Правы чалавека – гэта важна!
Правы чалавека часта ўспрымаюцца як нешта далёкае і другаснае: міжнародныя дакументы, прыгожыя словы, нешта на юрыдычнай мове…
Па сутнасці ж, правы чалавека – наш другі кісларод. Калі ён ёсць, вы яго не заўважаеце. Вы проста жывяце, працуеце, марыце. Але паспрабуйце перакрыць паветра хаця б на хвіліну. Грошы, кар’ера, мары імгненна губляюць сэнс. Без права на жыццё, свабоду і годнасць усё астатняе робіцца няважным.
- Калі правы чалавека разбураюцца або ігнаруюцца, пачынаецца тое, што мы ўсе ведаем з гісторыі:
- Калі «нельга забіваць» раптам робіцца «можна, калі гэта вораг народа».
- Калі «ніхто не можа быць катаваны» – «можна, калі трэба атрымаць прызнанне».
- Калі «ўсе роўныя» ператвараецца ў «гэтая група людзей – небяспечная, іх неабходна пазбавіць правоў»…
Сістэмнае ігнараванне правоў чалавека – гэта шлях у цемру.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека нарадзілася не ў ціхіх кабінетах. Яна нарадзілася на папялішчах Другой сусветнай вайны, калі свет убачыў антычалавечнасць – і жахнуўся.
Правы чалавека – не штучны набор слоў, а сфармуляваны мінімум, неабходны любому чалавеку для годнага жыцця.
Культурныя правы – гэта важна.
Сярод правоў чалавека ёсць адна група, якую часта незаслужана адсоўваюць на другі план.
«Спачатку хлеб, потым відовішчы», – кажуць некаторыя. Але гэта вялікая памылка.
Гаворка пра культурныя правы.
Для беларусаў культурныя правы маюць асаблівае значэнне. Чаму? Бо знішчэнне нацыі пачынаецца не з фізічнай ліквідацыі людзей. Яно пачынаецца са сцірання памяці.
- Калі «непажаданыя» кнігі прыбіраюць з паліц, а пісьменнікаў абвяшчаюць «экстрэмістамі».
- Калі сапраўдную гісторыю падмяняюць і адмаўляюць.
- Калі музыкаў саджаюць за песні.
- Калі мастакоў затрымліваюць за творчыя перформансы.
- Калі забараняюць выставы і спектаклі за вольныя думкі.
- Калі родную мову маргіналізуюць…
Усё гэта – грубае парушэнне культурных правоў.
Гэта ўжо не «пра культуру» ў вузкім сэнсе – гэта пра ідэнтычнасць і суб’ектнасць беларусаў. Культура, мова і гісторыя – гэта нашыя карані. Калі іх атруціць, то дрэва засохне.
Для Беларусі барацьба за правы чалавека сёння непарыўна звязана з правам быць сабой. Правам чытаць Арлова, Бахарэвіча або Філіпенку, спяваць песні TOR band і «Тры чарапахі» на плошчах, хадзіць на спектаклі купалаўцаў. Правам ведаць праўду пра Курапаты і ганарыцца сваёй спадчынай.
Вашыя правы належаць вам паводле факта нараджэння. Ніхто не можа іх адмяніць, нават калі можа парушыць. Годнасць – гэта тое, што ўнутры.
Міжнародны дзень правоў чалавека – гэта не пра «свята з календара». Гэта нагода спытаць сябе: што я магу зрабіць сёння, каб правы чалавека не засталіся толькі прыгожымі словамі на паперы?
Можа, твой маленькі крок: сказанае слова, абраная кніга, падтрыманы аўтар – дапамогуць правам чалавека быць! Бо пакуль жыве слова і памяць, жыве і чалавек, і нацыя.
Правы чалавека пачынаюцца з кожнага з нас. З павагі да сябе і да таго, хто побач.