• Навiны
  • Культурныя правы
  • (БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2022 года

(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2022 года

Апошняе абнаўленне: 27 ліпеня 2022
(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2022 года

З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае звесткі пра парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў за першае паўгоддзе 2022 года. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з нарматыўнымі прадпісаннямі, якія дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні. Больш пра метадалогію гл. тут.

 

I. АГУЛЬНЫЯ ВЫНІКІ

За студзень – чэрвень 2022 года зафіксавана 699 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Сярод іх:

  • 529 парушэнняў у дачыненні да 332 дзеячаў культуры і асоб, чые культурныя правы былі парушаны;
  • 111 парушэнняў у дачыненні да 96 арганізацый і супольнасцяў;
  • 41 парушэнне ў дачыненні да аб’ектаў культурна-гістарычнай спадчыны і беларускай мовы [на нацыянальным узроўні];
  • *у агульны ўлік звестак таксама ўнесены 18 матэрыялаў, якія адпавядаюць крытэрыям гэтага маніторынгу і прызнаны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь экстрэмісцкімі.

Структура парушаных правоў выглядае наступным чынам:

Варта таксама адзначыць наступнае:

  • 19 дзеячаў культуры прызнаны «экстрэмістамі», 5 творчых ініцыятыў, медыя, у тым ліку з кантэнтам культурнай тэматыкі, прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», 10 дзеячаў культуры – «тэрарыстамі».
  • Зафіксаваны 37 парушэнняў права на ліставанне ў пенітэнцыярных установах рознага ўзроўню.
  • 33 вобшукі праведзены ў дзеячаў культуры і юрыдычных асоб сферы культуры.

 

II. ПАЛІТЫЧНЫЯ ЗНЯВОЛЕНЫЯ ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ

Усяго паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Беларусі 1236 палітычных зняволеных [1] станам на 30 чэрвеня 2022 года.

98 дзеячаў культуры на цяперашні момант прызнаны палітзняволенымі.

46 з іх адбываюць крымінальнае пакаранне ў калоніях:

архітэктар Арцём Такарчук (асуджаны на 3,5 года); мастак Уладзіслаў Макавецкі [2] (2 гады); бард і праграміст Анатоль Хіневіч (2,5 года); дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега (3 гады); мастак Аляксандр Нурдзінаў (4 гады ўзмоцненага рэжыму); аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын (4,5 года); мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі (8 гадоў і 1 месяц узмоцненага рэжыму); UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў (7 гадоў узмоцненага рэжыму); барабаншчык Аляксей Санчук (6 гадоў узмоцненага рэжыму); менеджарка культуры Міа Міткевіч (3 гады); пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец (7 гадоў узмоцненага рэжыму); танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў (па 5 гадоў узмоцненага рэжыму); мецэнат Віктар Бабарыка (14 гадоў узмоцненага рэжыму); акцёр Сяргей Волкаў (4 гады ўзмоцненага рэжыму); мастак па святле Даніла Ганчароў (2 гады); музыка Павел Ларчык (3 гады); паэтка і публіцыстка Ксенія Сырамалот (2,5 года); былыя студэнткі факультэта эстэтычнага выхавання БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько (па 2,5 года); былая студэнтка Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік (2,5 года); былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Вікторыя Гранкоўская (2,5 года); дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (8 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка, дыджэй Артур Аміраў (3,5 года ўзмоцненага рэжыму); настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Андрэй Пятроўскі (1,5 года); паэт, бард і адвакат Максім Знак (10 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка і менеджарка культурных праектаў Марыя Калеснікава (11 гадоў); музыка Яўген Пятроў (1 год); прамоўтарка гісторыі і праваабаронца Таццяна Ласіца (2,5 года); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок [3] (5 гадоў); музыкі Уладзімір Калач і Надзея Калач (па 2 гады); прамоўтар гісторыі і блогер Эдуард Пальчыс (13 гадоў узмоцненага рэжыму); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч (20 гадоў узмоцненага рэжыму); музыкі Пётр Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая) і Антон Шніп (па 1,5 года); мастак Алесь Пушкін (5 гадоў узмоцненага рэжыму); літаратар, музыка і аўтар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Скурко (2,5 года); аўтар музычнага праекта і дырэктар тыпаграфіі Арцём Федасенка (4 гады); рэканструктар гісторыі і актывіст Кім Самусенка (6,5 года); аўтар нон-фікшн кнігі, журналіст Алег Груздзіловіч (1,5 года); аўтар тэкстаў для часопісаў «Наша гісторыя» і «Arche» Андрэй Акушка (2,5 года); філолаг, былы выкладчык беларускай і рускай мовы і літаратуры Мікалай Ісаенка (1,5 года); музыка і актывіст Сяргей Спарыш (6 гадоў узмоцненага рэжыму); нон-фікшн інтэрнэт-аўтар і блогер Павел Вінаградаў (5 гадоў).

5 дзеячаў культуры адбываюць крымінальнае пакаранне ў выглядзе «хіміі» [4]:

паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык (асуджаны на 3 гады); дызайнер Максім Таццянок (3 гады); навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Галкоўскі (1,5 года); дырэктар студыі вэб-дызайну Глеб Койпіш (2 гады); віяланчэліст Ілля Ганчарык (4 гады).

46 дзеячаў культуры знаходзяцца ў следчых ізалятарах МУС і КДБ у чаканні суда або этапавання ў месцы адбыцця пакарання:

