4 гады рэпрэсій у Беларусі ў цэлым і ў сферы культуры: тэндэнцыі 2020 – чэрвень 2024 года

Апошняе абнаўленне: 11 ліпеня 2024
4 гады рэпрэсій у Беларусі ў цэлым і ў сферы культуры: тэндэнцыі 2020 – чэрвень 2024 года

(2020–2023)

Затрымалі і адпусцілі без пратакола
Добра, што толькі тры дні, але не штраф
Добра, што не білі
Добра, што штраф, а не суткі
Добра, што суткі, але хаця з матрацам
Добра, што 15 сутак, але не 30
Добра, што не білі
Добра, што 90 сутак, а не крыміналка
Добра, што крыміналка, але не білі
Добра, што «хатняя хімія», а не «хімія»
Добра, што «хімія», а не гады ў зняволенні
Добра, што два-тры гады, а не дзясятак
Добра, што ў СІЗА, а не ў калоніі
Добра, што агульны рэжым, а не ўзмоцнены
Добра, што ёсць лісты, хоць і ўзмоцнены
Добра, што ў калоніі, а не ў ПКТ
Добра, што ў ПКТ, а не ў ШЫЗА
Добра, што ў ШЫЗА, але здаровы
Білі, але хаця б здаровы
Добра, што выйшаў, цяпер плануем лячэнне

Яшчэ сядзіць, але хаця б жывы

Таццяна Нядбай

Уводзіны
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў цэлым і ў сферы культуры ў прыватнасці ў міжнародных і нацыянальных індэксах
Статыстыка пераследу дзеячаў культуры
Тэндэнцыі рэпрэсій у краіне ў цэлым і ў сферы культуры ў прыватнасці: 2020 – чэрвень 2024
Дзесяць абсурдных прыкладаў парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры
Высновы

УВОДЗІНЫ

Станам на канец чэрвеня 2024 года ў Беларусі 1413 палітычных зняволеных і сітуацыя з правамі чалавека, у якой краіна апынулася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, працягвае пагаршацца. Агулам, паводле звестак [1] праваабарончага цэнтра «Вясна», за чатыры гады рэпрэсій, што мінулі з моманту затрымання палітычнага дзеяча, блогера, менеджара культуры Сяргея Ціханоўскага, які зрабіўся першым палітзняволеным за падзеі 2020 года, паводле крымінальных спраў вынесены мінімум 5133 палітычныя прысуды; мінімум 36 418 чалавек зазналі адміністрацыйны пераслед; больш за 400 беларусаў унесены ў спіс «тэрарыстаў», 4100 прызнаны «экстрэмістамі»; 1012 чалавек ужо цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю; 6 чалавек памерлі за кратамі…

Рэпрэсіі закранаюць людзей усіх узростаў, гендараў, узроўняў здароўя, дастатку, статусу, сацыяльнай актыўнасці, прафесій – пераследуюцца дзеячы культуры, журналісты, адвакаты, спартсмены, медыцынскія працаўнікі, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, рабочыя, вернікі і многія іншыя прафесійныя і сацыяльныя групы людзей, а таксама цэлыя супольнасці.

У кастрычніку 2019 года Беларускі ПЭН пачаў весці маніторынг парушэнняў правоў у сферы культуры, першапачаткова скіраваны на выяўленне, фіксацыю і аналіз парушэнняў дзеля наступнага абмеркавання сітуацыі ў прафесійным асяроддзі, узаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі і выпраўлення сітуацыі ў культурным полі Беларусі. Рэальнасць 2020 года – грамадска-палітычны і прававы крызіс – прывяла да іншага дыскурсу і характару парушаных правоў у дачыненні да дзеячаў культуры, як і да немагчымасці дыялогу з дзяржаўнымі органамі, у адказ на што маніторынг перафарматаваўся ў фіксацыю і аналіз рэпрэсій супраць людзей культуры. Так, ужо на працягу чатырох гадоў мы збіраем выпадкі палітычна матываванага пераследу дзеячаў культуры – адвольныя затрыманні, арышты, адміністрацыйны і крымінальны пераслед, як і факты цэнзуры, абмежавання допуску да аўдыторыі, забароны на прафесію адбываюцца ў Беларусі штодня, і ўсё новыя людзі трапляюць пад жорны рэпрэсій.

У гэтым матэрыяле мы:

  • звернемся да міжнародных і нацыянальных індэксаў, каб убачыць, як за чатыры гады пагоршылася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў цэлым і з культурнымі правамі ў прыватнасці;
  • паглядзім, якая мінімальная колькасць дзеячаў культуры ўжо закранута рэпрэсіямі;
  • прааналізуем, як пераслед змяніўся з цягам часу;
  • убачым, наколькі абсурднае тое, што адбываецца ў краіне, дзе людзей саджаюць у турму за смайлікі ў сацыяльных сетках, а галоўныя «спецыялісты» ў арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў – куратары з Камітэта дзяржаўнай бяспекі: «У кожнай культурніцкай установы ёсць свой куратар КДБ, які сочыць за праграмай і яе ўзгадняе. Наша кіраўніцтва так і казала нам: “Прыходзіў куратар і сказаў гэтае і гэтае не рабіць і не спяваць”» [2].

СІТУАЦЫЯ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ Ў ЦЭЛЫМ І Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ Ў ПРЫВАТНАСЦІ Ў МІЖНАРОДНЫХ І НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ІНДЭКСАХ

Згодна з дакладам Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека, «у перыяд з 1 траўня 2020 года да 31 снежня 2023-га ў Беларусі працягвалі здзяйсняцца шматлікія парушэнні міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, на падставе рэальных або меркаваных палітычных поглядаў. Ацэньваючы сукупнасць усіх доказаў, сабраных за 3 гады, ёсць разумныя падставы меркаваць, што было здзейснена злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу».

