З інфармацыйнай рассылкі Украінскага ПЭНа (15 сакавіка)
На 20-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны сябры Украінскага ПЭНа працягваюць барацьбу на культурным, інфармацыйным, дыпламатычным, добраахвотніцкім і ваенным франтах.
Што адбываецца?
- Рускія працягваюць абстрэльваць гарады і мірнае насельніцтва Украіны, выкарыстоўваючы забароненыя фосфарныя бомбы. З пачатку вайны Расія выпусціла больш за 900 ракет. Колькасць ахвяр настолькі вялікая, што грамадзяне хаваюць іх у брацкіх магілах.
- Акупанты працягваюць разбураць украінскія культурныя аб’екты. 12 сакавіка яны пашкодзілі Харкаўскую Дзяржаўную Навуковую Бібліятэку імя Караленка, адну з найбуйнейшых бібліятэк Украіны і Еўропы. 13 сакавіка рускія абрабавалі і разграмілі сядзібу Папова ў Запарожскай вобласці. Гэта самы вялікі замак ва Усходняй Украіне.
- На часова акупаваных тэрыторыях акупанты ўводзяць рэжым тэрору і цэнзуры, спрабуючы ўсталяваць падкантрольныя Расіі вайскова-грамадзянскія адміністрацыі. 10 сакавіка ў акупаваным Мелітопалі (Запарожская вобласць) рускія выкралі дырэктара Мелітопальскага гарадскога краязнаўчага музея і дэпутата абласнога савета Лэйлу Ібрагімаву. 12 сакавіка мэр Мелітопаля Іван Фёдараў быў выкрадзены рускімі салдатамі з мяшком на галаве. У той жа дзень Вольга Гайсумава, каардынатарка штодзённых акцый пратэстаў супраць расійскага ўварвання ў Мелітопаль, была выкрадзеная з пратэснай акцыі. У акупаванай Кахоўцы (Херсонская вобласць) 12 сакавіка знік журналіст Алег Батурын. Існуюць абгрунтаваныя засцярогі, што ён быў выкрадзены акупантамі. 13 сакавіка рускія выкралі мэра Днепраруднага (Запарожская вобласьць) Яўгена Матвеева.
Сайт Украінскага ПЭНа пра вайну
Украінскі ПЭН запусціў сайт з апошнімі навінамі і матэрыяламі пра вайну Расіі супраць Украіны, на якім размешчана інфармацыя аб сітуацыі ва Украіне, спасылкі на важныя матэрыялы і інфармацыйныя рэсурсы, петыцыі, звароты, спіс выданняў пра Украіну для чытання на англійскай мове, а таксама кнігі ўкраінскіх аўтараў, рэкамендаваныя для перакладу. Старонка пастаянна абнаўляецца. Заклікаем усіх неабыякавых пераходзіць на старонку і дзяліцца матэрыяламі з калегамі: war.pen.org.ua.