На 30 чэрвеня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 39, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 164.
Літаратарку і доктарку Алену Церашкову асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса на 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Стаў вядомы вынік суда над керамісткай Аленай Карпенкай – 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Распачаўся суд над палітзняволеным актывістам і аўтарам турэмнай літаратуры Аляксандрам Францкевічам паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).
Вынесены завочны вырак паводле крымінальнай справы ўдзельнікаў сатырычнага праекту «Рудабельская паказуха»: кампазітара, аўтара песень і блогера Андрэя Павука; блогеркі Вольгі Павук; опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук; рок-музыкі, вакаліста гурта «Gods Tower» Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife); блогера Іллі Салянкова; блогера і прадзюсара Аляксандра Чахоўскага.
Перакладчыца з кітайскай мовы на беларускую Дар’я Хмяльніцкая асуджана на 5,5 года ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.
Пачаўся разгляд крымінальнай справы стваральніка музычных IT-стартапаў Глеба Дудко.
Пачаўся разгляд крымінальных спраў архітэктараў і праекціроўшчыкаў Рамана Забелы, Іллі Палонскага, Таццяны Палонскай і Дар’і Мандзік, затрыманых у лютым 2024 года.
На 10 гадоў асуджаны настаўнік беларускай мовы з Нароўлі Руслан Прахарэнка.
Журналіста, аўтара літаратуры нон-фікшн Ігара Карнея ўключылі ў пералік грамадзян, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У Гродне затрыманы пеўчы праваслаўнага хору, лаўрэат конкурсаў вакалістаў Даніэль-Ландсэй Кейта.
Суд прызнаў «экстрэмісцкімі» кнігі палітзняволенага грамадскага дзеяча і літаратара Паўла Севярынца «Каменнае сэрца», «Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі», «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца святла».
У калоніях у бібліятэках уводзяць цэнзуру – выдаляюць і знішчаюць кнігі, якія адміністрацыя палічыла небяспечнымі.
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 20 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў літаратарцы Алене Церашковай на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) 3 гады «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу). Да суда Алену Церашкову ўтрымлівалі ў следчым ізалятары ў Калядзічах пад Мінскам. Алена Церашкова – аўтарка мастацкай прозы, паэтка, перакладчыца, доктарка, двухразовая чэмпіёнка Беларусі па тэквандо, маці чацвярых дзяцей, сястра палітзняволенага Максіма Вінярскага. Аўтарка кніг «У поўны рост ці ўстану» (2005), «Вершы-загадкі» (2012), «Англійская мова: слова за словам» (2015); аповесці для падлеткаў «За летам ідзе зіма» пра пратэсты 2020 года ў Беларусі. Была затрымана ў Мінску 20 траўня 2024 года.
2. 20 чэрвеня стаў вядомы вынік суда над керамісткай Аленай Карпенкай. Прысуд быў вынесены 30 траўня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) – 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
3. 24 чэрвеня 2024 года ў судзе Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці распачаўся суд над палітзняволеным актывістам і аўтарам турэмнай літаратуры Аляксандрам Францкевічам паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Аляксандр Францкевіч неаднаразова зазнаваў адміністрацыйны і крымінальны пераслед за грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у пратэстах, двойчы быў прызнаны палітвязнем. За кратамі напісаў апавяданні «Дневник потерявшейся девочки», «Обними меня крепче». Апавяданні ўвайшлі ў кнігу «Голас волі з-за кратаў. Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных» (Вільня: ЕГУ, 2013 год). У 2013 годзе Аляксандр Францкевіч за апавяданне «Обними меня крепче» стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. 6 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд асудзіў Аляксандра Францкевіча на 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф 700 базавых велічынь (22 400 беларускіх рублёў, або больш за 8800 долараў). 28 лютага 2023 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме пры разглядзе апеляцыйнай скаргі судовая калегія скараціла тэрмін, прысуджаны Аляксандру Францкевічу, на 3 месяцы. У выніку тэрмін яго зняволення складае 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
4. 24 чэрвеня ў Брэсцкім абласным судзе вынесены завочны вырак паводле крымінальнай справы ўдзельнікаў сатырычнага праекту «Рудабельская паказуха»: кампазітара, аўтара песень і блогера Андрэя Павука; блогеркі Вольгі Павук; опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук; рок-музыкі, вакаліста гурта «Gods Tower» Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife); блогера Іллі Салянкова; блогера і прадзюсара Аляксандра Чахоўскага. Суд прызнаў Андрэя Павука і Вольгу Павук вінаватымі ў здзяйсненні «наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці»: кіраванні экстрэмісцкім фарміраваннем; зборы грашовых сродкаў і іншай маёмасці любым спосабам для забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, учыненым групай асоб па папярэдняй змове; распальванні сацыяльнай варожасці і разладу; паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; публічнай знявазе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў улады; незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных; садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Андрэю Павуку завочна прызначана пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам 5000 базавых велічынь (200 000 рублёў, або 61 170 долараў). Вользе Павук завочна прызначана 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам 2500 базавых велічынь (100 000 рублёў, або 30 585 долараў). Гэтым жа прысудам асуджаны: оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, блогер Ілля Салянкоў, рок-выканаўца Уладзіслаў Наважылаў. Ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 6 да 8 гадоў са штрафам ад 500 да 800 базавых велічынь (ад 20 000 рублёў, або 6117 долараў, да 32 000 рублёў, або 9787 долараў). Блогер і прадзюсар Аляксандр Чахоўскі асуджаны за «публічную знявагу прадстаўніка ўлады і глумленне з дзяржаўных сімвалаў» на 3 месяцы арышту. Завочна асуджаныя застаюцца за межамі Беларусі.
