Кантроль дзяржавы над сферай культуры ўзмацняецца: з 1 жніўня 2022 года арганізатарам, не ўключаным у спецыяльны рэестр, не дазваляецца праводзіць культурна-відовішчныя імпрэзы.
Распачаліся рэпрэсіі ў сферы ўнутранага турызму: арыштаваныя экскурсаводы, якія праводзілі экскурсіі па-беларуску і не падтрымлівалі дзяржаўнай ідэалогіі дэбеларусізацыі і мілітарызацыі.
У дачыненні да Паўла Белавуса, менеджара культуры і заснавальніка крамы Symbal.by, пачалі новую крымінальную справу – за «здраду дзяржаве».
Адбываецца судовы працэс паводле «справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», сярод абвінавачваных – літаратар Аляксандр Фядута.
На 15 сутак арыштаваная спявачка Мерыем Герасіменка, якая выканала ў цэнтры Мінска песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обійми».
У зняволенага нон-фікшн інтэрнэт-аўтара і блогера Паўла Вінаградава выявілі небяспечную для жыцця хваробу – сухоты.
Працягнуліся суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 8 жніўня стала вядома, што ў дачыненні да Паўла Белавуса, менеджара культуры і заснавальніка крамы Symbal.by, распачалі новую крымінальную справу – за «здраду дзяржаве». Пра гэта паведаміў праўладны тэлеграм-канал, паводле якога Павел Белавус выконваў заданні замежных дзяржаў, прапагандуючы ідэю польскага свету, распаўсюджваў пратэсную сімволіку праз краму Symbal.by, у 2020 годзе дапамагаў каардынаваць дзейнасць, накіраваную на гвалтоўны захоп улады. У чэрвені 2022 года Следчы камітэт распачаў супраць Паўла Белавуса крымінальную справу, абінаваціўшы яго ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (артыкул 361.1 Крымінальнага кодэкса). Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года. Першапачаткова яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт, а пасля абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (за ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Павел Белавус застаецца ў зняволенні ў Следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
2. 1–5 жніўня і 15 жніўня ў Мінскім абласным судзе працягваецца разгляд «справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Сярод абвінавачваных – Аляксандр Фядута, літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук), выдавец, палітычны аналітык. У дачыненні да Аляксандра Фядуты распачатая крымінальная справа на падставе ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Судовы працэс адбываецца ў адкрытым рэжыме.
3. 12 жніўня ў Мінску ў закрытым рэжыме Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю Андрэя Кузнечыка, журналіста, аўтара вершаў і беларускамоўнага блога для раварыстаў «БелаВела». Прысуд пакінулі без зменаў. Андрэя Кузнечыка вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Прысуд вынесены 8 чэрвеня 2022 года ў Магілёўскім абласным судзе. Андрэю Кузнечыку прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме ў Магілёве. За кратамі Андрэй Кузнечык піша вершы для сваіх дзяцей Яніны і Мацвея, гэтыя творы папулярныя ў сацыяльных сетках, іх чытаюць сваім дзецям іншыя бацькі.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 жніўня затрымалі дырэктарку турыстычнага агенцтва «Віаполь» Галіну Патаеву. Перад яе арыштам праўладная актывістка Бондарава ў сваім тэлеграм-канале заклікала ўлады разабрацца з «Віаполем».
2. 2 жніўня стала вядома, што ў Мінску на экскурсіі па горадзе затрымалі экскурсавода і журналіста Ігара Хмару.
3. 2 жніўня затрыманы экскурсавод з Полацку Стась Сілка.
4. 2 жніўня ў Мінску затрымалі архітэктара і музыку Аляксандра Кухарэнку за рэпост у верасні 2021 года ў сацыяльнай сетцы «ÓÊàнтакце» відэа з youtube-канала з назвай «Роман Бондаренко. Генпрокуратура скрывает исполнителей убийства». Раман Бандрэнка – забіты падчас пратэстаў 2020 года мастак. 4 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска Аляксандра Кухарэнку прызналі вінаватым паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і прысудзілі яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
5. 3 жніўня ў Мінску ў бары «Банкі-бутэлькі» пасля канцэрту затрыманая спявачка Мерыем Герасіменка. Сярод песень, выкананых ёй, быў твор украінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обійми». Відэа апублікавалі ў сацсетках, што выклікала абурэнне дзяржаўных прапагандыстаў. Спявачку затрымалі. 6 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся суд, Мерыем Герасіменку асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
6. 4 жніўня ў МІнску затрыманы ўладальнік бара «Банкі-бутэлькі» Андрэй Жук. Менавіта ў бары «Банкі-бутэлькі» Мерыем Герасіменка 3 жніўня выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обійми». 5 жніўня стала вядома, што Андрэй Жук асуджаны на 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
7. 4 жніўня ў Гродне з гвалтам і нялюдскім абыходжаннем затрымалі і адвезлі ў Мінск музыку Ігара Банцара. Праўладны тэлеграм-канал прадэманстраваў відэа затрымання музыкі: людзі ў шлемах і бронекамізэльках са зброяй ламаюць дзверы ў кватэру Банцара, ён ляжыць тварам у падлогу ў адных шортах. Сілавікі заводзяць яму рукі за спіну, а потым накрываюць бел-чырвона-белым сцягам. Ігар Банцар быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
8. 13 жніўня стала вядома, што ў Мінску затрымалі дырэктара паліграфічнай студыі «Марлен» Аляксандра Васільева. На відэазапісе, зробленым супрацоўнікамі міліцыі, Аляксандр Васільеў кажа, што ўвосень 2020 года ён быў затрыманы на праспекце Пераможцаў у Мінску і асуджаны паводле адміністрацыйнага артыкула: «У дваццатым годзе да мяне звярталіся юрыдычныя асобы для вырабу сувеніраў з сімволікай: ãерб «Пагоня», беларускі арнамент і гэтак далей. За гэтыя дзеянні цяпер я затрыманы супрацоўнікамі міліцыі».
