
24 кастрычніка 2023 года ў рамках Фестывалю літаратуры за мір дэмілітарызаванай зоны Карэі (DMZ Peace Literature festival 2023), арганізаванага Фондам культуры Кёнгідо, выбітная беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, ганаровая старшыня і сябра Беларускага ПЭНа, наведала мерапрыемства і прыняла актыўны ўдзел у дыскусіях пра важнасць літаратуры ў сучасным свеце. Асноўная тэма мерапрыемства – роля пісьменнікаў у глабальным крызісе.
На фестываль былі запрошаны 49 літаратараў свету. Французскі пісьменнік Жан-Мары Гюстаў Ле Клезьё правёў дыскусію са Святланай Алексіевіч на тэму «Праз бар’еры і дыскрымінацыю – да жыцця і міру». Гэта падзея аб’яднала дваіх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і прыцягнула ўвагу як прысутных, так і анлайн-аўдыторыі.
Акрамя таго, спадарыня Святлана зрабіла даклад пра важнасць слова і літаратуры ў перыяды крызісаў і войнаў. Яна таксама падзялілася сваім вопытам і ведамі пра дзейнасць Беларускага ПЭНа і пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларусы ў сучасных умовах.