• Навiны
  • Салідарнасць
  • Азербайджан: праваабаронцу Анара Мамедлі асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі

Азербайджан: праваабаронцу Анара Мамедлі асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі

Апошняе абнаўленне: 7 верасня 2026
Азербайджан: праваабаронцу Анара Мамедлі асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі
humanrightshouse.org

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы дырэктаркі Фонду Дамоў правоў чалавека Марыі Дале ў сувязі з сённяшнім прысудам праваабаронцу Анару Мамедлі ў Азербайджане.

Сёння – дзень глыбокага смутку і ганьбы: Анара Мамедлі, аднаго з вядучых праваабаронцаў Азербайджана і нашага блізкага шматгадовага калегу, асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі.

Няма ніякіх сумневаў у тым, чым насамрэч з’яўляецца гэты прысуд: гэта пакаранне за незалежную і законную дзейнасць Мамедлі ў абароне правоў чалавека, назіранні за выбарамі і адстойванні дэмакратыі ў сваёй краіне. Абвінавачанні супраць яго цалкам палітычна матываваныя, а абвінаваўчы прысуд – відавочны акт помсты з боку ўладаў Азербайджана.

Амаль тры дзесяцігоддзі Мамедлі мужна б’е трывогу з нагоды заняпаду дэмакратыі і абароны правоў чалавека ў Азербайджане. За гэтую дзейнасць ён ужо правёў два з паловай гады ў зняволенні як палітычны вязень, перш чым быў вызвалены ў 2016 годзе. Але гэта яго не спыніла. Ён працягнуў назіраць за выбарамі, а таксама адстойваць правы чалавека на міжнародным узроўні, заклікаючы вызваліць палітычных вязняў і стварыць больш спрыяльныя прававыя і палітычныя ўмовы для дзейнасці праваабаронцаў. Яго мужнасць і ўнёсак у абарону правоў чалавека атрымалі міжнароднае прызнанне, у тым ліку ён быў уганараваны прэстыжнай Прэміяй імя Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека Рады Еўропы.

Прысуд Мамедлі вынесены ў адзін з самых жорсткіх перыядаў палітычных рэпрэсій у найноўшай гісторыі Азербайджана. Гэта частка больш шырокай кампаніі пераследу рэшткаў незалежнай грамадзянскай супольнасці ў краіне: журналісты, актывісты, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці і праваабаронцы сутыкаюцца з палітычна матываванымі затрыманнямі, жорсткім абыходжаннем, крымінальным пераследам і вымушанай эміграцыяй.

Мы заклікаем улады Азербайджана неадкладна і безумоўна вызваліць Анара Мамедлі і ўсіх, хто знаходзіцца ў зняволенні за мірнае ажыццяўленне сваіх асноўных правоў. Мы заклікаем міжнародную супольнасць і дзяржавы, якія маюць адносіны з Азербайджанам, выкарыстаць усе даступныя дыпламатычныя і палітычныя сродкі ціску, каб дамагчыся іх вызвалення.

Анар Мамедлі не павінен стаць яшчэ адным забытым палітычным вязнем. Яго свабода і свабода незалежнай грамадзянскай супольнасці Азербайджана павінны быць абароненыя.

Заўвагі для СМІ

  • Анар Мамедлі – вядомы азербайджанскі праваабаронца і былы палітычны вязень. Мамедлі – заснавальнік Цэнтра маніторынгу выбараў і вывучэння дэмакратыі, арганізацыі – сябра Дома правоў чалавека ў Азербайджане (EMDS).
  • У 2014 годзе ён атрымаў прэстыжную Прэмію імя Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека, якую прысуджае Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (CoE).
  • У 2013 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў у Азербайджане Мамедлі быў незаконна асуджаны і зняволены за сваю дзейнасць, звязаную з назіраннем за выбарамі. Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) прызнаў яго затрыманне палітычна матываваным і незаконным, а таксама накіраваным на тое, каб прымусіць яго замаўчаць і пакараць «як актывіста грамадзянскай супольнасці за яго дзейнасць у галіне назірання за выбарамі». У 2016 годзе ён быў вызвалены, правёўшы два з паловай гады ў зняволенні як палітычны вязень (ECHR).
  • Другі арышт Мамедлі ў красавіку 2024 года адбыўся пасля яго публічнай праваабарончай дзейнасці ў Радзе ААН па правах чалавека і АБСЕ ў пачатку 2024 года. Яго затрымалі на падставе сфабрыкаваных абвінавачанняў, сярод іншага, у кантрабандзе, незаконным прадпрымальніцтве, адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў (OHCHR).
  • У 2023 годзе пачалася другая жорсткая хваля рэпрэсій супраць свабодных медыя і рэшткаў незалежнай грамадзянскай супольнасці ў Азербайджане. З таго часу больш за 50 журналістаў, актывістаў і праваабаронцаў апынуліся за кратамі паводле сфабрыкаваных абвінавачанняў. Паведамляецца пра меркаваныя катаванні, жорсткае абыходжанне і іншыя парушэнні правоў затрыманых (FVC).
  • Больш пра Анара Мамедлі можна прачытаць тут.
  • Фотаздымкі для бясплатнага выкарыстання можна спампаваць тут.

Па дадатковую інфармацыю або для арганізацыі інтэрв’ю звяртайцеся:

  • Камунікацыйная каманда Фонду Дамоў правоў чалавека (HRHF): [email protected], +47 416 13 766.