Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 верасня 2022 года)

Апошняе абнаўленне: 17 верасня 2022
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 верасня 2022 года)

Дзяржава не спыняе рэпрэсіўнага наступу на сферу культуры і яе дзеячаў. Да 10 гадоў зняволення асуджаны літаратуразнаўца, аўтар прозы і вершаў, выдавец і палітычны аналітык Аляксандр Фядута. Распачата крымінальная справа ў дачыненні да Паўла Мажэйкі, журналіста і кіраўніка культурніцкіх праектаў. На адміністрацыйныя арышты асуджаны дызайнер Анатоль Лазар і Андрэй Бусел, музыка Ігар Банцэр, экскурсаводка Аксана Манцэвіч. Працягнуліся суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку, а таксама знішчэнне мясцін памяці, якія супярэчаць дзяржаўнаму гістарычнаму наратыву.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 2 верасня ў Гродне Паўла Мажэйку перавялі з ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар. Гэта азначае, што яму выстаўлена абвінавачванне і выбрана мера стрымання – за кратамі. Павел Мажэйка – кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», што спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна. У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэт антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. 26 сакавіка Паўла Мажэйку выклікалі на допыт у гродзенскую пракуратуру, дадому ён не вярнуўся, бо быў затрыманы. У дачыненні да Паўла, разам з Алесем Пушкіным, распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Пасля 72 гадзін затрымання Паўла тады вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». Павел Мажэйка – адзін з першых палітвязняў Беларусі, у 2002 годзе яго асудзілі на два гады «хіміі» за «паклёп» на прэзідэнта ў матэрыяле газеты «Пагоня». Адбываў пакаранне ў Жлобіне ў папраўчай установе адкрытага тыпу – працаваў чорнарабочым на тартаку.

2. 5 верасня Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў адкрытым працэсе вынес прысуды ў крымінальнай справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», паводле якой, сярод іншых, асуджаны Аляксандр Фядута. Яму прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), выдавец, палітычны аналітык. Аўтар кніг: «Американские стихи» (2012), «Мой маленький Париж» (2014). З’яўляецца аўтарам кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» (выйшла ў расійскім выдавецтве «Референдум» у 2005 годзе). Аўтар перакладу мемуараў «Успаміны пра мінулае» паэта Антонія Эдварда Адынца (2020). За кнігу «Американские стихи», напісаную ў 2010–2011 гадах у СІЗА КДБ («Амерыканцы»), стаў лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра. 12 красавіка 2021 года Аляксандр Фядута перастаў выходзіць на сувязь. 13 красавіка стала вядома, што ён быў затрыманы ў Маскве КДБ Беларусі «паводле непасрэднага падазрэння ў здзяйсненні злачынства» (арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса). Падчас судовага працэсу Аляксандр Фядута прызнаў сваю віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі.

3. 5 верасня Андрэй Пачобут скончыў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, пра гэта ён паведаміў блізкім. Аб’ём справы вялікі, а на знаёмства з ёй выдзелілі толькі месяц. Для таго, каб прачытаць як мага больш, палітвязень нават адмовіўся ад абеду і чытаў матэрыялы з раніцы да вечара. Андрэй Пачобут (Andrzej Poczobut) – эсэіст, журналіст, публіцыст, блогер, паэт, аўтар песень, музыка, сябра Саюза палякаў на Беларусі. Аўтар кнігі «Сістэма Беларусь» («System Białoruś», 2013), якая напісана на замову польскага выдавецтва і ўздымае праблемы, уласцівыя не толькі Беларусі, але і краінам постсавецкай прасторы. Затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне і дастаўлены на допыт у Следчы камітэт у Мінску. У статусе падазраванага ў крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці паводле прыкметы нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і рэабілітацыі нацызму).

4. 13 верасня ў Гомелі затрыманы Яўген Меркіс – журналіст, краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры і гісторыі. Яўген Меркіс арыштаваны паводле ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса – «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый)» – і змешчаны за краты. Дома ў Яўгена Меркіса і ягонага бацькі адбыліся ператрусы з выманнем тэхнікі.

5. 13 верасня стала вядома, што ў Мінску паводле крымінальнай справы арыштаваны кандыдат гістарычных навук Яўген Гурынаў, які абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Графства Эдэскае ў сістэме дзяржаў крыжакоў (канец XI – сярэдзіна XII ст.)». Яўген Гурынаў працаваў у фондзе «Aniv», які займаецца падтрымкай праектаў, звязаных з армянскай гісторыяй і культурай. Сярод апошніх праектаў фонду ў Беларусі — кніга «Воины-армяне в боях за Беларусь (1941–1944)». 

6. 15 верасня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска вынесены прысуд у крымінальнай справе пяці чалавек – удзельнікаў перформанса са спальваннем пудзіла прэзідэнта, якіх затрымалі 4 лютага 2022 года ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Ганна Кісялёва, Віктар Хімарода, Максім Мацулевіч асуджаны паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) на 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Марына Маркевіч асуджана паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ілля Давыдзенка асуджаны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

7. Пасля апеляцыйнага суда прысуд у крымінальнай справе Таццяны Вадалажскай застаўся без зменаў – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу за нібыта арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх. Таццяна Вадалажская – сацыёлаг, метадолаг, кандыдат сацыялагічных навук (PhD), экспертка Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта. Аўтарка кніг і артыкулаў на тэмы: метадалогія гуманітарных навук, культурная палітыка, беларускае сучаснае мысленне. 7 чэрвеня 2022 года ў судзе Заводскага раёна Мінска ёй быў вынесены прысуд на падставе абвінавачвання паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Таццяне прысудзілі абмежаванне волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў. Таццяна Вадалажская цяпер чакае накіравання на «хімію». 