5. 26 чэрвеня 2024 года стаў вядомы вынік суда над літаратаркай Дар’яй Хмяльніцкай: 5,5 года ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Прысуд вынесены 29 красавіка 2024 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 361.3 Крымінальнага кодэкса (вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка або выкарыстанне грамадзян Рэспублікі Беларусь або асоб, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, асоб без грамадзянства для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Дар’я Хмяльніцкая – літаратарка, перакладчыца з кітайскай мовы на беларускую, аўтарка блога «Кніжны Цмок». Скончыла філфак БДУ, мае спецыяльнасць «усходняя філалогія», працавала настаўніцай беларускамоўнай гімназіі № 23 у Мінску. У 2023 годзе заняла другое месца на конкурсе «Зярцала слоў» у катэгорыі «мастацкі пераклад кітайскай прозы на беларускую мову». Затрымана 16 кастрычніка 2023 года. Судовы разгляд крымінальнай справы пачаўся 22 красавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе.
6. 26 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы стваральніка музычных IT-стартапаў Глеба Дудко, якога абвінавачваюць паводле артыкула 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У 2018 годзе Глеб Дудко запусціў два стартапы: «Leni: sing with piano» – мабільную праграму, што выконвае функцыі віртуальнага піяніста, і CRM-сістэму «Musio», прызначаную для планавання працы музычных педагогаў.
7. 27 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Мінска пачаў разгляд крымінальных спраў архітэктараў і праекціроўшчыкаў Рамана Забелы, Іллі Палонскага, Таццяны Палонскай і Дар’і Мандзік, затрыманых у лютым 2024 года. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Мяркуецца, што падставай для затрымання стаў фотаздымак з паслявыбарчых пратэстаў 2020 года, калі архітэктары і праекціроўшчыкі прайшлі асобнай калонай па Мінску.
8. 28 чэрвеня стала вядома, што ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме на 10 гадоў пазбаўлення волі асуджаны 24-гадовы Руслан Прахарэнка, які працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Нароўлі. Сацыяльныя сеткі ён вёў на беларускай мове, пісаў пра тое, чаму варта размаўляць па-беларуску. Руслана Прахарэнку асудзілі ў складзе групы з 5 асоб на падставе ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці або разладу), ч. 1 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 406 Крымінальнага кодэкса (неданясенне аб злачынстве).
II. Адміністрацыйныя арышты
20 чэрвеня стала вядома, што ў Гродне затрыманы пеўчы праваслаўнага хору, лаўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна і лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна Даніэль-Ландсэй Кейта. На відэа, знятым супрацоўнікамі міліцыі, Даніэль-Ландсэй Кейта кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў негатыўныя каментары пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама пра расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.
III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
У Шуміліне каталіцкі святар Анджэй Юхневіч тройчы быў асуджаны на адміністрацыйны арышт паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за «правядзенне несанкцыянаванага пікета» – размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі. Анджэй Юхневіч правёў за кратамі 45 сутак і зноў арыштаваны на 10 сутак.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. 19 чэрвеня стала вядома, што ў бібліятэках у калоніях уводзяць цэнзуру – выдаляюць і знішчаюць кнігі, якія адміністрацыя палічыла небяспечнымі. Пад забарону трапілі раманы Джорджа Оруэла «Ферма» і «1984», раман-антыўтопія Рэя Брэдберы «451 градус паводле Фарэнгейта», некаторыя кнігі сучасных беларускіх аўтараў, падручнік замежных моў.
2. 28 чэрвеня Міністэрства ўнутраных спраў уключыла журналіста, эсэіста, аўтара літаратуры нон-фікшн Ігара Карнея ў пералік грамадзян, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». 20 чэрвеня Ігара Карнея этапавалі адбываць тэрмін зняволення ў папраўчую калонію № 17 у Шклове. Ігар Карней – журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер, арыштаваны паводле палітычна матываванай справы за прафесійную дзейнасць. 27 ліпеня 2023 года Ігара Карнея затрымалі ў Мінску, у доме правялі ператрус. Паводле праўладнай газеты «Беларусь сегодня», прычынай крымінальнай справы стала супраца з праваабарончай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якая ў 2021 годзе была пазбаўлена юрыдычнага статусу Вярхоўным судом, а ў пачатку 2023 года абвешчана КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем». Паводле версіі абвінавачання, Ігар Карней працягваў супрацоўнічаць з БАЖ, ствараючы для яе інфармацыйных рэсурсаў «негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады». 22 сакавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе быў вынесены прысуд у крымінальнай справе Ігара Карнея паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) – 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
20 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» кнігі палітзняволенага грамадскага дзеяча і літаратара Паўла Севярынца «Каменнае сэрца», «Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі», «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца святла». 25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме асудзіў Паўла Севярынца на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.