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. 4 жніўня з’явілася інфармацыя, што ў Пінску забралі Іллю Даўгаляўца, ён быў затрыманы за бел-чырвона-белую стужку, што вісела ў ягонай машыне, а дома ў яго былі «апазіцыйны сцяг, кепка і стыкеры».
2. 9 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска завяршыўся разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі Таццяны Мацвеевай, распачатай за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне (ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях). Паводле складальніка адміністрацыйнага пратакола, журналістка без дазволу райвыканкама размясціла на сваёй Facebook-старонцы фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, чым «выказала сваю грамадска-палітычную пазіцыю». Таццяна Мацвеева патлумачыла, што ўвесну 2021 года аздобіла сваю аватарку так званай «рамкай» – на ёй былі палосы белага і чырвонага колераў і словы з верша Янкі Купалы «Людзьмі звацца». Суддзя заўважыў недакладнасці ў пратаколе: супрацоўнік памыліўся з месцам нараджэння журналісткі. Суд вярнуў справу ў міліцыю для выпраўлення памылак. 28 ліпеня ў Таццяны Мацвеевай супрацоўнікі міліцыі ўчынілі дома ператрус, яе камп’ютар, два тэлефоны, флэшку і іншыя рэчы забралі для экспертызы, а саму журналістку змясцілі за краты на 3 сутак. Падчас журналісцкай працы Таццяна Мацвеева шмат пісала на тэмы культуры, у тым ліку пра класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.
3. 9 жніўня ў Паставах на 17 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі Аляксандра Барана – каталіцкага святара, пробашча касцёла Святога Андрэя ў Лынтупах. Ён быў асуджаны за змяшчэнне на асабістых аватарках у сацыяльных сетках сцяга Польшчы, Украіны і бел-чырвона-белай беларускай нацыянальнай сімволікі. Суд палічыў гэта пікетам і асудзіў святара за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях).
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. 3 жніўня з’явілася інфармацыя, што ў Паўла Вінаградава пацвердзілі сухоты. Павел Вінаградаў – блогер, інтэрнэт-аўтар у жанры нон-фікшн, грамадскі актывіст. Пісаў у Facebook прозу пра штодзённасць Беразіна ў Мінскай вобласці, куды пераехаў жыць з Мінска. Вёў тэлеграм-канал «Бярэзінскія хронікі». 22 снежня 2021 года Павел Вінаградаў быў затрыманы ў сваім доме ў Беразіне. Паўлу Вінаградаву выставілі абвінавачванні за адзін пост у Facebook. 6 сакавіка Паўла Вінаградава асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі. 28 ліпеня 2022 года Паўла Вінаградава перавялі ў калонію № 12 у Оршы, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.
2. 10 жніўня Марына Шыбко, выдавец, жонка зняволенага літаратара Аляксандра Фядуты, паведаміла пра стан ягонага здароўя: «Вельмі цяжка хварэў зімой – у яго два разы была пнеўманія, не мог ляжаць, не мог спаць, яму нават дазвалялі сядзець ноччу, а днём ляжаць. І цяпер відаць, што чалавек не здаровы». Падчас суда выявіліся наступствы арытміі і пнеўманіі. Літаратуразнаўца і пісьменнік Аляксандр Фядута ўтрымліваецца за кратамі з красавіка 2021 года. За час зняволення ў яго пагоршылася здароўе.
3. 10 жніўня стала вядома, што адміністрацыя калоніі Івацэвічаў «Воўчыя норы» пакарала мастака Алеся Пушкіна 5 месяцамі ў ПКТ. ПКТ – памяшканне камернага тыпу – камера з жорсткім рэжымам утрымання «турма ў турме», куды пераводзяць вязняў за парушэнні парадку ў калоніі. Вязні, пераведзеныя ў ПКТ, моцна абмежаваныя ў правах, яны маюць права: атрымліваць адну бандэроль ці дробны пакет на працягу 6 месяцаў; здзяйсняць штодзённую прагулку працягласцю 30 хвілін.
V. Рэпрэсіі ў дачыненні да кніжнай сферы
Пракуратура Мінска дабілася выдалення з анлайн-кнігарняў выданняў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі». Як вынікае з паведамлення пракуратуры, прэтэнзіі былі прад’яўленыя рэсурсам wildberries, booklover.by, bestbooks.by і oz.by наконт «кніжнага выдання, уключанага ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Назвы выдання не паведамляюць. Пракуратура вынесла прадпісанні кіраўнікам арганізацый, у якіх запатрабавала выключыць прапановы продажу кніжных выданняў. Яны былі выдаленыя з вітрын. «Паводле фактаў распаўсюду названай інфармацыйнай прадукцыі пракуратура ініцыявала пачатак адміністрацыйнага працэсу паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях», – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
VI. Узмацненне кантролю дзяржавы над сферай культуры
1. 1 жніўня набыла моц пастанова, паводле якой пляцоўкі, дзе выступаюць артысты, бары і рэстараны мусяць быць уключаныя ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Арганізатарам, не ўключаным у дзяржаўны рэестр, не дазваляецца праводзіць культурна-відовішчныя імпрэзы. Такое патрабаванне – вынік зменаў, унесеных у Кодэкс аб культуры і зацверджаных 25 ліпеня 2022 года.