Юля Цімафеева: ад моладзевай ініцыятывы да культурнага феномену

Апошняе абнаўленне: 31 ліпеня 2024
Юля Цімафеева: ад моладзевай ініцыятывы да культурнага феномену
Фота: Альгерд Бахарэвіч

15 гадоў таму нарадзіўся анлайн-часопіс «ПрайдзіСвет», які актыўна паспрыяў таму, каб літаратурныя пераклады на беларускую мову перасталі ўспрымацца як штосьці другаснае, і далучыў да мастацкіх адкрыццяў таленавітую моладзь. Пра крэатыўныя эксперыменты сяброў, свой досвед, пра культурнае значэнне перакладаў і іх уплыў на беларускую літаратуру гутарым з ініцыятаркай стварэння ўнікальнага праекта, вядомай паэткай і перакладчыцай Юляй Цімафеевай.

Намі рухалі маладосць, нерэалізаванасць і амбітнасць

Вось цытата з заявы-дэкларацыі рэдакцыі: «Ці можна знайсці большага Прайдзісвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка?.. Ён, як праўдзівы майстар-ашуканец, падмяняе чужое сваім, а сам хаваецца ў ценю». Такое разняволенае прадстаўленне ідэі аўтаматычна настройвала чытачоў на моцную крэатыўную хвалю – і гэтыя чаканні спраўдзіліся. А як нараджаўся канцэпт?

Ідэя стварэння часопіса прыйшла менавіта падчас заняткаў Перакладчыцкай майстэрні Андрэя Хадановіча. Я далучылася да майстэрні ў 2006 годзе, калі вучылася ў Беларускім калегіюме, і знайшла там шмат аднадумцаў – у асноўным з ліку студэнтаў БДУ. І філфакаўцаў, і з факультэта міжнародных адносінаў. Мы перакладалі і абмяркоўвалі розныя тэксты – і я задумалася пра неабходнасць стварэння часопіса, дзе мы маглі б гэтыя тэксты друкаваць, часопіса, цалкам прысвечанага перакладам замежнай літаратуры на беларускую мову.

Тады нічога падобнага, апроч рускамоўнай «Всемирной литературы», не існавала. Пераклады на нашу мову часам выходзілі ў асобных дзяржаўных выданнях, у часопісе «Дзеяслоў». А хацелася рабіць штосьці сваё. І мне ўдалося запаліць гэтым жаданнем тагачасных наведніц і наведнікаў майстэрні: Ганну Янкуту, Кацярыну Маціеўскую, Насту Гвоздзеву, Уладзя Лянкевіча, Алену Пятровіч, Паліну Маслянкову ды іншых. Збіраючыся разам на здымных кватэрах, мы эмацыйна і весела абмяркоўвалі, якім быць новаму ва ўсіх сэнсах выданню. Смяяліся, спрачаліся, фантаніравалі ідэямі. Часам гэта былі няўрымслівыя фантазіі, якія не заўжды ўдавалася ажыццявіць, але тое, што мы рэалізавалі, як на мяне, досыць някепска атрымалася. Важным для нас было жыць не толькі ўласнымі амбіцыямі і ўяўленнямі пра літаратуру і пераклад, але і звяртацца да досведу старэйшых калег. Такім чынам на электронных старонках «ПрайдзіСвета» мы друкавалі тэксты больш дасведчаных перакладчыкаў і перакладчыц, бралі ў іх інтэрв’ю… Мы бачылі «ПрайдзіСвет» значна шырэйшай з’явай, чым проста моладзевы праект для самарэалізацыі.

Калі я чытаў яго, то захапляўся не толькі перакладамі літаратурных твораў. Самавыяўленне маладых перакладчыкаў бачылася і праз розныя крэатыўнасці: тут і цыклы лекцый, і чытанні ўслых паэзіі, прозы, і круглыя сталы… Класная практыка, якой магла пазайздросціць ці не любая прафесійная рэдакцыя! Адкуль чэрпалася натхненне ў гэтым кірунку?

27 траўня 2009 года мы прэзентавалі сайт «ПрайдзіСвета». У радзе часопіса я была найстарэйшай, мне было 27, астатнія – на 2-5 гадоў маладзейшыя. Аблічча «ПрайдзіСвету» вызначалі наша маладосць, энергія, жаданне аддавацца праекту напоўніцу… Адсюль і гатоўнасць да нестандартных рашэнняў, і захопленасць агульнай справай. Нам было цікава разам!

