Штогадовы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі гэтым разам прайшоў 22—24 верасня ў Гданьску. Адна з найважнейшых задач Кангрэса – умацоўваць інтэграцыю даследчыкаў і экспертаў у палітычных, сацыяльных і гуманітарных навуках. Кангрэс спрыяе лепшаму разуменню Беларусі ў акадэмічнай і грамадскай сферах у рэгіянальным і сусветным кантэксце.
У секцыі «Грамадства і грамадскія інстытуты» (панэль «Даследаванні грамадзянскай супольнасці») літаратарка і праваабаронца Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа, прэзентавала праект арганізацыі — маніторынг парушэння правоў чалавека ў сферы культуры.
У тым ліку было прэзентавана апошняе даследаванне «Сфера культуры Беларусі ў 2022–2023 гг. Рэпрэсіі. Тэндэнцыі». Таццяна Нядбай расказала пра метадалогію маніторынгу, назвала агульныя тэндэнцыі і абмеркавала з удзельнікамі кангрэсу важнасць і патрэбнасць маніторынгу і фіксацыі парушэнняў.
Вялікі дзякуй аргкамітэту Кангрэса даследчыкаў Беларусі за магчымасць прыняць удзел і каштоўныя прадуктыўныя выходныя.