Як сябры Украінскага ПЭНа, якія пішуць на розных мовах і прадстаўляюць розныя нацыянальнасці і, прызнаючы, што падчас вайны ўсе, хто працуе ў сферы культуры, нясуць асаблівую адказнасць як перад самой культурай, так і перад жыццём тых, хто знаходзіцца ў аблозе, мы хацелі б звярнуцца да міжнароднай інтэлектуальнай супольнасці.
З 24 лютага, калі Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць нашай краіны, мы штодня атрымліваем просьбы ўступіць у дыялог з расійскай інтэлігенцыяй у пытанні прымірэння. У той жа час шэраг нашых калегаў за мяжой рэзка адрэагавалі на наш заклік да байкоту расійскай культуры. Такая рэакцыя толькі адцягвае ўвагу сусветнай грамадскасці ад ваенных злачынстваў, якія здзяйсняюцца штодня Расіяй у вайне супраць Украіны.
Мы занепакоеныя тым, што ў расійскім таталітарным грамадстве культура з’яўляецца інструментам уплыву і прапаганды і можа быць выкарыстана для замоўчвання незлічоных ваенных злачынстваў, якія здзяйсняюцца Расіяй супраць Украіны. Сёння ў імя “русского мира” расійскія салдаты забіваюць мірных жыхароў, падвяргаюць ракетным абстрэлам лякарні, школы, тэатры, бібліятэкі і ўніверсітэты, знішчаючы не толькі ўкраінскую культуру, але і культуры многіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць ва Украіне.
Мы памятаем тых нешматлікіх асобных прадстаўнікоў рускай культуры, якія восем гадоў таму, калі Расія акупавала Крым і частку нашых усходніх тэрыторый, сталі на абарону тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Мы таксама цэнім падтрымку тых, хто сёння выступае супраць вайны. Хоць мы самі часта выказвалі падтрымку тым пісьменнікам, навукоўцам і праваабаронцам, якія адкрыта выступалі супраць Крамля, мы вымушаныя сцвярджаць, што пакуль на нас падаюць бомбы і ракеты, дыялог аб прымірэнні немагчымы.
Сёння і да таго моманту, калі апошні расійскі жаўнер пакіне ўкраінскую тэрыторыю, адзінай прыдатнай тэмай для нашых дыскусій з міжнароднай інтэлектуальнай супольнасцю павінна быць неабходнасць неадкладнага спынення вайсковых злачынстваў Расіі, а не годнасці яе культуры.
Што адбываецца?
- Поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны, якую падтрымлівае 71% расіян, працягваецца. 16 сакавіка Міжнародны суд ААН абавязаў Расію неадкладна спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. Чакана, расійскія ўлады праігнаравалі гэты загад.
- Сітуацыя ў некаторых гарадах Украіны стала катастрафічнай. У блакаваным Марыўпалі (горад з насельніцтвам 400 000 чалавек у Данецкай вобласці) рускія разбурылі 90% будынкаў. 16 сакавіка рускія скінулі бомбу на драматычны тэатр у цэнтры Марыўпаля, дзе хаваліся сотні людзей, уключаючы дзяцей. Іх лёс да гэтага часу невядомы.
- У акупаваных раёнах рускія спрабуюць усталяваць фальшывыя органы ўлады і працягваюць выкрадаць мэраў, журналістаў і актывістаў.
Расійскія злачынствы супраць медыя
У той час як Крэмль пераследуе незалежных журналістаў у Расіі, ён таксама душыць іх ў вайне супраць Украіны. Расійскія войскі абстрэльваюць украінскія вышкі сотавай сувязі, абстрэльваюць аўтамабілі з надпісамі PRESS, раняць і рабуюць журналістаў. Міжнароднае гуманітарнае права і фундаментальныя маральныя прынцыпы нічога для іх не значаць. Фонд “Справядлівасць для журналістаў” (JFJ) паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, акупанты атакавалі 35 журналістаў. У гэтай справаздачы Украінскі ПЭН будзе праводзіць штотыднёвы маніторынг усіх злачынстваў, якія акупант здзяйсняе супраць прадстаўнікоў незалежных украінскіх і міжнародных СМІ. Матэрыял будзе рэгулярна абнаўляцца.
Сайт Украінскага ПЭНа пра вайну
Украінскі ПЭН запусціў сайт з апошнімі навінамі і матэрыяламі пра вайну Расіі супраць Украіны, на якім размешчана інфармацыя аб сітуацыі ва Украіне, спасылкі на важныя матэрыялы і інфармацыйныя рэсурсы, петыцыі, звароты, спіс выданняў пра Украіну для чытання на англійскай мове, а таксама кнігі ўкраінскіх аўтараў, рэкамендаваныя для перакладу. Старонка пастаянна абнаўляецца. Заклікаем усіх неабыякавых пераходзіць на старонку і дзяліцца матэрыяламі з калегамі: war.pen.org.ua.