• Навiны
  • Пайшоў з жыцця Адам Мальдзіс

Пайшоў з жыцця Адам Мальдзіс

Апошняе абнаўленне: 4 студзеня 2022
Пайшоў з жыцця Адам Мальдзіс
binim.org
Учора ва ўзросце 89 год памёр Адам Мальдзіс — слынны дзеяч беларускай культуры і адзін з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа.

Адам Мальдзіс нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Расолы на Астравечыне. У 1956 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Ад сярэдзіны 1950-х пачаў выступаць у друку з артыкуламі і рэцэнзіямі як даследчык беларускай літаратуры і культуры XIX стагоддзя. У 1962 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры ім. Я. Купалы АН БССР. Напісаў і абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі.

Яго кніга “Творчае пабрацімства” (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі змяшчае мноства новых фактаў, здабытых у айчынных і польскіх архівах. У кнізе “Падарожжа ў XIX стагоддзе” (1969) ім пададзены партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху. Выдаў даследаванні “Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя” (1972), “Таямніцы старажытных сховішчаў” (1974), “На скрыжавані славянскіх традыцый” (1980), “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў” (1982), “З літаратуразнаўчых вандраванняў” (1987), “Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў” (1988). Сумесна з літоўскай даследчыцай Альмай Лапінскене выдаў манаграфію “Перазовы сяброўскіх галасоў»”(1988), дзе ўпершыню было паказана літаратурнае ўзаемадзеянне двух народаў ад старажытнасці да нашага часу.

Пазней выйшлі яго кнігі “І ажываюць спадчыны старонкі: Выбранае” (1994), “Белорусские сокровища за рубежом” (2010) і многія іншыя.

Прафесар Адам Мальдзіс адкрыў таямніцы знікнення шматлікіх рэліквій нашай зямлі – рукапісаў, абразоў, карцін, старажытных бібліятэк, партрэтаў, гравюр, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Часам дзякуючы ягоным намаганням іх удавалася вярнуць на радзіму. У 1964 годзе ён адшукаў у Ягелонскай бібліятэцы так званы “Полацкі сшытак” – нотны зборнік з больш як двума сотнямі твораў свецкай музычнай культуры беларускіх зямель XVII стагоддзя.

У 1974 годзе распавёў пра абставіны знікнення найгалоўнай беларускай святыні – Крыжа Еўфрасінні Полацкай, – пошукамі якога займаўся да самай смерці. Знайшоў шмат слуцкіх паясоў, якія былі вывезеныя з Беларусі.

Адам Мальдзіс адкрыў асобу кампазітара і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, а таксама даказаў, што знакамітыя паланэзы кампазітар пісаў менавіта ў смаргонскім Залессі, а не ў Польшчы.

Грамадская дзейнасць прафесара Мальдзіса не абмяжоўвалася пошукам нацыянальных рэліквій. Напрыклад, ён дамогся, каб у мінскім метро станцыі аб’яўлялі на беларускай мове. Неўзабаве па-беларуску пачалі аб’яўляць прыпынкі і ў наземным транспарце сталіцы. У 2011 годзе Адам Іосіфавіч прапанаваў аб’явіць агульнанацыянальную падпіску на збор твораў пісьменніка пад дэвізам “Чытаем разам Уладзіміра Караткевіча”, якую ў выніку падтрымала дзяржава. У траўні 2015 года Адам Мальдзіс выступіў з прапановаю аб “кананізацыі Францыска Скарыны трыма Цэрквамі: праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай” – і разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі ў чэрвені 2016 года заклікаў надаць імя Скарыны Нацыянальнаму аэрапорту. Адам Мальдзіс заступаўся за астравецкія дубы, якія прадстаўнікі мясцовых уладаў хацелі ссекчы для будаўніцтва новага мікрараёна.

Ад 2010 года Адам Мальдзіс быў ганаровым старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Біяграфічны цэнтр Кембрыджскага ўніверсітэта ў 1997 годзе прызнаў беларускага прафесара Чалавекам года ў галіне культуралогіі і ўзнагародзіў медалём Гонару. Быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, іншымі медалямі, а таксама некалькімі ганаровымі адзнакамі суседніх краін. З’яўляўся ганаровым грамадзянінам Польшчы.


Беларускі ПЭН быў заснаваны ў 1989 годзе дваццаццю літаратарамі, сярод іх быў і Адам Мальдзіс. 

Шчырыя спачуванні родным і блізкім Адама Іосіфавіча. 

Развітанне пройдзе ў сераду 5 студзеня а 11:00 у Чырвоным касцёле ў Мінску.


Паводле budzma.org