У перыяд 16–31 траўня 2022 года адбыліся рэпрэсіі ў дачыненні да незалежнай кніжнай сферы ў Беларусі: выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу выдавецтва, літаратурную аглядальніцу, блогерку Насту Карнацкую затрымалі падчас ператрусу кнігарні «Кнігаўка». Янушкевіча арыштавалі на 10 сутак, Карнацкую – на 13 за нібыта дробнае хуліганства. Андрэй Янушкевіч і Наста Карнацкая не выйшлі пасля адміністрацыйных арыштаў. Раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Працягваюцца палітычна матываваныя арышты дзеячаў культуры, звальненні за грамадзянскую пазіцыю, пераслед за антываенную пазіцыю, а таксама рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь, а таксама іх родных.
I. Рэпрэсіі ў дачыненні да незалежнай кніжнай сферы ў Беларусі
1. 16 траўня 2022 года ў Мінску ў кнігарню «Кнігаўка», што адкрылася ў гэты дзень, прыйшлі праўладныя прапагандысты і, пад запіс размовы на відэакамеру, публічна выставілі прэтэнзіі выдаўцу Андрэю Янушкевічу ў продажы «няправільнай» літаратуры. Андрэя Янушкевіча абвінавацілі ў «адкрытай антыдзяржаўнай дзейнасці». У прапагандысцкіх медыя з’явіўся шэраг зняважлівых допісаў наконт працы крамы, аўтараў і кніг, што там прадаваліся. У другой палове таго ж дня ў кнігарні адбыўся ператрус. Падчас яго было вынята 200 кніг, 15 з якіх накіравалі на экспертызу на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму. Выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу выдавецтва, літаратурную аглядальніцу, блогерку Насту Карнацкую затрымалі. Янушкевіча арыштавалі на 10 сутак, Карнацкую – на 13 за нібыта дробнае хуліганства. Андрэй Янушкевіч і Наста Карнацкая не выйшлі пасля адміністрацыйных арыштаў. На практыцы гэта можа азначаць як чарговы адміністрацыйны арышт, так і завядзенне крымінальнай справы. Сітуацыя ўскладняецца тым, што адвакаты застаюцца пад падпіскай аб нераскрыцці звестак, што ўтварае інфармацыйны вакуум і не дае магчымасці дакладна зразумець юрыдычны статус людзей у зняволенні і іх месцазнаходжанне.
2. 17 траўня раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра гэта паведаміла Міністэрства інфармацыі. «Экстрэмісцкім» раман Бахарэвіча прызнаў суд Мінскага раёна.
3. 30 траўня стала вядома, што ў Мінску з паліц кнігарні «Акадэмкніга» прыбралі кнігі выдавецтва «Янушкевіч».
II. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 20 траўня на закрытым пасяджэнні суда Наваполацка вынесены прысуд Міхаілу Лабаню. Яго абвінавацілі ў паклёпе на прэзідэнта (ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Суд прызнаў яго вінаватым і ў сукупнасці пакаранняў канчаткова асудзіў на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і 100 базавых велічынь штрафу. Міхаіл Лабань – рамеснік, вырабляў упрыгожанні для гістарычных рэканструктараў.
2. 21 траўня стала вядома, што блогер, музыка, кампазітар і аўтар песенных тэкстаў Андрэй Павук абвінавачваецца паводле новай крымінальнай справы. Міліцэйскія тэлеграм-каналы паведамілі, што ў дачыненні да Андрэя Павука распачата справа за абразу суддзі Чачэрскага раёна.
III. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 17 траўня ў Гомелі на працоўным месцы затрымалі Вольгу Афанасьеву – вядучую навуковую супрацоўніцу філіяла Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый. Вольга Афанасьева – магістарка тэалогіі, займаецца музейнай калекцыяй іканапісу, удзельнічае ў грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя» дзеля ўшанавання ахвяр рэпрэсій 1917–1950-х гадоў, выказвае антываенную пазіцыю. Адміністрацыйная справа Вольгі Афанасьевай скончылася штрафам.