менеджар культуры і блогер Сяргей Ціханоўскі [5] (з 29.05.2020); менеджар культуры Эдуард Бабарыка (з 18.06.2020); рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна (з 22.12.2020); паэт, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў (з 12.01.2021); паэт і сябра Саюза палякаў Беларусі Андрэй Пачобут (з 25.03.2021); літаратар, перакладчык, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута (з 12.04.2021); аўтарка і рэдактарка, палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгова (з 30.06.2021); літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст і праваабаронца Алесь Бяляцкі (з 14.07.2021); стрыт-арт-мастак і IT-спецыяліст Дзмітрый Падрэз (з 15.07.2021); філосаф, метадолаг і публіцыст Уладзімір Мацкевіч (з 04.08.2021); былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Сцепулёнак (з 29.09.2021); музыка Сяргей Далівеля (з 29.09.2021); бібліятэкарка Юлія Чамлай [6] (з 30.09.2021); бас-гітарыст Віктар Катоўскі (з 30.09.2021); музыка, выкладчыца скрыпкі Аксана Каспяровіч [7] (з 30.09.2021); фатограф і журналіст Генадзь Мажэйка (з 01.10.2021); бібліятэкарка Юлія Лаптановіч [8] (з 13.10.2021); мастак і дызайнер інтэр’ераў Канстанцін Прусаў (з 28.10.2021); аўтар і рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Павел Пернікаў (з 03.11.2021); заснавальнік Symbal.by, менеджар культурных праектаў Павел Белавус (з 15.11.2021); паэт, перакладчык і журналіст Андрэй Кузнечык (з 25.11.2021); пісьменнік-фантаст, журналіст Сяргей Сацук (з 08.12.2021); гукааператар Вадзім Дзенісенка (з 28.12.2021); літаратарка і актывістка Алена Гнаўк (з 11.01.2022); артыстка тэатра Вера Цвікевіч (з 27.01.2022); ювелір і рэканструктар гісторыі Міхаіл Лабань (з 17.02.2022); керамістка Анастасія Малашук [9] (з 25.02.2022); адлічаная з МДУ імя Куляшова студэнтка рамана-германскай філалогіі Данута Перадня [10] (з 28.02.2022); краязнаўца і падарожнік Ігар Галушка [11] (з 01.03.2022); музыка Крысціна Чаранкова (з 22.03.2022); рэжысёр Дзмітрый Панцялейка (з 28.03.2022); дыджытал-мастак Віктар Кулінка (з 30.03.2022); адміністратар культурна-гістарычнага Telegram-канала «Rezystans» Мікіта Слепянок (з 06.04.2022); крэатыўны дырэктар архітэктурнага бюро Канстанцін Высочын (з 07.04.2022); музыка Аляксандр Казакевіч [12] (з 09.04.2022); публіцыст, аўтар турэмнай літаратуры і актывіст Зміцер Дашкевіч [13] (з 23.04.2022); рамесніца і адміністратарка прасторы «Альфа-Бізнес Хаб» Алеся Курэйчык (з 24.05.2022); камерцыйны дырэктар сеткі кінатэатраў «Silver Screen» Аляксандр Дземідовіч (з 25.05.2022); музыка Павел Бялянаў (з 02.06.2022); былы дырэктар івэнт-агенцтва «KRONA» Сяргей Гунь (з 03.06.2022); музыка Юрый Грыгер (з 03.06.2022); дызайнер і фатограф Дзяніс Шарамецьеў (з 14.06.2022); фатограф Аляксандр Кудловіч (з 16.06.2022). Таксама ў сувязі з паўторнымі працэсуальнымі дзеяннямі пераведзены ў СІЗА з месцаў адбыцця пакарання літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) [14], паэт і заснавальнік літаратурнай «Мядовай прэміі» Мікола Папека [15], краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар.

Анжаліка Борыс, старшыня Саюза палякаў Беларусі, 25 сакавіка 2022 года, пасля года заключэння ў СІЗА, пераведзена пад хатні арышт.

Прысуды за першае паўгоддзе 2022 года і ўсе зняволеныя па крымінальных справах з ліку дзеячаў культуры. 

Усяго за першае паўгоддзе 2022 года былі асуджаны 38 чалавек з ліку дзеячаў культуры:

  • 11 студзеня гукарэжысёр Кірыл Салееў [16] быў асуджаны на гады «хіміі»;
  • 14 студзеня аўтар музычнага праекта і дырэктар тыпаграфіі Арцём Федасенка – на 4 гады калоніі;
  • 28 студзеня рэканструктар гісторыі і актывіст Кім Самусенка – на 6,5 года калоніі;
  • 4 лютага менеджар культурных праектаў, аўтар напісанай у зняволенні кнігі казак, бізнесмен Аляксандр Васілевіч [17] – на 3 гады калоніі; мантажнік сцэны Андрэй Шчыгель [18] – на 2,5 года «хіміі»;
  • 7 лютага віяланчэліст Ілля Ганчарык [19] – на 4 гады «хіміі»; гумарыст, удзельнік КВК Васіль Краўчук – на 2 гады «хатняй хіміі» [20];
  • 9 лютага мастак і дызайнер інтэр’ераў Канстанцін Прусаў – на 3,5 года калоніі;
  • 2 сакавіка настаўнік гісторыі Артур Эшбаеў [21] – на 3 гады «хіміі»;
  • 3 сакавіка аўтар нон-фікшн кнігі, журналіст Алег Груздзіловіч – на 1,5 года калоніі;
  • 15 сакавіка літаратар, музыка і аўтар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Скурко – на 2,5 года калоніі;  стрыт-арт-мастак і IT-спецыяліст Дзмітрый Падрэз – на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 16 сакавіка нон-фікшн інтэрнэт-аўтар і блогер Павел Вінаградаў – на 5 гадоў калоніі;
  • 23 сакавіка гукааператар Вадзім Дзенісенка – на 2,5 года калоніі;
  • 25 сакавіка акцёр аматарскага тэатра Канстанцін Шульга [22] – на 3 гады «хіміі»;
  • 28 сакавіка рэжысёр Дзмітрый Панцялейка – на 1 год калоніі;
  • 30 сакавіка мастак Алесь Пушкін – на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; паэт, блогер і прадзюсар Уладзіслаў Савін – на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 7 красавіка аўтар і рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Павел Пернікаў – на 2 гады калоніі;
  • 14 красавіка бас-гітарыст Віктар Катоўскі – на 3 гады калоніі;
  • 18 красавіка былы дырэктар музея «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч – на 1,5 года «хатняй хіміі»;
  • 22 красавіка музыка Васіль Ярмоленка [23] – на 3 гады «хіміі»;
  • 5 траўня графічная дызайнерка Галіна Семечка [24] – на 3 гады «хатняй хіміі»;
  • 6 траўня артыстка тэатра Вера Цвікевіч – на 1 год калоніі; былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Анастасія Кухарава [25] – на 3 гады «хатняй хіміі»;
  • 20 траўня ювелір і рэканструктар гісторыі Міхаіл Лабань – на 4 гады калоніі;
  • 1 чэрвеня студэнтка музычнага каледжа Таццяна Барысовіч [26] – на 3 гады «хіміі»;
  • 7 чэрвеня менеджарка культурных праектаў, сацыёлаг Таццяна Вадалажская [27] – на 2,5 года «хіміі»;
  • 8 чэрвеня паэт, перакладчык і журналіст Андрэй Кузнечык – на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 10 чэрвеня былая настаўніца французскай мовы Ірына Яўмененка [28] – на 3 гады «хіміі»;
  • 15 чэрвеня галоўная рэдактарка газеты «Новы Час» Аксана Колб [29] – на 2,5 года «хіміі»;
  • 17 чэрвеня літаратарка і актывістка Алена Гнаўк [30] – на 3,5 года калоніі; бібліятэкарка і экскурсаводка Ірына Коваль – на 3 гады «хатняй хіміі»;
  • 21 чэрвеня гумарыст, арт-дырэктар і вядоўца Аляксандр Талмачоў – на 3 гады «хатняй хіміі»;
  • 23 чэрвеня філосаф, метадолаг і публіцыст Уладзімір Мацкевіч – на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • 24 чэрвеня аўтар, рэдактар інтэрнэт-энцыклопедыі «Вікіпедыя» і IT-спецыяліст Марк Бернштэйн – на 3 гады «хатняй хіміі»;
  • 27 чэрвеня літаратар Аляксандр Новікаў – на 2 гады калоніі;
  • 29 чэрвеня музыка, выкладчыца скрыпкі Аксана Каспяровіч – на 1 год і 2 месяцы калоніі.

