Палітзняволены праваабаронца і сябра Беларускага ПЭНа Алесь Бяляцкі 15 траўня стаў ганаровым сябрам Нарвежскага ПЭНа.
Нарвежскі ПЭН зазначае:
«Алеся Бяляцкага называюць «апорай праваабарончага руху ва Усходняй Еўропе», ён займаецца прасоўваннем дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі з 1980-х гадоў. Ягоная прыхільнасць дэмакратыі і правам чалавека натхняе мільёны людзей, у тым ліку тых, хто працуе ў Нарвежскім ПЭНе. Нобелеўскі лаўрэат ушанаваны званнем ганаровага сябра, бо ўвесь час вядзе барацьбу за сябе і сваю свабоду, а таксама за ўсіх, хто хоча дэмакратычнай будучыні ў Беларусі – і гэтая барацьба патрабуе нашае падтрымкі».
На ўручэнні ганаровага звання прысутнічала жонка Алеся Наталля Пінчук. Наталля не ведае, ці зможа Алесь атрымаць паведамленне ў турме, але ўсё ж верыць, што яно надасць яму сіл:
«Прызначаючы Алеся ганаровым сябрам Нарвежскага ПЭНа, вы выказваеце яму салідарнасць, падтрымку і прызнанне. Не ведаю, калі можна будзе данесці навіну, але гэтае прызначэнне сведчыць пра супольнасць сярод пісьменнікаў – і пра тое, што яго памятае ўвесь вольны свет. Нарвежскі ПЭН становіцца голасам Алеся ў свеце, а гэта значыць, што ўсе спробы прымусіць Алеся замаўчаць бессэнсоўныя».
Беларускі ПЭН заклікае падтрымліваць Алеся Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязняў па ўсім свеце.
Вы можаце даведацца болей пра Людзей Слова ў няволі і пра Алеся Бяляцкага на нашым сайце.
Фота: spring96.org.