Як на краіне, якая ніколі не была ў топе рэйтынгаў палітычных правоў і грамадзянскіх свабод, адбіліся чатыры гады рэпрэсій? Паглядзім на дынаміку міжнародных рэйтынгаў і нацыянальных індэксаў.

Рэйтынг свабоды ў свеце (Freedom in the World)

Даследчыкі «Freedom House» ацэньваюць, наколькі поўна жыхары той ці іншай краіны могуць рэальна карыстацца кожным з палітычных правоў і грамадзянскіх свабод, згаданых у Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека. За кожны з 10 паказчыкаў палітычных правоў і 15 паказчыкаў грамадзянскіх свабод краіна можа атрымаць ад 0 да 4 балаў, у выніку максімальна магчымы лік балаў свабоды ў рэйтынгу – 100. У 2019 годзе Беларусь набрала 19 балаў са 100 магчымых. На працягу апошніх трох гадоў – 2022, 2023, 2024-га – ужо ўсяго 8 з 100: 2 з 40 магчымых у палітычных правах і 6 з 60 – у грамадзянскіх свабодах. Сёння Беларусь займае апошняе месца ў рэйтынгу свабоды сярод дзяржаў Еўропы.

Сусветны індэкс свабоды прэсы (Worldwide Press Freedom Index)

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (Reporters Without Borders, RSF) выпускае рэйтынг стану свабоды прэсы ў кожнай канкрэтнай краіне свету. Індэкс размяркоўвае дзяржавы паводле ступені свабоды прэсы ў балах ад нуля (найгоршы магчымы ўзровень) да 100 (найлепшы). Ад індэкса 51,66 і статусу «дрэнна» ў 2019 годзе Беларусь апусцілася да 37,17 і «вельмі дрэнна» ў 2023-м. На сёння яна займае 157-ы радок рэйтынгу са 180 краін свету.

Іншыя міжнародныя індэксы

Freedom to Write Index. PEN America штогод публікуе справаздачу, дзе адсочваюцца затрыманні і турэмнае зняволенне пісьменнікаў, навукоўцаў і грамадскіх інтэлектуалаў ва ўсім свеце, якія за апошні год утрымліваліся ў турме або пад вартай за сваю пісьменніцкую дзейнасць ці ажыццяўленне свабоды выказвання думкі. Беларусь, якая нават не згадвалася ў індэксе 2019 года, з 2020-га нязменна прысутнічае ў Топ-10 краін з самай высокай колькасцю пісьменнікаў (пісьменніц), якія знаходзяцца ў зняволенні, а паводле вынікаў 2023 года займае ў ім шостае месца [3].

Press Freedom in Europe. Згодна з дакладам арганізацый – партнёраў платформы Рады Еўропы (РЕ) па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў, у 2024 годзе Беларусь займае першае месца ў Еўропе паводле колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні [4].

Згодна з ITUC Global Rights Index, рэйтынгам Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў за 2024 год, Беларусь знаходзіцца ў Топ-10 найгоршых краін паводле выканання правоў працоўных у свеце [5].

Нацыянальныя даследаванні

Нацыянальны індэкс правоў чалавека

Група экспертаў грамадзянскай супольнасці пад агульнай каардынацыяй Беларускага Хельсінкскага камітэта стварае Нацыянальны індэкс правоў чалавека ў краіне, які ўяўляе сабой ацэнку сітуацыі з правамі чалавека ў трох катэгорыях: грамадзянскія і палітычныя правы; сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы; агульныя меры ў галіне правоў чалавека. Эксперты ацэньваюць актуальную сітуацыю і тое, наколькі яна суадносіцца з ідэальнай. У адпаведнасці з гэтым выстаўляецца ацэнка паводле 10-бальнай шкалы, дзе 1 – рэальнасць ніяк не суадносіцца з ідэальным станам, 10 – ідэальны стан і рэальнасць супадаюць. У 2019 годзе Нацыянальны індэкс правоў чалавека склаў 4,1 бала, у 2023-м – ужо 2,4 з 10 магчымых.

Адна з галін, дзе пагаршэнне найбольш моцнае, – права на ўдзел у культурным жыцці. Гэты індэкс вылічваецца паводле ацэнкі 4 кампанентаў: удзел у культурным жыцці, доступ да культурнага жыцця, магчымасць рабіць унёсак у культурнае жыццё і ахова культурнай разнастайнасці. Так, з 4,6 у 2019 годзе ацэнка права на ўдзел у культурным жыцці знізілася да 1,4 з 10 у 2023-м.

Маніторынг рэалізацыі Рэспублікай Беларусь Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення

Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі ладзіць даследаванне культурнай сферы Беларусі ў рамках маніторынгу рэалізацыі Рэспублікай Беларусь Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення. Ацэнка праводзіцца паводле пяці практычных вымярэнняў, якія адлюстроўваюць закладзеныя ў Канвенцыі мэты і прынцыпы, а таксама змены ў разгортванні культурнай палітыкі дзеля дасягнення гэтых мэтаў і рэалізацыі прынцыпаў: умовы для развіцця і праявы культурнай разнастайнасці; уплыў сектара культуры на развіццё грамадства; унутраныя рэсурсы і патэнцыял развіцця сферы культуры; развіццё міжкультурнага ўзаемадзеяння і кантактаў; узаемадзеянне суб’ектаў культурнай палітыкі. Шкала ацэнак размеркавана ад 0 да 30 балаў, дзе 0 адпавядае поўнай адсутнасці развіцця ў гэтым вымярэнні, а 30 балаў – практычна поўнай рэалізацыі ўсіх установак і прынцыпаў, закладзеных у Канвенцыі ЮНЕСКА. У 2019 годзе ацэнкі былі ў дыяпазоне ад 9,7 да 13,4 балаў з 30 магчымых (нізкі – сярэдні ўзроўні), у 2022-м – ад 5,4 да 8,4 (вельмі нізкі – нізкі ўзроўні). У 2019 годзе сярэдняе значэнне паводле 5 вымярэнняў, якія ацэньваюць рэалізацыю Рэспублікай Беларусь прынцыпаў, закладзеных у Канвенцыі ЮНЕСКА, складала 11,5 балаў з 30 магчымых, у 2023-м – усяго 6,6.