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 5 верасня ў Гомелі затрыманы і асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» Уладзімір Буцькавец – адміністратар суполкі «За адзіную дзяржаўную мову Беларусі!» у vk.com. У жніўні 2022 года суполку прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а пасля — і «экстрэмісцкім фарміраваннем».

2. 5 верасня ў Цэнтральным судзе Мінска адбыўся трэці адміністрацыйны працэс над Ігарам Банцэрам, паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Рашэнне суда – 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 

3. 5 верасня ў Мінску затрыманы Віктар Жаркевіч, вядомы пад творчым псеўданімам Маа, адзін з заснавальнікаў і вакаліст панк-гурта «Hate to State», заснаванага ў 1997 годзе. У дачыненні да Віктара Жаркевіча супрацоўнікі міліцыі выкарысталі катаванні і бесчалавечнае абыходжанне – яго прымусілі несці дзверы, вырваныя з лядоўні ў кватэры, бо на лядоўні былі пратэсныя стыкеры за шмат год, а на галаву надзелі будаўнічую каску з налепкай герба «Пагоня». 

4. 8 верасня ў Мінску затрыманы Андрэй Бусел. Суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў Андрэя Бусла на 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Андрэй Бусел – мастак і дызайнер, вядомы праектамі студыі «HutkaSmachna». Займаецца стрыт-артам; яго вядомая праца ў Мінску – выява цягніка паміж карпусамі завода «Гарызонт» на вуліцы Куйбышава.

5. 11 верасня ў Мінску затрыманы Анатоль Лазар, у яго дома адбыўся ператрус, падчас якога была забрана тэхніка. 12 верасня Анатоля Лазара судзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Анатоль Лазар, вядомы пад творчым псеўданімам Wiecier Mechaniczny, – дызайнер, рэкламіст, выдавец. Сузаснавальнік і выдавец музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў», быў партнёрам і кіраўніком мінскай студыі рэкламы і дызайну «Адліга», дызайнерам папулярнага календара з малюнкамі «Не маўчы па-беларуску», які выпускала кампанія «Будзьма беларусамі!».

6. 14 верасня ў Мінску затрымалі экскурсаводку Аксану Манкевіч. На праўладных тэлеграм-каналах з’явілася відэа, на якім Аксана Манкевіч кажа, што «прымала ўдзел у масавых мерапрыемствах у 2020 годзе, а таксама выходзіла на дарогу з бел-чырвона-белым сцягам».

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

14 верасня ў Мінску затрыманы пяць чалавек, якія вывесілі бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны на 19-павярховым доме па вуліцы Лесі Украінкі.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. Міколу Дзядка, аўтара кнігі «Фарбы паралельнага свету», утрымліваюць у штрафным ізалятары (ШІЗА) 44 дні запар. Мікола Дзядок паведаміў на волю: «Выпускаць з ШІЗА мяне, мабыць, не вельмі хочуць. За акт на ДР атрымаў яшчэ 7 сутак. А 27 жніўня займаўся ёгай, сеў рабіць медытацыю і на мяне склалі новы акт – парушэнне формы адзення – яшчэ 7 сутак. У мяне павінен быць выхад 13 верасня. Але за 9 дзён да гэтага ў 6:20 раніцы зноў зайшлі ў камеру і па ранейшай схеме. Сказалі павярнуцца тварам да сцяны і зрабіць даклад па форме, а калі я гэта зрабіў, склалі акт аб тым, што адмовіўся зрабіць даклад. Увогуле, мабыць, яшчэ і верасень буду ў ШІЗА. З надыходам халадоў стала трохі няўтульна, але я трымаюся і буду трымацца далей».

2. Аўтара вершаў і беларускамоўнага блога для раварыстаў Андрэя Кузнечыка этапавалі з Магілёўскай турмы № 4 у Наваполацкую калонію, дзе ён будзе адбываць 6-гадовы тэрмін. Там яму адразу выдалі бэйдж «экстрэміста»: гэта азначае, што доўгатэрміновае спатканне з жонкай будзе доўжыцца толькі суткі. З ліста вядома, што дзіцячыя вершы, якія Андрэй Кузнечык пісаў у турме, «пастаўлены на паўзу». 

V. Дзяржава манапалізуе дзейнасць у сферы культуры

2 верасня прынята ўрадавая пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні», паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумент зацвердзіў парадак праходжання прафесійнай атэстацыі і парадак фарміравання і вядзення рэестра экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, а таксама парадак атэстацыі аўдыягідаў. Атэстацыю аўдыягідаў будзе праводзіць Міністэрства спорту і турызму або ўпаўнаважаная ім дзяржаўная арганізацыя. Экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў будуць атэставаць і ўносіць у спецыяльны рэестр. Без гэтага іх не дапусцяць да працы. Пасля атэстацыі ім будуць выдаваць пасведчанне, бэйдж і пералік тэм экскурсій.

VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці

12 верасня стала вядома пра знішчэнне месца ўшанавання памяці чатырох партызанаў Арміі Краёвай пад Плябанішкамі, чальцоў 8-га кадравага ўдарнага батальёна. Партызаны загінулі ў баі з фашыстамі 24 верасня 1943 года. Атрад, раскватараваны ў леснічоўцы за вёскай, пасля даносу быў атакаваны фашысцкай аператыўнай групай, целы забітых кінулі ў калодзеж. Крыж на мемарыяльным месцы быў усталяваны ў 90-ыя гады XX стагоддзя. Знішчэнне месца памяці ў вёсцы Плябанішкі пад Гроднам – сёмы вядомы выпадак знішчэння пахаванняў жаўнераў Арміі Краёвай у 2022 годзе.