Рэдакцыя часопіса, 2013 год. Фота: generation.by

Але, калі я азіраюся на нашу тагачасную працу, то бачу ў ёй не толькі праяву індывідуальных ці калектыўных амбіцый ды захапленняў. Я думаю, існаванне «ПрайдзіСвета» было, з аднаго боку, абумоўлена патрэбай у такім выданні, а з другога – адноснай свабодай у незалежнай культурнай сферы. Перыяд 2010– 2020 гадоў быў адзначаны вялікай колькасцю розных пачынанняў у літаратурным, мастацкім, тэатральным і кінематаграфічным полі. Гэты быў час адкрыцця шматлікіх незалежных пляцовак (у тым ліку кнігарняў), стварэння фестываляў, арганізацыі дыскусій і імпрэз. Актыўна развіваліся таксама адукацыйныя праекты, наладжваліся сувязі з культурнымі інстытуцыямі і дзеячамі з замежжа і гэтак далей. Нібыта дзяржава пасля чарговых «выбараў» дала нам карт-бланш, заплюшчыўшы вочы ці проста робячы выгляд, што мастацтва (у шырокім сэнсе) ні на што паўплываць не можа. А мы, насельнікі культурнага гета, са свайго боку прыкідваліся, што не існуе ні Лукашэнкі, ні яго памагатых. Пратэсную энергію мы выкарыстоўвалі для стварэння чагосьці новага. Як на мяне, тагачасная праца шматлікіх незалежных культурных (і сацыяльных) праектаў спрыяла абуджэнню патрэбы ў свабодзе, усведамленню ўласнай годнасці і нацыянальнай свядомасці – і ў тым ліку гэта зрабіла магчымым і пратэсны ўздым 2020 года.

Такім чынам, мы, вядома, можам разважаць пра маргінальны культурны праект, створаны актыўнай моладдзю, але я яго бачу як частку жывога культурнага руху, які, на жаль, быў гвалтоўна спынены ўладамі Беларусі ў 2020-м і пасля.

Але, вядома, як і многія тагачасныя актары, мы не абмежаваліся проста часопісам, пасіянарнасць асяроддзя і часу штурхала нас да пашырэння сваёй дзейнасці. Такім чынам з’явілася, да прыкладу, прэмія часопіса «ПрайдзіСвет». Аўтарам ідэі ўзнагароды, якой дагэтуль у Беларусі не існавала, быў Сяргей Сматрычэнка. Мы падхапілі яго прапанову і цягам некалькіх гадоў уручалі прэмію ў трох намінацыях за найлепшы пераклад: проза, паэзія і публікацыя ў нашым часопісе.

Далей нарадзілася прэмія імя Карласа Шэрмана, якой апякуецца цяпер Беларускі ПЭН?

Для любой краіны і мовы насамрэч існуе аб’ектыўная неабходнасць адзначаць найлепшыя пераклады мастацкай літаратуры. На жаль, перакладчыкі вельмі часта застаюцца ў ценю, іх прозвішчы нават цяпер у Беларусі найчасцей не з’яўляюцца на вокладках кніг. Хаця пераклады на такія невялікія мовы, як наша, заўважна рухаюць літаратуру наперад, фактычна робяць здабыткі сусветнага пісьменства часткай уласнай нацыянальнай культуры.

Вы, дарэчы, былі лаўрэаткай і прайдзісветаўскай, і шэрманаўскай прэмій.

Наконт першай гучыць крыху забаўна, бо я сама была часткай рэдакцыі, але ўсё ж у журы не ўдзельнічала. Але я ганаруся абедзвюма гэтымі прэміямі. Як і іншыя лаўрэаты.

Юля Цімафеева атрымала ўзнагароду прэміі «ПрайдзіСвет» за 2014 год. Фота: prajdzisvet.org

Разумець неабходнасць змены ракурсу ў дачыненні да ўласнай літаратуры

Мяне ўражвалі таксама супольныя круглыя сталы з Саюзам беларускіх пісьменнікаў з незвычайнымі тэмамі – скажам, негетэранарматыўная сексуальнасць у замежнай і беларускай літаратуры… На каго ўплывалі гэтыя імпрэзы, чыю ўвагу мусілі прыцягнуць?