СТАТЫСТЫКА ПЕРАСЛЕДУ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

Станам на канец чэрвеня 2024 года ў Беларусі 1413 палітзняволеных, сярод якіх не менш за 105 чалавек – дзеячы культуры. Усяго ў зняволенні або ў стане абмежавання волі – на «хатняй хіміі» – знаходзяцца не менш за 164 працаўнікоў сферы культуры [6].

Мінімум 69 дзеячаў культуры выйшлі з турмаў, цалкам адбыўшы пакаранне паводле вынесеных ім несправядлівых прысудаў. Гэтыя лічбы, як і ўсе пададзеныя ніжэй, – толькі ніжняя мяжа колькасці працаўнікоў сферы культуры, якія трапілі пад тыя ці іншыя віды пераследу: частка рэпрэсій застаецца па-за полем зроку праваабаронцаў і шырокай грамадскасці, не ўсе выпадкі пераследу ўяўляецца магчымым персаніфікаваць, не пра ўсіх дзеячаў культуры на цяперашні момант нам вядома.

Паводле звестак маніторынгу, з 2020 года палітычна матываваны пераслед і цэнзуру зазналі не менш за 1900 прадстаўнікоў сферы культуры.

  • Ад рук рэжыму загінулі як мінімум 5 дзеячаў культуры. Няма падстаў не лічыць гвалтоўнымі смерці гісторыка, дырэктара ваўкавыскага музея Канстанціна Шышмакова ў жніўні 2020-га; мастака Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020-га; палітзняволенага актывіста і прамоўтара гісторыі Вітольда Ашурка ў траўні 2021-га. Асабліва жорсткае абыходжанне, неналежнае і нясвоечасовае аказанне медыцынскай дапамогі ў месцах утрымання пад вартай прывялі да смерці палітзняволеных: культурнага менеджара, блогера Мікалая Клімовіча ў траўні 2023-га і мастака Алеся Пушкіна ў ліпені 2023-га.
  • Адвольныя затрыманні закранулі не менш за 960 дзеячаў культуры (адзін ці больш разоў), адміністрацыйны пераслед – 645 (адзін-два-пяць ці больш разоў), крымінальны – 370 (адзін-два ці больш разоў).
  • Ажыццёўлена не менш за 295 крымінальных прысудаў (у тым ліку пяць завочных) у дачыненні да 281 дзеяча культуры.
  • Ператрусы прайшлі не менш чым у 208 працаўнікоў сферы культуры, канфіскацыя маёмасці – у 137.
  • Вядома пра арышт маёмасці ў 26 чалавек, завядзенне спецыяльнага (завочнага) вядзення ў дачыненні да 17 дзеячаў культуры, якія знаходзяцца не ў Беларусі.
  • Не менш за 209 дзеячаў культуры ўнесены рэжымам у «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», 31 – у «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
  • Зафіксавана інфармацыя пра 450 звольненых, 32 адлічаных з устаноў адукацыі, 8 дэпартаваных дзеячаў культуры.
  • На гэтым этапе не ўяўляецца магчымым ацаніць, колькі дзеячаў культуры:
    • прайшлі (і праходзяць) праз пераслед за грашовыя ахвяраванні ў фонды падтрымкі рэпрэсаваных у 2020 годзе (і былі вымушаны перавесці дзяржаве сотні тысяч долараў дзеля спынення супраць іх крымінальнай справы паводле артыкула за нібыта фінансаванне экстрэмізму);
    • зазналі (і працягваюць зазнаваць) працэдуры асабліва пільных надглядаў і допытаў падчас праходжання беларускай мяжы;
    • трапілі (і трапляюць) пад цэнзуру і забарону на распаўсюд прадуктаў сваёй творчасці;
    • зазналі (і працягваюць зазнаваць) абразы і паклёп у дзяржаўных медыя;
    • сышлі ў падполле і самацэнзуру або пакінулі краіну дзеля асабістай бяспекі.

Пачынаючы з паслявыбарчага перыяду 2020 года, у Беларусі ліквідаваны або вымушана пераехалі больш за дзясятак незалежных выдавецтваў; зачынены значныя арт-прасторы, міжнародныя цэнтры (Інстытут імя Гётэ, Польскі інстытут у Мінску, офіс Амерыканскага цэнтра ў Беларусі і іншыя), камерцыйныя крамы, якія будавалі свой бізнес на продажы тавараў з нацыянальнай (бел-чырвона-белай) сімволікай.

Ліквідавана кожная чацвёртая недзяржаўная арганізацыя, сярод якіх дзясяткі найстарэйшых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі. Так, 9 жніўня 2021 года быў прымусова ліквідаваны Беларускі ПЭН-цэнтр – арганізацыя, заснаваная яшчэ ў 1989 годзе, на момант ліквідацыі яе ўзначальвала нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч. Усяго, паводле маніторынгу «Lawtrend», на канец чэрвеня 2024 года страты ў грамадскім сектары складаюць ужо не менш за 1686 інстытуцыяналізаваных формаў некамерцыйных арганізацый, 1051 з якіх не стала ў выніку прымусовай ліквідацыі, у тым ліку 249 НКА, якія мелі дачыненне да развіцця сферы культуры Беларусі.

Да гэтага дня працягваецца як эміграцыя асобных людзей і сем’яў, так і рэлакацыя кампаній і арганізацый. Толькі паводле падлікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, краіну пакінулі не менш за 400 незалежных журналістаў.

