Сёння беларуская перакладная літаратура мае ці не зорны свой час. І прычыніліся да гэтага не ў апошнюю чаргу выхаванцы ды выкладчыкі Перакладчыцкай майстэрні, што абвясціла новы набор. Пра гісторыю і новыя планы знакавага праекта расказвае Андрэй Хадановіч – ён некалі ўсё пачынаў і ён жа вядзе рэй далей.
Грунтоўныя дыскусіі за хісткім сталом
Перакладчыцкая майстэрня з’явілася на пачатку новага стагоддзя як частка навучальнай установы «Беларускі калегіюм». Мне – маладому яшчэ паэту і перакладчыку – прапанавалі весці заняткі майстэрні як факультатыў. Праект ствараўся, каб паспрабаваць запоўніць амаль пустую ў нас на той момант нішу перакладной літаратуры. Тады і блізка не было чагось такога, як беларуская школа перакладу (калі разумець пад ім найперш крэатыўны працэс, перастварэнне на тваёй мове літаратурнага твора, што быў бы здольны зачапіць за жывое беларускага чытача). Хоць асобныя бліскучыя перакладчыкі, безумоўна, былі: Васіль Сёмуха, Алесь Разанаў, Зміцер Колас, Сяргей Шупа…
Заняткі спачатку планаваліся раз на месяц, але хутка выявілася жаданне сустракацца штотыднёва! Збіраліся маладыя паэты, навучэнцы калегіюма, знаёмыя і знаёмыя знаёмых – вольнае ж наведванне! Хто хацеў, прапаноўваў на разгляд свае спробы, актыўна абмяркоўваў тэксты. Іншыя збольшага слухалі, зрэдчас кідаючы рэплікі-кпіны ці нечаканыя ідэі… Тэорыі было няшмат, больш – практыкі. Хаця падручнікі па тэорыі перакладу ёсць… Але я заўважыў: гэтыя разумныя кніжкі звычайна напісаныя, мякка кажучы, сярэднімі практыкамі, чые пераклады не самыя цікавыя.
Мы збіраліся звычайна шточацвер, часам штопятніцу ў нулявыя і на пачатку 2010-х. Сустракаліся ў розных экзатычных памяшканнях, найперш у тагачасных офісах Беларускага калегіюма – на Раманаўскай Слабадзе альбо ва Уруччы. Потым сталым прытулкам майстэрні зрабіўся офіс Беларусага ПЭН-цэнтра на Залатой Горцы. Людзі ведалі адрасы, пін-коды… Памяшканні не заўсёды былі прыстасаваныя для добрага навучання, але нават за хісткім сталом адбываліся традыцыйна грунтоўныя дыскусіі.
Звычайна проста абмяркоўвалі чарнавікі мастацкіх тэкстаў: невялічкія падборкі вершаў ці эсэ, апавяданні… Або нейкі праблемны кавалачак рамана. І над гэтым маглі варажыць гадзінамі. Зразумела, знаходзіліся ахвяры-добраахвотнікі, якія прапаноўвалі свае чарнавікі разам з арыгіналам. Павольна, адзін за другім чыталіся сказы ці радкі, а прысутныя выказвалі свае заўвагі і прапановы, калі заўважалі: гэта не так, а тое буксуе. Драйвавы мазгавы штурм захопліваў прысутных! І тэкст на вачах пачынаў паляпшацца аж да зіхацення. Хоць здараліся і замінкі, калі хацелі палепшыць, а матэрыял упарта супраціўляўся… Тады беднаму перакладчыку даставалася хатняе заданне: думаць над праблемай далей.
Заняткі часам зацягваліся: бруіліся ідэі, кіпелі спрэчкі… Ну і тэкстаў на абмеркаванне хапала напоўніцу ды яшчэ трошкі. Вось і доўжылася ўсё аж тры гадзіны і болей! А заняткі вечаровыя, дадому вярталіся позна. Адна з наведніц потым жартавала, што ейная мама ніяк не магла паверыць, чым гэта так дапазна можна займацца: «Ну ніяк жа не перакладамі!»