Не толькі тады – нават цяпер, ці асабліва цяпер, беларускай літаратуры не хапае асэнсавання таго, што адбываецца з намі ў дадзены момант, абмеркавання з калегамі вострых праблем, з якімі мы сутыкнуліся. Такія своеасаблівыя мазгавыя штурмы мы і праводзілі, каб разабрацца, у якім пункце зараз знаходзімся, адкуль мы прыйшлі, што нас чакае далей. Мне падаецца, важная не толькі літаратура сама па сабе, але і разважанні пра яе і вакол яе. Усведамленне, апісанне і аналіз гэтых працэсаў, калі беларуская літаратура не сканцэнтраваная ў адным месцы, а разам са сваімі аўтарамі і аўтаркамі раскіданая па розных краінах ці нават кантынентах – неад’емная частка руху наперад.

Круглы стол, прысвечаны пытанню рэпрэзентацыі негетэранарматыўнай сэксуальнасці і негетэранарматыўнага досведу ў замежнай і беларускай літаратуры, 2018 год. Фота: prajdzisvet.org

Глыбокаму спасціжэнню сучаснага літаратурнага працэсу спрыялі і вашыя пераклады крытычных, літаратуразнаўчых матэрыялаў з розных сусветных СМІ. Згадаць хоць бы інтэрв’ю пра нюансы жорсткасці, брутальныя сцэны ў літаратуры і мастацтве з Янам Руарам Лейкволам у газеце «Morgenbladet»…

Мы шукалі не толькі цікавыя мастацкія тэксты, але і эсэістыку. Як на мяне, неабходна пастаянна змяняць ракурс, з якога ты глядзіш на ўласную літаратуру. І нязвыклы для нас погляд замежных аўтараў можа даць новую оптыку, стаць своеасаблівай павелічальнай лінзай. Хоць, на першы погляд, аўтаркі і аўтары разважаюць пра ўласныя рэаліі, праблемы, але насамрэч пры перакладзе іх мастацкая рэакцыя робіцца скіраванай не толькі на тое, што адбываецца ў айчыннай літаратуры, але і шырэй – у сусветнай, а, значыць, і ў нашай.

Дарэчы, лёс Яна Руара Лейквола звязаны з Беларуссю. Яму здарылася пажыць у Гомелі, ён быў жанаты з беларускай. Ён пісаў пра нашу краіну і гэты горад, бачанне нас ягонымі вачыма досыць незвычайнае. Шкада, што ён вельмі рана памёр…

Ці не падчас падрыхтоўкі тэматычнага нумара «Нарвежскі вецер» вы пачалі вывучаць мову Яна Руара?

Гэта праўда. Нарвежская мяне не проста зацікавіла – я яе палюбіла і вывучала ў мінскім Цэнтры шведскіх даследаванняў. З нарвежскай я пераклала тры дзіцячыя кнігі, якія выдалі Андрэй Янушкевіч і «Коска». Але зараз, калі ніхто не звяртаецца з прапановамі перакладу, паступова губляю практыку і паціху яе забываю. Уплывае таксама нямецкая мова, якую я цяпер вельмі актыўна вывучаю. Але і тут, у Гамбургу, я часам, ратуючы, купляю нарвежскамоўныя кнігі на блышыных рынках і не губляю надзеі неяк вывучыць яе да больш прыстойнага ўзроўню.

Мова складаная?

Наадварот, падалася вельмі лёгкай, са зразумелай і празрыстай структурай, пявучым гучаннем, мелодыкай. Яна проста кладзецца мне на сэрца. У жніўні якраз паеду ў Нарвегію прэзентаваць новы пераклад «Мінскага дзённіка», вось і праверу, што я яшчэ памятаю.

Дарэчы, з «Мінскім дзённікам» вы маеце і ўласны досвед аўтаперакладу – з англійскай на беларускую. Наколькі гэта складана? У чым тая няпростасць найперш выяўляецца? Здаецца, і кантэкст выдатна ведаеш, і тэкст ужо знаёмы да драбніц… Мова родная! І ўсё ж, відаць, давялося прадзірацца праз «але» – якія менавіта найперш?

Так, напраўду: «Мінскі дзённік», які апісвае нашу пратэсную штодзённасць 2020-га і першыя месяцы экзылю 2021-га, я напісала па-англійску. На той момант для мяне гэта была адзіная мова, на якой я магла прагаварыць нашы надзею і страх тых летніх і асенніх месяцаў, я нібыта прыдумала сябе як аўтарку зусім іншай літаратуры, прыдумала сябе на мове пераможцаў. Скончыць пераклад гэтай кнігі на беларускую я змагла толькі ў 2023-м. З аднаго боку, мне падавалася, што з моманту яе стварэння мусіць прайсці час, каб напісанае стала гісторыяй, а з другога, я не магла знайсці адпаведнай інтанацыі, каб расказваць па-беларуску пра тыя падзеі. Да таго ж, чытаючы гэтыя запісы, я нібыта зрывала свежую корку з раны, якая толькі пачынала зацягвацца. Перакладчыца мусіць шматкроць чытаць і перачытваць свой тэкст. І мне напраўду спатрэбіліся гады, каб зарубцавалася рана.