ТЭНДЭНЦЫІ РЭПРЭСІЙ У КРАІНЕ Ў ЦЭЛЫМ І Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ Ў ПРЫВАТНАСЦІ:
2020 – ЧЭРВЕНЬ 2024

Асноўны курс дзяржавы – на задушэнне любой формы іншадумства і ўзмацненне кантролю над усімі аспектамі жыцця грамадства. Агульная выснова адносна тэндэнцый рэпрэсій – мяжа дазволенага ўсё больш адсоўваецца.

«Тое, што раней было недапушчальным, нейкія дзеянні з боку прадстаўнікоў улады ці функцыянераў, зараз дапушчальна, і гэтая мяжа ўсе болей і болей адсоўваецца, і тое, што 3 гады таму было ў прынцыпе немагчыма, праз 2 гады стала магчыма – і вось так па кроку ўсё пагаршаецца» [7].

Масавы характар пераследу і рост колькасці рэпрэсаваных (ад 103 асуджаных паводле крымінальных спраў у 2020 годзе да 5133 на канец траўня 2024-га)

«Я ўжо думаю, што працэнтаў трыццаць усіх беларусаў дакладна ўсе падсудныя» [8].

Рэпрэсіі не спыняюцца і на сёння закранаюць не толькі апанентаў палітычнага рэжыму, але часам і яго прыхільнікаў. Толькі за апошні год паводле палітычна матываваных абвінавачанняў асуджаны мінімум 1603 асобы.

Стала прыкметна больш крымінальных спраў паводле абвінавачання ў стварэнні, кіраўніцтве і ўдзеле ў «экстрэмісцкіх фарміраваннях», садзейнічанні і фінансаванні «экстрэмісцкай» дзейнасці; захавалася вялікая колькасць крымінальных спраў за ўдзел у вулічных пратэстах і выказванні ў сеціве.

За год вынесена не менш за 4466 адміністрацыйных пастаноў. Агулам, згодна са звесткамі праваабарончага цэнтра «Вясна», паводле крымінальных спраў вынесены мінімум 5133 палітычныя прысуды, з іх мінімум 2466 чалавек асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле артыкулаў 342 і 293 Крымінальнага кодэкса). Мінімум 36 418 чалавек зазналі адміністрацыйны пераслед: у 2020–2021 гадах – пераважна за мірныя акцыі, пікеты і выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі (паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, былы 23.34), у 2022–2024 гадах – за падпіскі, перапосты матэрыялаў незалежных медыя (паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, былы 17.11).

Прыклад са сферы культуры:

Расце і колькасць дзеячаў культуры, якіх закранулі рэпрэсіі. Калі ў 2020 годзе ў маніторынгу зафіксаваны 470 чалавек, то станам на чэрвень 2024 года іх колькасць ужо набліжаецца да 1900.

Узмацненне адказнасці (ад 30 да 100 базавых велічынь штрафу, ад 15 да 30 сутак арышту; ад адміністрацыйнага да крымінальнага пераследу; падаўжэнне тэрмінаў пазбаўлення волі)

«Павялічылі, як гэта сказаць, пераслед за любую праяву грамадзянскай пазіцыі» [9].

З 1 сакавіка 2021 года істотна ўзмацніліся санкцыі за адміністрацыйныя правапарушэнні паводле «палітычных» артыкулаў:

  • паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства» (былы 23.34) павялічыўся максімальны памер штрафу з 30 да 100 базавых велічынь (~ 1175 еўра) або 15 сутак арышту, пры паўторным прыцягненні на працягу года – з 50 да 200 базавых велічынь (~ 2350 еўра) або 30 сутак арышту (раней – да 15). Гэта зрабіла такое правапарушэнне самым «небяспечным» пры ацэнцы санкцый – напрыклад, «больш небяспечным» за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання, знішчэнне, пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
  • паводле артыкула 24.3 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў» да 2021 года санкцыя прадугледжвала штраф памерам ад 2 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт, пасля 2021 года – ад 2 да 100 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.

Калі ў 2020 годзе за ўдзел у мірных акцыях пратэсту беларусаў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці (паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях), то з канца 2022 года мае месца практыка прыцягнення ўжо да крымінальнай (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса) тых, хто раней быў асуджаны паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях і выходзіў падчас пратэстаў на праезную частку. Паколькі дэ-юрэ недапушчальна двойчы прыцягваць да адказнасці за адно і тое ж правапарушэнне, пракуратура апратэстоўвае прыцягненне грамадзян да адказнасці паводле адміністрацыйнай справы і стварае такім чынам юрыдычную магчымасць прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці (выпадкі кампенсацыі за незаконнае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці невядомыя) – дэ-факта адбываецца падвойнае прыцягненне да адказнасці за адно «правапарушэнне».

З 2022 года тэрміны пазбаўлення волі сістэматычна падаўжаюцца – у прыватнасці, праз завядзенне новых крымінальных спраў за фармальныя парушэнні (паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Прыклад са сферы культуры:

11 ліпеня 2023 года публіцыст і актывіст Зміцер Дашкевіч меўся выйсці на волю па заканчэнні 1,5-гадавога тэрміну адбыцця пакарання ў калоніі. Аднак у той дзень стала вядома пра яго перавод у следчую турму на падставе новага пераследу – цяпер паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса.

Узмацненне жорсткасці ўмоў утрымання палітычных зняволеных (ад наяўнасці сувязі і ліставання да статусу incommunicado)

Пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, якое адбываецца ў беларускіх турмах, робіць значную (часам непапраўную) шкоду здароўю людзей, прыводзячы ў асобных сітуацыях да шпіталізацыі і нават смерці.

