Belarus Country Report 2022

Апошняе абнаўленне: 22 студзеня 2023
Пісьменнікі ў небяспецы: ключавыя выпадкі і тэндэнцыі, Беларусь, 2022 год.

У 2022 годзе ўлады Беларусі працягвалі, а часам і ўзмацнялі свае спробы падавіць свабоду слова. У апублікаванай у сакавіку 2022 года справаздачы Беларускага ПЭНа пра парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да пісьменнікаў, мастакоў і іншых дзеячаў культуры задакументавана 1390 парушэнняў свабоды слова, культурных правоў і іншых парушэнняў правоў чалавека ў 2022 годзе. У справаздачы адзначаецца, што на канец года сярод 1446 палітычных зняволеных было 108 дзеячаў культуры, у тым ліку пісьменнікаў, паэтаў, музыкаў і драматургаў. У справаздачы зафіксаваныя адвольныя арышты і затрыманні дзеячаў культуры, працэсуальныя парушэнні і разнастайныя формы пераследу, у тым ліку звальненні, у дачыненні да тых, хто крытыкаваў прэзідэнта Лукашэнку і яго ўрад. Пісьменнікі і публічныя інтэлектулы па-ранейшаму апыналіся за кратамі за тое, што пісалі пра гісторыю Беларусі або друкавалі беларускія кнігі, а таксама крытыкавалі прэзідэнта Лукашэнку. У Беларусі былі прынятыя жорсткія меры і ў дачыненні да журналістаў: у 2022 годзе 28 журналістаў і работнікаў СМІ патрапілі за краты па цэлым шэрагу абвінавачванняў.

У відавочным імкненні пераняць вопыт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўвёў у дзеянне заканадаўчыя меры, якія прадугледжваюць пакаранне за так званыя «экстрэмісцкія» матэрыялы ці групы (гэтае азначэнне часта выкарыстоўваецца для абмежавання доступу да незалежных СМІ), паралельна з іншымі законамі, якія падрываюць свабоду слова, напрыклад, выкарыстоўваючы супраць палітычных апанентаў і дысідэнтаў абвінавачванні ў распальванні «сацыяльнай варожасці і нянавісці». У 2021 годзе мінскі суд прызнаў інтэрнэт-партал TUT.by экстрэмісцкім, а ў 2022 годзе рэсурс быў забаронены; зусім нядаўна Беларуская асацыяцыя журналістаў была прызнаная КДБ «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Аляксандр Лукашэнка працягнуў і свае спробы ўзяць пад кантроль калектыўную памяць: у студзені з’явіўся загад аб абвяшчэнні 2022 года ў Беларусі Годам гістарычнай памяці з акцэнтам на БССР у часе Другой сусветнай вайны. Праз некалькі дзён быў падпісаны закон «Аб генацыдзе беларускага народа», у якім дэкларавалася, што нацысцкая Германія ў часе Другой сусветнай вайны ажыццяўляла супраць беларусаў генацыд, прычым беларусамі былі названыя «ўсе савецкія грамадзяне, якія ў той час пражывалі на тэрыторыі Беларусі». Гісторыкі раскрытыкавалі закон за тое, што знішчэнне нацыстамі беларускіх габрэяў падчас Халакосту скажона інтэрпрэтавалася як генацыд супраць усіх этнічных беларусаў. Скажэнне гісторыі прэзідэнтам Лукашэнкам сінхранізуецца з расійскай дзяржаўнай рыторыкай пра «дэнацыфікацыю», якая выкарыстоўваецца дзеля апраўдання вайны супраць Украіны.

У 2022 годзе за кратамі ў Беларусі знаходзілася шаснаццаць пісьменнікаў, шасцёра з іх апынуліся ў зняволенні ў 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія, на агульную думку, былі сфальсіфікаванымі.

Пісьменнікі ў небяспецы: ключавыя выпадкі і тэндэнцыі

Многія пісьменнікі, якія апынуліся ў зняволенні або перад небяспекай пераследу пасля выбараў 2020 года, на працягу 2022 года заставаліся пад следствам, пачалі адбываць турэмныя тэрміны або працягвалі жыць у выгнанні. Пісьменніку, праваабаронцу і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму ў верасні 2022 года былі прад’яўлены новыя абвінавачанні ў парушэнні грамадскага парадку, а ў 2023 годзе ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваных абвінавачваннях у «кантрабандзе» і «фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Палітолаг Валерыя Касцюгова, якая знаходзіцца за кратамі з моманту затрымання ў чэрвені 2021 года, у сакавіку 2023 года была асуджаная на 10 гадоў пазбаўлення волі. Беларуска-польскі пісьменнік і журналіст Анджэй Пачобут у 2023 годзе быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў «распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або нянавісці». Суд над філосафам Уладзімірам Мацкевічам адбыўся ў чэрвені 2022 года, пасля 10 месяцаў зняволення, аўтара-блогера Міколу Дзядка асудзілі ў лістападзе 2021 года пасля года ў зняволенні; кожны з іх адбывае пяцігадовы турэмны тэрмін. Філосаф Вольга Шпарага і журналіст Руслан Кулевіч жывуць у выгнанні з восені 2020 года, калі яны пакінулі Беларусь праз пастаянную пагрозу затрымання.