Фатаздымак з кнігі Юлі Цімафеевай «Мінскі дзённік»

Менавіта пераклад паэзіі паўплываў на мяне як на паэтку

Літаратуру якой краіны найбольш падабаецца перакладаць? У вас ёсць, напрыклад, багаты досвед працы з амерыканскімі аўтарамі…

Не магу казаць пра нейкую краіну. Люблю перакладаць паэзію наогул, па-за нейкімі геаграфічнымі рамкамі – з англійскай, нямецкай, украінскай, рускай, іспанскай, партугальскай моў… Цяпер спрабую пераствараць вершы дацкай паэткі Інгер Крыстэнсэн.

То-бок для вас вызначальная не проста мова?

Так, хоць, безумоўна, я мушу яе больш-менш ведаць… Напрыклад, спецыяльна для перакладу паэзіі Фернанду Песоа сябры рады «ПрайдзіСвета» вывучалі ў свой час партугальскую. Пазней у серыі «Паэты планеты» выйшаў зборнік вершаў вялікага партугальца з нашым удзелам.

Вы – паэтка, якая перакладае перыядычна, ці час ад часу, пад настрой. А чым гэта адрозніваецца ад працы паэта-перакладчыка, які засяроджаны выключна на перастварэнні?

Тут важна адзначыць: на мяне менавіта пераклад паэзіі паўплываў як на паэтку. Хоць пачынала пісаць яшчэ ў маленстве, у падлеткавым узросце… Затым кінула, але дзякуючы перакладніцтву прыйшла неўзабаве да напісання ўласных вершаў.

Калі перакладала, напрыклад, Ўолта Ўітмэна або Стывена Крэйна, Чарльза Букоўскі ці Сільвію Плат, Эмі Лоўэл або Эдрыен Рыч, я шукала іншую паэтычную мову, якой на той момант па-беларуску не існавала – ці мне так падавалася. І, адпаведна, мне трэба было гэтую мову прыдумаць, перакладаючы кожнага з гэтых аўтараў і аўтарак. І намацваючы яе, ідучы гэтай новай паэтычнай сцежкай мовы, я зразумела, што магу і хачу трымацца яе, робячы нешта сваё. Што знаходжу свой паэтычны голас.

Такім чынам, выбіраеце творы для перакладаў з гледзішча цікавай мовы і стылю. А ці маюць значэнне тэмы, эмпатыйная адпаведнасць сугучнасці моманту?

На дадзены момант нам бракуе выдавецтва, якое б выпускала выключна (перакладную) паэзію. Таму перакладчыцы і перакладчыкі як бы самі па сабе: што хочуць, тое і робяць. А таму я выбіраю толькі цікавае мне асабіста, без прыцэлу пераклады надрукаваць. І момант, і зацікаўленасць публікі для мяне не важныя. Важна, каб напісанае ў арыгінале было тым, што я цяпер лічу прыгожым і патрэбным, вартым таго, каб самой агучыць па-беларуску.

Падаецца, сучасныя замежныя паэты больш актыўна эксперыментуюць, смялей шукаюць зусім новыя сэнсы і кантэксты. Адпаведна, і перакладчык змушаны эксперыментаваць?

Як на мяне, аўтары і аўтаркі заўсёды мусяць быць у пошуку: новай літаратурнай мовы, новай літаратурнай формы, новых тэмаў і сэнсаў. Ці магчымая літаратура без пошуку? Дый публіка таксама павінна шукаць новыя спосабы чытання і інтэрпрэтацыі. Бо без прачытання, разумнага і ўдумлівага, літаратурны твор не спраўдзіцца, не адбудзецца. Кожнае пакаленне адкрывае і тлумачыць для сябе Шэкспіра нанова, у многіх краінах вялікія творы перакладаюць кожныя дзесяць-дваццаць гадоў. Пераклад – гэта яшчэ адзін спосаб інтэрпрэтацыі, змяшчэнне тэксту ў зусім іншы культурны кантэкст, які адкрывае твор з іншага боку. Безумоўна, перакладчыкі таксама мусяць быць сутворцамі і эксперыментатарамі, разам з аўтарамі.

