Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (16–30 красавіка 2022 года)

Апошняе абнаўленне: 3 мая 2022
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (16–30 красавіка 2022 года)

У перыяд 16–30 красавіка красавіка 2022 года ў Беларусі накіравана ў Мінскі гарадскі суд крымінальная справа філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Заведзены крымінальныя справы ў дачыненні да рэдактаркі выдання «Новы час» Аксаны Колб, гітарыста Уладзіслава Плюшчава, былога ўладальніка аршанскай «Цудоўнай крамы» Ігара Казмерчака. Вярхоўны Суд пакінуў у сіле прысуд Ігару Аліневічу – 20 гадоў пазбаўлення волі. У Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску і Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыліся звальненні за грамадзянскую пазіцыю. Працягнуўся пераслед за нацыянальную сімволіку і антываенныя выступы.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 14 красавіка 2022 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь апублікавала паведамленне, што крымінальная справа ў дачыненні да філосафа, метадолага, грамадскага дзеяча Уладзіміра Мацкевіча накіравана ў Мінскі гарадскі суд. Уладзімір Мацкевіч ужо больш за 8 месяцаў застаецца пад арыштам і ўтрымліваецца ў Следчым ізалятары № 1 Мінска. На знак пратэсту супраць хады следства ў лютым 2022 года Уладзімір Мацкевіч аб’явіў галадоўку, што працягвалася 13 дзён. З афіцыйнай інфармацыі вынікае, што Уладзімір Мацкевіч абвінавачваецца ў тым, што «25 кастрычніка 2020 года на тэрыторыі Мінска прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, звязаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і прычыніліся да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)». З паведамлення Генеральнай пракуратуры вынікае, што Уладзімір Мацкевіч «са жніўня 2020 года да 4 жніўня 2021 года стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фарміраваннем шляхам аб’яднання групы грамадзян (ч. 1 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). У прыватнасці, супольна з іншымі асобамі: вырабляў і размяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook і платформе «Сход» матэрыялы, што змяшчалі заведама лжывыя звесткі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае, міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, а таксама негатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў; арганізоўваў дзейнасць у планаванні, падрыхтоўцы і ажыццяўленні дзеянняў экстрэмісцкага характару членамі фарміравання і іншымі асобамі; мадэраваў названыя рэсурсы, кантраляваў іх інфармацыйнае напаўненне экстрэмісцкімі матэрыяламі».

2. 20 красавіка 2022 года Аксана Колб, журналістка, эсэістка, рэдактарка газеты «Новы Час» з 2015 года, была затрымана групай сілавікоў са шчытамі і кувалдамі ў сваёй кватэры і дастаўлена на допыт у Следчы камітэт. Аксана Колб была змешчана пад варту, першапачаткова на 10 сутак. 22 красавіка сваякі Аксаны Колб паведамілі, што ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Аксану Колб з ІЧУ на вуліцы Акрэсціна перавялі ў СІЗА на Валадарскага. «Новы Час» – штотыднёвік, заснаваны Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, выданне на беларускай мове, што надае значную ўвагу тэмам культуры, гісторыі, правоў чалавека, палітвязням, мае супольны з Саюзам беларускіх пісьменнікаў дадатак «Літаратурная Беларусь». Газета «Новы Час» выходзіла на паперы, калі незалежнай прэсы ў друкаваным выглядзе ў Беларусі ўжо не засталося. На «Новы Час» былі падпісаны ўсе палітвязні. У жніўні 2021 года рэдакцыя газеты «Новы Час» паведаміла, што больш не будзе выходзіць у друкаваным выглядзе – друкарні адмовіліся яе друкаваць. Выданне працягнула працу ў інтэрнэце – мае сайт, сацыяльныя сеткі і Telegram-канал.

3. 22 красавіка Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пакінуў у сіле прысуд Ігару Аліневічу – 20 гадоў пазбаўлення волі. Пасяджэнне суда было закрытым. Ігар Аліневіч – аўтар турэмнай літаратуры, лаўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча за кнігу «Еду ў Магадан», якая выйшла ў 2013 годзе, калі Ігар Аліневіч адбываў пакаранне паводле палітычных матываў.

4. 22 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста за надпіс «No war», які з’явіўся 20 сакавіка ў ваколіцах чыгуначнай станцыі «Брэст Паўднёвы», асудзіў брэсцкага графіціста Рамана Барташа на 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Крымінальную справу разглядалі паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (зневажанне збудаванняў і псаванне маёмасці). 

5. 26 красавіка стала вядома, што ў дачыненні да гітарыста Уладзіслава Плюшчава распачалі крымінальную справу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп). 12 красавіка гітарыст Уладзіслаў Плюшчаў арыштаваны на 25 сутак. Уладзіслаў – гітарыст гурта «Pomidor/off», граў у гуртах «Крамбамбуля» і «Zet».

6. 28 красавіка Ігар Казмерчак, былы ўладальнік крамы нацыянальных сувеніраў у Оршы «Цудоўная крама», даведаўся, што ў дачыненні да яго распачата крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса за абразу прэзідэнта. Ігар Казмерчак у выніку пераследу за грамадскую дзейнасць застаецца па-за межамі Беларусі. Пра новую крымінальную справу ў дачыненні да сябе ён даведаўся ад бацькоў, якія атрымалі ліст, дзе напісана, што справа распачата 1 красавіка. 

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 22 красавіка ў Віцебску Барыса Хамайду затрымалі за распаўсюджванне беларускай літаратуры, але праз чатыры гадзіны адпусцілі. Супрацоўнікі міліцыі нагадалі Барысу Хамайду, што яму пагражае крымінальная справа, калі на яго складуць трэці пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне на працягу года.