Часцей за ўсё дзеячы культуры прыцягваліся да крымінальнай адказнасці на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за ўдзел у мірных пратэстах у 2020 годзе – 22 прысуды з 38 за першае паўгоддзе. 17 дзеячаў культуры прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за «абразу» або «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі ці іншых прадстаўнікоў улады, «дыскрэдытацыю Беларусі», а па сутнасці – за выяўленне меркавання.

Разам з 98 палітычнымі зняволенымі дзеячамі культуры яшчэ 21 прадстаўнік сферы культуры знаходзіцца ў зняволенні па крымінальных справах, у тым ліку адбываючы пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі»: перакладчыца Вольга Калацкая; паэтка і музыка Ганна Важнік; дызайнерка Таццяна Мініна; аператар Вячаслаў Ламаносаў; менеджарка культуры Рэгіна Лавор; дыджэй Віталь Калеснікаў; гумарыст, удзельнік КВК Васіль Краўчук; рэканструктар гісторыі Вадзім Шылько; графічныя дызайнеры Уладзімір Яршоў і Сяргей Стоцкі; настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Пуцыковіч; паэт, прадзюсар і блогер Уладзіслаў Савін; фатограф Валерый Кліменчанка; былы дырэктар музея «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч; музыка Уладзіслаў Плюшчаў; архітэктар Аляксей Парэцкі; музыка Вадзім Гулевіч; настаўнік-мастак Андрэй Раптуновіч [31]; літаратар Аляксандр Новікаў [32]; дыджэй Ігар Фалейчык [33]; удзельнік фестываляў народнай творчасці Аляксей Вячэрні [34].

III. УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ Ў ЗНЯВОЛЕННІ

За студзень – чэрвень 2022 года зафіксаваны 66 фактаў парушэння ўмоў утрымання дзеячаў культуры ў закрытых установах МУС і КДБ. Для дзеячаў культуры, затрыманых або асуджаных па палітычных артыкулах, яшчэ з часу першых арыштаў у сярэдзіне 2020 года дзейнічалі «асаблівыя» правілы ўтрымання, і гэтая негатыўная практыка захоўваецца. Змяшчэнне ў карцар; ціск з боку адміністрацыі; антысанітарыя; перапоўненасць камер; няякаснае аказанне або адмова ад аказання медыцынскай дапамогі, звязанай з прыцягненнем профільных спецыялістаў; пазбаўленне спатканняў, тэлефонных перамоў; поўная або частковая забарона на перапіску – далёка не ўвесь спіс спосабаў ціснуць на палітычных зняволеных.

З 1 чэрвеня «ў сувязі са стабілізацыяй эпідэміялагічнай абстаноўкі» ў СІЗА № 1 Мінска, у Магілёўскай турме № 4, а таксама ў папраўчых калоніях перасталі прымаць для зняволеных «вітамінныя перадачы» – дадатковыя перадачы з пэўным наборам садавіны і агародніны вагой да 10 кг, якія раней можна было атрымаць адзін раз на 30 дзён. Зняволеныя, якія ўтрымліваюцца ў калоніі, могуць на працягу месяца самастойна закупіць неабходнае ў турэмнай краме на суму дзве базавыя велічыні, што сёння складае 64 рублі (прыкладна 23 еўра). Што тычыцца ўмоў працы ў месцах пазбаўлення волі, то праваабаронцы называюць іх «рабскімі»: неабсталяваныя працоўныя месцы, высокія нормы выпрацоўкі, немагчымасць выбіраць працу, адсутнасць працоўнай дамовы, «капеечны» заробак. Так, у лютым месячны заробак Максіма Знака ў папраўчай калоніі «Віцьба» склаў 56 капеек (0,2 еўра).

IV. «ЭКСТРЭМІСТЫ» І «ТЭРАРЫСТЫ» З ЛІКУ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ.
ЭКСТРЭМІСЦКІЯ ФАРМІРАВАННІ І МАТЭРЫЯЛЫ

Адна з адносна новых практык здушэння іншадумства, якая актыўна развіваецца, – прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў дачыненні да апанентаў рэжыму. Праваабарончыя арганізацыі («Вясна», «Human constanta», БАЖ, «Сова») адзначаюць тэндэнцыю надзвычай шырокага тлумачэння ў Беларусі палажэнняў заканадаўства аб экстрэмізме з пачатку пратэстаў у жніўні 2020 года. На сёння правапрымяняльная практыка мэтанакіравана фармуецца такім чынам, што «экстрэмізм» у краіне – гэта ўдзел у мірных акцыях пратэсту, каментарый у сацыяльных сетках з асуджэннем гвалту, эмацыйнае выказванне ў адрас прадстаўніка ўлады і іншыя падобныя дзеянні.

Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) Беларусі вядзе 3 спісы [35]: «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных асоб або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» (прызнаюцца такімі без суда) і «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (паводле рашэння суда). Усе яны з 2021 года папаўняюцца новымі імёнамі і назвамі ў геаметрычнай прагрэсіі і маюць на мэце стварэнне атмасферы страху і маўчання.

Так, на 1 ліпеня 2022 года ў спіс асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», унесены 426 чалавек, у тым ліку як мінімум 19 [36] чалавек з ліку дзеячаў культуры: Максім Знак, Марыя Калеснікава, Павел Севярынец, Артур Аміраў, Мікалай Дзядок, Эдуард Пальчыс, Юлія Лаптановіч, Алесь Пушкін, Арцём Федасенка (двойчы ў спісе), Андрэй Шчыгель, Васіль Краўчук, Максім Шаўлінскі (памілаваны яшчэ 16 верасня 2021 года), Сяргей Спарыш, Зміцер Падрэз, Міа Міткевіч, Павел Спірын, Ігар Аліневіч, Уладзіслаў Макавецкі і Павел Пернікаў.

71 суб’ект складае «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У першай палове 2022 года ў спіс унесены «Беларуская Рада Культуры» – ініцыятыва, якая падтрымлівае беларускую культуру; выданне «Наша Ніва» (сайт і сацсеткі, мэсэнджары), якое мае на сайце раздзел «Культура»; гомельскае выданне «Флагшток» (сайт і Telegram), якое, сярод іншага, піша пра культуру і захаванне гістарычнай спадчыны; Telegram-каналы пра беларускую гісторыю і культуру «Historyja» і «Rezystans».