Бывала, што карысталіся прыездам у Беларусь кагосьці з цікавых літаратараў – і запрашалі іх на заняткі. Раз госцем майстэрні быў бліскучы польскі перакладчык, тагачасны прэзідэнт Польскага ПЭН-клуба Адам Паморскі. Абмяркоўвалі пераклады ўдзельніцы, з якой неўзабаве вырасце адна з найлепшых беларускіх перакладчыц. У працэсе абмеркавання адзін з вершаў польскага паэта аказаўся… перакладам Аляксандра Блока, так што, выяўляецца, мы абмяркоўвалі пераклад перакладу.
Яшчэ адным госцем майстэрні стаў бліскучы ўкраінскі паэт Сяргій Жадан, які прыехаў у Менск на іншую імпрэзу, але знайшоў час і для нашых заняткаў ды паказаў удзельнікам свае пераклады беларускай паэзіі. У наступны свой візіт Сяргій перакладзе падборку вершаў Міхася Стральцова для фестывалю ягонай памяці. А ў чарговы прыезд будзе затрыманы ў мінскім гатэлі сілавікамі і правядзе ноч у пастарунку, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
Варта згадаць і 2006 год, спробу паставіць на Кастрычніцкай (на плошчы Кастуся Каліноўскага, як тады называлі яе пратэстоўцы супраць фальсіфікацыі чарговых выбараў) намётавае мястэчка. Туды прыходзілі стаяць у ачапленні не толькі я, але і шмат хто з маіх студэнтаў-філфакаўцаў, наведнікаў майстэрні. У пэўны момант нарадзілася прыгожая ў сваёй шалёнасці ідэя: калі ўжо нас тут столькі, то чаму б і не правесці чарговыя заняткі проста на плошчы?!
Прыдумалі – зрабілі: ажно дзве гадзіны на вачах усіх абмяркоўвалі пераклады проста сярод намётаў. Разглядалі тады кароткую прозу культавага ўкраінскага пісьменніка Тараса Прахаські. Гэта была вельмі складаная літаратура – таямнічая, герметычная. І калі іншыя пратэстоўцы падыходзілі, прыслухоўваліся да дыскутантаў і разумелі, што гэта зусім не нейкі тэкст новай адозвы, то здзіўляліся і адыходзілі ў разгубленасці. Але для нас гэта быў драйв, які добра запомніўся на гады.
Прайсці праз свет, скарыць яго, сказаць сваё…
З цягам часу пачала заўважна замінаць адсутнасць трыбуны – ну дзе тады маглі друкавацца пераклады? Майстэрня віравала, а куды падзець падрыхтаваныя тэксты? Як паказаць іх чытачам? Не ўсё ж толькі ў шуфляду, то-бок у тагачасны Жывы часопіс, а потым Фэйсбук…
На нейкім этапе выйсцем быў штогадовы літаратурна-філасофскі часопіс «Паміж», які выдавалі самі навучэнцы калегіюма. Некаторыя яго нумары і цяпер можна знайсці ў інтэрнэце.
Яшчэ праз пару гадоў самыя таленавітыя ды актыўныя ўдзельнікі майстэрні даспелі да ўласнага выдання, дзе ўжо маглі сяк-так рэалізоўваць аўтарскія амбіцыі. Самаарганізаваліся і стварылі выдатны інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры з правакацыйнай назвай «ПрайдзіСвет».
У ім друкаваліся Ганна Янкута, Юля Цімафеева, Кацярына Маціеўская, Марыя Мартысевіч, Уладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Крэбс – пералік можна працягваць дзясяткамі прозвішчаў філолагаў і не філолагаў… Бо да нас прыходзілі таксама і людзі з тэхнічнай адукацыяй, якіх накрывала любоўю да беларускасці і беларускага перакладу. Выйшла шмат выпускаў «ПрайдзіСвету», усе даступныя ў сеціве – і кожны варты ўвагі.