З першых паведамленняў пра ўмовы ўтрымання зняволеных, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, паступалі звесткі пра асабліва жорсткае з імі абыходжанне: выкарыстанне практык пакарання карцарам; змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ); пазбаўленне пасылак або перадач, сустрэч з роднымі і адвакатамі і многіх іншых.

У 2021 годзе грамадскасць даведалася пра візуальную сегрэгацыю такіх зняволеных – жоўтую бірку на вопратцы (пастаноўка на прафілактычны ўлік).

З 2022 года пачалі паступаць першыя звесткі пра выкарыстанне практыкі пераводу з калоніі на турэмны рэжым, што прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага і камерныя ўмовы ўтрымання – знаходжанне ўвесь час у чатырох сценах.

У 2023 годзе гэта ўжо поўная ізаляцыя ад вонкавага свету – доўгатэрміновы рэжым incommunicado ў дачыненні да пэўных палітзняволеных. І смерці ў зняволенні ў выніку жорсткага абыходжання і неаказання належнай медыцынскай дапамогі (Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін; у 2024 годзе – Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч).

Прыклад са сферы культуры:

У жніўні 2022 года стала вядома, што блогеру і прамоўтару гісторыі Эдуарду Пальчысу, асуджанаму на 13 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, зрабілі больш жорсткім пакаранне і перавялі ў турму – суд адбыўся праз скайп, доўжыўся 5 хвілін.

Крыміналізацыя любой праявы салідарнасці (ад затрыманняў у зале суда да пераследу за ахвяраванні і аказанне прадуктовай дапамогі рэпрэсаваным)

Пераслед за дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій: ад нядопуску на судовыя пасяджэнні і затрыманняў у зале суда тых, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаных, пераследу за каментарыі ў сацыяльных сетках і распаўсюд навін пра жыццё палітзняволеных – да масавага пераследу з 2023 года за ахвяраванні* ў 2020 годзе ў фонды дапамогі пацярпелым ад гвалту і пераследу беларусам («BY_help», «BYSOL», «Сумленныя людзі», «Краіна для жыцця» і іншыя ініцыятывы, пасля прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»). А ў 2024 годзе – за аказанне прадуктовай дапамогі рэпрэсаваным сем’ям (сацыяльная ініцыятыва «INeedHelpBY») і лісты палітзняволеным (Facebook-супольнасць «Лісты салідарнасці Беларусь 2020»).

*У пачатку 2024 года Следчы камітэт падзяліўся вынікамі працы ў рэалізацыі механізму «вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з’явіліся з пакаяннем і загладзілі зробленую шкоду»: так, паводле вынікаў 2023 года сума выплачаных у бюджэт «дабрачынных» ахвяраванняў ужо перавысіла 37 мільёнаў беларускіх рублёў (~ 11 000 000 еўра).

Прыклад са сферы культуры:

2 ліпеня 2024 года бібліятэкарку Ірыну Пагадаеву асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі за аказанне дапамогі палітзняволеным – 4-5-рублёвыя грашовыя пераводы ў СІЗА на агульную суму 188 рублёў (~ 54 еўра).

Пашырэнне геаграфіі рэпрэсій і ўзмацненне ціску на тых, хто з’ехаў (завочнае вядзенне ў дачыненні да палітычных эмігрантаў, немагчымасць абмяняць пашпарты, прызнанне дыяспар «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»)

Улады Беларусі робяць захады для задушэння іншадумства як унутры краіны, так і за яе межамі. Практыка дыфамацыі і дыскрэдытацыі апанентаў рэжыму, якія выехалі з краіны і працягваюць выказвацца пра сітуацыю ў краіне, што мела месца ўжо ў 2020 годзе, дапоўнілася такімі формамі пераследу, як ператрусы на месцы прапіскі і разгромы кватэр, завядзенне крымінальных спраў і абвяшчэнне ў міжнародны вышук.

У сярэдзіне 2022 года ўступіў у сілу Закон «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», які ўвёў інстытут спецыяльнага (завочнага) вядзення паводле крымінальных спраў у дачыненні да абвінавачаных, што знаходзяцца за межамі краіны. Гэтыя нормы, і ў асаблівасці практыка іх прымянення ў Беларусі, супярэчаць базавым міжнародным стандартам крымінальнага судаводства.

У 2023 годзе ўнеслі праўкі ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», якія замацавалі магчымасць пазбавіць беларусаў грамадзянства за «экстрэмісцкую» дзейнасць; таксама беларусы замежжа пазбаўлены магчымасці абмяняць пашпарты за межамі краіны, прадаць нерухомую маёмасць і транспартныя сродкі паводле даверанасці, выдадзенай не ў Беларусі.

Пачатак 2024 года адзначаны прызнаннем беларускіх дыяспар «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», некалькімі групавымі крымінальнымі справамі і ўсплёскам паведамленняў Следчага камітэта пра завядзенне крымінальных спраў у рамках спецыяльнага вядзення: станам на 21 чэрвеня такія справы пачаты ў дачыненні да 108 асоб (на іх маёмасць накладзены арышт, пасля яна можа быць рэалізавана дзяржавай супраць волі грамадзян). Таксама ўсё больш крыміналізуюцца сувязі паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся ў краіне, пераслед пашыраецца на сваякоў палітычных эмігрантаў.

Прыклад са сферы культуры:

Першы прысуд у рамках спецвядзення – завочнага суда ў дачыненні да дзеяча культуры – быў ажыццёўлены 6 сакавіка 2023 года. Павел Латушка, палітычны і грамадскі дзеяч, міністр культуры Беларусі (2009–2012), пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА (2012–2019), генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (2019–2020), завочна асуджаны на 18 гадоў калоніі.