У Рэспубліканскім спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» – больш за тысячу найменняў. Ён уключае сімволіку, артыкулы, ролікі, Telegram- і Viber-групы, чаты і каналы і г. д. З унесеных у спіс толькі за першую палову 2022 года мы вылучаем 18 пазіцый, якія маюць дачыненне да сферы культуры або да дзеячаў культуры (хаця пры больш дэталёвым вывучэнні іх там выявіцца на парадак больш). У прыватнасці, гэта СМІ з кантэнтам культурнай тэматыкі: «Беларускае Радыё Рацыя», «Рэгіянальная газета», «Віцебскі кур’ер news», media-polesye.by, nadniemnemgrodno.pl, «MOST»; YouTube-каналы «Жизнь-малина» і «Ms. Anne Nittelnacht» – праект даследавання яўрэйскай культуры; 4 кнігі беларускіх аўтараў: Виктор Ляхор, «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета»; Тарас А. Я., «Беларусь на распутье. Сборник статей»; Альгерд Бахарэвіч, «Сабакі Эўропы»; Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў, «Беларуская нацыянальная ідэя», а таксама іншыя матэрыялы.

За «Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» [37], адказвае Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ). З восені 2020 года спіс актыўна папаўняецца імёнамі беларускіх грамадзян і грамадскіх дзеячаў, у тым ліку дзеячаў культуры. Так, у першай палове 2022 года ў пералік унесены Сяргей Спарыш, Максім Знак, Марыя Калеснікава, Данута Перадня, Аксана Каспяровіч, Аляксей Парэцкі, Іван Вярбіцкі, Юлія Чамлай, Павел Вінаградаў і Сяргей Ціханоўскі. Ігар Аліневіч, Уладзімір Гундар, Павел Латушка, Антон Матолька, Вадзім Гілевіч былі ўнесены ў яго яшчэ да 2022 года. У выніку – не менш за 15 [38] чалавек, датычных сферы культуры.


V. ПЕРАСЛЕД
ЗА АНТЫВАЕННУЮ ПАЗІЦЫЮ

24 лютага 2022 года Расійская Федэрацыя ўварвалася на тэрыторыю Украіны. Беларускія ўлады падтрымалі дзеянні РФ, даўшы ёй сваю тэрыторыю для размяшчэння ваеннай тэхнікі і кантынгенту. Грамадзяне Беларусі, у сваю чаргу, з першых дзён уварвання ва Украіну выступаюць супраць вайны і выказваюць антываенную пазіцыю. Тэма пераследу за антываенныя выказванні найбольш востра праявілася ў першыя месяцы пасля пачатку вайны, але затрыманні адбываюцца і да сённяшняга дня. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», 27–28 лютага, у асноўны дзень правядзення ў Беларусі рэферэндуму наконт змяненняў у Канстытуцыі і на наступны за ім дзень, былі затрыманы больш за 1000 чалавек, якія выйшлі сказаць «не» вайне ў розных гарадах краіны. Сярод іх – і людзі сферы культуры. На працягу першай паловы 2022 года беларускіх дзеячаў культуры, якія выступалі супраць расійскага ўзброенага ўварвання, судзілі за ўдзел у антываенных акцыях, выкарыстанне афіцыйнай украінскай (сіне-жоўтай) сімволікі, надпісы ў падтрымку Украіны, матэрыялы пра вайну, антываенныя лісты, накіраваныя ў дзяржаўныя інстанцыі, публікацыі і выказванні ў сацыяльных сетках і інш. Адзін з найбольш рэзанансных выпадкаў – пазбаўленне волі на тэрмін 6,5 года Дануты Перадні, студэнткі-выдатніцы рамана-германскай філалогіі МДУ імя Куляшова [адлічана], якая зрабіла перапост тэксту антываеннага зместу з крытычнай ацэнкай дзеянняў Пуціна і Лукашэнкі і заклікам выступаць супраць вайны ва Украіне. Данута Перадня – адна з людзей культуры, уключаных у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

VI. ПЕРАСЛЕД ТЫХ, ХТО ВЫЕХАЎ ЗА МЯЖУ

Набірае абароты тэндэнцыя пераследу нелаяльных уладзе дзеячаў культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь і працягваюць публічна выказвацца пра сітуацыю ў краіне. На іх заводзяць крымінальныя справы і ціснуць на сваякоў. 12 траўня 2022 года пачаты дзеянні, каб унесці змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь [39], якія прадугледжваюць магчымасць прыцягнення да крымінальнай адказнасці грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

На сённяшні момант заведзена ўжо як мінімум 7 крымінальных спраў на былога дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушку. Апошняя – у лютым гэтага года, і тычыцца яна фінансавай дзейнасці Латушкі на пасадзе міністра культуры Беларусі ў 2012 годзе. Ціск на яго здзяйсняўся і праз дачку, на якую, паводле паведамленняў супрацоўнікаў Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР), таксама заведзена крымінальная справа, а на кватэру накладзены арышт. У лютым МУС абвясціла ў вышук стваральнікаў сатырычнага дуэта «Красная Зелень» – аўтара тэкстаў песень, блогера Андрэя Павука і оперную спявачку Маргарыту Ляўчук, на якую раней завялі крымінальную справу за «здзек з дзяржаўнага сцяга» на падставе аднаго з кліпаў дуэта. У вышук КДБ Беларусі быў абвешчаны комік Слава Камісарэнка, які даўно пражывае ў Расіі, на яго завялі крымінальную справу паводле артыкула «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Прадстаўнікі сілавых структур шукалі яго ў Маскве, тэлефанавалі і пісалі SMS-паведамленні, а раней цікавіліся ў Беларусі бацькамі стэндап-артыста. Журналіст і ўладальнік крамы нацыянальнай сімволікі «Цудоўная крама» Ігар Казмерчак таксама, як яму стала вядома, «схаваўся ад следства» і быў абвешчаны ў вышук. Краязнаўцу Канстанціну Шыталю невядомы пісаў у Telegram, запрашаў вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў абласны КДБ. Вядома, што сілавікі ўчынілі вобшукі на адрасе прапіскі, былым месцы жыхарства або ў бацькоў Андрэя Павука, Маргарыты Ляўчук, уладальніцы крамы нацыянальнай сімволікі «Адметнасць» Вольгі Верамеенкі, гісторыка і рэжысёркі-дакументалісткі Марыі Булавінскай, разграмілі кватэру маці грамадскага актывіста і фатографа Антона Матолькі. Акрамя таго, бацькоў Маргарыты Ляўчук затрымлівалі і судзілі («за непадпарадкаванне міліцыі»), аштрафавалі на 2240 рублёў кожнага (прыкладна 830 еўра), а таксама настойліва прапаноўвалі ім запісаць відэазварот да дачкі, каб тая «перастала займацца палітыкай».

VII. ЛІКВІДАЦЫЯ НЕКАМЕРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

У маніторынгу ліквідацыі беларускіх некамерцыйных арганізацый [НКА] [40], які ладзіць «Lawtrend» супольна з ОЕЕС, станам на пачатак ліпеня 2022 года ў спісе – больш за 500 арганізацый, якія зазналі прымусовую ліквідацыю ў перыяд з 2021 года. З іх з пачатку 2022 года ліквідавана больш за 170 НКА Беларусі, большасць з якіх – мінскія арганізацыі. Не менш за 32 арганізацыі з гэтага спісу мелі непасрэднае дачыненне да дзейнасці ў сферы культуры. Ліквідаваны такія найстарэйшыя [заснаваныя ў сярэдзіне 1990-х гадоў] арганізацыі Гродзеншчыны, як «Таварыства польскай культуры на Лідчыне», «Клуб польскіх народных традыцый» і «Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў»; Віцебшчыны – «Полацкі яўрэйскі культурны цэнтр» і «Віцебскае музычнае таварыства»; Міншчыны – «Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў», «Яўрэйская адукацыйная ініцыятыва» і «Польскае навуковае таварыства».