2. 22 траўня ў Новалукомлі за надпісы ў падтрымку Украіны затрымалі мастака-афарміцеля, які на цеплатрасе напісаў «Слава Украіне» і «Рускі ваенны карабель, ідзі *****», а пад Чашнікамі каля вёскі Старыя Лаўкі на вайсковай гармаце намаляваў бел-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі.
3. 25 траўня затрымалі Аляксандра Дземідовіча, камерцыйнага дырэктара сеткі кінатэатраў «Silver Screen». Аляксандра Дземідовіча абвінавацілі ў «непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы» (арт. 24.3 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях). Рашэнне суда – 15 сутак арышту.
IV. Звальненні за грамадзянскую пазіцыю
1. 24 траўня стала вядома, што Таццяну Мушынскую звольнілі з часопіса «Мастацтва» – ёй прапанавалі напісаць заяву аб звальненні паводле згоды бакоў. Таццяна Мушынская – літаратарка, тэатральны крытык, журналістка, лібрэтыстка, драматург, сцэнарыстка, маці палітвязня Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара «Нашай Нівы».
V. Рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь, а таксама іх родных
1. 23 траўня Марыя Булавінская, гісторык, рэжысёрка дакументальных фільмаў пра культуру, абаронца драўлянай архітэктуры Гомеля паведаміла на сваёй Facebook-старонцы: «У вясковай хаце, якую мы планавалі адрэстаўраваць, адбыўся вобшук. Я набыла невялікі дом у вёсцы Гомельскага раёна ў 2019 годзе. Мы планавалі яго адрэстаўраваць сваімі сіламі: замяніць вянцы, якія згнілі, аднавіць разьбяны дэкор. Паспелі зрабіць толькі падрыхтоўчыя працы. Аб вобшуку паведамілі мясцовыя жыхары. Ён адбыўся на мінулым тыдні. Са словаў мясцовых, прыязджалі памежнікі і міліцыянты. Зараз дом апячатаны звычайным скотчам. З вокнаў бачна, што там усё раскідана. Ніякіх афіцыйных папер пра вобшук не пакінулі. На заклееных скотчам дзвярах пячатак няма. Ніякіх прыкметаў, што гэта быў афіцыйны вобшук, няма. Людзі гавораць, што з дому нешта выносілі. Што менавіта, невядома. Да матэрыяльных рэчаў стаўлюся зараз абыякава. Шкада толькі гістарычных артэфактаў. Кажуць, што ў хаце раптам пахіліліся аканіцы, раздзяўбаныя дзверы».
2. 26 траўня адбыўся ператрус у беларускай кватэры блогера, музыкі, кампазітара і аўтара песенных тэкстаў Андрэя Павука ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Відэа стану кватэры пасля ператрусу апублікавалі ў міліцэйскім тэлеграм-канале, кватэра выглядала разгромленай.
3. 26 траўня ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна затрымалі Аляксандра і Алену Леўчукоў – бацькоў спявачкі Маргарыты Ляўчук. Пра затрыманне бацькоў Маргарыта Ляўчук даведалася ад суседкі, якую паклікалі панятой. Над бацькамі Маргарыты Ляўчук адбыўся суд. Іх судзілі за непадпарадкаванне міліцыі. Алену і Аляксандра Леўчукоў аштрафавалі на 70 базавых велічынь (2240 рублёў) кожнага. Маргарыта Ляўчук паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі прапанавалі яе бацькам запісаць відэа з патрабаваннем, каб яна перастала займацца палітыкай.
VI. Закрыццё культурніцкіх асяродкаў
1. 30 траўня стала вядома, што ў Гродне закрылі галерэю «400 квадратаў». З галерэяй адмовіліся працягнуць дамову на арэнду памяшкання. Арт-галерэя «400 квадратаў» праіснавала год. У канцы красавіка ў галерэі закрылася выстава «СКУЛЬПТУРА», адкрытая 29 красавіка.