Абмежаванні на выезд з краіны / Узмацненне праверак і кантролю на мяжы (ад працэдуры дадатковага надгляду «паводле пратакола» да масавай праверкі тэлефонаў)

З 2021 года беларусы, якія згаданы ў базе МУС пад назвай «Беспарадкі» (інфармацыя пра арыштаваных паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – былы 23.34 – і некаторых іншых), пачалі зазнаваць дастаткова зневажальную працэдуру дадатковага надгляду ў пунктах памежнага кантролю падчас перасячэння дзяржаўнай мяжы падчас вяртання ў Беларусь. У адных выпадках такі надгляд праходзіць досыць тактоўна, у іншых даходзіць да пераварочвання рэчаў і раздзявання таго, каго надглядаюць, дагала. У пачатку 2023 года пачала з’яўляцца інфармацыя пра ўзмацненне праверак на мяжы – дадаліся «размовы» з прадстаўнікамі сілавых структур і праверка мабільнага тэлефона на прадмет падпісак на незалежныя СМІ і іншыя супольнасці, унесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»; вывучэнне спісу кантактаў у тэлефоннай кнізе, гісторыі браўзера, фотаздымкаў. Закранае такая праверка значна шырэйшае кола людзей. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у 2023 годзе пасля праверак на мяжы былі затрыманы не менш за 207 чалавек.

Вядома, што з восені 2022 года абмежаваны выезд з Беларусі былых палітычных зняволеных, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі. Закон № 268-З ад 11 траўня 2023 года дазволіў Камітэту дзяржаўнай бяспекі забараняць выезд з краіны на тэрмін да шасці месяцаў асобам, чый ад’езд «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі».

Прыклад са сферы культуры:

Бард Аляксандр Баль, у 2021 годзе звольнены паводле палітычных матываў з Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра пасля 26 гадоў працы, у чэрвені 2023 года быў затрыманы на мяжы пасля праверкі мабільнага тэлефона і атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Далейшая легалізацыя рэпрэсій і нарошчванне маштабу цэнзуры («Нідзе нельга выказацца – людзі нават ужо на кухнях баяцца выказацца» [10])

З 2022 года атрымала шырокае развіццё практыка задушэння іншадумства праз прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў дачыненні да апанентаў рэжыму. Пералікі асоб, нібыта датычных да экстрэмісцкай або тэрарыстычнай дзейнасці, спісы «экстрэмісцкіх фарміраванняў» і «экстрэмісцкіх матэрыялаў» рэгулярна папаўняюцца новымі прозвішчамі і найменнямі – рэжым пераследуе «на законных падставах».

Паводле падлікаў Беларускага Хельсінкскага камітэта, каб легалізаваць рэпрэсіі, толькі ў 2023 годзе ў краіне змянілі больш за 30 законаў і іншых нарматыўных прававых актаў: цяпер заканадаўча замацаваны «правільныя» грамадзянская супольнасць, партыі, грамадскія і рэлігійныя арганізацыі; скасавана магчымасць ствараць асобныя школы і дашкольныя ўстановы з выхаваннем і навучаннем на мове меншасці; абмежаваны ў правах беларусы за мяжой; унесены змены, якія дазваляюць забараніць дзейнасць замежных СМІ на тэрыторыі краіны; уведзена смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай або вайскоўцам, і іншыя змены.

Тое ж адбываецца ў сферы культуры: у 2022 годзе істотна абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, у якім быў відазменены кожны другі артыкул (126 з 257). У прыватнасці, дакумент паклаў пачатак стварэнню рэестраў арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў і Нацыянальнага рэестра экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, у атэстацыі якіх закладзены першапачаткова дыскрымінацыйныя механізмы.

На працягу 2023 года адбылося далейшае ўзмацненне заканадаўча замацаванай цэнзуры і дыскрымінацыі, якія закранулі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, рамеснікаў, уладальнікаў аграсядзіб, выдаўцоў, аматараў аэрафотаздымкі, ізноў арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Рэгуляванне працы апошніх добра ілюструе працэс усталявання кантролю над незалежным [11] сектарам культуры і нарошчванне маштабу цэнзуры. Так, у жніўні 2023 года, праз год пасля ўвядзення «Рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў», у ім былі 706 арганізатараў (737 найменняў, з якіх 31 меў пазнаку «выключаны»), пасля ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў восенню 2023-га – 45 [12] (56 найменняў і 11 «выключаных»). 45 дазволеных Міністэрствам культуры арганізатараў на краіну з больш чым 9-мільённым насельніцтвам!

Прыклад са сферы культуры:

«Калі казаць пра сітуацыю ўнутры краіны, напэўна, я б назвала такім вырашальным у чымсьці закон пра рэестр, таму што гэта стала дадатковай такой перашкодай у выхадзе да гледача» [13].

Негатыўныя трэнды назіраюцца і ў такіх тэндэнцыях, як [14]:

  • стыгматызацыя беларускай нацыянальнай сімволікі і ачарненне нацыянальнай культуры;
  • узмацненне расійскага ўплыву; антызаходніцтва;
  • пераслед за антываенную пазіцыю і любыя формы выказвання, адрозныя ад ідэалогіі дзяржавы; мілітарызацыя;
  • запалохванне насельніцтва і заахвочванне даносаў;
  • пераслед былых палітзняволеных; абмежаванне публічнасці судовых разбораў;
  • эканамічны ціск на насельніцтва; забарона на прафесію;
  • іншыя.

ДЗЕСЯЦЬ АБСУРДНЫХ ПРЫКЛАДАЎ ПАРУШЭННЯ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ І ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

Прыведзеныя ніжэй факты пераследу размешчаны ў храналагічным парадку.

