Беларускі драматург і рэжысёр, сябра Беларускага і Амерыканскага ПЭНаў Андрэй Курэйчык запрашае ўсіх на прэзентацыю сваёй кнігі на англійскай мове. Прэзентацыя адбудзецца ў сераду, 15 лістапада, а 16:00 у Люсі-холе ў рамках Славянскага калёквіуму (Henry R. Luce Hall, 202, 34 Hillhouse Avenue, New Haven, CT 06511).
Выданне «Insulted. Belarus. Voices of New Belarus. Two Plays of the Revolution» выйшла ў ЗША ў выдавецтве «Laertes Press». У гэтай кнізе Андрэй Курэйчык спалучае дакументальны тэатральны дыскурс з асабістым вопытам, даследуе экзістэнцыяльную барацьбу беларусаў супраць жорсткага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з тэатральнага пункту гледжання. Абедзве п’есы з кнігі былі пастаўлены ў тэатрах больш як трыццаці краін і ўганараваны нацыянальнымі тэатральнымі ўзнагародамі ў Балгарыі, Польшчы і Фінляндыі.
Паралельна адбудзецца тэатральная дыскусія пра сучасную драму ў Беларусі ў перыяд дыктатуры і паўстання, а таксама ва Украіне падчас жорсткага расійскага ўварвання і акупацыі. У панэлі абмяркуюць працы новых украінскіх і беларускіх драматургаў, якія займаюцца тэмай супраціву вайне і дыктатуры ва Украіне і Беларусі, а таксама кнігу самога аўтара.
У панэлі таксама паўдзельнічаюць выдавец беларускай, украінскай і блізкаўсходняй драматургіі Ніна Камберас, перакладчык, тэатральны крытык і прадзюсар праекта сусветных чытанняў беларускай і ўкраінскай драмы Джон Фрыдман, а таксама расійская актрыса і рэжысёрка Аксана Мысіна. Мадэратар панэлі – прафесар Ельскага ўніверсітэта Нары Шэлекпаеў.
Андрэй Курэйчык: «Мне здаецца, гэта важная навіна. У Злучаных Штатах Амерыкі выйшла мая першая кніга на англійскай мове. Гэта мае п’есы, прысвечаныя сучаснай Беларусі. Яны прайшлі шмат пастановак, перакладаў, і вось яны цяпер тут».