На майстэрні перакладалі з самых розных моваў. Зразумела, з англійскай, але хапала і знаўцаў славянскіх (найперш польскіх, украінскіх) аўтараў. Часам – з рускай. Калі здараліся выпадкі моўнай «экзотыкі», на заняткі запрашалі кансультантаў. Скажам, падчас працы над творамі скандынаваў ці чэхаў са славакамі з намі працавалі паліглот Лявон Баршчэўскі, вядомы багеміст Сяргей Сматрычэнка…
І паступова высветлілася: школа перакладу з’явілася, ёсць людзі, якія шукаюць і знаходзяць актуальных для беларускай літаратуры аўтараў таго, чаго ёй бракуе, што можа натхніць і нашых творцаў на нейкія новыя адкрыцці.
Лагічна і тое, што з часам многія з каманды «ПрайдзіСвету» пачалі рэалізоўваць і цалкам самастойныя творчыя праекты – як пісьменнікі, але таксама і як перакладчыкі. Ім зрабілася, бадай, цеснавата ў рамах «ПрайдзіСвету», таму новыя выпускі ўжо не выходзяць, хоць, паўтаруся, архіў цалкам даступны і варты ўвагі.
Затое нашыя выхаванцы сёння актыўна друкуюць замежную літаратуру цэлымі кнігамі ў сваіх перакладах, іх імёны робяцца знакам якасці, яны сталі пазнавальнымі.
Можна сказаць, колькасць перайшла ў якасць, якую заўважылі: перакладчыкі неўзабаве сталі ўганароўвацца літаратурнымі ўзнагародамі. Так, у прэміі «Дэбют», акрамя паэзіі і прозы, ёсць і «нашая» намінацыя. Большасць яе пераможцаў – сталыя ўдзельнікі майстэрні. Як і многія пераможцы галоўнай беларускай літаратурнай узнагароды для перакладчыкаў – прэміі імя Карласа Шэрмана.
2024: чакайце сюрпрызаў – яны абавязкова будуць!
Майстэрня існавала вочна да пачатку пандэміі ў 2020-м. Тады здарыўся каранцін – і мы патроху пачалі засвойваць інтэрнэт-фармат. Тут свае плюсы і мінусы. Безумоўна, жывы кантакт нічым не заменіш, але ж і магчымасць вывесці на экран тэкст, які бачаць усе з самых розных мясцін, дае зручныя ўмовы для абмеркавання. Паступова выявілася: дыстанцыйная форма кантактаў прыдатная ў час пратэстаў, бясконцых рэпрэсій, масавых выездаў беларусаў ва ўсе магчымыя краіны свету.
Калі сёння мы параскіданыя тут і там, то майстэрня, сустрэчы аднадумцаў, супольная праца на тэкстамі рэальна магчымыя менавіта ў такой форме.
Цалкам прапанаваць гатовую праграму для сёлетніх заняткаў немагчыма, пакуль не высветліцца, хто збярэцца, чым яны цікавяцца, якога аўтара ці аўтарку гатовыя перакладаць. Таму сюрпрызы, безумоўна, будуць.
Але адразу заўважу: устаноўка на розныя мовы і жанры застаецца ранейшай. У фокусе – праца з прозай, паэзіяй, эсэістыкай і нон-фікшнам у адпаведнасці з тым, што бліжэйшае і камфортнейшае навучэнцам.
Ладная частка заняткаў будзе мазгавым штурмам, заснаваным на абмеркаванні спробы перакладаў тых, хто іх адважна прапануе. Але, з іншага боку, запланаваныя і выступы мэтраў, дасведчаных спецыялістаў, якім ёсць чым падзяліцца.
Будзем размаўляць не толькі пра пераклады замежнай літаратуры на беларускую. Закранём і адваротны працэс – як нашыя творы перакладаюцца беларусістамі свету на іх мовы. Напрыклад, запланаваная сустрэча з Альгердам Бахарэвічам і яго нямецкім перакладчыкам Томасам Вайлерам. Цікавы тандэм! Пагаворым пра асаблівасці такой творчай супрацы.