2. 25 красавіка ў Мінску за ўдзел у антываеннай акцыі пратэсту 27 лютага затрымалі выкладчыцу італьянскай мовы, дацэнтку Наталлю Дуліну. 26 красавіка Наталлю Дуліну асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, што ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці). У 2020 годзе Наталля Дуліна адкрыта падтрымала студэнтаў і перамены, за гэта яна страціла працу на катэдры італьянскай мовы МДЛУ. Таксама Наталля Дуліна ўваходзіла ў Каардынацыйную раду.

3. 26 красавіка ў Мінску затрымалі і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна Сафію Скоблу. На яе склалі пратакол за бела-чырвона-белы бранзалет на руцэ. Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях). 27 красавіка Сафію Скоблу асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Сафія Скобла – дачка паэта і даследчыка літаратуры Міхася Скоблы і выканаўцы беларускіх народных песень, этнографкі Наталлі Матыліцкай.

4. 26 красавіка за значок з «Пагоняй» суд у Пінску аштрафаваў праваабаронцу Алеся Рамановіча на 3840 рублёў. Справа разглядалася паводле ч. 3 арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). Падчас судовага паседжання Алесь Рамановіч нагадаў суддзі, што герб «Пагоня» прызнаны ў Беларусі гістарычна-культурнай каштоўнасцю. У адказ суддзя спытала: «А вы ведалі, што «Пагоня» выкарыстоўваецца як сімвал пратэсту?»

5. 29 красавіка ў Оршы затрымалі і асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту Дзяніса Сімановіча, уладальніка фірмы паліграфічных паслуг ozen.by. Прычынай арышту стаў значок з краявідам, выраблены ў колерах украінскага сцяга. Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях).

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. Міколу Дзядка, аўтара кнігі «Фарбы паралельнага свету» адміністрацыя калоніі Горак працягвае абмяжоўваць у перапісцы. Пра гэта Мікола Дзядок паведаміў на волю: «Працягваюцца канфіскацыі і знішчэнні лістоў у максімальна здзеклівай форме. Справа выглядае так: мне прыносяць акты, дзе напісана, што ліст ад … знішчаны, бо носіць цынічны характар, прапануюць распісацца. Я запытваюся, што такое цынічны характар? Мне ў адказ: «Вы распісвацца будзеце?» І так па коле. Такім чынам было знішчана ўжо каля 45 лістоў. Іх дэманстратыўна, моўчкі, прачытваюць пры мне, а потым хаваюць у канверт і знішчаюць. Усё гэта адбываецца пад відэарэгістратар. Зусім відавочна, што ніякага цынізму ў лістах няма. Гэта проста легальны спосаб пазбавіць мяне перапіскі, які падстрахоўваецца тым, што потым знішчаюць гэтыя лісты, каб пасля нельга было нічога праверыць».

IV. Звальненні за грамадзянскую пазіцыю

1. 26 красавіка стала вядома, што з Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску звольнілі Міхаіла Краснабаева – рэжысёра забароненага раней спектакля «Тыль», у якім акцёры скандавалі «Жыве Фландрыя!». Міхаілу Краснабаеву не працягнулі кантракт. З дырэктарам тэатра Аляксандрам Старых скасавалі кантракт з 1 снежня 2021 года. У студзені 2022 года з тэатра звольнілі актораў Юлію Крашэўскую і Арцёма Герака, якія выконвалі ролі ў забароненым спектаклі «Тыль».

2. 28 красавіка стала вядома, што з Беларускай дзяржаўнай філармоніі звольнены Андрэй Лапцёнак, намеснік генеральнага дырэктара па арганізацыі гледача і філарманічнай дзейнасці.

3. 28 красавіка стала вядома, што з Беларускай дзяржаўнай філармоніі звольнена арфістка Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Алена Максімава.

V. Пераслед інтэрнет-рэсурсаў, што асвятляюць тэмы культуры

1. 25 красавіка прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі YouTube- і Telegram-канал «Жизнь-малина». Пра гэта сведчыць абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэтае рашэнне прынята 25 красавіка на падставе заявы суда Цэнтральнага раёна Мінска. Адначасова з YouTube-каналам прызнаны экстрэмісцкімі і Telegram-акаўнты, а таксама «лагатып (вадзяны знак) у выглядзе 7 паўкругаў белага колеру на ружовым фоне». Рэсурсы занесены ў пералік арганізацый і фарміраванняў, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Такім чынам, цяпер за распаўсюджванне (рэпост) інфармацыі з гэтай крыніцы пагражае штраф або адміністрацыйны арышт. На канале «Жизнь-малина» размешчаны шматлікія інтэрв’ю з літаратарамі і дзеячамі культуры.

2. 28 красавіка КДБ уключыў у пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў» гомельскае рэгіянальнае выданне «Флагшток», што сярод усяго змяшчала інфармацыю пра культуру, архітэктуру і гістарычную спадчыну. 

VI. Крымінальны прысуд за надпіс «Жыве Беларусь!»

1. 27 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста разгледзелі крымінальную справу Паўла Фалькоўскага, якога абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (зневажанне збудаванняў і псаванне маёмасці). Пад арыштам Павел Фалькоўскі застаецца з 22 лютага 2022 года. Уначы з 21 на 22 лютага, пры дапамозе балончыка з фарбамі ён на адным з аўтобусных прыпынкаў напісаў «Жыве Беларусь!», а на сцяне апорнага пункта – абрэвіятуру «ACAB», што расшыфроўваецца як «All Cops Are Bastards». У перакладзе – «усе копы вырадкі». 27 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста разгледзеў справу Паўла Фалькоўскага і прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса – 3 месяцы зняволення.