У свеце вельмі шмат кніг-навінак, паэтычных у тым ліку. Самых розных аўтараў і стыляў… Відаць, вельмі складана знайсці такую оптыку, прыцэльваючыся да перакладу, каб можна было ўварвацца ў топ чытацкіх чаканняў?

Не думаю, што цяпер у беларускую літаратуру можна ўварвацца перакладам паэзіі. Вельмі песімістычна на гэта гляджу.

Летась, напрыклад, з Вальжынай Морт мы пераклалі цудоўную кнігу Іллі Камінскага «Рэспубліка глухіх». Гэта незвычайны з пункту гледжання і формы, і зместу твор, глыбокі і магутны – але абсалютна не прагучаў у нас…

Юлія Цімафеева з кігай «Рэспубліка глухіх» і выдавец Ігар Іваноў. Фота: budzma.org

Уварвацца з чымсьці да чытачоў я не магу і не бачу магчымасці. Таму, паўтаруся, буду рабіць і перакладаць тое, што цікава мне. Бо я таксама чытачка! Вось і буду перакладаць для сябе і тых, каму цікавая паэзія. А кагосьці кудысьці клікаць, цягнуць – не хачу.

Адна з памылак маладых – думка, што яны разумнейшыя за аўтараў

Знайшоў у вас такое: «У перакладах мусіць прачытвацца ўсё, што прачытвалася ў тую эпоху». Гэтага не дасягнуць без шырокага разумення кантэксту арыгінала. Якія адкрыцці для сябе зрабілі ў гэтым пошуку? Як яны ўплятаюцца ў матывы сучаснасці? Да якіх ідэй ва ўласнай творчасці падштурхнулі?

Нават перакладаючы паэзію, не кажучы, напрыклад, пра гістарычныя раманы, неабходна заглыбляцца ў кантэкст, чытаць шмат пра час, калі быў напісаны той ці іншы тэкст, пра саміх аўтарак і аўтараў.

Так, перакладаючы паэзію Паўля Цэлана, габрэйска-аўстрыйска-нямецка-румынска-французскага паэта, мне давялося пазнаёміцца з вялікім аб’ёмам літаратурнай крытыкі, звярацца з перакладамі яго твораў на іншыя шэсць моў, даступных мне – уключна з іспанскай і нарвежскай… Урэшце кніга выйшла ў серыі «Паэты планеты», але зараз я хачу яе перарабіць, адрэдагаваць зробленыя пераклады, працаваць над іншымі.

Аўтаркі і аўтары, якіх я перакладаю, безумоўна, таксама ўплываюць на мяне. Пераклад для мяне з’яўляецца адным са спосабаў вельмі глыбокага, надзвычай уніклівага чытання. Калі бярэш верш, які хочаш перакласці, то кожнае слова замежнай мовы па некалькі разоў літаральна перакручваеш на языку, затым карпатліва шукаеш наша слова, якое прыкладна такое ж на смак.

Пераклады адкрываюць мне літаратурны, паэтычны свет шырэй. Дзякуючы ім я глыбей разумею працэс існавання, развіцця паэтычнага слова ў розных мовах і культурах, у розных аўтараў, што і як яны робяць з мовай. Я ўсё гэта лепш асэнсоўваю менавіта праз пераклад.

Вашыя парады перакладчыкам-пачаткоўцам з уласнага досведу?

Адна з памылак маладых – думка, што яны разумнейшыя за аўтараў ці аўтарак, чые творы перакладаюць. Дык вось не: аўтары і аўтаркі разумелі ці прынамсі адчувалі, для чаго яны паставілі кожнае слова. Таму перакладчыкі і перакладчыцы мусяць усведамляць, чаму яно стаіць так, а не іначай, і таксама ствараць свой пераклад, усведамляючы, чаму ставяць словы менавіта ў такім парадку.

Другое: важна пастаянна вучыць мовы, на якія і з якіх вы перакладаеце. Асабліва тую, на якую перакладаеце! Я маю на ўвазе беларускую.

І трэцяе: неабходна вельмі шмат чытаць самай рознай літаратуры. Прычым – на ўсіх даступных вам мовах.

Удачы!

Гэта серыя гутарак, прысвечаная Перакладчыцкай майстэрні. Размову з Андрэем Хадановічам чытайце па спасылцы

Да 5 жніўня вы можаце падаць заяўку на ўдзел у новым сезоне Перакладчыцкай майстэрні. Усе падрабязнасці чытайце тут.