У выніку неспрыяльных грамадска-палітычных абставін у краіне або ціску ўладаў расце спіс НКА, якія прынялі рашэнне аб самароспуску. Станам на пачатак ліпеня ў маніторынгу «Lawtrend» [41] налічваецца 336 арганізацый. 99 з іх падалі іскі на самароспуск на працягу першай паловы 2022 года, прычым 40 % самаліквідаваных НКА (40 арганізацый) – з Брэсцкай вобласці. Большая частка арганізацый мела спартыўную накіраванасць, не менш за 20 – культурную. Напрыклад, у спісе аб самаліквідацыі фігуруюць дабрачынны фонд «Фартыфікацыя Брэста», які займаўся тэмай захавання гістарычнай і культурнай спадчыны горада; Брэсцкае культурна-гістарычнае грамадскае аб’яднанне імя Тадэвуша Касцюшкі, а таксама «Украінскі навукова-педагагічны саюз “Берагіня”», кіраўнік якога, Віктар Місіюк, 8 сакавіка быў затрыманы сілавікамі за ўскладанне кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку напярэдадні дня нараджэння паэта, а ў красавіку да яго прыйшлі з вобшукам.

Акрамя таго, 22 студзеня 2022 года ўступіў у сілу закон, згодна з якім уведзена адказнасць за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці грамадскага аб’яднання, у дачыненні да якога ёсць рашэнне аб ліквідацыі [42]. Цяпер за гэта пагражае штраф, або арышт на тэрмін да трох месяцаў, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

VIII. КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЦЁ Ў БЕЛАРУСІ: ВЫМЫВАННЕ СФЕРЫ І            «АЧЫШЧАЛЬНЫЯ КУЛЬТПАХОДЫ»

ЛІТАРАТУРА
Яшчэ ў першым квартале 2021 года пачала фармавацца тэндэнцыя ціску і рэпрэсій у дачыненні да незалежнай кніжнай сферы Беларусі – выдавецтваў і іх заснавальнікаў, кнігараспаўсюднікаў і аўтараў. На іх учыняліся такія формы ціску, як канфіскацыя кніг падчас мытнага афармлення, блакаванне рахункаў, вобшукі і канфіскацыя маёмасці, допыты, дыскрэдытацыйныя і дыфамацыйныя сюжэты і артыкулы ў дзяржаўных СМІ, зняцце кніг пэўных аўтараў і выдавецтваў з паліц бібліятэк і дзяржаўных кнігарняў і інш. Рэпрэсіі ў дачыненні да «беларускай кнігі» працягваюцца другі год і пагаршаюцца ў цяперашнім перыядзе.

У канцы сакавіка «ў сувязі з вострай неабходнасцю» арэндадаўца запатрабаваў ад выдавецтва «Янушкевіч» вызваліць офіс на працягу трох дзён – і тут жа пачаў шукаць новага арандатара: адпаведная абвестка з’явілася на сайце прапаноў.

Міністэрства інфармацыі з надуманай прычыны на тры месяцы прыпыніла дзейнасць 4 незалежных выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў і на беларускай мове: «Медысонт» і «Галіяфы» (з 15 красавіка), «Лімарыус» і «Кнігазбор» (з 16 траўня).

У перыяд з 18 красавіка да 17 траўня 2022 года 4 кнігі беларускіх аўтараў былі прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі (гл. раздзел IV). Цяпер распаўсюд гэтых кніг крымінальна караецца.

16 траўня на адкрыццё новай кнігарні «Кнігаўка» (уладальнік – выдавецтва «Янушкевіч») прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і «раскрытыкавалі» асартымент кніг, іх змест, аўтараў, выдаўцоў і супрацоўнікаў кнігарні. У той жа дзень у краме прайшоў вобшук, былі канфіскаваны 200 кніг, 15 з якіх адпраўлены «на экспертызу» на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму, а Андрэй Янушкевіч, заснавальнік выдавецтва, і літаратурная аглядальніца Наста Карнацкая, супрацоўніца крамы, былі арыштаваны і ў выніку правялі 28 і 23 сутак адпаведна ў зняволенні паводле надуманых адміністрацыйных артыкулаў. [Сімвалічна, што праз месяц, 15 чэрвеня, была ўрачыста адкрыта праўладная крама «Кніжны клуб пісьменніка» [43].]

Практыка дыскрэдытацыі нелаяльных уладзе літаратараў (зрэшты, як і гісторыкаў, мастакоў, рэжысёраў, грамадскіх арганізацый і інш.) зарэкамендавала сябе на дзяржаўным узроўні і разгортваецца поўнамаштабнай кампаніяй у дзяржаўных СМІ. З часам дзяржаўныя прапагандысты «пайшлі ў поле» (як, напрыклад, у выпадку з крамай «Кнігаўка» або выставай жывапісу «Арт-Мінск»): падчас сваіх «ачышчальных культпаходаў» яны пераварочваюць усё з ног на галаву, абражаючы пэўных [нелаяльных рэжыму] аўтараў і іх працы, у выніку чаго адбываюцца адміністрацыйныя спагнанні і забарона на распаўсюд літаратуры. На пэўным этапе да прапагандыстаў далучыліся праўладныя блогеры-актывісты, якія ходзяць па горадзе і правяраюць выставы і кнігарні на наяўнасць ідэалагічна «шкодных» матэрыялаў. Так, пасля звароту адной з актывістак спачатку ў дзвюх крамах «OZ кнігі» – у гандлёвых цэнтрах «Triniti» і «Нёман» – прыбралі на склад кнігу «Лето в пионерском галстуке» і іншыя кнігі ЛГБТ-тэматыкі, а з кіраўніцтвам кнігарні і ГЦ «Triniti» была праведзена «прафілактычная гутарка папераджальнага характару». Пазней у гродзенскай краме «Green» знялі з продажу кнігі «Мифы о Беларуси» Вадзіма Дзеружынскага і «Welcome to Belarus» Алеся Гутоўскага (выпушчаны тым жа выдавецтвам, што і кнігі Віктара Ляхара, адну з якіх прызналі экстрэмісцкай).

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА
Праўладныя актывісткі Алена Сідаровіч у Мінску і Вольга Бондарава ў Гродне вызначаюць на сёння культурны ландшафт не толькі кніжнага рынку, але і выставачнага мастацтва. На падставе іх лістоў у аддзелы культуры Мінскага і Гродзенскага гарвыканкамаў здымаюцца працы прызнаных і маладых аўтараў.