  1. Пераслед за ўдзел у мірных сходах: «Як сэрца?»
    Дзмітрый Строцаў, адзін з найбольш публічных паэтычных галасоў беларускіх пратэстаў, 21 кастрычніка 2020 года выйшаў з дому – і знік. Пазней стала вядома, што яго затрымалі недалёка ад дома, загрузілі ў мікрааўтобус, надзелі кайданкі, а на галаву – мяшок. «Адзін да мяне нахіліўся і спытаў спачувальна: “Як сэрца?”» Даставілі ў галоўнае ўпраўленне КДБ (!), потым – у раённае аддзяленне міліцыі. Суд пастанавіў арыштаваць на 13 сутак паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («Удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах«) за ўдзел у адной з кастрычніцкіх мірных акцый нязгоды і пратэсту [15]: «4 кастрычніка 2020 года ў перыяд часу з 15:00 гадзін да 15:15 гадзін… рухаўся разам з іншымі ўдзельнікамі згаданага вулічнага шэсця, якія трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі і выкрыквалі лозунгі: “Жыве Беларусь!” і “Адыходзь!”…» (вытрымка з пратакола затрымання).
  2. Пераслед за творчасць: «Граў музыку»
    Джазмен Павел Аракелян быў затрыманы ўвечары 7 лістапада 2020 года пасля выступу на адным з дваровых канцэртаў у Мінску: да машыны, у якой прыяцель падвозіў музыку пасля выступу, выскачыў гурт амапаўцаў, яны пачалі тузаць ручкі дзвярэй і крычаць, што разаб’юць шкло. Потым паклалі абодвух тварам у асфальт і запхнулі ў серабрысты мікрааўтобус. Паўла Аракеляна адвезлі ў Маскоўскае РУУС, а затым у ізалятар на Акрэсціна [16]. 9 лістапада суд пастанавіў арыштаваць музыку за ўдзел у дваровым канцэрце на 15 дзён з фармулёўкай у пратаколе, што той «граў музыку, чым выказваў нязгоду з дзейнай уладай».
  3. Цэнзура: «Понятно»
    Восенню 2020 года сваякі адваката, паэта, барда Максіма Знака [17], які з 9 верасня 2020 года зняволены за сваю прафесійную дзейнасць, атрымалі ліст з СІЗА, у якім быў невялікі верш, практычна цалкам замаляваны ручкай, – турэмны цэнзар пакінуў у ім толькі слова «Зразумела».

  4. Пераслед за нацыянальную сімволіку: «Як экскурсія, спадабалася?»
    21 сакавіка 2021 года малодшы навуковы супрацоўнік музея Вялікай Айчыннай вайны Юрый Куўшынаў быў затрыманы ў цэнтры Мінска і арыштаваны на 15 сутак. Раней у той нядзельны дзень ён зладзіў у музеі аглядную экскурсію для курсантаў факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі, на якой сярод іншага падрабязна расказваў пра бел-чырвона-белы сцяг – «здаецца, слухалі вельмі ўважліва». Пазней тыя самыя курсанты і іх начальнік вярталіся ў сваю часць на метро, дзе ўбачылі на заплечніку ў аднаго з пасажыраў значок з «Пагоняй» на фоне бел-чырвона-белага сцяга, і выклікалі на яго нарад АМАПа. Гэтым пасажырам быў Юрый Куўшынаў [18].
  5. Пераслед за выказванне думкі: «Абараняў сябе і сваю сямю»
    Імя настаўніцы музыкі Аксаны Каспяровіч значыцца пад № 818 у «Пераліку арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» – спісе КДБ, які змяшчае прозвішчы «міжнародных тэрарыстаў». Каментарыі Аксаны Каспяровіч у Instagram, за якія яна адбыла 1 год і 2 месяцы калоніі і ў Беларусі лічыцца ў спісе «тэрарыстаў», тычыліся рэзананснага забойства супрацоўнікамі КДБ ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра [19] і былі наступнага зместу: «Паглядзела відэа захопу кватэры і зразумела: чарговае бяспраўе! Як жа шкада хлопца, які абараняў сябе і сваю сям’ю», «Супрацоўнік ведаў, на што ішоў. Яму за гэта немалыя грошы плацяць, праца яго такая. А на месцы хлопца са стрэльбай мне таксама было б страшна за сябе і сваю сям’ю((» [20].
  6. Умовы ўтрымання ў закрытых установах: «Калі ў нас бібліятэка?»
    Публіцыст, блогер, анархіст Мікалай Дзядок [21] быў затрыманы за сваю грамадзянскую пазіцыю ў лістападзе 2020 года і пазней асуджаны на 5 гадоў калоніі. Прайшоў праз збіццё, электрашокер, карцар, ШІЗА, ПКТ і іншыя катаванні. Напрыклад, у красавіку 2022 года Мікалая ўтрымлівалі 9 дзён у ШІЗА за тое, што ў шпацырным дворыку ён спытаў у зняволеных з суседняй камеры: «Калі ў нас бібліятэка?»
  7. Пераслед за распаўсюд інфармацыі: «Краіна ў слязах»
    У ліпені 2022 года галоўнай рэдактарцы газеты «Новы Час» Аксане Колб, у чэрвені 2021 года асуджанай на падставе аднаго фотаздымка на 2,5 года «хіміі» за ўдзел у маршы 16 жніўня 2020 года, прысудзілі яшчэ 13 дзён арышту за тое, што ў траўні 2021 года яна перапосціла на сваёй Facebook-старонцы песню «Краіна ў слязах», размешчаную на YouTube-канале «Belsat» [22].
  8. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы: «”Вызваленыя” і заняволеныя»
    У красавіку 2023 года дзеянне пасведчання аб рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Змітра Коласа, дзякуючы якому за больш чым 30-гадовую дзейнасць выдавецтва «Зміцер Колас» кніжны рынак Беларусі папоўніўся сусветнай літаратурай у найлепшых беларускіх перакладах, было спынена на падставе пазову Міністэрства інфармацыі. Нагодай зрабілася кніга доктара гістарычных навук Аляксандра Смаленчука «”Вызваленыя” і заняволеныя» – зборнік гістарычных дакументаў з дзяржаўных архіваў Беларусі. Выйшла яна ў 2021 годзе, нідзе не прадавалася, у 2023 годзе трапіла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
  9. Пераслед за данаты: «Не я першая, не я апошняя»
    Гэта словы адной з дзяячак культуры, прамоўленыя пасля званка супрацоўніка КДБ, які «запрасіў» яе на размову з нагоды ахвяраваных у 2020 годзе 15 долараў у адзін з фондаў дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій (пасля прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем»). Пагражаючы крымінальным пераследам, з 2023 года беларусаў масава выклікаюць у КДБ і ДФР і прапануюць адкупіцца: перавесці на адзін з прапанаваных следчым банкаўскіх рахункаў суму, якая ў 10-1000 разоў перавышае зробленае некалькі гадоў таму ахвяраванне: 500 долараў – узамен за данат 5 долараў, 1000-2000-5000 долараў – за ахвяраванні 10, 23, 48 долараў і г. д. Такія пераводы непрацэсуальныя і не даюць ніякіх гарантый, што крымінальны пераслед паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») не будзе пачаты паўторна.
  10. Без права на творчасць, без права на жыццё: «Палатно, алей»
    Ноччу 11 ліпеня 2023 года ў выніку жорсткіх умоў утрымання ў зняволенні і неналежнай медыцынскай дапамогі пры прабадной язве памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін [23]. У сакавіку 2022 года Алесь Пушкін быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за партрэт Яўгена Жыхара* («2014 г., палатно, алей, інсталяцыя-рама, ~ 140х120 см»)**.
    *антысавецкі партызан
    **з ліста Алеся Пушкіна «Чаму я напісаў партрэт Аўгена Жыхара»
Фота: Janak Kouzel

