складаная. Высвятляецца, што бадай увесь час, пра які ідзе гаворка ў абедзвюх кнігах, “Вася” быў закаханы зусім у іншую дзяўчыну. Калі памятаць, што і ў беларускім “Гарэзлівым пацалунку” ён просты “пацан з раёна”, такія паводзіны мне падаюцца дзіўнымі. Ці не зашмат энэргіі затрачвае ён на Соню, ці не занадта радыкальна дзеля яе мяняе сваё жыццё (стаўшы падначаленым яе бацькі), калі ўвесь гэты час у яго сэрцы – іншая? Для мяне гэта выглядае непаслядоўнасцю, і “пераносам” з японскай глебы яна не тлумачыцца, бо там такой складанай калізіі няма.
Яшчэ адзін персанаж з яўнымі дзівацтвамі – мама Юля, маці Максіма Статкевіча. Паводзіны гэтай гераіні акурат адпавядаюць манзе і прынамсі часткова тлумачацца культурнымі асаблівасцямі першакрыніцы. Гэта надзвычай актыўная жанчына, яна залішне апякуецца чужой дзяўчынкай і бесцырымонна ўмешваецца ў адносіны гэтай дзяўчынкі са сваім сынам. Яе ўчынкі камічна перабольшаныя, але з гледзішча традыцый японскай сям’і не занадта дзіўныя. У японскіх сем’ях дагэтуль больш, чым у заходніх, пашыраны шлюбы, арганізаваныя бацькамі. Сферы адказнасці сужэнцаў дагэтуль падзеленыя мацней, чым на ўмоўным “захадзе”: муж займаецца пераважна працай і вонкавымі кантактамі, жонка – хатняй гаспадаркай і камунікацыяй унутры сям’і. Мама Наокі Ірые ў гэтых адносінах выглядае традыцыйна. Ёсць і яшчэ адзін важны сюжэтны момант, звязаны з японскімі сямейнымі традыцыямі. Дзеці да пяці гадоў знаходзяцца ў вельмі шчыльнай сувязі з маці. Выхоўваць малое дзіця – яе непасрэдны абавязак і асноўны занятак. Сітуацыя Котака незвычайная: яна страціла маці ў раннім узросце. Сям’я Ірые – блізкія сябры сям’і Аіхара, маці выдатна ведае, чаго не атрымала дзяўчынка, і, відаць, хоча хаця б запознена гэта кампенсаваць (у выніку старшакласніца атрымае мульцяшны пакой, які пасаваў бы акурат пяцігадовай “прынцэсе”). У японскай мамы, як і ў беларускай, ёсць яўная “бздура” з жаданнем мець дачку – а ў яе замест гэтага два хлопцы. Але ў астатнім дзеянні японскай мамы выглядаць, па-мойму, менш дзівацкімі, чым жарсная актыўнасць мамы Юлі. Але калі разглядаць вобраз мамы Юлі як “пасхалку”, намёк-адсылку да першакрыніцы, то ён цалкам да месца.
Аўтарка ў адным з інтэрв’ю зазначае, што яе раманы паводле мангі “Гарэзлівы пацалунак” скіраваныя найперш на пашырэнне разнастайнасці беларускамоўнага лёгкага, але якаснага чытва для шырокай аўдыторыі. З гэтай задачай яе кнігі дакладна спраўляюцца (цікаўнасць чытачоў да першай кнігі, якая ўжо выйшла, гэта паказвае). Але, на мой погляд, “Гарэзлівы пацалунак” – не толькі “лёгкае чытво”. Аўтарка паставілася да сваёй задачы з адказнасцю “сур’ёзнага” пісьменніка (двукоссе пазначае толькі ўмоўнасць тэрміна), у аснове яе твора шмат асабіста перажытага і перадуманага, таму сам твор дакладна можа прэтэндаваць на ролю нечага большага, чым шараговы ўзор масавай “жанравай” літаратуры. У беларускай літаратуры масавых жанраў так здараецца нярэдка, і, магчыма, гэта надае ёй перавагу, якой няма ў літаратур з развітым масавым рынкам.
Ніка Аніні