Пасля заявы пра нібыта распаўсюд парнаграфіі ў рамках выставы «Трывожны чамаданчык», якая прайшла з 10.12.2021 да 10.02.2022 у галерэі Саюза дызайнераў, была прызначана культуралагічная экспертыза арт-аб’екта «Пакуль смерць не разлучыць нас» мастачкі Ганны Сілівончык. У выніку пачаўся разбор не толькі ў дачыненні да самой выставы, але і ў цэлым у дачыненні да грамадскага аб’яднання.

У сакавіку былі заўчасна зачынены персанальныя выставы Рыгора Іванова «Час экранаў» і Сяргея Грыневіча «Дэмаграфія» ў мінскім Палацы мастацтваў.

29 красавіка на працягу 4 гадзін праіснавала выстава станковай скульптуры «СКУЛЬПТУРА» ў галерэі «400 квадратаў» у Гродне. Гродзенскія ідэолагі паставілі ўмову далейшага экспанавання выставы – зняць асобныя працы, на што куратар праекта Іван Арцімовіч і галерысты не пайшлі, бо палічылі няправільным выключаць працы асобных аўтараў «з абсалютна надуманых прычын». Беларускі саюз мастакоў, чыімі чальцамі з’яўляюцца ўдзельнікі групавой выставы, спрабаваў адстаяць праект і быў гатовы стварыць экспертную камісію з вядомых мастацтвазнаўцаў і скульптараў, але гродзенская адміністрацыя гэтай прапановы не падтрымала. Так, выстава з працамі 17 скульптараў закрылася адразу пасля адкрыцця.

12 траўня ў сталічным Палацы мастацтваў адкрылася штогадовая мастацкая выстава «Арт-Мінск», якая абвясціла, што экспануе 550 твораў ад 240 сучасных беларускіх аўтараў. Аднак некалькі дзясяткаў мастакоў (паводле непацверджанай інфармацыі, гаворка ідзе пра больш за 40 аўтараў) не змаглі паўдзельнічаць у ёй, а камусьці давялося зняць першапачаткова дапушчаныя працы: «зверху» спусцілі так званы «чорны спіс», прычым змест і якасць твораў, якія выстаўляліся, не гралі тут ніякай ролі. У маніторынгу Беларускага ПЭНа змяшчаецца інфармацыя пра 19 аўтараў, якія так ці інакш трапілі пад цэнзуру праз сваю «нядобранадзейнасць».

28 чэрвеня ў мінскай прасторы «Factory» адкрылася, паводле слоў адной з трох удзельніц праекта Ірыны Малукалавай, «самая хуткая выстава ў маім жыцці». Мастацкая выстава пра крытыку ў творчасці «Гэта дыягназ» прапрацавала некалькі гадзін, экспазіцыя тут жа была знята, прычыны на цяперашні момант не вядомыя.

АРТ-ПЛЯЦОЎКІ І ФЕСТЫВАЛІ
Пасля падзей 2020 года культурная сфера шмат у чым паралізаваная: з Беларусі з’ехала шмат музыкаў, тэатральных дзеячаў, прамоўтараў, дыджэяў і іншых людзей творчых прафесій (на жаль, рэальнай статыстыкі наконт тых, хто пакінуў краіну, няма). Закрыўся шэраг міждысцыплінарных культурных пляцовак. Так, вядома, што за першыя шэсць месяцаў 2022 года абвясцілі пра спыненне працы мінскі культурны цэнтр «Корпус» (чэрвень) і «Lo-Fi Social Club» (сакавік), вымушана закрылася івэнт-прастора «Месца» (красавік). З сярэдзіны траўня «пастаўлена на паўзу» дзейнасць мінскага музычнага клуба «Бруге», дзверы якога апячаталі пасля адной з комплексных праверак уласніка будынка. Не абнаўляецца афіша тэатра «Тэрыторыя мюзікла», які ў пачатку года двойчы не змог паказаць спектакль «Фігаро» з незалежных ад тэатра прычын. Роўна год праіснавала ў Гродне галерэя «400 квадратаў»: у траўні, пасля сумна вядомага інцыдэнту з закрыццём выставы сучаснай скульптуры, ГЦ «Triniti» не падоўжыў з пляцоўкай дамовы арэнды.

Сёлета значна менш анансавана традыцыйных летніх фестываляў і культурных падзей, якія арганізоўваліся сіламі прыватных ініцыятыў. Акрамя іншага, украінскія і замежныя артысты адмаўляюцца ад гастроляў у Беларусі з прычын вайны ва Украіне. Многія беларускія музыкі выехалі за межы краіны або не маюць шанцаў атрымаць гастрольнага пасведчання на канцэрт. «Тыя рэчы, якія ў 2019 годзе працавалі як гадзіннік (выдаваліся дазволы, ладзіліся канцэрты, як гэта ўсё рухалася), пасля 2020 года ў выніку збегу ўсіх абставін атрымалася так, што ўсё зрабілася зусім іншым. Цяпер незразумела, што можна, а што – не. Але цяпер няма ніякіх крытэрыяў і паняццяў, што можна, а што нельга» [44].

IX. ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ: ДЭБЕЛАРУСІЗАЦЫЯ І РУСІФІКАЦЫЯ

Тэма паслядоўнага выцяснення нацыянальна арыентаванага ў культуры, адукацыі, паўсядзённым жыцці і іншых сферах Беларусі шырокая і шматгранная. Яе немагчыма ахапіць гэтым даследаваннем, аднак важна пазначыць і зафіксаваць тое, што адбываецца ў дзяржаўнай палітыцы, як практыку дэбеларусізацыі і русіфікацыі – на прыкладах першай паловы 2022 года. 

ДЭБЕЛАРУСІЗАЦЫЯ
У месцах утрымання ад беларускамоўных затрыманых і зняволеных патрабуюць «гаварыць на нармальнай мове» – па-руску. Паводле слоў гісторыка і публіцыста Алеся Белага, «людзі з “нярускімі” культурнымі сімпатыямі арганізавана вычышчаюцца з усіх адукацыйных і культурных устаноў». Усё больш надпісаў з назвамі вуліц і славутасцяў у гарадах краіны замяняецца з беларускіх на рускія. Нелаяльныя ўладзе беларускія аўтары і іх кнігі дыскрэдытуюцца праўладнымі прапагандыстамі і актывістамі.

Са спазненнем стала вядома, што з лістапада 2021 года перастала існаваць выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», заснаванае ў студзені 1967 года. Фармальная прычына – далучэнне да выдавецтва «Беларусь». Фактычна ж гэта ліквідацыя спецыялізаванага выдавецтва. На сайце прадпрыемства адзначаецца, што яно «спецыялізавалася на выпуску ўніверсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, рознага роду даведнікаў і слоўнікаў, вучэбнай, дзіцячай і навукова-папулярнай літаратуры. Акрамя таго, выпускаліся элітныя выданні, кнігі-фотаальбомы прадстаўнічага класа, юбілейныя выданні» [45]. Журналіст і літаратурны крытык Сяргей Дубавец называе тое, што адбылося, актам дэнацыфікацыі, а само выдавецтва БелЭн – «інтэлектуальным цэнтрам беларушчыны» і «магутным дзяржаўным інстытутам», які доўга дабівалі, і цяпер гэта здарылася.