Будзе сустрэча з Сяргеем Шупам – паліглотам і бліскучым стылістам, перакладчыкам, узнагароджаным ужо некалькі разоў прэміяй Карласа Шэрмана. Ён падзеліцца сваім досведам, а таксама паразважае, дзе друкавацца перакладчыкам. Як выйсці на рынак. Ці ёсць ён, гэты рынак, увогуле. Варта нагадаць: апроч іншага, Сяргей – сузаснавальнік выдавецтва «Вясна», што выдае ў Празе беларускую літаратуру.
Такім чынам, наперадзе як выступы вядомых прафесіяналаў, так і дэбюты, ацэнкі першых спробаў, мазгавыя штурмы перакладаў, якія толькі-толькі паўстаюць.
Мастацкі пераклад – гэта найперш форма творчасці
Па-ранейшаму ў майстэрню прыходзяць вельмі розныя людзі, да таго ж, на розных этапах далучэння да перакладу. Ад наіўных энтузіястаў – да дасведчаных маладых майстроў, якім проста прыемна падзяліцца чымсьці нядаўна зробленым. Думаю, кожны ўдзельнік знойдзе, што паслухаць, чым скарыстацца і як паказаць сябе.
Будуць элементы тэорыі, але яны будуць вынікаць з жывога практычнага абмеркавання. З таго, на чым спатыкнёмся, дзе знойдзем тыповую памылку, дзе давядзецца адхіліцца ад даслоўнасці дзеля адэкватнай перадачы сутнасці. Думаю, у працэсе такіх абмеркаванняў да новых удзельнікаў прыйдзе разуменне: мастацкі пераклад – гэта найперш форма творчасці. Гэта пра майстэрскае напісанне тэксту на тваёй мове. Хіба што крыніцай тут служыць не твая фантазія і досвед, як у пісьменнікаў арыгінальных, а сам арыгінал, які ты пераносіш з іншай мовы і з іншага культурнага кантэксту. Які непазбежна трансфармуецца і пераствараецца.
Колькі ёсць спробаў перакласці замежны твор – столькі ў выніку літаратурных твораў з’яўляецца па-беларуску. Маркес, напрыклад, які гаворыць беларускім голасам Карласа Шэрмана, зусім іншы, чым яго новы беларускі голас Сяргея Шупы.
Вельмі цікава параўноўваць розныя спробы перакладаў, таму планую адпаведныя заняткі на майстэрні. Са згаданым Сяргеем Шупам пакажам і дамо на абмеркаванне розныя версіі нашага культавага яўрэйскага паэта Мойшэ Кульбака.
Так, як яго паэзію перакладае сам Сяргей: не захоўваючы літаратурнай формы – але імкнучыся максімальна зберагчы тэкст і стылістыку. Альбо так, як з Сяргеевай дапамогай яго перакладаю я: стараючыся перадаць усе фармальныя асаблівасці (рытм, рыфму) – але непазбежна губляючы ў выніку нейкія сэнсавыя нюансы і кампенсуючы іх іншымі знаходкамі.
Пакажам і трэці прыклад – пераклады Кульбака беларускімі савецкімі паэтамі: блізка не ведаючы арыгіналаў, яны часам зусім вольна перапісвалі вершы так, што голас аўтара раставаў у эмоцыях саміх перакладчыкаў.
Наведнікі майстэрні змогуць параўнаць розныя версіі і намацаць для сябе неабходны падыход.
Пераклад – гэта заўсёды пра эмпатыю, ужыванне ў чужы тэкст, прапусканне яго праз сябе. Пра самавыяўленне, але пад знакам таго, як гэта зрабіў бы аўтар ці аўтарка, калі тут і цяпер яны пісалі б па-беларуску. Пра тое, як зрабіць такое ж уражанне на чытачоў твайго перакладу, якое арыгінал рабіў на сваіх. Пра тое, што ніяк не будзе даслоўным, але ж будзе адпаведным і адэкватным.
Самі бачыце: праца цікавая – і падводных камянёў у ёй стае. Адпаведна, хопіць і тэмаў для працы Перакладчыцкай майстэрні.
Да 5 жніўня вы можаце падаць заяўку на ўдзел у новым сезоне Перакладчыцкай майстэрні. Усе падрабязнасці чытайце тут.