8 лютага 2023 года ў Гродне ў абласным судзе вынесены прысуд палітзняволенаму журналісту і эсэісту Андрэю (Анджэю) Пачобуту. Суд праходзіў у закрытым рэжыме (суддзя Дзмітрый Бубенчык).
Андрэя Пачобута абвінавачвалі ў закліку да санкцый на падставе арт. 361.3 Крымінальнага кодэкса і арт. 130.3 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу).
Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне пасля ператрусу ў сваім доме.
4 кастрычніка 2022 года КДБ дадаў журналіста ў «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Андрэй Пачобут мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым палітвязня змяшчалі ў карцар. Журналісту практычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.
Андрэй Пачобут – эсэіст, журналіст, публіцыст, блогер, паэт, аўтар песень, музыка, аўтар кнігі «Сістэма Беларусь» («System Białoruś», 2013), у якой ён уздымаў праблемы Беларусі і краін постсавецкай прасторы. Больш інфармацыі пра Андрэя Пачобута як пра творцу і дзеяча культуры на сайце Беларускага ПЭНа.
Андрэй Пачобут паслядоўна называў напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе «агрэсіяй» і пісаў праўду пра пераслед польскай меншасці ў Беларусі.
31 сакавіка 2021 года праваабаронцы прызналі Андрэя Пачобута палітвязнем і заклікалі да неадкладнага вызвалення з-пад варты і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу; спынення ціску і пераследу ў дачыненні да прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці; спынення выкарыстання артыкула 130 Крымінальнага кодэкса ў мэтах пакарання за выказванне меркаванняў аб гістарычных фактах, што з’яўляецца несумяшчальным з абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Беларускі ПЭН выказвае пратэст супраць несправядлівага прысуду Андрэю Пачобуту і пераследу польскай меншасці, які адбываецца ў Беларусі.