На месца Уладзіміра Савіцкага, дырэктара Тэатра юнага гледача, звольненага сёлета ў студзені, прыйшла актрыса Вера Палякова, жонка міністра замежных спраў Беларусі, якая заявіла, што тэатр адмовіцца ад пастановак выключна на беларускай мове – а гэта раней вылучала ТЮГ як адзін з нешматлікіх прафесійных калектываў, якія працуюць толькі на беларускай мове [усяго 6 тэатраў у краіне з 29]. У чэрвені адбылася прэм’ера спектакля паводле аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада», напісанай класікам на беларускай мове. Так у краіне робіцца на адзін беларускамоўны тэатр менш.

27 чэрвеня паводле ўказу Лукашэнкі былы старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005–2022 гады) Мікалай Чаргінец быў уганараваны званнем народнага пісьменніка Беларусі [46]. Праз 27 гадоў [апошні раз уручалася ў 1995 годзе] і ўпершыню за гісторыю існавання ўзнагароды ёй адзначылі літаратара, які не напісаў аніводнага твора на беларускай мове, аўтара дэтэктываў і мілітарызаванай літаратуры, чалавека, пры якім з’явіліся так званыя «чорныя спісы» пісьменнікаў.

На тэрыторыі Беларусі працуюць усяго 4 школы з навучаннем на мове нацыянальных меншасцяў. Перавод з наступнага навучальнага года дзвюх польскіх (у Гродне і Ваўкавыску) і дзвюх літоўскіх (Пеляская і Рымдзюнская) школ на рускую мову навучання – гэта далейшы ціск на польскія і літоўскія меншасці і працяг палітыкі русіфікацыі, а такое рашэнне беларускіх уладаў носіць выключна дыскрымінацыйны характар у дачыненні да правоў нацыянальных меншасцяў.

ПРАСОЎВАННЕ ІДЭАЛОГІІ «РУСКАГА СВЕТУ»
19 лютага ў Мінску прайшоў гала-канцэрт, прысвечаны «народнаму адзінству». У нядзелю, 11 чэрвеня, у Мінску адбыўся канцэрт у гонар Дня Расіі [12 чэрвеня ў РФ – Дзень Расіі, дзяржаўнае свята, якое адзначаецца з 1992 года], спонсарамі якога выступілі расійскія дзяржкарпарацыі. Прымеркаваныя да гэтай даты акцыі прайшлі і ў іншых гарадах. На «Ночы музеяў» у Нацыянальным гістарычным музеі выступаў ансамбль казацкай песні, а на сустрэчы з расійскім акцёрам міністр культуры Анатоль Маркевіч абмяркоўваў супрацоўніцтва «двух брацкіх народаў» у сферы культуры [47]. На вуліцах беларускіх гарадоў, афіцыйных установах краіны і дзяржаўных святах усё часцей можна пабачыць расійскія сцягі: яны былі замацаваны ў флагштоках уздоўж часткі праспекта Пераможцаў у Мінску напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі (у папярэднія гады іх не вывешвалі), узняты на будынку вакзала ў Оршы, таксама сцягі былі заўважаны ў Гомелі і шэрагу іншых месцаў. У Гродне «вярнуўся» помнік Чапаеву [расійскі гістарычны персанаж], дэмантаваны ў красавіку 2019 года: цяпер ён будзе размяшчацца побач з ваеннай часцю.

На тэрыторыі Беларусі актыўна дзейнічае прадстаўніцтва «Россотрудничества» – «Русский дом». Арганізацыя падтрымлівае праграмы для дзіцячых садоў, школ і ўніверсітэтаў, актыўна працуе (што можна бачыць у анонсах мерапрыемстваў у сацсетках) са школьнікамі, абітурыентамі і студэнтамі, нярэдка выступае партнёрам адукацыйных і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, ладзіць выставы, кінаклубы, майстар-класы, спаборніцтвы і канферэнцыі. Напрыклад, «Русский дом» удзельнічаў у адкрыцці выставы, прымеркаванай да 75-годдзя мастацкага каледжа імя Глебава ў Мінску, а 2 чэрвеня з удзелам «Русского дома» ў Полацку адкрыўся Цэнтр рускай мовы, гісторыі і культуры [48]. Задача цэнтра – папулярызацыя рускай мовы, культуры і традыцый Расіі. На старонцы прадстаўніцтва згадваецца, што такія цэнтры ўжо працуюць у БДУ (Мінск), БРУ (Магілёў) і іншых беларускіх ВНУ. Адна з рэалізаваных праграм – «Здравствуй, Россия!» [49] – «культурна-адукацыйныя паездкі для маладых суайчыннікаў па гістарычных мясцінах Расійскай Федэрацыі», як гаворыцца на сайце.

Беларускія ўлады спрыяюць і ўсяляк падтрымліваюць дзейнасць «Русского дома» ў гарадах Беларусі, і ў той жа час у краіне ліквідуюцца сотні беларускіх грамадскіх арганізацый, дыскрымінуецца беларускамоўнае насельніцтва, польскія і літоўскія супольнасці.

23 чэрвеня створана супольная расійска-беларуская група для расследавання крымінальных спраў аб генацыдзе [50] – генпракурор Беларусі Андрэй Швед і старшыня Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін падпісалі пастанову аб супольным расследаванні «абставін, звязаных са зверствам фашыстаў». На мерапрыемстве з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі Лукашэнка афіцыйна выказаўся з падтрымкай Расіі ў кантэксце ваенных дзеянняў супраць Украіны [51], а на «Славянскі базар», галоўны дзяржаўны музычны фестываль, які пройдзе ў ліпені, запрошаны артысты, якія або выказаліся за вайну, або публічна не выказваліся супраць яе.