У межах афіцыйных намаганняў па кантролі над беларускім гістарычным наратывам літаратара Аляксандра Новікава ў 2022 годзе асудзілі на два гады пазбаўлення волі за публікацыю артыкулаў, у змесце якіх суд убачыў «знеслаўленне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «прыкметы рэабілітацыі нацызму» і «варожасці ў дачыненні да груп, якія шануюць гісторыю савецкага перыяду».

Парушэнні культурных правоў і свабоды слова часта звязаныя з мовай. Нягледзячы на тое, што, паводле Канстытуцыі, беларуская мова з’яўляецца адной з дзяржаўных, беларускамоўныя асобы зазнаюць дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце ў самых розных сферах. Беларускі ПЭН задакументаваў дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце ў сферы адукацыі, СМІ, выдавецкай дзейнасці, а таксама пры прадастаўленні тавараў і паслуг. У траўні 2022 года незалежны выдавец беларускай літаратуры Андрэй Янушкевіч адчыніў у Мінску кнігарню. Кнігарня прапрацавала ўсяго сем гадзін: яе прымусова зачынілі пасля нападу праўладных журналістаў. Андрэй Янушкевіч быў затрыманы ГУБАЗіКам, было канфіскавана 200 асобнікаў кніг. Андрэй Янушкевіч быў вызвалены праз амаль месяц утрымання пад вартай. У студзені 2023 года па іску Міністэрства інфармацыі Мінскі гаспадарчы суд адклікаў ліцэнзію ў выдавецтва «Янушкевіч» за публікацыю экстрэмісцкіх матэрыялаў. Янушкевіч з’ехаў з Беларусі ў Польшчу.

Парушэнні свабоды слова і культурных правоў паўплывалі на здольнасць беларусаў рэалізоўваць іншыя правы чалавека. Беларускі ПЭН паведаміў, што беларускамоўныя людзі былі дыскрымінаваныя пры галасаванні на рэферэндуме ў лютым 2022 года праз адсутнасць бюлетэняў на беларускай мове.

Пагрозы свабодзе выказвання фактычна абмежавалі беларускі супраціў уварванню Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Выяўленне праўкраінскай ці антываеннай пазіцыі, у тым ліку выкарыстанне жоўтага і блакітнага колераў або проста лайк каментара ў сацыяльных сетках можа прывесці да турэмнага зняволення. Праз 4 дні пасля расійскага ўварвання беларускія ўлады затрымалі 20-гадовую студэнтку Дануту Перадню за рэпост тэксту, у якім гучала крытыка на адрас Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Па абвінавачванні ў «прычыненні шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі» і «абразе прэзідэнта» ў чэрвені 2022 года  яна была асуджаная на шэсць з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Рэкамендацыі:

Савету ААН па правах чалавека і Спецыяльнаму дакладчыку ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі варта:

  • вылучыць дзеячаў культуры ў асобную групу, якая падвяргаецца рызыцы парушэння правоў чалавека ў Беларусі;
  • уключыць парушэнні культурных правоў у маніторынг і справаздачнасць па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
  • стварыць праграмы абароны і развіцця для культурных дзеячаў і арганізацый;

Урадам, якія ўзаемадзейнічаюць з беларускамі ўладамі і/або падтрымліваюць правы чалавека ў Беларусі, варта:

  • праз міністэрствы культуры фінансаваць і падтрымліваць ініцыятывы па захаванні беларускай культуры;
  • забяспечыць належную падтрымку, якая дазволіць арганізацыям грамадзянскай супольнасці аказваць дапамогу творчым дзеячам, у тым ліку праз прадастаўленне механізмаў экстранай дапамогі, стварэнне стыпендый і рэзідэнцый для пісьменнікаў і мастакоў, якія знаходзяцца ў небяспецы або ў выгнанні, а таксама фінансавай і іншай падтрымкі культурных арганізацый, ліквідаваных у Беларусі пасля 2020 года.