Сталі вядомыя пераможцы прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады

Апошняе абнаўленне: 9 лістапада 2025
Сталі вядомыя пераможцы прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады

Літаратурнае і мастацкае журы назвалі пераможцаў прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. 

Цырымонія ўручэння адбылася сёння, 9 лістапада, на фестывалі PRADMOVA ў Познані. 

Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшую аўтарскую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей. 

У 2023 годзе ў літаратурнай намінацыі перамогу падзялілі: 

  • Ева Вайтоўская за кнігу “Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2023) – за смелую імправізацыю паводле японскага сюжэту і беларускі свет гарэзлівага юнацтва;
  • Валер Гапееў за кнігу “Вольнеры. Прадвесце” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2023) – за адкрыццё новай прасторы беларускага міфапаэтычнага космасу.

У мастацкай намінацыі перамагла Лізавета Лянкевіч за ілюстрацыі да кнігі Яна Бжэхвы “Акадэмія доктара Клякса” (выдавецтва “Папуры”, 2023) – за сучасны падыход да стварэння ілюстрацый і кніжнага афармлення

У 2024 годзе ў літаратурнай намінацыі пераможцамі сталі: 

  • Альгерд Бахарэвіч за кнігу “Капітан Лятучая Рыба” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2024) – за мастацкую трансфармацыю вобразу выгнання ў вялікае падарожжа насустрач свету;
  • Эльга Папова за кнігу “Мора ў горадзе” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2024) – за лёгкі і нязмушаны аповед пра мора, якое заўжды з табой

У мастацкай намінацыі пераможцам стала зашыфраваны (-ая) ўдзельнік (-ца): Маргарыта Аніс за ілюстрацыі да кнігі Вераніка Юлляш “Розум, смеласць і добрае сэрца” (выдавецтва “Лубін”, 2024) – за ўдумлівы падыход да стварэння графічнага нарытыву ды імерсіўнага макету

У літаратурнае журы прэміі Цёткі сёлета ўвайшлі: паэт, перакладчык, філолаг Андрэй Хадановіч; кніжная блогерка і папулярызатарка беларускай літаратуры Кацярына Жамойдзіна; культурная менеджарка, заснавальніца фонду “Кніжны вырай” Кацярына Веразуб. Астатнія сябры журы ўдзельнічаюць непублічна. Сярод публічных сябраў мастацкага журы – мастачка і ілюстратарка Лілія Бусарава, якая стала пераможцай прэміі ў 2022 годзе. 

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook, Instagram і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні пра прэмію можна, напісаўшы на [email protected].