X. ТРЭНДЫ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАЛІТЫКІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

  • Задушэнне любых формаў іншадумства.
  • Пашыранае тлумачэнне заканадаўства аб экстрэмізме дзеля задушэння свабоды слова, свабоды сходаў, свабоды асацыяцый. Мэтанакіраванае фармаванне правапрымяняльнай практыкі з няяснымі крытэрыямі і крыміналізацыя грамадскай і грамадзянскай актыўнасці. Практыка фармуецца «за замкнёнымі дзвярыма» – на закрытых судовых пасяджэннях, што не дае грамадскасці магчымасці атрымаць хоць нейкае яснае ўяўленне, якія менавіта дзеянні і ў якіх абставінах ствараюць склад злачынства. Пры гэтым ствараюцца падставы для следства, пракуратуры і судоў пашырана тлумачыць палажэнні закона ў будучыні.
  • Манапалізацыя дзяржавай дзейнасці ў сферы культуры. Так, пастановай ад 22 чэрвеня 2022 года ў Беларусі фармуецца рэестр арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Разглядаць дакументы на траплянне ў базу і весці рэестр будзе Міністэрства культуры або ўпаўнаважаная ім юрыдычная асоба. Арганізатары, якія падлягаюць уключэнню, але не ўключаны ў гэты спіс, не змогуць ладзіць культурна-забаўляльных мерапрыемстваў [52]. На практыцы гэта азначае допуск да арганізацыі мерапрыемстваў выключна дзяржаўных або лаяльных рэжыму арганізатараў. Пастанова ўступае ў сілу з 1 жніўня 2022 года.
  • Дэбеларусізацыя краіны шляхам русіфікацыі і прасоўванне ідэі «рускага свету».
  • Саветызацыя і мілітарызацыя паўсядзённасці.
  • Звядзенне «культурнай разнастайнасці» да «супрацоўніцтва двух брацкіх народаў» [беларусаў і рускіх] і прыгнятання культуры польскіх і літоўскіх нацыянальных меншасцяў.
  • Планамерная рэалізацыя праграмы ў рамках абвешчанага ў 2022-м Года гістарычнай памяці, мэтай якой з’яўляецца «фармаванне аб’ектыўнага стаўлення грамадства да гістарычнага мінулага…» Адна з абуральных практык апошняга месяца – разбурэнне ў Гродзенскай вобласці магіл салдат Арміі Краёвай – працяг пачатай больш за год таму барацьбы з памяццю аб падпольнай ваеннай арганізацыі часоў Другой сусветнай вайны, якая выступала супраць нямецкай акупацыі. Тэма гістарычнай памяці і тое, што адбываецца ў гэтай сферы, патрабуюць дадатковай увагі і вывучэння.
  • Прыняцце знешнепалітычных рашэнняў, якія спрыяюць тэндэнцыі «культуры скасавання», – выпадкі байкоту прадуктаў беларускай культуры і яе аўтараў.

***


[1] Працэдура прызнання палітвязнем замацавана пэўным рамачным дакументам.

[2] 7 ліпеня Уладзіслаў Макавецкі цалкам адбыў пакаранне і выйшаў на волю.

[3] 28 чэрвеня суд пастанавіў перавесці Мікалая Дзядка ў турму строгага рэжыму.

[4] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакарання па крымінальных артыкулах – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

[5] 8 ліпеня стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі этапаваны ў калонію.

[6] 18 ліпеня Юлія Чамлай асуджана на 2 гады калоніі.

[7] 8 ліпеня Аксана Каспяровіч цалкам адбыла пакаранне і выйшла на волю.

[8] 18 ліпеня Юлія Лаптановіч асуджана на 5 год калоніі.

[9] 15 ліпеня Анастасія Малашук асуджана на 3 гады «хатняй хіміі» і вызвалена ў зале суда.

[10] 1 ліпеня Данута Перадня асуджана на 6,5 года калоніі.

[11] 14 ліпеня Ігар Галушка асуджаны на 2,5 года калоніі.

[12] 19 ліпеня Аляксандр Казакевіч асуджаны на 1,5 года «хатняй хіміі» і вызвалены ў зале суда.

[13] 14 ліпеня Зміцер Дашкевіч асуджаны на 1,5 года калоніі.

[14] 13 ліпеня Кацярына Андрэева асуджана на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі (з улікам папярэдняга пакарання).

[15] У красавіку 2022 года Мікалаю Папеку замянілі «хімію» на калонію. На момант публікацыі матэрыялу стала вядома, што ўжо з чэрвеня ён адбывае тэрмін у калоніі.

[16] Кірыл Салееў пакінуў краіну дзеля бяспекі.

[17] Аляксандр Васілевіч цалкам адбыў пакаранне і выйшаў на волю.

[18] Андрэй Шчыгель знаходзіцца на волі да апеляцыі.

[19] Ілля Ганчарык адбывае «хімію» з 25 красавіка.

[20] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакарання па крымінальных артыкулах – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

[21] Артур Эшбаеў пакінуў краіну дзеля бяспекі.

[22] Канстанцін Шульга пакінуў краіну дзеля бяспекі.

[23] Васіль Ярмоленка знаходзіцца на волі да пачатку адбыцця пакарання.

[24] Галіна Семечка пакінула краіну дзеля бяспекі.

[25] Анастасія Кухарава пакінула краіну дзеля бяспекі.

[26] Таццяна Барысовіч знаходзіцца на волі да пачатку адбыцця пакарання.

[27] Таццяна Вадалажская знаходзіцца на волі да пачатку адбыцця пакарання.

[28] Ірына Яўмененка знаходзіцца на волі да пачатку адбыцця пакарання.

[29] Аксана Колб знаходзіцца на волі да пачатку адбыцця пакарання.

[30] У дачыненні да Алены Гнаўк гэта ўжо трэці прысуд з пачатку пратэстаў у 2020 годзе.

[31] 8 ліпеня Андрэй Раптуновіч прызнаны палітычным зняволеным.

[32] 6 ліпеня Аляксандр Новікаў прызнаны палітычным зняволеным.

[33] 7 ліпеня Ігар Фалейчык асуджаны на 2 гады калоніі, 12 ліпеня прызнаны палітычным зняволеным.

[34] 8 ліпеня Аляксей Вячэрні асуджаны на 1 год і 9 месяцаў калоніі, 12 ліпеня прызнаны палітычным зняволеным.

[35] https://www.mvd.gov.by/ru/news/8642.

[36] 8 ліпеня ў спіс таксама ўнесены Павел Вінаградаў і Віктар Катоўскі.

[37] https://www.kgb.by/ru/perechen-inf-ru/.

[38] У ліпені ў спіс таксама ўнесены Віктар Катоўскі.

[39] Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб змене КПК па пытаннях спецыяльнага вядзення.

[40] Маніторынг НКА, якія знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.

[41] Пералік НКА, у дачыненні да якіх прынята рашэнне пра самаліквідацыю.

[42] Крымінальная адказнасць за арганізацыю і ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях.

[43] У Мінску пачала працу незвычайная кнігарня «Кніжны клуб пісьменнікаў».

[44] Чаму зрабілася складана прывозіць артыстаў у Беларусь.

[45] Выдавецтва БелЭн.

[46] Мікалаю Чаргінцу прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.

[47] Сустрэча міністра культуры Анатоля Маркевіча з савецкім і расійскім акцёрам Мікалаем Бурляевым.

[48] У Полацку пачынае працаваць Цэнтр рускай мовы, гісторыі і культуры.

[49] «Здравствуй, Россия!» у 2022 годзе.

[50] Беларусь і Расія будуць разам расследаваць крымінальныя справы аб генацыдзе.

[51] Выступ Лукашэнкі на цырымоніі ўскладання вянкоў на мемарыяльным комплексе «Курган Славы».

[52] Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў фармуюць у Беларусі.