Фота Аляксандра Драгавоза
Прамова Таццяны Астроўскай на цырымоніі ўручэння прэміі імя Францішка Багушэвіча 29 кастрычніка 2023 года
Дзякую сардэчна за гэтую высокую ўзнагароду, гэта вялікі гонар для мяне, вялікае прызнанне! Я тут, напэўна, не буду паўтарацца з падзякамі, называючы ўсіх пайменна, скажу толькі, што вельмі-вельмі ўдзячная ўсім, хто так ці інакш падтрымліваў гэтую працу, зрабіў магчымым, каб яна з’явілася, убачыла свет. І гэта сапраўды многа неймаверна важных для мяне людзей. Усім вялікі дзякуй, нашая моц – у еднасці і ўзаемападтрымцы.
У маёй невялікай прамове я хацела б пагаварыць пра інтэлектуальную спадчыну Францішка Багушэвіча і яе актуальнасць. А таксама пра тое, якое дачыненне ідэі і постаць Багушэвіча маюць да таго кантэксту, да таго часу, з якім я працавала ў гэтай кнізе.
Францішак Багушэвіч – безумоўна, зорка першай велічыні ў беларускай культуры. Мне думаецца таксама, што Багушэвіч – сапраўды адзін з першых, хто ў беларускай культуры яскрава выявіў і растлумачыў узаемасувязь культурнага і палітычнага, паказаў, што палітычныя мэты могуць і мусяць вырашацца сродкамі культуры.
Багушэвічава неўміручае «Не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмёрлі» было, як мне бачыцца, таксама і спробаю вывесці, выклікаць беларускую мову, беларускую культуру, беларускую нацыю на ўзровень палітычнай суб’ектнасці.
Як падаецца, для Багушэвіча менавіта кадыфікацыя мовы, (пера)стварэнне на ёй літаратуры, культуры было шляхам да ўсведамлення беларусаў як супольнасці.
Ствараючы культуру, ён змагаўся за тое, каб у такой падпарадкаванай неарганізаванай еднасці, якой былі на той час беларусы, з’явіўся свой голас як палітычнага суб’екта. Папярэджваючы, што шанц беларускага народа на палітычнае ўвасабленне як нацыі не павінен быць згублены. Менавіта гэтым часам у «малых» «агістарычных» народаў такі шанц ужо прывідна з’явіўся на гарызонце. І Багушэвіч, які доўгі час правёў на ўкраінскіх землях, добра гэта адчуваў.
Цікава, аднак, што ў час позняга сацыялізму, якому прысвечана гэтая кніжка, а гэта ўсяго праз нейкіх 70-80 гадоў пасля выхаду «Дудкі беларускай» і яе славутай прадмовы, мы маем такую быццам бы люстэркавую сітуацыю. Літаратура дасягнула такога высокага ўзроўню, якога ніколі не мела (прынамсі, з часоў Багушэвіча) – але грамадскай цікавасці да яе няма. Кнігі на беларускай мове друкуюцца вялікімі тыражамі, такімі вялікімі, як ніколі, але іх ніхто не набывае. Створана высокая культура на беларускай мове – але яна адарваная ад патэнцыйнага спажыўца культуры.
Мікола Ермаловіч апісаў парадокс гэтай сітуацыі ў адной са сваіх гутарак: малады беларускі паэт прыязджае ў родную вёску, каб наблізіцца да «народных вытокаў», а ягоную беларускую мову ніхто не разумее, аднавяскоўцы прымаюць яго за іншаземнага шпіёна. Вядома, тут ёсць паралелі і з днём сённяшнім, але мне цяпер хацелася б звярнуць вашую ўвагу на іншае.
Такім чынам, культурная сітуацыя ў 1970-х – 1980-х бачыцца яе ўдзельнікам як крайняя. Беларуская мова апынаецца на мяжы знікнення, пераходзіць у статус музейнага артэфакта, нават калі за музейным шклом гэта ўсё вельмі добра і прыгожа выглядае. І калі моўныя, культурныя асаблівасці сціраюцца, а іншага апірышча, фундамента для супольнасці на той момант не існавала, проста не магло існаваць, то адначасова амаль знікае, робіцца прывідным шанц на палітычную аўтаномію.
І зразумела, што з’яўляюцца тыя, хто гэта бачыць, пачынаюць біць трывогу, шукаюць выйсце. І гэта тыя, пра каго я і пішу ў гэтай кнізе. І як ні дзіўна, Францішак Багушэвіч і ягоная спадчына робяцца запатрабаванымі як ніколі. Прывяду толькі некалькі прыкладаў.
У траўні 1976 года, напярэдадні чарговага з’езду Саюза пісьменнікаў Беларусі, выходзіць самвыдатаўская ўлётка, што імітуе, паўтарае прадмову да «Дудкі беларускай». Аўтар улёткі, нібыта Мацей Бурачок (а цяпер мы ведаем, што пісаў яе і друкаваў мастак Яўген Кулік), звяртаецца да беларускіх пісьменнікаў, папярэджвае іх: «Браткі мілыя, пісьменнікі! Хачу спытаць вас цяпер: хто ж чытаць будзе тое, што вы пішаце, ды праз дзясятак гадоў ці праз дваццаць? Ці ж патрэбныя будуць каму з беларусцаў ксёнжачкі вашыя пекныя, у перакладзе з расейскай мовы свет заваяваўшыя. Ды вы і самі ўраз з імі. Га?»
Яшчэ праз 10 гадоў, у 1986-м, ужо на пачатку перабудовы, невялікае кола маладых інтэлектуалаў, сярод якіх быў Алесь Бяляцкі, распачынае выдавецтва непадцэнзурнага часопіса «Бурачок», назва якога, вядома ж, адсылае да псеўданіма Багушэвіча. Як і іхныя папярэднікі, выдаўцы «Бурачка» ўжо амаль згубілі «веру ў сябе, веру ў будучыню нацыі», але, насуперак уласнаму песімізму, ствараюць праграму абуджэння «палітычных патэнцый» беларускага народа.
Так уплывае Багушэвічава дыстапічнае мысленне, што лямантуе пра знікненне нацыі і аднак, насуперак сабе, прапаноўвае (і ажыццяўляе) пазітыўную праграму дзеяння для наступных інтэлектуальных пакаленняў. У кнізе я спрабавала перадаць гэтую ўзаемасувязь, дыялог розных інтэлектуальных пластоў беларускай культуры, а таксама і непарыўнасць, узаемазалежнасць культурнага і палітычнага.
Скончыць я хацела б таксама цытатаю, ізноў жа, з той самай прадмовы – адною думкаю Багушэвіча, на якую, можа быць, не так часта звяртаецца ўвага. Аднак мне яна падаецца вельмі істотнай. Дзесьці пасярэдзіне прадмовы Багушэвіч кажа, што ён думаў-думаў – і адважыўся нарэшце напісаць ды выдаць свае вершы. «Хто іх спадабае – таму дзякуй», – кажа Багушэвіч і працягвае: «А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць шмат чаго!» Як мне бачыцца, гэтая думка – і пра важнасць культуры для існавання супольнасці, і пра модус, у якім культура можа і мусіць існаваць. Пра модус радыкальнай адкрытасці да дыялогу і да пераадолення самой сябе. Калі мы штосьці ствараем, мы ствараем перадумовы і мусім быць гатовыя, адкрытыя да таго, каб з’явілася «лепш і больш».
Шчыра дзякую!