ВЫСНОВЫ

«Быў час, калі перад пачаткам вайны было нібы зацішша. Але пасля пачатку вайны людзей пачалі браць за выказванні пра вайну. Калі былі выбары мясцовыя дэпутацкія [люты 2024 г.], пачалася яшчэ адна хваля арыштаў і штрафаў, бо ў Беларусі няма грошай – сілавікам з чагосьці патрэбна выдаваць заробкі. Каб выплочваць ім высокія заробкі, яны пачалі чысціць людскія кішэні. Усіх запар. А цяпер чакаюцца выбары Лукашэнкі і прэсуюць людзей па-чорнаму» [24].

5 траўня 2023 года ў віцебскай калоніі памёр блогер і культурны менеджар Мікалай Клімовіч, у лютым асуджаны на год калоніі, нягледзячы на інваліднасць II групы па сэрцы. Здзейсненае ім злачынства – рэакцыя «смешна» на сатырычную выяву Лукашэнкі ў стужцы сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі». Гэтая трагічная гісторыя – усяго адна з сотняў і тысяч выпадкаў сістэматычнага і мэтанакіраванага задушэння іншадумства і грамадзянскіх свабод.

Рэпрэсіямі і татальным страхам рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць уладу. Для легалізацыі сваіх дзеянняў нелегітымная ўлада змяняе законы, а залежная судовая сістэма актыўна ўдзельнічае ў рэпрэсіях, ігнаруючы стандарты справядлівага суда.

Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі – катастрафічнае, што адзначана аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі. І сітуацыя пагаршаецца, што пацвярджаюць міжнародныя і нацыянальныя індэксы і рэйтынгі.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць звярнуць пільную ўвагу на тое, што адбываецца, і зрабіць захады для абароны правоў чалавека ў Беларусі. З рэкамендацыямі ад культурных арганізацый можна азнаёміцца тут.


[1] Станам на 29 траўня 2024 года.
[2] З непублічнага інтэрв’ю з дзеячам (дзяячкай) культуры вясной 2024 года.
[3] Згодна са справаздачай – 16 чалавек.
[4] Згодна са справаздачай, станам на 31 снежня 2023 года як мінімум 37 журналістаў былі ў зняволенні ў сувязі са сваёй прафесійнай дзейнасцю.
[5] Згодна са справаздачай, у зняволенні знаходзяцца 42 прафсаюзныя лідары і чальцы прафсаюза.
[6] Маніторынг парушэнняў у сферы культуры Беларусі, студзень – сакавік 2024 года.
[7] З непублічнага інтэрв’ю з дзеячам (дзяячкай) культуры вясной 2023 года.
[8] З непублічнага інтэрв’ю з дзеячам (дзяячкай) культуры вясной 2024 года.
[9] З непублічнага інтэрв’ю з дзеячам (дзяячкай) культуры вясной 2023 года.
[10] З непублічнага інтэрв’ю з дзеячам (дзяячкай) культуры вясной 2024 года.
[11] Арганізатары з ліку дзяржаўных органаў і дзяржарганізацый не патрабуюць уключэння ў згаданы рэестр.
[12] Станам на канец чэрвеня 2024 года.
[13] З інтэрв’ю з дзеячам (дзяячкай) культуры вясной 2023 года.
[14] Трэнды дзяржпалітыкі ў галіне правоў чалавека’23.
[15] Затрымалі Дзмітрыя Строцава.
[16] Затрымалі Паўла Аракеляна.
[17] Людзі слова ў няволі_Максім Знак.
[18] Затрымалі за значок з «Пагоняй».
[19] 28 верасня 2021 года супрацоўнікі КДБ уварваліся ў мінскую кватэру да IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра, у перастрэлцы загінулі гаспадар кватэры і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.
[20] «Да палітвязняў ставяцца горш, чым да забойцаў».
[21] Людзі слова ў няволі_Мікола Дзядок.
[22] 13 «сутак» за перапост песні «Краіна ў слязах».
[23] Супольная заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна.
[24] З непублічнага інтэрв’ю з дзеячам (дзяячкай) культуры вясной 2024 года.