Кніга «Фарбы паралельнага свету» выйшла ў 2017 годзе ў серыі «Беларуская турэмная літаратура», заснаванай Праваабарончым цэнтрам «Вясна». Кніга прысвечаная аналізу беларускай турэмнай сістэмы і таго, якімі метадамі карыстаецца адміністрацыя для ламання волі вязняў.
Кніга «Фарбы паралельнага свету» напісаная на падставе досведу, атрыманага аўтарам падчас першага палітычна матываванага зняволення, калі Мікола Дзядок правёў за кратамі 4,5 года з 2010 да 2015 (г. зв. «справа анархістаў») і быў прызнаны палітвязнем.
У 2017 годзе Мікола Дзядок стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Радыё Свабода і Беларускім ПЭН-Цэнтрам за твор, напісаны ў зняволенні.
11 лістапада 2020 года Мікола Дзядок арыштаваны ў загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні катавалі: збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, у вочы распылялі пярцовы газ.
29 чэрвеня 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся судовы працэс над Міколам Дзядком. Прад’яўлена абвінавачванне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў).
24 лістапада 2020 года прызнаны палітвязнем.
10 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд Мікалаю Дзядку. Суддзя Анастасія Папко прызнала яго вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3. Мікалая асудзілі да пяці гадоў калоніі. Палітвязень не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.
16 снежня 2021 адміністрацыя магілёўскай турмы №4 паставіла Міколу на прафілактычны ўлік як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва». У лісце з турмы Мікола распавёў, што на Новы год яго змясцілі ў карцар, але прычына і тэрмін пакарання невядомыя.
25 студзеня 2022 года калегія Вярхоўнага суда разглядзела апеляцыйную скаргу на прысуд Міколы Дзядка і пакінула яе без задавальнення, а прысуд — без зменаў.
12 лютага 2022 Мікола быў пераведзены з Турмы №4 у папраўчую калонію №9. Адразу пасля этапу адміністрацыя калоніі пачала ціснуць на палітвязня: прызначыла так званую нізкастатусную працу; пасля адмовы Міколы яе выконваць, бо гэта аўтаматычна пераводзіла б яго ў той самы нізкі статус, змясціла яго на 7 сутак у штрафны ізалятар; пазбавіла доўгатэрміновага спаткання і зменшыла атаварку да 2 базавых. Таксама ёсць праблемы з ліставаннем.
10 сакавіка 2022 Мікола адмовіўся ад працы на знак пратэсту супраць пазбаўлення яго ліставання і пераследу тых асуджаных, якія камунікуюць з палітвязнем. Адміністрацыя за гэта пакарала Дзядка чатырма месяцамі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). А двух асуджаных, якія працягвалі з ім камунікаваць, змясцілі ў ШІЗА.
23 сакавіка 2022 г. палітвязня дадалі ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
У судзе Горацкага раёна 28 чэрвеня 2022 г. разглядзелі справу «аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму». Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці Мікалая на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў. На пачатку ліпеня Міколу перавялі з ПК № 9 у гродзенскую Турму № 1.
Адрас для ліставання: Дзядку Мікалаю Аляксандравічу, турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.
М. Дзядок. Фарбы паралельнага свету. Мінск, 2017