• Навiны
  • Распачаты прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі 2022, 2023 г.

Распачаты прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі 2022, 2023 г.

Апошняе абнаўленне: 23 студзеня 2024
Распачаты прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі 2022, 2023 г.

Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава. Сёлета адбудзецца ўручэнне дзвюх прэмій: за вокладку кнігі, выдадзенай у 2022 годзе, і за вокладку кнігі, выдадзенай у 2023-м. 

 «Сёлета, распачынаючы новы сезон, мы робім гэта ў дзень памяці Міхала Анемпадыстава, хаця і дагэтуль непамысна гаварыць пра яго ў мінулым часе. Абіраючы сімвалічныя даты для прэміі, мы намагаемся ўшанаваць як асобу і даробак Міхала, так і важную для ягонага жыцця сферу – вокладку беларускай кнігі, што выжывае цяпер насуперак усім абставінам. Візуал не менш (зрэшты, і не больш) важны за слова – у апошнія гады адной з мішэнню рэпрэсій сталі выявы і колеры, якія працягваюць гаварыць, калі словы ўжо (ці яшчэ) маўчаць. Кніга, першае ўражанне пра якую дае вокладка, сёння ў цэнтры нашай увагі», – распавяла старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

 Ацэньвацца будзе не толькі дызайн і паліграфічнае выкананне вокладкі, але і іх адпаведнасць зместу кнігі. Таму ў журы прэміі ўвойдуць творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам.

 Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладкі да папяровых кніг, што выйшлі ў 2022 і 2023 годзе і адпавядаюць хаця б аднаму з наступных крытэрыяў:

        кніга выдадзена ў беларускім выдавецтве;
      напісана беларускім аўтарам;
      напісана па-беларуску;
      распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.

Каб падаць вокладку на конкурс, трэба да 6 лютага запоўніць форму 

Прапанаваць кнігу на конкурс могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы чытач.

Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Сёлета адбудуцца дзве цырымоніі: вясной будзе абвешчаны пераможца прэміі за кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе; восенню, на фестывалі «Бардаўская восень», абвесцяць найлепшую вокладку кніг, выдадзеных у 2023-м. 

Міхал Анемпадыстаў працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, фатаграфіі. Як дызайнер ствараў плакаты, паштоўкі, лагатыпы, вокладкі для музычных альбомаў і нават этыкеткі спіртных напояў па-беларуску. У пачатку 1990-х ілюстрацыі Міхала Анемпадыстава вызначалі запамінальны стыль часопіса «Бярозка», дзе ён быў мастацкім рэдактарам. У 2011 годзе мастак праілюстраваў кнігу Сяргея Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». Вокладкі, створаныя Міхалам Анемпадыставым, упрыгожваюць пераклады Збігнева Гэрбэрта і Чэслава Мілаша, кнігі Андрэя Хадановіча, Таццяны Нядбай, Сяргея Харэўскага, Наталкі Бабінай ды іншых беларускіх аўтараў.

Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал Белсат.